Для ўсіх закаханых

№ 3 (300) 01.03.2008 - 31.03.2008 г

Праект «W-art», які быў прыдуманы грамадскім куратарам мастаком-графікам Уладзімірам Лукашыкам да Дня святога Валянціна, спалучыў вэб-частку на інтэрнет-партале «Open.by» і экспазіцыю ў Палацы мастацтва.

Для Беларусі такая мастацкая акцыя -- першая. Здаецца, нічога экстрэмальнага або экстраардынарнага не адбылося -- у выставачнай прасторы былі прадстаўлены амаль класічны і трохі кічавы жывапіс, якасная графіка і фотаграфіка, невялікая станковая скульптура, мадэлі адзення. Інсталяцыя Аляксея Мартынава з жывымі карлікавымі пеўнем і куркай каля вялізнага, ледзьве не большага за іх гіпсавага яйка прысутнічала толькі ў дзень прэзентацыі. А вось жывая музыка, якую выконвалі гурты «Дует сверху» і «White Spirit», гучала і ў звычайныя дні, яна стала прыемнай нечаканасцю для гледачоў выставы. У інтэрнет-версіі праекта ўсім наведвальнікам партала загадзя прапанавалі зрабіць слоўныя апісанні сваіх каханых з абяцаннем падчас выставы выкласці на сайце намаляваныя адпаведна гэтым апісанням партрэты. Гэтая частка, на жаль, не мела свайго цэласнага і своечасовага завяршэння. Партрэты -- імгненныя графічныя замалёўкі або абстрактныя колеравыя экспрэсіі, зробленыя студэнкамі БДАМ Ю.Сяргеевай і Н.Будыхінай, -- не былі заўважаны інтэрнет-наведвальнікамі.

 /i/content/pi/mast/8/195/dlya-zakahanuh1.jpg
 Т.Наздрачова. Love story.
Паштоўка. 2008.
Але гэта не азначае, што «першы блін» атрымаўся камяком. Ідэя, якую супольна здзейснілі Саюз мастакоў, Саюз дызайнераў, Палац мастацтва, Акадэмія мастацтваў, партал «
Open.by», відавочна зацікавіла як моладзь, так і старэйшых мастакоў. І пры ўсёй сваёй кароткачасовасці (пяць выставачных дзён) мерапрыемства здолела стаць запамінальным. Спраўдзіўся разлік У.Лукашыка і рабочай групы (у яе складзе былі мастак і выкладчык акадэміі Г.Мяшкова, студэнты кафедры графічнага дызайну А.Яцук і У.Дуброўскі), якія вырашылі, што нашым выставачным пляцоўкам не хапае канцэптуальных праектаў і проста нечаканых паваротаў у аздобе экспазіцыйнай прасторы, не хапае эмацыянальнай, інтэлектуальнай, іранічнай афарбоўкі абранай для экспазіцыі тэмы. Як зазначылі арганізатары, «хочацца, каб маладыя людзі ў працэсе самарэалізацыі атрымалі ўрокі адказных адносін да ўласных учынкаў».

Праект «W-art» -- спроба звярнуцца да істотнага ў сучасным мастацтве праз рэфлексію на тэму кахання, якая хвалюе кожнага творчага чалавека. Гэта своеасаблівы жанравы эксперымент, які тлумачыць сутнасць мастацтва як нешта няўлоўнае, што не мае дакладнага вызначэння, узнікае і выяўляе сябе толькі як імгненны вынік нашага судакранання з творам. Адна з ліній праекта (вэб-частка) звязана з даследаваннем інтуіцыі. Менавіта мастацкая інтуіцыя становіцца радыкальным сродкам пераадолення негатыўных наступстваў інфармацыйнага выбуху. У вырашэнні праблем, якія ставіць перад намі час, інтуіцыі належыць больш пазітыўная роля, чым чыста разумовым або прагматычным падыходам, якія могуць завесці ў тупіковую сітуацыю.

 /i/content/pi/mast/8/195/dlya-zakahanuh2.jpg

 А.Яцук. Паштоўка. 2008.

У раздзеле жывапісу і графікі выставачную прастору і ўзровень экспазіцыі фарміравалі ў асноўным творы старэйшых і больш вядомых мастакоў: М.Капілавай, М. і У.Голубевых, І.Лобан, Я.Колчава, Р.Сустава. Іх работы былі эмацыянальна-знакавымі ў адрозненне ад сусальна-саладжавых студэнцкіх эксперыментаў. Затое фотаграфіка, якая відавочна стварала канкурэнцыю традыцыйным відам мастацтва, актыўна ўводзіла ў шырокія масы грамадскасці больш тонкае разуменне фотагеніі, пашыраючы яе тлумачэнне далёка за межы «добра аддрукаванага здымка». Былі праекты, пра якія з першага погляду можна сказаць, што яны маюць еўрапейскі ўзровень. Іх аўтары не працавалі з рэальнасцю, а каламбурылі, гулялі ў перакруткі, рабілі прынты, якія, як і адбіткі, будавалі на празрыстай рэалістычнасці выявы, што з’яўляецца адзнакай найвышэйшай ступені актыўнасці выкарыстанай тэхнікі медыя.

Варта сказаць, што ўсіх удзельнікаў выставы вызначае глыбока індывідуальнае ўспрыманне рэчаіснасці. Яны не ставяць перад сабой задачу капіраваць навакольнае асяроддзе з фатаграфічнай дакладнасцю. Па-мастацку пераасэнсоўваючы ўбачанае, яны ствараюць сваю непаўторную рэальнасць -- розныя па настроі, колеры, успрыманні, але абавязкова духоўна блізкія і эмацыянальна багатыя сусветы. Праект задуманы як перманентная мастацкая акцыя -- або як гульня, у правілы якой закладзены імпульс да самаразвіцця.

                                                                                                         Наталля ЖОГЛА