Адна з найбольш дынамічных па стылі напісання і насычанасці падзей, яна стаіць у шэрагу прарочых кніг Старога Запавету. У ёй апісваюцца гісторыі з жыцця Прарока і здарэнні, сведкам якіх ён быў у канцы VII — пачатку VI ст. да н.э. Паводле сучасных крытэрыяў, некаторыя аповеды Кнігі Данііла можна было б аднесці да прыгодніцкага жанру літаратуры. Гравюра памерам 105х104 мм, названая Скарынам «Данийлу седящему сольвы принесе Аввакум обед», утрымлівае мноства персанажаў.
Для разумення таго, што паведамляе гэтая кніжная ілюстрацыя, прывядзём сціслы пераказ зместу твора. Данііл, яўрэйскі юнак з вяльможнага роду, забраны ў вавілонскі палон, дзякуючы розуму, сіле духа, дабрадзейным якасцям заняў вельмі высокую пазіцыю пры царскім двары — пасаду першага дарадцы, на якой быў да старасці. Прыдворныя зайздроснікі і паганскія жрацы спляталі небяспечныя інтрыгі, але Данііл выходзіў пераможцам. І ўсё ж аднойчы ён апынуўся перад тварам немінучай смерці, калі быў кінуты ў яму з галоднымі львамі. І толькі Бог, якому Данііл быў заўжды верным, здзейсніў цуд выратавання. Бог загадаў свайму анёлу даставіць да львінай ямы святога Авакума, у руках якога быў кошык з абедам. Данііл, што шэсць дзён без ежы і вады знаходзіўся ў яме з ільвамі, узнёс малітву ўдзячнасці. На сёмы дзень прыйшоў да ямы цар з прыдворнымі і ўбачыў там Прарока, які сядзеў пасярод львоў.
Гэты найбольш драматычны эпізод жыцця святога Скарына абраў для тытульнай гравюры. «Карцінка», што адкрываецца перад гледачом, уражвае сваёй наіўнасцю, выклікае ўсмешку і здзіўляе дзёрзкасцю выяўленчай інтэрпрэтацыі біблейскага тэксту. На гравюры ў цэнтры прадстаўлена ідылічная сцэна, хочацца сказаць, зрэжысараваная мастаком: святы Прарок чытае львам кнігу.
Знаўцы Бібліі і простыя чытачы вялікага твора ведаюць сюжэт пра Данііла і кнігу як асобны, што не мае аніякага дачынення да сюжэту пра Данііла і львоў. У адным з аповедаў ёсць пасаж, у якім згадваецца сакральная кніга, даручаная Прароку, з таямніцай імёнаў, абраных да вечнага жыцця (Дан. 12:1, 4). Такім, напрыклад, з разгорнутай кнігай, ён прадстаўлены ў фрэскавым роспісе Мікеланджэла ў скляпеннях Сіксцінскай капэлы. Данііл з кнігай і Данііл з ільвамі — розныя гісторыі. Звесці львоў і кнігу ў адной выяўленчай прасторы — на першы погляд, нонсэнс, абсурд. Тым не менш Скарына, сумясціўшы несумяшчальнае, не запярэчыў біблейскаму тэксту. Гэта было яго свядомае рашэнне, добра прадуманае, хоць даволі рызыкоўнае.
Да такой высновы (прадуманасць рашэння) можна прыйсці ў выпадку, калі змяніць сэнсавую прывязку і звязаць кнігу не з Даніілам, а са львамі, дакладней — адным з іх. У такім ракурсе ўзнікае іншая асацыяцыя — падабенства з «кніжным» ільвом святога Марка, сімвалам Венецыі. Больш за тое, маем смеласць выказаць меркаванне, што кампазіцыйнае рашэнне гэтай гравюры з’явілася пад уплывам уражання, атрыманага ад канкрэтнага пластычнага твора — скульптурнай кампазіцыі брамы Порта дэля Карта, часткі комплексу Палаца дожаў у Венецыі. Пры параўнанні ніжняй часткі скульптурнага твора і цэнтра гравюры становіцца відавочным, што ў абодвух выпадках выкарыстана адна і тая ж кампазіцыйная схема. У ніжняй частцы скульптурнага комплексу злева направа прадстаўлены: укленчаная фігура чалавека, ніжэй — раскрытая кніга, над ёю справа — фігура крылатага льва. На гравюры ў цэнтры, злева направа, бачым падобнае: чалавека, які сядзіць, ніжэй — раскрытую кнігу, над ёю справа — ільва. Адрозненні ў дэталях: змена ў позе чалавека, у палажэнні кнігі, крылах льва, якія «перанесліся» да анёла...
На нашу думку, не толькі ніжняя, але і верхняя частка партала, насычаная разнастайнымі фігурамі, паўплывала на арганізацыю верхняга шэрагу гравюрнай выявы. Да прыкладу, уверсе партала, у цыркульнай нішы дамінуе паясная фігура чалавека з вусамі і барадой, які глядзіць зверху ўніз (евангеліст Марк). У верхняй частцы гравюры, дзе таксама сканцэнтравана вялікая колькасць постацей, вылучаецца паясная фігура чалавека з барадой і вусамі, у кароне, які глядзіць зверху ўніз (цар вавілонскі).
У падтрымку выказанага меркавання адносна ролі ўражання ад брамы Порта дэла Карта пры стварэнні гравюры скажам некалькі словаў пра паходжанне гэтага партала. Пабудаваны ў 1442 годзе архітэктарамі братамі Джавані і Барталамеа Бон, ён прысвечаны венецыянскаму дожу Франчэска Фаскары (1373—1457). Не выклікае сумнення, што чуйнае да слова вуха Скарыны адфільтравала дзівосную сугучнасць імёнаў: Francesco — Францыск, Foscari — Скарына. Уражанні, эстэтычнае і фанетычнае, не забыліся, і ў далейшым матыў кампазіцыі Портэ дэля Карта лёг у аснову мастацкай інтэрпрэтацыі эпізоду, абранага для тытульнай гравюры выдання. У дадатак да гэтага аргумента адзначым і той факт, што яшчэ ад XV стагоддзя стваральнікі ксілаграфій часта натхняліся скульптурнымі комплексамі сярэднявечных сабораў для пабудовы сваіх гравюр. У нашых разважаннях наконт зместу і кампазіцыі тытульнай выявы размова ні ў якім выпадку не вядзецца пра капіяванне ці перайманне. Гэтая мастацкая інтэрпрэтацыя біблейскага сюжэта — матыў, плён асацыятыўна-вобразнага мыслення, надзвычай развітага ў Скарыны. Гэта — уражанні, пераасэнсаваныя і пераўтвораныя ў новую мастацкую рэчаіснасць.
Аднак не толькі венецыянскі фактар паўплываў на з’яўленне кнігі ў ілюстрацыі сюжэтнага эпізоду з ільвамі. Неабходна адзначыць, што гісторыя выратавання Прарока ў львавярні мае дзве версіі — кананічную і некананічную, тую, якая заўсёды прысутнічае ў Кнізе Данііла, і тую, якая мае права на існаванне, але, часцей за ўсё, не прыводзіцца. Скарына, зрабіўшы поўны пераклад Бібліі з кананічнымі і некананічнымі тэкстамі, абраў для тытульнай гравюры апошні, чатырнаццаты, некананічны раздзел. Сярод разнастайных адрозненняў паміж імі найістотнейшым для нашай тэмы пунктам з’яўляецца адсутнасць у некананічным тэксце спасылкі на якую-небудзь прычыну, чаму Данііл застаўся жывы, праседзеўшы шмат дзён у яме з галоднымі львамі. Анёл божы ў версіі кананічнай, так мовіць, нейтралізаваў львоў («затвори уста львом...» Дан. 6:22). Місія анёла «некананічнага» заключалася ў тым, каб не даць памерці Даніілу ад голаду і смагі. Прычына ж талерантнасці галодных ільвоў засталася цалкам праігнараванаю. Скарына вельмі дасціпна запоўніў гэтую пустку, прапанаваўшы сваю версію цудоўнага выратавання Прарока. Як адзначалася вышэй, той, хто глядзіць на «карцінку», бачыць сцэну сумоўя, вербальнай камунікацыі чалавека са звярамі: Данііл чытае і размаўляе з ільвамі, яны ж мірна слухаюць яго. Сэнс такой нечаканай выяўленчай інтэрпрэтацыі можа быць у тым, што кніга тут набывае значэнне слова. Кніга — гэта слова. І менавіта яно, слова, згодна са скарынаўскай сцэнай, і з’явілася той сілай, якая ўтаймавала драпежнікаў і ўратавала Прарока. Ідэя пра ўтаймаванне львоў сілай слова — знакавая і абарончая для стваральніка гравюры: яна апраўдвае яго рызыкоўную мастацкую інтэрвенцыю — прысутнасць нечаканага аб’екта (кнігі) пры выяўленні традыцыйных персанажаў.
Адкуль магла ўзнікнуць гэтая ідэя? Мяркуем, паходжаннем сваім яна абавязана нябеснаму патрону Скарыны, у гонар якога ён быў названы, — святому Францыску з Асізі (1182—1226), аднаму з самых вядомых і любімых у пантэоне святых заходняй царквы. Менавіта ён быў адораны талентам узаемаразумення з усімі божымі стварэннямі — жывёламі, раслінамі, з’явамі прыроды... Ці не самая папулярная з легендаў пра яго — гісторыя ўтаймавання лютага ваўка з ваколіц італьянскага мястэчка Губіё. У кароткім пераказе гісторыя выглядае так. Воўк наводзіў страх на жыхароў і свойскую жывёлу мястэчка. Святы Францыск знайшоў звера і, пачаўшы са звароту «Браце воўк», павёў з ім гутарку. Зразумеўшы прычыны нянавісці ваўка да людзей з Губіё, Францыск здолеў пераканаць страшнага звера пазбавіцца злосці і замяніць яе добрымі пачуццямі. Дзякуючы нябеснаму дару слова адбылася «перазагрузка», воўк перамяніўся і стаў сябрам навакольных жыхароў.
Скарына з яго дапытлівасцю не мог не ведаць гісторый пра свайго нябеснага заступніка. Тым больш што зборнік народных паданняў пра яго, «Кветачкі Святога Францыска», быў ужо надрукаваны ў Венецыянскай Рэспубліцы, і Скарына, які апантана цікавіўся друкаванымі кнігамі, нават мог прачытаць яго, знаходзячыся ў тых краях. Так ці інакш, на наш погляд, паміж сумоўем святога Данііла з ільвамі на ілюстрацыі і прамовай святога Францыска да воўка ў легендзе выразна прасочваецца паралель.
У сувязі з усім вышэй сказаным адкрываецца наступнае: на тытульнай гравюры скарынаўскага выдання Кнігі святога прарока Данііла віртуальна прысутнічаюць постаці трох Францыскаў: венецыянскага дожа Франчэска Фаскары, святога Францыска з Асізі і выдатнага асветніка, вучонага і выдаўца Францыска Скарыны. Не выклікае сумнення, што менавіта яму належыць ідэя кампазіцыі; магчыма, ён уласнаручна выканаў малюнак на дошцы і правёў аўтарскі нагляд за работай рэзчыка.
Вяртаючыся да кніжнага матыву ілюстрацыі, выкажам меркаванне, што з пазіцый сённяшняга часу Скарына, уводзячы ў поле гравюры выяву кнігі, паказаў сябе прагматычным выдаўцом, «прапіярыўшы» такім спосабам свае выданні. Разам з тым тут выявіліся яго адносіны да кнігі як да вышэйшай каштоўнасці. Кніга ў руках Прарока — пасланне патэнцыйным чытачам: у любы момант яна можа прыйсці на дапамогу, у ёй веды і мудрасць, а сіла слова можа быць мацнейшай за фізічную сілу. Апроч таго, увядзенне гэтага аб’екта скарэктавала эмацыянальны пасыл гравюры: пафасна-аптымістычны настрой тэксту памяняўся на лёгка-ўсмешлівы настрой ілюстрацыі. У гэтым выявілася гуманнасць Скарыны і яго трапяткое стаўленне да сваіх чытачоў, да якіх у адной з прадмоваў ён звярнуўся: «...мой любимый приятелю...».
Кніга святога прарока Данііла выйшла ў 1519 годзе, найбольш плённым, але і апошнім у асветніцка-выдавецкай дзейнасці Францыска ў Празе. Тытульная гравюра, на наш погляд, дэманструе найвышэйшую ступень творчай свабоды, калі нішто не перашкаджала Скарыне ажыццяўляць свае ідэі і слухаць толькі Бога ў самім сабе.
Ірына Зварыка