Крэатыў маладзёжнага мастацтва

№ 3 (300) 01.03.2008 - 31.03.2008 г

У вялікай зале Палаца мастацтва ўсяго на дзесяць дзён была выстаўлена добрая сотня жывапісных і графічных работ, што лучыліся яскравым пазітывам. Карціны з коткамі і сабакамі, сонечнымі нацюрмортамі, русалкамі, талеркамі, рыбамі, пантофлямі, абстрактнымі кругамі і квадратамі -- усё гэта было аб’яднана адной ідэяй: прадставіць сучаснае маладзёжнае мастацтва. Аўтары выстаўленых твораў -- студэнты і выпускнікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў і іншых мастацкіх устаноў рэспублікі, сябры маладзёжнага аб’яднання Беларускага саюза мастакоў.

 /i/content/pi/mast/8/196/Kreatyu1.jpg
 А.Савіч. Сабакі на роліках. Акрыл. 2008.
Апошняя маладзёжная выстава, якая адбылася два гады таму, атрымала дастаткова крытычную ацэнку з боку мастацтвазнаўцаў. Яе называлі «прадметам абмеркавання для псіхааналітыкаў, бо толькі яны здольныя зразумець, што там унутры ў сучаснага маладога чалавека». Былі адзначаны відочная перавага жаночых работ і «жаночая агрэсіўнасць», якая заўважна праяўлялася ў творах.
Праўда, моладзь таксама не маўчала. Абвінавачвала аргкамітэт у тым, што некаторыя работы былі па невядомай прычыне зняты з экспазіцыі. Не спадабалася і назва «Як я правёў лета». Аргумент быў даволі сур’ёзны: моладзь павінна цікавіцца актуальным. Не свінымі галовамі і букетамі кветак, не сентыментальнымі пейзажамі з домікамі, засыпанымі снегам...
Праўда, пытанне, чым жа насамрэч павінна цікавіцца моладзь, так і засталося адкрытым...
Сёлета выстава дадатковай назвы не мела. Тэма была вызначана лаканічна і без выкрутасаў: паказаць мастацтва новае, а значыць -- актуальнае, тое, што «закранае», «бударажыць», «правакуе». Але ці закранула гледачоў сёлетняя маладзёжная выстава?Пра гэта мы сабраліся паразважаць вузкім колам прафесійных арт-крытыкаў. Яўген Шунейка, Таццяна Цюрына, Пётра Васілеўскі, Ларыса Фінкельштэйн і я, як ініцыятар-каментатар, спрабавалі разабрацца, у чым сутнасць і актуальнасць маладзёжнага мастацтва, дзе яго прастора і праблематыка.
 /i/content/pi/mast/8/196/Kreatyu2.jpg

 А.Меранкоў. Асоль. Алей. 2004.


Заўважу: выстава не была планавай, рыхтавалася вельмі хутка, не мела канцэпцыі, збіралася з таго, што было «пад рукой» у майстэрнях. Гэтыя акалічнасці абумовілі пэўныя хібы экспазіцыі, хоць і не апраўдвалі іх. Зрэшты, тэматыка і дакладна вызначаная праблематыка не перашкаджаюць, наадварот -- дысцыплінуюць ўдзельнікаў. Ёсць вельмі цікавыя тэмы ў сусветным мастацтвазнаўстве, канцэптуальныя і філасофскія, напрыклад: «убачанае і сапраўднае», «празрыстасць у мастацтве», «авангард і кіч», «табуіраванне», «функцыя знака», «палярнасць», «сакральнасць», «люстэркавасць»… Называю самыя простыя, але так хочацца, каб маладыя мастакі былі вартыя свайго часу, каб пра іх творчасць можна было б гаварыць сур’ёзна, на ўзроўні сённяшніх сусветных крытэрыяў.

Яўген Шунейка: «Смешна, калі недапрацаванасць экспазіцыі пачынаюць апраўдваць недахопам часу для яе стварэння. Мяне не цікавіць, колькі і як рыхтавалася выстава. У рэстаране кухар не гаворыць наведвальніку: прабачце, я толькі што апрануў халат, таму ежа атрымалася сыраватай...
Тое самае і ў мастацтве. Нават калі ты маладзён, галоўная задача -- выказаць уласнае стаўленне да сённяшняга часу. Ад пачатку новага стагоддзя прайшло ўжо сем з гакам гадоў. І пра гэты адрэзак часу ёсць што сказаць інтэлектуалам, якія толькі вучацца любіць і захапляцца жыццём. Пры гэтым варта не забывацца: за імі пільна назіраюць як старэйшыя калегі, так і маладзейшыя сябры. І таму паўтарэнні недапушчальныя. Маладым трэба быць разнастайнымі і паслядоўнымі. Карціну Антаніны Слабодчыкавай «Маё другое сэрца» бачу на выставах ужо трэці раз. Безумоўна, праблема мацярынства, абортаў вельмі важная, але ці варта зацыклівацца на адной, хай сабе і арыгінальнай, працы? Тэму трэба развіваць. Насы ды мухі, што запрудзілі жывапісныя палотны маладых творцаў, знакавая эквілібрыстыка, гульня з сімваламі, якая першай кідаецца ў вочы, -- пры аглядзе выставы ўсё гэта ўжо не ўражвае. Ад моладзі мы чакаем большага: выкарыстання напоўніцу традыцый і найноўшых кірункаў, пераходу ад адной формы да другой, адыходу ад жорсткіх нарматываў у бок пластычных эксперыментаў.
Пачынаеш аналізаваць творы, і адчуваеш, што ім не хапае аналітычнасці. У іх аўтараў пераважае прымітыўнае памкненне некуды «рухацца». А куды -- яснага ўяўлення яны не маюць. Вось, напрыклад, работы Аляксандра Некрашэвіча, лідэра маладзёжнай секцыі БСМ. Гэта цікавы мастак з ярка выяўленым аўтарскім стылем. І што? На выставе ён прадставіў карціны, у якіх я бачу водгулле прыбалтыйскага радыкалізму 1980-х. Ці не хопіць ужо цытаваць? Наша рэальнасць настолькі абсурдная, што моладзі можна абысціся без звароту да постмадэрністычных ілюзій.
 /i/content/pi/mast/8/196/Kreatyu3.jpg
П.Ксяндзоў. Прысвячэнне Пікаса. Акрыл. 2007.
У экспазіцыі, безумоўна, ёсць выдатныя працы. Бачна добрае валоданне колерам, кампазіцыяй, адчуванне плямы, скульптурнай формы. Згадаю, напрыклад, якасную паркавую пластыку Кацярыны Злоцінай. Уразілі мяне і каваныя рыбіны Івана Арцімовіча. Але ў цэлым засталося ўражанне цалкам недарэчнага ў маладзёжным мастацтве прыхарошвання. Але нашто? Самалюбаванне неўласціва дваццацігадовым. У такім узросце трэба быць радыкалам, не баяцца кантрастаў і неразумення, пісаць пад карцінамі гучныя маніфесты. Мне не падабаецца, што моладзь абмяжоўваецца толькі трыма класічнымі відамі мастацтва. Сённяшні час адлюстраваць толькі жывапіснымі сродкамі немагчыма. Ёсць іншыя арт-практыкі, больш аператыўныя. Хіба не маглі арганізатары хоць бы які камень прынесці, насыпаць кучу пяску,а лепш за ўсё -- паказаць перформанс? А маглі б і бочку мёду паставіць, ці пачаставаць людзей, як Ясенін, бублікамі. І пра выставу загаварыў бы ўвесь Мінск. Дзе эпатаж? Няма. Пад карцінамі стаяць безназоўныя назвы. Такая тэндэнцыя хутка прывядзе да творчай старасці.
Задаю сабе пытанне: што запомніцца пасля гэтай выставы? Цытаты з Малевіча? Творы ў стылі рэтра-сімвалізму, ню-рамантызму, дзе гераіні лунаюць у паветры? Начная эротыка ніяк не ўвязваецца з актуальнай праблематыкай сучаснасці.
І яшчэ. Упэўнены, на выставу нельга прыносіць дыпломныя работы. Калі мастакі, якія скончылі акадэмію год таму, выстаўляюць свае дыпломныя праекты, што яны хочуць сказаць? Што гэта іх апошнія ў жыцці, мемарыяльныя работы? Хіба яны не разумеюць, што гэта «нясмачна», нязграбна?..»

Феномен маладзёжнага мастацтва -- з’ява надзвычай рухомая і малавывучаная. Яго межы размытыя, а відавочны недахоп матэрыялаў, якія мадэлююць нашы ўяўленні аб характары сённяшніх інавацый, толькі паглыбляе гэтую праблему. Крытычныя агляды і артыкулы далёка не заўсёды дастаткова поўна і аб’ёмна раскрываюць тое, чым жыве новае пакаленне. Мы адчуваем дэфіцыт тэарэтычных прагнозаў і аналітычных абгрунтаванняў тэмы. Чаму сярод творчай моладзі мала «сапраўдных буйных»? Пакаленне, якое нарадзілася ў сярэдзіне 1980-х, вырасла не толькі даволі
 /i/content/pi/mast/8/196/Kreatyu4.jpg
     А.Асядоўская. Дэсерт. Алей. 2008.
індыферэнтным да агрэсіўных фармальных эксперыментаў, але і малапрадуктыўным у творчасці. Маскоўскія культуролагі вызначылі гэтую сітуацыю як «дэмаграфічную праблему сучаснай культуры ў колькасным і якасным плане». Майстар-клас ад «
Art in America» (як гэта было ў 1960-я) або уплыў усялякіх інтэрнет-парталаў пра мастацтва, што дамінуюць сёння як альтэрнатыва жывой традыцыі, не справакавалі ў нас выбуху ў маладзёжным мастацтве. Бязмежная плынь інфармацыі, якая маладым пакаленнем адфільтроўваецца слаба, натрапіла на рэаліі чалавечага фактару. З сярэднім пакаленнем усё больш-менш зразумела: нонканфармісты цалкам замкнуліся ў сабе, прыхільнікі патэтыкі сацыяльнага заказу проста растварыліся ў прыватных інтарэсах прасунутай «эліты». На абодвух полюсах спрацавалі імунітэт і ўменне выжываць пры любых грамадскіх пераўтварэннях. Неабароненым і незапатрабаваным сталася пакаленне дваццацігадовых.
Пётра Васілеўскі: «Згадваю, як у 1980-я ў Прыбалтыцы праводзіліся біенале маладзёжнага мастацтва. У тым, што прадстаўлялася ў экспазіцыях, яскрава адчуваўся элемент эпатажнасці, але гэтая эпатажнасць вынікала з кантэкстаў рэальнага жыцця, з адмаўлення патэтыкі сацрэалізму. Тое, што я ўбачыў на сёлетняй маладзёжнай выставе ў Мінску, надзіва блізкае па стылістыцы да твораў дваццацігадовай даўніны. Безумоўна, гэтаму можна знайсці тлумачэнне і апраўданне: формаўтваральных элементаў у мастацтве не так ужо і шмат. Але камбінацыі іх могуць даваць розныя вынікі, у залежнасці ад светаўспрымання аўтараў, нацыянальнай ментальнасці, глабальных пераўтварэнняў у грамадстве. Мяне хвалюе іншае: чаму такія падобныя работы, створаныя яшчэ ў часы існавання Савецкага Саюза ў краінах Балтыі і ў пасляперабудовачныя гады ў незалежнай Беларусі? Або гэта вельмі натуральны працэс пераемнасці, або мы проста стаім на месцы...
Сёння моладзь мае большую свабоду, чым мелі яе папярэднікі. Але гэтай свабодай варта правільна распарадзіцца. Нашто рабіць варыяцыі на тэмы Малевіча? Няўжо ён настолькі актуальны? Маладому мастаку трэба звярнуцца да рэальнага жыцця. Узнімаць праблемы, няхай сабе і планетарнага маштабу, -- галоўнае, каб яны насамрэч хвалявалі яго пакаленне. І з самага пачатку ставіць перад сабой пытанне: навошта, для каго, для чаго ён піша свае творы? Гэты асноўны прынцып дызайнерскай творчасці варта перанесціі на іншыя віды мастацтва».

 /i/content/pi/mast/8/196/Kreatyu5.jpg

З.Кудзін. Без назвы. Алей. 2007.

Спецыялізаваныя ВНУ рэспублікі штогод выпускаюць новых мастакоў. Далейшы лёс часта заводзіць іх на перыферыю актуальнай творчасці. Кан’юнктура -- рэч упартая, і свае амбіцыі маладыя павінны рэалізоўваць на вокладках глянцавых часопісаў або ў працы над рэкламным ролікам нейкага сеткавага прадукту. А вось мастацтва выяўленчае, захопленае ўнутраным дыскурсам і прэтэнзіяй на актыўнасць, застаецца па-за межамі іх увагі.
Псіхалогія сарака-пяцідзесяцігадовых мастакоў грунтуецца на імкненні да рэальнага дзеяння і не залежыць ад такіх паняццяў, як нонканфармізм або канфармізм. Маладое пакаленне, якое пераступіла мяжу дваццацігоддзя, толькі тэарэтычна дапускае наяўнасць антытэзы і замкнёнае на самаідэнтыфікацыі як непазбежным узроставым комплексе. Раздзьмуты без усякіх абмежаванняў эксперымент і шчодрая генерацыя ідэй разумеюцца імі як свабода творчасці.
Маладым творцам відавочна не хапае ўмення мінімальнымі мастацкімі сродкамі выказаць усю глыбіню задуманай тэмы (калі, безумоўна, тэма была вызначана), стварыць у рабоце інтрыгоўную прастору, каб гледачу давялося «паламаць галаву», паспрачацца, выразна адчуць дэструктыў або пазітыў заяўленай канцэпцыі. Не хапае ім і адэкватнасці сённяшняму дню. Складана зрабіць штосьці значнае ў адрыве ад тых рэалій, што перажывае грамадства. Кан’юнктура «чыстай формы» і «абстрактнага дзеяння» дэвальвавана. Мастак павінен гуляць з соцыумам, знаходзіць формы актыўных узаемаадносін з гледачом.
Фактычна гэта шлях, падказаны авангардам пачатку ХХ ст., калі крэатыў пошукаў выйшаў за рамкі мастацтва ў накірунку прыкладнога прызначэння, дызайну або сацыяльнага мадэлявання. Самакаштоўныя канцэпцыі Малевіча матэрыялізоўваліся ў формах прамысловага мадэлявання, ідэі Кандзінскага былі выкарыстаны праекціроўшчыкамі і архітэктарамі БАЎХАЎЗа. Альтэрнатывай магчымаму калапсу сучаснага мастацтва становіцца пераход на ўзровень міждысцыплінарных дыялогаў, пашырэнне поля творчасці, яго тэхналагічных магчымасцей, методык і практык.Таццяна Цюрына : «Ад выставы засталося ўражанне свежасці. У экспазіцыі мне ўбачыліся не стомленыя райскія птушкі, а маладыя вераб’і, якія могуць і ўмеюць эксперыментаваць. Пакуль ім гэта можна рабіць проста для ўласнага задавальнення. Але хутка давядзецца даказваць, што яны маюць уласны голас і бачанне свету.
На выставе ёсць цікавыя творы: вельмі тонкая графіка, яркія работы скульптараў, якія актыўна эксперыментуюць з формай. У жывапісцаў сітуацыя больш складаная. На іх уплываюць рынкавыя рэаліі, што і выяўляецца ў некаторых работах у выглядзе салоннасці і кічавасці. Хацелася б, каб яны не забываліся, што карціна павінна быць свайго кшталту ўдарам -- эмацыйным, зрокавым. Трэба умець убачыць, як Маякоўскі, «касыя скулы акіяна». Гэта складана, але магчыма.
 /i/content/pi/mast/8/196/Kreatyu6.jpg

С.Піскун. Адлюстраванне.
Афорт.   2006.


Цікавая акалічнасць: у экспазіцыі прадстаўлена шмат твораў дзяцей і нават унукаў мастакоў. З гледзішча звычайнага наведвальніка гэта трошкі дзіўна. Чаму б сітуацыю не абыграць? Такія моманты трэба прадугледжваць загадзя і вельмі сур’ёзна да іх рыхтавацца. Безумоўна, гэта немагчыма зрабіць, калі экспазіцыя збіраецца спехам і большасць твораў прыносіцца спантанна. Такая заганная практыка перашкаджае грунтоўна прадумаць правядзенне мерапрыемства. Але, калі сітуацыю немагчыма выправіць, трэба недахопы ператварыць у вартасці -- іроніяй, экспазіцыйнай гульнёй...»

Сапраўды, на маладзёжнай выставе сустракаліся работы, глухія па колеры; па якіх складана было зразумець аўтарскую задуму; салонныя працы, дзе нават не выяўлены стылістычныя хады. І рабіць скідку на ўзрост нельга. Або мастак ёсць, або яго няма. Калі ён не валодае пэўнымі тэхнічнымі навыкамі, калі перад творцам не ставіцца чыста жывапісная задача, калі няма разумення колеравай пластыкі, плямы, прасторы, няма падстаў гаварыць пра станковую карціну.Не было на выставе і першакласнай «папсы». Былі «замахі» на яе, але пакуль сіл на гэта не хапае. Шмат сапраўды пошлых работ, што існуюць «па-за дабром і злом», -- нязначныя падзеі, народжаныя далёка ад мастацкага асяроддзя.Ларыса Фінкельштэйн: «Вось што засмуціла: іду па экспазіцыі і бачу не творчасць
 /i/content/pi/mast/8/196/Kreatyu8.jpg

І.Арцімовіч. Рыбы. Метал. 2007.

маладых, а паўторы стылістыкі старэйшых -- бацькоў, якія ўжо сказалі сваё слова ў мастацтве, здолеўшы пры гэтым застацца цікавымі і актуальнымі. Не радуе, што дзеці -- іх суцэльнае паўтарэнне. Цяжка жыць, скажам, пад прэсінгам таленту Леаніда Хобатава і не быць на яго хоць у нечым падобным. Нездарма вучняў выдатнага каларыста Натана Воранава і праз дваццаць гадоў пасля вучобы называлі «варанятамі»... Але ёсць у нас маладыя мастакі, якія вельмі далёка адышлі ад сваіх таленавітых родзічаў. Напрыклад, Іван Семілетаў не падобны ні на бацьку, ні на дзеда.
Яшчэ адна праблема выставы -- яе агульная другаснасць. Я не ўбачыла тут «бомбы». Ні зместавай, ні пластычнай, фармальнай. Арт-шоку не адбылося. У сусветным мастацтве зроблена так шмат выдатнага, што стварыць нешта асаблівае маладому мастаку не дапамогуць ні рэмейкі, ні цытаты. Павінен быць унутраны пасыл, вельмі моцнае жаданне стаць іншым. У Траццякоўскай галерэі некалі адбылася выстава, якая называлася «Іншае мастацтва». Я не хачу сказаць, што створанае сёння -- кепскае, але хтосьці мусіць зрабіць новы крок у мастацкую невядомасць. І мы яго чакаем менавіта ад моладзі».
 /i/content/pi/mast/8/196/Kreatyu7.jpg

П.Асмалоўскі. ДАРТС х іглатэрапія. Алей. 2004.

Беларускі саюз мастакоў імкнецца падтрымаць маладзёжныя ініцыятывы, таму для выставы знайшліся і час, і плошча.. У якасці прыза ў намінацыі «праект» некаторым з удзельнікаў -- А.Хобатавай, Л.Пяткевіч, С.Зленка, А.Савічу, скульптарам А.Сарокіну і С.Аганаву -- прапанавалі выставіцца на вясновым арт-салоне ў Маскве.
Нам не хапае, на мой погляд, значнай і прэстыжнай прэміі для маладых творцаў. У Маскве, напрыклад, існуе прэмія Кандзінскага, дзе ёсць намінацыя не толькі «лепшы мастак» з прызам у 40 тысяч еўра, але і «малады мастак», дзе пераможца ва ўзроставай групе да 30 гадоў узнагароджваецца творчай камандзіроўкай у Фларэнцыю на тры месяцы. Такая прэмія карысная па дзвюх прычынах: яна прапагандуе вартыя ўвагі работы і дапамагае тварыць -- маладыя мастакі арыентуюцца на тых, каго ўзнагародзілі. Так, Тэрнераўская прэмія стварыла ў Англіі моду на маладое і смелае мастацтва, бо яе заснавальнікі не баяліся ўзнагароджваць амбіцыёзных прэтэндэнтаў і ператваралі іх у гранд-персон.

Наталля ШАРАНГОВІЧ