У ім прымалі ўдзел Наталля Лісоўская — дацэнт кафедры дызайну і моды Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, мастачка тэкстылю, сакуратарка Рэспубліканскай выставы «Знакі і шыфры»; Вольга Рэднікіна — старшыня секцыі тэкстылю Беларускага саюза мастакоў, мастачка тэкстылю, сакуратарка выставы «Знакі і шыфры»; Леанід Хобатаў — намеснік старшыні БСМ; Святлана Баранкоўская — старшыня Віцебскай абласной арганізацыі БСМ, мастачка тэкстылю; Валянціна Бартлава — прафесар кафедры касцюма і тэкстылю Акадэміі мастацтваў, мастачка тэкстылю; Таццяна Макляцова — дацэнт кафедры дызайну і моды Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, мастачка тэкстылю; Ала Непачаловіч — дацэнт кафедры народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Універсітэта культуры, мастачка тэкстылю; Хрысціна Высоцкая — магістр мастацтвазнаўства, выкладчыца кафедры касцюма і тэкстылю БДАМ, мастачка тэкстылю; Ксенія Ралінская — магістр мастацтвазнаўства, мастацтвазнаўца галерэі «Мастацтва».
Мадэратар Міхась Цыбульскі — дацэнт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пятра Машэрава, кандыдат мастацтвазнаўства.
Святлана Баранкоўская: Асэнсаваць развіццё беларускага тэкстылю ў сусветным кантэксце — даволі адказная і прэтэнцыёзная заява, але калі мы не будзем ведаць, дзе мы, то не будзем разумець, куды нам рухацца... Цудоўна, што віцебская абласная арганізацыя БСМ і секцыя тэкстылю вельмі шчыльна супрацоўнічаюць, вынікам чаго і стала сёлетняя выстава. І яна не першая. Скажу больш: некалі ў сярэднявеччы Францыя задавала кірунак развіцця сусветнага тэкстылю, пазней гэтую функцыю выконвала Лодзь, якая і цяпер з’яўляецца актыўным цэнтрам. Што ж тычыцца Беларусі, то тут такі цэнтр — Віцебск. І мы падмацоўваем статус гэтага горада як сапраўднай культурнай сталіцы.
Таццяна Макляцова: Наш тэкстыльны дызайн сёння на высокім узроўні... Існуе некалькі школ, але нельга не згадаць праблемы. Я бачу іх у тым, што гульнёй з матэрыялам, тэхналогіямі, тэхнікамі, фактурамі мы падмяняем ідэю.
Святлана Баранкоўская: Таццяна кажа пра ідэю, канцэпцыю твора. Але сёння важна, каб у працы ядналіся і ідэя, чалавечнасць, тэхніка, тэхналогія, традыцыя. Гэта мы можам назіраць у работах эксперыментальнага тэкстылю.
Міхась Цыбульскі: Я не думаю, што так вольна, лёгка і катэгарычна можна вызначаць асноўны вектар развіцця сучаснага тэкстылю. Да таго ж у кожнага мастака свой шлях.
Наталля Лісоўская: Так, у кожнага свой. І не варта з гэтым змагацца. Інакш мы ўсе будзем вельмі падобныя.
Валянціна Бартлава: Цудоўна, што ў вас на чале абласной арганізацыі стаіць тэкстыльшчык, які шмат клапоціцца пра лёс гэтага мастацтва. Акрамя таго, было вельмі хораша сказана, што Віцебск з’яўляецца цэнтрам тэкстыльнага мастацтва. Мы, мінчукі, згодныя з гэтым. Але ёсць яшчэ прамысловае мастацтва, на яго варта звярнуць увагу, бо гэта творы тэкстылю, якімі мы карыстаемся кожны дзень.
Наталля Лісоўская: Што тычыцца прамысловага тэкстылю, то магу сказаць: сёння большасць вытворчых майстэрняў укамплектаваная нашымі выпускнікамі. Але на прадпрыемствах у Віцебску, Брэсце, Гродна працуюць не толькі мастакі па спецыяльнасці «ткацтва», але таксама выпускнікі камунікатыўнага дызайну, мастацка-графічных факультэтаў. Не хапае са-
праўдных прафесіяналаў, і гэта праблема вельмі сур’ёзная. Я вяду заняткі на першым курсе і бачу, хто да нас ідзе, з кім мы будзем працаваць. Чамусьці самыя таленавітыя рвуцца на мадэляванне адзення. Я сутыкаюся і з іншай праблемай. Студэнты прыходзяць са спадзяваннямі навучыцца і сур’ёзна займацца творчасцю, як у прамысловасці, так і ў мастацкім тэкстылі. Але ў нашых вучэбных планах колькасць гадзін на спецыяльныя прадметы істотна скарацілася. Раней было 8 гадзін жывапісу, 8 гадзін малюнка, а сёння ўсё па мінімуме. Мы рыхтуем спецыялістаў-тэкстыльшчыкаў, а ў нас на вывучэнне габеленавых тэхнік усяго 34 гадзіны на 5 гадоў і толькі адна практыка. І гэтыя гадзіны зніклі б, калі б я не змагалася... Усё астатняе — камп’ютар, камп’ютар, камп’ютар... А тэкстыльшчыкі ўвесь час патрэбныя. І праблем з размеркаваннем у іх няма. А куды падзець мадэльераў, мы не ведаем...
Міхась Цыбульскі: На прадпрыемствах працуе многа таленавітых мастакоў, але што яны робяць, што мы бачым у рэальнасці, чаму так атрымліваецца? Чаму прамысловы тэкстыль стаў такім?.. Можна спытаць мастакоў прамысловасці, і яны раскажуць, чаго ад іх патрабуюць, што яны вымушаны рабіць, хто кіруе працэсам, куды падзеліся мастацкія саветы і чый «густ» абумоўлівае вытворчасць. І тады вы зразумееце: праблемы навучання, магчыма, не адзіныя. Але ж вернемся да мастацкага тэкстылю. Ён стаў вельмі разнастайны па пластычным рашэнні, тэхніках і тэхналогіях выканання. Наколькі гэта ўплывае на характар мастацкага вобраза?
Таццяна Макляцова: Сёння, як, здаецца, і раней, гэта тоесна ўзаемазвязаныя рэчы. XXI стагоддзе — час найноўшых тэхналогій. Інавацыі закранулі і тэкстыль, забяспечыўшы яго «інтэлектам». Фактура паверхні тэкстыльнага вырабу аказвае эстэтычнае ўздзеянне на чалавека і займае важнае месца сярод сродкаў мастацкай выразнасці — нароўні з колерам, кампазіцыйным рашэннем і матэрыяламі. Распаўсюджаны эксперыменты з матэрыяламі, іх спалучэнні, што дазваляе ствараць аб’екты, якія нясуць у сваёй «генетыцы» шматузроўневую культурную інфармацыю. Пры гэтым сучасны тэкстыль — перш за ўсё канцэптуальная ідэя. Але ніякая ідэя не можа існаваць, калі не будзе, напрыклад, удалага колеравага рашэння, уліку гістарычнага вопыту, выпрацаванага чалавецтвам.
Наталля Лісоўская: Для нас вельмі важна ўяўляць, як выглядае габелен у культурнай прасторы Беларусі апошніх гадоў. Хто будзе займацца тэкстылем заўтра, хто будзе пісаць пра ўнікальнасць гэтай з’явы? У Беларускім саюзе мастакоў нас крыху больш за 40 чалавек, нібы няшмат, але колькі зроблена за апошні час гэтай маленькай групай апантаных людзей. У габелене сёння засталіся толькі тыя, хто любяць гэтую справу і цалкам аддадзены ёй. Мне хацелася б заклікаць беларускіх мастацтвазнаўцаў да большай увагі, да аналізу мастацкай практыкі тэкстылю.
Сюжэты, матывы, вобразы, якія выкарыстоўваюць мастакі станковага габелену, самыя розныя — фальклорныя, літаратурныя, гістарычныя, архаіка... Адзначу і беражлівае стаўленне да спадчыны. Мастакоў тэкстылю, напрыклад, цікавяць праблемы сучаснай трактоўкі народнага арнаменту як шматзначнага сімвала. Пераасэнсаванне культурнай спадчыны адбываецца за кошт выкарыстання разнастайных тэхналогій і матэрыялаў, як традыцыйных, так і нетрадыцыйных — напрыклад, метаніт, люрэкс, джынс, дрэва, шкло, кераміка, сізаль, дрот, папера... Сёння ў тэкстылі актуальны лямец, пэчворк, арт-аб’ект... Гэта дапамагае выявіць нацыянальную адметнасць і эксперыментальны характар твораў. Дарэчы, на нашай выставе падобных работ шмат.
На фестывалі «Славянскі базар у Віцебску» беларускія мастакі тэкстылю неаднойчы ладзілі выставы габелену. Праведзена некалькі тэкстыльных пленэраў. Можна пералічыць шэраг значных групавых і персанальных выстаў у Мінску і Віцебску за апошнія 10-15 гадоў. Цікавы таксама і вопыт выставы-конкурсу «Арт-сесія», на якім быў раздзел мастацкага тэкстылю. Студэнты рыхтаваліся да яго загадзя і з задавальненнем прымалі ўдзел. Магчыма, я нешта не палічыла, не назвала...
Міхась Цыбульскі: Хочацца падзякаваць вам, Наталля, за тую вялікую працу ў галіне папулярызацыі мастацтва беларускага тэкстылю, якую вы робіце, і не толькі ў Віцебску. А для прысутных адзначу: Наталля Лісоўская не проста куратарка ці каардынатарка практычна ўсіх праектаў з беларускім тэкстылем, што ладзяцца на віцебскай зямлі, а часам і ў замежжы. Яна адна з тых, хто стаяў ля вытокаў вядомай віцебскай школы габелена, тэкстылю, школы, якую ўсе цудоўна ведаюць і якая адрозніваецца ад мінскай. Усё тое, што мы маем у Віцебску, здзейснена найперш яе ўласнымі намаганнямі.
Наталля Лісоўская: Я лічу вялікай нашай агульнай удачай выданне альбома «Беларускі габелен», пра які мы марылі 20 гадоў. Сярод мастакоў там 13 выпускнікоў нашай кафедры. Дарэчы, мы падрыхтавалі да выдання і каталог віцебскага мастацкага тэкстылю, але ўжо чацвёрты год выдаць не можам… А ў бліжэйшай да нас Латвіі практычна кожны мастацкі тэкстыльны праект завяршаецца каталогам. Настаў час узняць пытанне і пра стварэнне Беларускага музея дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, пра фармаванне і сістэматызацыю калекцый цэлага пакалення мастакоў тэкстылю, як савецкага часу, так і сучаснасці. Я перакананая: дэкаратыўна-прыкладное мастацтва можна лічыць візітнай карткай краіны.
Ала Непачаловіч: Сёння нават студэнты могуць удзельнічаць у выставах разам з прафесіяналамі, ёсць намінацыя «дэбют». А ў свой час мы і ўявіць не маглі, што моладзі можна прымаць удзел у рэспубліканскай выставе. Аднойчы нам прыйшла ідэя зладзіць экспазіцыю прафесійных і маладых мастакоў. Тэкстыль і кераміка пад назвай «Цаца ёсць цаца». Было прыемна — выставілася Вольга Рэднікіна. Гэта быў своеасаблівы штуршок для многіх маладых мастакоў тэкстылю. А далей узнікла жаданне зрабіць выставу на «Славянскім базары» ў 2011 годзе, так і з’явілася «Каляровая нізка». Нашы тэкстыльныя выставы зацікавілі і прадстаўнікоў Міністэрства замежных спраў. Некалькі праектаў пачыналіся ў выставачнай прасторы МЗС, а потым працягваліся ў Польшчы, Сербіі, Германіі, Літве… Нас запрасілі нават на міжнародны фестываль у ПАР. Выставы мелі рэзананс. У іншых краінах убачылі, што на Беларусі ёсць свой тэкстыль — зусім не падобны да нечага іншага. Так на грамадскіх пачатках, без якой бы то ні было фінансавай падтрымкі, рабіліся выставы. Як кажуць, праз вялікую любоў да мастацтва…
Хрысціна Высоцкая: Беларускі тэкстыль, як ужо адзначалася, важна разглядаць у еўрапейскім кантэксце. Так, мне давялося пабываць на экспазіцыі прафесійнага мастацкага ткацтва, XV Міжнародным трыенале тэкстылю летась у Лодзі. Трапіць на выставу і ўбачыць тэкстыль непасрэдна ў інтэр’еры, экспазіцыю ў прасторы, а не на фотаздымках у каталогу, — зусім іншыя ўражанні. Тым больш што там былі прадстаўлены ўсе кірункі.
Міхась Цыбульскі: Ужо каторы год я задаю сабе пытанне: а чаму там няма беларускіх мастакоў? Бо гэта, наколькі я ведаю, вельмі прэстыжная выстава. Пасля таго як у 1995 годзе ў швейцарскай Лазане перастала праводзіцца Міжнароднае тэкстыльнае біенале, Лодзь пачала адыгрываць вядучую ролю.
Хрысціна Высоцкая: Так, міжнароднае трыенале тэкстылю ў Лодзі з’яўляецца адной з найстарэйшых выстаў у свеце, а з 1975 года ўяўляе з сябе выставу-конкурс. Асноўнае фармальнае патрабаванне арганізатараў да мастакоў — выкананне твора ў тэкстыльных і калятэкстыльных тэхніках. Яго памер не павінен перавышаць 300х300х300, вага да 100 кг. Умовы не толькі не абмяжоўваюць аўтараў у выбары канцэпцыі, пластычнай формы і тэхнікі выканання, але і заахвочваюць увядзенне навацый і ўнікальных падыходаў. Што ж датычыцца непасрэдна экспазіцыі пятнаццатага трыенале, то тут былі прадстаўлены плоскасныя, рэльефныя і аб’ёмныя творы. Вялікая ўвага надавалася аб’ёмна-прасторавым інсталяцыям і тэкстыльнай скульптуры. Дэманстраваліся працы, выкананыя як у класічных тэхніках (ткацтва, гафт, аплікацыя, лямцаванне, размалёўка, макрамэ і іншыя), так і з ужываннем сучасных тэхналогій (жакардавае ткацтва, машынная вышыўка…).
Многія аўтары ўключаюць у свае творы асамбляжы з розных прадметаў побыту ці іх асобных элементаў. Мастакі ўводзяць у тэкстыльныя палотны часам далёка не тэкстыльныя матэрыялы. Разам з тым мастацкае ткацтва складала на згаданым трыенале асаблівую групу работ. Увогуле габеленавае ткацтва займала ў экспазіцыі выставы 2016 года ўстойлівую пазіцыю. Мастакі захоўваюць класічныя традыцыі выканання тканых палотнаў, уводзячы ў іх сучасныя тэмы і выяўленчую мову.
Ксенія Ралінская: Я хацела б звярнуць вашу ўвагу на лямцаванне і яго папулярнасць у мастацкім тэкстылі. Лямец — адзін з найстаражытнейшых і распаўсюджаных матэрыялаў у многіх народаў. Але ў XX стагоддзі лямцаванне пачынае жыць самастойным жыццём і становіцца галіной прафесійнай творчасці. Сёння існуе асацыяцыя, якая ставіць за мэту захаванне традыцыйных і пашырэнне новых метадаў мастацтва лямцавання. Раз на два гады праводзяцца з’езды і выставы па абмене вопытам, праходзяць сустрэчы, міжнародныя сімпозіумы і семінары, якія суправаджаюцца выставамі і майстар-класамі. Адбываецца актыўнае ўзаемадзеянне ў эксперыментальных працэсах мастакоў і дызайнераў з розных краін. Апошняй такой падзеяй было культурна-адукацыйнае мерапрыемства «Feltrosa 2017», арганізаванае ў Італіі, у горадзе Нацана. У ім брала ўдзел і беларуская мастачка Аляксандра Гірас.
Наталля Лісоўская: Сапраўды, нашы творцы дзякуючы шведскай мастачцы па лямцы Гуніле Шоберг адкрылі для сябе ў ХХІ стагоддзі новую эстэтычную прыгажосць гэтага матэрыялу. І шматграннасць яго магчымасцяў як у выкананні аб’ёмна-прасторавых кампазіцый, так і ў стварэнні невялікіх дэкаратыўна-прыкладных вырабаў, у афармленні інтэр’еру.
Ксенія Ралінская: Лямец усё часцей становіцца матэрыялам для нетрадыцыйных рэчаў. Спецыфіка гэтага мастацтва ў Беларусі ў тым, што майстры шмат эксперыментуюць, спалучаюць розныя тэхнічныя спосабы качання і прыёмы арнаментацыі. Творчасць беларускіх мастакоў тэкстылю канцэптуальнага кірунку ўяўляе з сябе хутчэй не эмацыйнае, а інтэлектуальнае асэнсаванне якога-небудзь прадмета, з’явы ці працэсу і можа мець любую форму. Магчыма, з часам вынікі пошуку новых сродкаў выразнасці без страты натуральных уласцівасцяў матэрыялаў змогуць стаць адметнай асаблівасцю гэтага віду мастацтва ў ХХІ стагоддзі. Бо сінтэз традыцый і навацый у аднолькавай меры дазваляе выявіць як індывідуальнасць аўтара, так і цесную сувязь нацыянальных рысаў з агульнакультурным рухам.
Наталля Лісоўская: Існуе яшчэ адна праблема: некаторыя кіраўнікі прадпрыемстваў адкрыта заяўляюць пра тое, што мастакі любы капрыз гатовы выканаць. І гэта не прыватны выпадак, гэта тэндэнцыя. Тыя мастацкія саветы, дзе былі прафесійныя мастакі і якія існавалі ў Мінску, зніклі. Сёння ў нас чыноўнікі, эканамісты, інжынеры вырашаюць, які малюнак запусціць у вытворчасць
Міхась Цыбульскі: Ды аўтарскіх твораў, напрыклад, амаль што не стала.
Наталля Лісоўская: Яшчэ адна праблема — як навучання, так і творчасці — «спампоўванне» з Інтэрнэту, кампіляцыі… Я столькі сіл трачу ў асяроддзі студэнтаў, каб сфармаваць іх густ, а што яны бачаць, калі прыходзяць на вытворчасць? Безгустоўшчыну. Датычна падрыхтоўкі студэнтаў: некаторыя з іх, разумеючы пэўную бесперспектыўнасць сваіх высілкаў, пераводзяцца ў мастацкія акадэміі Польшчы, Чэхіі. Прычым гэта звычайна лепшыя студэнты, якія займаюць нейкія месцы ў конкурсах і якіх замежныя навучальныя ўстановы бяруць нават пераводам…
Ала Непачаловіч: У нас у БДУКіМ таксама ёсць праблемы. Тэкстыль пакуль набіраем, але часцей абітурыенты ідуць на размалёўку. І гэта не дзіўна: студэнты разбэшчаныя прыцягальнай лёгкасцю выканання. Яны ведаюць, што за тры дні распішуць маляванку і спакойна атрымаюць дыплом. А мае за станкамі месяцамі працуюць над тэкстыльным творам…
Валянціна Бартлава: Ужо два гады няма набору на тэкстыль… Калі я працавала загадчыцай кафедры, то проста хадзіла да рэктара і пераконвала ў тым, што як бы там ні было з размеркаваннем, попытам, але мы павінны ўтрымаць гэтую спецыяльнасць. Мы прафесіяналы-энтузіясты сваёй справы, і многае трымаецца на нас з вамі. Пройдзе пяць гадоў, і нікога не будзе… Але акрамя захапляльнага эксперыментальнага тэкстылю ёсць яшчэ і дзяржаўныя прадпрыемствы, якія патрабуюць спецыялістаў. Мусіць быць дзяржаўная праграма. Мы павінны аб’яднаць нашы намаганні. «Круглы стол» мусіць стаць падставай для распрацоўкі такой праграмы. Мы павінны захаваць традыцыі і спецыяльнасці.
Святлана Баранкоўская: Так, сапраўды, мы можам ад імя БСМ і выкладчыкаў шэрагу навучальных устаноў звярнуцца да ўсіх адказных асоб. Але важна і самім прапагандаваць мастацтва тэкстылю. Ствараць лепшыя габелены і экспанаваць іх у лепшых залах краіны.
Леанід Хобатаў: Дазвольце літаральна некалькі разважанняў, як кажуць, «звонку». Мне падаецца, што акцэнт на захаванні традыцый рабіць трэба. Але пры гэтым неабходна стварыць умовы для таго, каб праектнае і канцэптуальнае мысленне знаходзіла сваё месца на выставах. Інакш, калі мы «прасядзем» у гэтай частцы, моладзь тым больш не пойдзе ў такія ВНУ і на такія спецыяльнасці. А зрабіць прэстыжным дэкаратыўна-прыкладное мастацтва можна за кошт сучасных канцэптаў. Мастацтва сёння ўжо не настолькі цэхавае, як гэта было раней. Многія цяпер не да канца разумеюць нават сэнс слова «прыкладное». Ды і слова «дэкаратыўнае» не адлюстроўвае сутнасць разгляданых намі форм. Усё гэта трэба ацэньваць у плоскасці мастацтва ўвогуле.
Наталля Лісоўская: Наконт прыкладнога характару мастацтва тэкстылю я не зусім згодна. Такі тэрмін існуе і адносіцца да мастакоў тэкстылю, якія займаюцца афармленнем інтэр’ераў. Яны працуюць з рознымі матэрыяламі. Гэта аб’екты, інсталяцыі, батыкі, лямец, тэкстыльныя кампазіцыі…
Таццяна Макляцова: Працуючы са студэнтамі, я адназначна пераканалася, што моладзь не пойдзе толькі на традыцыйны манументальны тэкстыль.
Ала Непачаловіч: Але мы вядзем гаворку не пра народныя рамёствы. Традыцыя павінна быць унутры. У любым выпадку задача школы — спрыяць традыцыі. Трэба вучыць мастацтву выканання, а не падтрымліваць гэтыя «бабуліны ручкі», якія мы бачым часам на выставах. Трэба вучыць прафесійнаму мысленню. Даваць акадэмічныя асновы. А далей развівайцеся як хочаце.