Неабходныя адрозніванні
Каму было б карысна ўбачыць «Містэрыі»? Членам журы Нацыянальнай прэміі па выяўленчым мастацтве, аматарам фатаграфіі, якія наведваюць спецыяльныя курсы і лекцыі. Аматарам сучаснага арту, калекцыянерам і выдаўцам.
Сказаць, што «Містэрыi» трэба бачыць, каб ведаць, які ўзровень фатаграфіі ёсць у Беларусі, — мала. Бачыць, каб разумець, як можна працаваць з візуальнай архіўнай традыцыяй, — таксама мала. Настойваць на тым, што Ігар Саўчанка ў Беларусі — № 1 і самы вядомы ў свеце, — значыць захапіцца тлумачэннямі. Але я, мабыць, рызыкну.
Першае: самы вядомы ў свеце сучасны беларускi фатограф, але не фотажурналіст. Апошняя катэгорыя аўтараў цяпер запатрабаваная больш, у асноўным арыентаваная на сацыяльную праблематыку, і гэта крыху іншае поле дзейнасці. Другое: Ігар Саўчанка — фатограф, які ўпэўнена пераходзіць у намінацыю «мастак», і ён далёка не заўсёды працуе з фатаграфіяй. Гэта важная заўвага, і перспектыўная для даследчыка: можна прааналізаваць праекты з тэкстамі, музыкай, аб’ектамi. Цікава было б успомніць прасторы, дзе працаваў мастак Саўчанка, і там не было фатаграфіі: Палац Румянцавых-Паскевічаў у Гомелі, нямецкая кірха, НЦСМ. Так ці інакш, распазнаванне «фатограф — мастак» мяняе рамкі, пункты адліку становяцца іншымi.
Нарэшце, вядомым Ігар стаў у постсавецкім свеце. Кожны час мае сваю іерархію імёнаў. У гісторыі фатаграфіі нельга не ведаць Бенедыкта Тышкевіча, Яна Булгака, Маісея Напельбаума, а ў сучаснай — Ігара Саўчанку.
Спакусы і прынады
З часам можна шмат што зрабіць: пагуляць, апярэдзіць, вярнуцца… Доўжыць — акцэнтаваць увагу на прыметах, якія сышлі, самому нікуды не сыходзячы, — у Саўчанкі атрымліваецца найлепш. «Містэрыі. 1989—1996» у «Кніжнай шафе» — таму пацверджанне. І дарэчы, яны маюць папярэдніка: упершыню гэтая назва была скарыстаная ў 2013 годзе для выставы ў Санкт-Пецярбургу, у Дзяржаўным музейна-выставачным цэнтры «РОСФОТО».
Другую версію адбору з адбіткаў 1980—1990-х зрабіў куратар галерэйных праектаў «Шафы» Іван Дудкоў — эстэтычна дакладна па форме і з перажываннем кніжнага месца, дзе ўсе наратывы аб’ядноўваюцца.
Перазняць стары кадр з пэўнай дыстанцыі, з пачуццём адкладзенага цяперашняга — адзін з прыёмаў «Містэрый». Некалькі тлумачэнняў Ігар даў на іх адкрыцці. Напрыклад, пра тое, што яго прыцягвае час, калі яго «яшчэ не было». Заходнія галерысты — а спіс персанальных выстаў фатографа ад Хельсінкі да Нью-Ёрка сапраўды ўражвае — часта выбіраюць адбіткі, як ім здаецца, звязаныя з «вопытам траўмаў» ваенна-палітычных катаклізмаў. Насамрэч яны прысвечаны не падзеям, якія можна зафіксаваць дакументальна, чаго, уласна, і чакаюць ад фатаграфіі, а нябачным, падспудным прычынам падзей. Гэта заўсёды спроба разабрацца ў адносінах і ўзаемасувязях, што нябачна спеюць або згасаюць, падтрымліваюць і выключаюць адно аднаго. Не савецкія рэпрэсіі і нацызм як такі, але тое, што ляжыць за гэтымi рамкамі, у глыбіні, у плоскасці непрагаворанага, але даступнага для глядацкай рэфлексіі дзякуючы фатографу. І пачуццёвасць здымкаў Саўчанкі, рэальная іх якасць дазваляюць беспамылкова пазнаваць аўтара і запамінаць яго працу, да таго ж ідуць менавіта адсюль. Ідэальны прыклад — «Алфавіт жэстаў» (1989—1994), з якім у «Містэрый» ёсць пераклічка.
Па словах мастака, ён не шукае для працы архівы канкрэтна даваеннага або пасляваеннага часу, тэму рэпрэсій ці нейкія асаблівыя сюжэты. Не шукае і месца здымкі: калекцыі — часта выпадковыя, безназоўныя, што і зборам не назавеш, — з былога СССР цалкам могуць суседнічаць з нямецкімi. Таму нічога прыватнага: ні ў мадэлях і кадрах для пераздымак, ні ў часе і месцы.
Дзеепрыметнікі з катэгорыяй часу
У назвах сваiх работ, якія дае цяпер ужо наш, а не архіўны аўтар, відавочны постмадэрнізм, і можна прасачыць прыхільнасць да яшчэ аднаго цікавага метаду.
Дык вось, больш за ўсё ў назвах фотаздымкаў дзеепрыметнікаў у цяперашнім часе! Аб працэсах, якiя адбываюцца тут і цяпер, Саўчанка піша: «входящий в полосу, идет поезд, быстро пролетающая, постепенность угасания, станут заметными, бьющие вечером, пытающаяся выхватить картинку, обернувшийся, вступая, неопознанный, не влияющая постепенность угасания, продолжающие приседать, появившиеся вокруг, стоявший между, стоящая перед, проходящий мимо».
Пра аб’екты і людзей гаворыцца куды больш сціпла: Ён, Яна, сонечнае святло, светлая паласа, адзінокая птушка, самалёт, далёкі бераг на тым баку.
Фатаграфія, адкрытая як тэкст
Цяпер складана меркаваць, але ў перыяд «Савецкага фота» Саўчанка наўрад ці стаў бы вядомым фатографам. Аднак змяніўся час, і ў ім і пра яго здымаць трэба было інакш. Даследаваць гэты новы час Саўчанка стаў і метадам пераздымак, адбудоўваючы сябе цяперашняга ад часу бацькоў, ад стратэгій і рэалій, якія сышлі ў мінулае.
Інакш належала пісаць пра новае мастацтва, пра новую «мінскую школу», напрыклад. Фатаграфія і яе аналіз перасталі быць герметычнымі.
Любоў Гаўрылюк