Адкуль прыйшла ідэя пастаноўкі? Летась Аляксандр Марчанка стаў адным з першых выпускнікоў псіхалагічнага семінара «Вартасці, адказнасць, будучыня», які ладзіўся ў Мінску па методыцы аспен-семінараў. Тэхналогія, скіраваная на крытычнае і глыбокае асэнсаванне лідарамі з розных сфер дзейнасці праблем грамадскага строю і фундаментальных каштоўнасцей (для паляпшэння жыцця асобных супольнасцей і краіны ў цэлым), не так даўно прыйшла ў Беларусь з Амерыкі, дзе існуе ўжо больш за шэсцьдзясят гадоў. Цягам некалькіх дзён удзельнікі працуюць разам, каб чытаць і абмяркоўваць з розных гледзішчаў класічныя і сучасныя тэксты,
у якіх адлюстраваліся асновы чалавечай цывілізацыі. Сярод іх — знакамітая «Антыгона», яна і натхніла рэжысёра. А героямі пастаноўкі зрабілася частка ўдзельнікаў семінару разам са сваімі жыццёвымі гісторыямі.
Для пераасэнсавання і актуалізацыі тэксту п’есы Аляксандр Марчанка звяртаецца да комплекснай тэатральнай формы. Прафесійная актрыса Дар’я Новік у рэжыме монаспектакля прадстаўляе гледачу сам твор, выкарыстоўваючы свае вакальныя даныя і пераймаючы антычныя выканальніцкія традыцыі. Звяртаючыся да статуй у музеі, нямых і суворых багоў, яна фармуе першае сэнсавае поле спектакля і ягоную атмасферу. (Дарэчы, нязвыклы распеў тэксту, інтанаванне на антычны манер цяжка ўспрымаюцца вухам, не заўсёды можна разабраць тое, пра што гаворыць актрыса.)
Паводле метаду тэатра сведкі, рэжысёр уводзіць у дзеянне дзесяць непрафесійных артыстаў-герояў (удзельнікаў семінара). Яны знаходзяцца ў глядзельні разам з гасцямі і адзін за адным, пасля пэўных урыўкаў з Сафокла, падымаюцца і бяруць слова для асабістых кранальных гісторый: Іван Вядзенін, крэатыўны дырэктар партала Talaka.by, апавёў пра сваю юнацкую мару і першае сутыкненне паміж сэрцам і абавязкам; Марына Калініна, двухразовая чэмпіёнка свету па тайскім боксе, — пра жаночае шчасце і жахлівую страту; Раман Касціцын, кіруючы партнёр PR-агенцтва, — пра трагедыю 11 верасня 2001 года (у той час ён знаходзіўся ў Франкфурце і адчуў яднанне з усім сусветам праз маўчанне на адной мове...) ды іншыя.
Фактычна паводле сваёй формы «Anti[gone]» — памежны варыянт між перформансам і тэатрам, што вызначаецца па некалькіх крытэрыях, распрацаваных нямецкай даследчыцай Эрыкай Фішар-Ліхтэ: некаторыя выканаўцы самі з’яўляюцца аўтарамі, яны даносяць свой асабісты досвед, не абапіраючыся на драматургічны тэкст; яны бяруць непасрэдны ўдзел у выкананні і ўвасабляюць уласныя гісторыі, гэта ўласціва якраз перформансу. А прысутнасць прафесійнай актрысы, якая працуе паводле канонаў альбо школы, вызначае тэатральны складнік пастаноўкі.
У спектаклі сутыкаюцца два сусветы — далёкі антычны з блізкім нашым. Хор у выкананні сведак набывае нечуванае раўнапраўе з артысткай у ролі Антыгоны (кожны ягоны ўдзельнік мае сваё аблічча, голас, індывідуальнасць) — настолькі, што, незалежна ад полу, колеру валасоў, узросту і пасады, кожны ўдае сённяшнюю Антыгону! Парадаксальна, але такая актуалізацыя дасягаецца перадусім працай з тэкстам Сафокла і працай з мінулым — яна ўзнікае нават у звязку з гісторыямі герояў, закансерваваных у Музеі-майстэрні (помнікі дзеячаў палітыкі альбо культуры, бо кожны з іх таксама з’яўляецца носьбітам сваёй вялікай ідэі). Мінулае выступае сродкам калектыўнай тэрапіі для прысутных, дае магчымасць сустрэцца са сваімі страхамі і дэманамі, асэнсаваць сябе тут і цяпер у абстаноўцы артэфактаў і сістэм сэнсаў. Мінулае, без якога немагчыма стварыць будучыню.