Практычна ўсе працы на выставе патрабуюць дэшыфроўкі. Безумоўна, глядач вынесе сваю долю ўражанняў і без гэтай стамляльнай працэдуры: з чароўнасці ручных тэхнік, з логікі кампазіцыйных пабудоў, з глыбіні колеру і багацця сэнсавых напластаванняў. Але тут, як нідзе, «д’ябал крыецца ў дробязі». Шклянка з гарбатай падае, — думаеш ты, — таму што цягнік спыніўся. Аднак трыпціх Уладзіміра Голубева мае сакрэтную назву «Ганна Карэніна», і гэтая асуджаная разбіцца шклянка ўжо ўспрымаецца як кульмінацыя чалавечай драмы. Работы Марыты Голубевай — след яе асабістых гісторый, няважна, пададзены яны ў форме інвентарызацыі ці як напаўабстрактныя палімпсесты...
Алеся Белявец: У вас амаль 35 гадоў сумеснага жыцця, і першае маё пытанне заканамернае: вы зладзілі экспазіцыю, таму што вы сям’я, ці сапраўды нешта ў працах іншага дапамагае высвеціць, падкрэсліць асаблівасці ўласнага стылю?
Марыта Голубева: У нас — мо гэта і не надта добра — няма духу суперніцтва, і мы вельмі арганічна працуем у адной майстэрні. Часам зраблю працу, і Валодзя прыдумвае да яе назву. Такі пінг-понг: адзін аднаму падкідваем новыя ідэі.
Уладзімір Голубеў: Самае галоўнае, чаму Марыта мяне навучыла, — далікатнасці, тонкасці, пэўнай вытанчанасці. Я больш радыкальны, прыхільнік эпатажу, правакацыі, але з узростам стаў разумець, наколькі важна адчуваць меру. Нам сорамна быць вульгарнымі.
Алеся Белявец: Выстава — вынік такіх узаемаўплываў?
Уладзімір Голубеў: Безумоўна, гэта наш трэці сумесны праект, назва «Плюс/Мінус» адсылае нас да вытокаў выставы як абавязкова маніфестарнай падзеі, так вядзецца ад знакамітай экспазіцыі Казіміра Малевіча «0,10». Лічбы і адсоткі — як супрацьлегласць пачуцця і самотнасці.
У аснове канцэпцыі — усведамленне таго, што сучаснае мастацтва трапіла ў пастку. Яно стала рэпрэсіўным, творцы пачынаюць працаваць паводле шаблонаў, перастаюць выяўляць сваю індывідуальнасць. Выратаваннем можа стаць зварот да таго, што ніколі нам не здраджвае, — да вобраза «Рэчы». Ці, як у Марыты — з яе любоўю да тонкасці прасторы, — да вобраза «Святла»! Гэта плюс, а мінус тут выяўляецца ў тым, як мы называем выставу: «несучаснае мастацтва», бо ў нас класічныя тэхналогіі. Мы не сучасныя, але не саромеемся, бо пагоня за знешняй сучаснасцю носьбітаў мастацтва — гэта мана, спроба апраўдаць свае мануальныя няўмеласці ці хуткую квазіадукаванасць тэхнічнымі сродкамі.
Алеся Белявец: Раз мы пачалі гутарку з узаемаўплываў, то пытанне да Марыты: канцэптуалізацыя, праца серыямі — гэта ўплыў мужа-дызайнера?
Марыта Голубева: Не, гэта нібы кіно, якое ты любіш і глядзіш не адзін раз, яго можна раскласці на асобныя кадры. Так атрымліваецца складзень, ці поліптых. Тут тэма дамашняга агмяню, бабуліных рэчаў з буфета. З усімі гэтымі прадметамі звязаны ўспаміны. Школьныя ўрокі батанікі: асабісты гербарый і сшыткі з замалёўкамі кветак, гістарычныя дробязі з рынкаў Венецыі і Коўна. Старыя хаты нашых вёсак і сядзіб. Усё гэта крыніцы натхнення.
Алеся Белявец: Што вы бачыце ў творчасці адно аднаго?
Уладзімір Голубеў: У Марыты ёсць два класічныя прыёмы, многія пазнаюць яе па залатых работах, літаральна залатых, бо зроблены яны з ужываннем паталі, гэта яе аўтарская тэхналогія. Яны валодаюць сакральнай цеплынёй. Гэтыя працы мне блізкія і зразумелыя, я ведаю, як Марыта іх робіць, — так, як раблю іх і я: працуеш-працуеш і ведаеш, куды рухаешся, выпраўляеш нешта, але твор паслядоўна выбудоўваецца перад табой як нейкае адлюстраванае бачанне будучыні. А вось калі Марыта працуе ў тэхналогіях гарачага батыку, з яго вельмі складанымі хімічнымі складнікамі, з мнагаслойнымі карцінамі... Калі такі палімпсест атрымліваецца з воску і фарбаў, то да апошняй хвіліны невядома, што атрымаецца і ці атрымаецца наогул. І гэта дзіўна, бо я традыцыйны мастак: задума, эскіз, падмалёвак... Глядзіш — крок за крокам работа «ўтрамбавалася». Я вось не магу кідацца ў гэтую прорву невядомага, я б не рашыўся.
«Плюс» з пункту гледжання праектнага пачатку ў мастацтве — гэта я, а Марыта — «плюс» з кропкі духоўнага ўзлёту, адраджэння спантаннай інспірацыі дэміурга.
Я заўсёды паслядоўны — як хатняя гаспадыня, у якой усё па палічках акуратна раскладзена, палічана і падпісана. Я думаю, калі пішу. А Марыта ідзе ад унутранага бачання, ад імпэту творцы і ўвесь час змагаецца з матэрыялам. Матэрыял перамагае рэдка, таму што майстэрства з’яўляецца адзінай нязменнай мерай якасці яе працы. А вось любоў да матэрыялу — тое, што нас аб’ядноўвае.
Марыта Голубева: Найбольш цаню Валодзева неардынарнае бачанне прадметаў, рэчаў, як ён іх можа стылізаваць, а самае незвычайнае — як ён іх прапісвае, прапрацоўвае. Валодзю працэс захоплівае, ён вельмі самаадана працуе над сваімі палотнамі, укладвае ў іх шмат ідэй і энергіі. Падмалёвак, карпатлівая праца — і раптам усё набывае аб’ём і матэрыяльнасць.
А вусная гісторыя, якая суправаджае яго працы? Як Валодзя прыдумвае назвы-эсэ!.. Іх трэба ўмець прачытаць і асэнсаваць, тады ўсё становіцца зразумелым.
Уладзімір Голубеў: Карціна павінна гаварыць.
Алеся Белявец: Прычым слова можа быць нават не напісана, а мецца на ўвазе.
Уладзімір Голубеў: Сучаснае мастацтва складанае таму, што яно напоўнена фармальнымі прыёмамі. Мяне часта пытаюць, чаму не займаюся абстрактнай карцінай, фармальнай кампазіцыяй. Бо я яе выкладаю. Для мяне нефігурытаўнае мастацтва — гэта падручнік для 1-2 класа. Калі мы вяртаемся да фігуратыўнага мастацтва, у нас з’яўляецца магчымасць склеіць логіку слова і логіку вобраза. Гэта выключна прыгожы сплаў — тэксту як асновы сучаснай культуры і вобраза, які супрацьстаіць тэксту і дае нам цэльнае адзінае эмацыянальна-пачуццёвае ўспрыманне. Такая гармонія — у падмурку нашай канцэпцыі. Мы можам з’яднаць і цікавую задуму, і класічныя формы яе падачы, і канцэптуалізацыю, і дэканструкцыю вобраза. Пры гэтым не хаміць і не быць вульгарнымі, паважаць гледача. Варта дыстанцыявацца і ад грубага эпатажу, і ад чыстай дэкаратыўнасці, ад механічнага рэалізму і абстрактнага экспрэсіянізму, ад тых падыходаў, якія сёння вельмі папулярныя.
Таму ў выставе «Плюс/мінус» галоўнае — пошук не плюса ці мінуса, а той рысы, мяжы, я называю яе культурнай мембранай, якая павінна аддзяляць для нас і для гледача сапраўднае ад выпадковага, бо такая дэмаркацыя — гэта свядомая частка мастацкага працэсу, погляд з дыстанцыі культуры.
Марыта Голубева: Выстава важная яшчэ і таму, што ў майстэрні няма адыходу, каб убачыць свой твор ці серыю твораў на адлегласці. Нам вельмі дапамог Уладзімір Хобатаў, ён зрабіў з нашых карцін эсэ, бо карціна — гэта аўтарскі аповед.
Алеся Белявец: А якая гісторыя ў вашых працах?
Уладзімір Голубеў: Глыбокая і вельмі асабістая. Напрыклад, вось «Паёк дэлегата» — наша сямейная рэліквія. Мой дзед, удзельнік трох рэвалюцый, быў у 1917 годзе ў Маскве дэлегатам ад працоўных Лібава-Роменскай чыгункі, ад абеду, які далі «хадакам за праўдай», пакінуў акрайчык хлеба, загарнуў яго ў сурвэтку і прывёз дадому. І ён з 1917 года захоўваецца ў нас у сям’і. Язэп Пятровіч Голубеў быў чалавекам глыбока веруючым і ўспрымаў рэвалюцыю як спробу ўсталяваць царства божае на зямлі. З іншага боку — гэты стогадовы кавалак чорнага хлеба нагадвае «Чорны квадрат» Малевіча. І калі для дзядулі важная была рэвалюцыя сацыяльная, то для нас — мастацкая.
У Марыты таксама ўсе работы экзістэнцыяльныя, тут і плюс, і мінус нашага асобнага быцця. Успаміны і мары, вандроўкі і роспачы, нам яны зразумелы, але, калі гледачу яны могуць здавацца штучнымі, мудрагелістымі, прыцягнутымі ці выпадковымі, наша парада: глядзіце сэрцам, разважайце вокам... Магчыма, мы толькі акрэслілі праблему, а сапраўдны адказ — гэта заўсёды пытанне.