У знакавым полі архаікі

№ 3 (300) 01.03.2008 - 31.03.2008 г

Архаіка вабіць сучасных мастакоў. Што шукаюць яны ў вобразах, створаных за стагоддзі да іх нараджэння? Можа быць, ёсць надзея там, за даляглядам часу, адшукаць няпростыя адказы на вечныя пытанні? Можа быць, нашы продкі лепш за нас ведалі, што такое космас і што такое чалавек?

 /i/content/pi/mast/8/193/U-poli-arhaiki1.jpg
У.Васюк. Праз дваццаць гадоў.
Папера, аловак. 2007.
Узаемаразуменне трэба шукаць на неспазнаным яшчэ ўзроўні еднасці мыслення чалавецтва, блізкага да юнгаўскага «калектыўнага падсвядомага», да архетыпу. Зварот да старажытнага (так перакладаецца з грэчаскай мовы слова
archaios), пачатковага этапу развіцця гістарычнага тыпу, накірунку, стылю або школы тоіць для мастакоў невычэрпныя магчымасці спалучыць вонкавую прастату, умоўнасць, нават прымітывізм формы з глыбіннай сакральнасцю зместу. Архаіка прыцягвае першабытным сінкрэтызмам, нявыяўленасцю межаў паміж асобнымі відамі і накірункамі творчасці. Аднак праграмнае, наўмыснае наследаванне якасцям архаістыкі сустракаецца ў сучаснай мастацкай практыцы рэдка. Класічная мастацкая адукацыя ўзмацняе аналітычныя працэсы, ускладняе ўспрыманне рэчаіснасці. Архаіка становіцца нотай гучання, асноўнай тэмай, а лінія, форма, рытм -- сродкамі выяўлення.
Графічныя лісты Уладзіміра Васюка і керамічныя творы Тамары Васюк мастацтвазнаўцы вось ужо шмат гадоў стала адносяць да архаікі. Гэты накірунак відавочна валадарыць у іх творах, прадстаўленых на выставе «У згодзе з прасторай», што адбылася ў Нацыянальным мастацкім музеі.
Хто пяршынствуе ў гэтым саюзе, які шмат гадоў з’яўляецца не толькі мастацкім, але і сямейным, сказаць складана. Кожны з творцаў мае свой адметны стыль, манеру, пластыку, яскрава выяўленую тэматыку. Кожны сам па сабе -- яркая асоба ў мастакоўскім асяродку. Але пры гэтым ёсць тое, што аб’ядноўвае ўсе іх сумесныя выставы, надае ім духоўную цэласнасць, -- беражлівыя адносіны да мастацкай спадчыны і яе асацыятыўна-метафарычнае пераасэнсаванне.
Іх творчасць адначасова дыхае і наіўнасцю, і амаль прастадушнай адкрытасцю, і таямніцай, і загадкай -- тым, што звяртае і мастака, і гледача да глыбіняў старажытнай міфалогіі. Але справа тут, відавочна, не ў аўтэнтычнасці форм і не ва ўтварэнні на іх аснове новых. Тут іншыя арыенціры. Гэта ў пэўнай ступені звязана з магіяй, душой і, безумоўна, рэальнасцю, бо, урэшце, усе ўвасобленыя ў творах вобразы адлюстроўваюць нашы ўяўленні і ўражанні ад навакольнага асяроддзя.
 /i/content/pi/mast/8/193/U-poli-arhaiki2.jpg
Т.Васюк. Пчаліныя хаткі. Шамот, солі, метал. 2004.

Т.Васюк даўно ўжо развіталася з камернасцю керамікі, яе прывязанасцю да функцыі, да практычнай карысці так званага «дэкаратыўнага мастацтва». Яе творчасць пераадольвае звыклае прызначэнне дэкаратыўнага накірунку -- абслугоўваць побыт і ў той жа час не застаецца станковым «мастацтвам малых форм», замкнёным у вузкіх, чыста фармальна-эстэцкіх задачах. Пры гэтым мастачка вяртаецца і да напаўзабытых старажытных каранёў, бо сам ганчарны круг нагадвае пра бесперапынны рух вечнасці, пра кругазварот касмічных цыклаў і прыродных стыхій. У першапачатковым выглядзе нават просты бытавы керамічны сасуд быў малой мадэллю космасу-універсуму, таму і арнамент на ім з’яўляўся не толькі аздабленнем, але меў знакавую і інфарматыўную сілу.
учаснаму мастаку, каб абудзіць у кераміцы з традыцыйнымі ганчарнымі «генамі» глыбінную, родавую памяць, даводзіцца яе на гэта правакаваць. Напрыклад, надзяліць нязвыклымі якасцямі, ператварыць у фігуратыўную скульптуру або арт-аб’ект найноўшага станковага мастацтва. Адбываецца гэта праз прыглушэнне прадметных уласцівасцей і дэкаратыўна-прыкладных задач традыцыйнага керамічнага вырабу. Можна завастрыць знакава-сімвалічны пачатак твора, скарыстаць незвычайныя тэхнічныя навацыі ў матэрыяле, фактуры і г.д. Т.Васюк выкарыстоўвае ўсе магчымыя стратэгіі адначасова, імкнецца ў ідэале прывесці іх да сінтэзу, каб нагадаць, што мэты аздаблення жыцця і стварэння міфаў не супярэчаць адна адной. Фармальныя пластычныя задачы могуць нараджаць нечаканыя для самога аўтара новыя сэнсавыя пласты і ўваскрашаць вельмі старажытныя паняцці.
Кераміка для Т.Васюк -- сфера эксперыментальных распрацовак, лабараторыя парадаксальнага сінтэзу. Яна збліжаецца з мовай і пластыкай скульптуры, калі мастачка звяртаецца да магіі аб’ёмных «ажылых» выяў. Іх можна аб’яднаць у групу паводле пэўных рыс падабенства: умоўныя формы дазваляюць пазнаваць фігуры жывых персанажаў -- людзей, бостваў, жывёл, што набываюць нейкую астральную загадкавасць. Як тут не згадаць старажытныя ўяўленні пра неадушаўлёныя прадметы, якія ўтрымлівалі ўнутры сябе нябачных духаў.
 /i/content/pi/mast/8/193/U-poli-arhaiki3.jpg
У.Васюк. Кампазіцыя ІІ.
З серыі «Прывіды маёй малой радзімы» Папера, аловак. 1996.
Матэрыя керамікі ператвараецца часам і ў жывапіс, агучваецца шумам фактур, насычаецца нюансаванымі, складанымі фарбамі. Іх маляўнічыя пералівы ажыўляюць паверхню гліны і шамоту. Мазок жывапісца згадваецца ў тэхніцы лепкі, у тактыльным абпале рэльефнай паверхні, у адносінах да матэрыялу, які пераўтвараецца праз вітальную энергію выканаўчага пачуццёвага працэсу.
Адчуваецца ў творах Т.Васюк і блізкасць з графікай -- праз шматлікія проразі, «гравюрную» сетку штрыхоў, што ажыўляюць паверхню, упрыгожваюць яе накшталт пергаменту, клінапісу або іншых старажытных носьбітаў тэксту. Адразу згадваюцца пісьмёны архаікі -- першабытныя ідэаграмы, мудрагелістыя каліграмы літарнага спляцення, якія арганічна аздабляюць і старажытныя, і сучасныя керамічныя работы.
Форма ў яе творах, надзеленых абстрактна-пластычнай фармальнаай прыгажосцю, не пазбаўляецца практычнага і дэкаратыўнага прызначэння. Рэч, якая пры гэтым набывае стылізаваную ўмоўнасць і аддаляецца ад сваёй прадметнай ролі, становіцца знакам. Але і сімвалічнасць знака ахвотна ажыўляецца, калі ператвараецца ў фантастычную істоту або іншы персанаж. Знак лёгка пераходзіць у выяву, фігуру, скульптуру -- падобна да старажытных твораў мастацтва, якія спалучалі ў сабе абстрактнасць сімвала з дакладнасцю вобразнага «вымыслу».
Тэму архаікі натуральна і нязмушана працягвае ў сваіх творах і У.Васюк, які сёння больш вядомы ў краіне і за яе межамі не як выпуск­нік аддзялення керамікі, а як выдатны плакатыст, мастак-графік. Яго вытанчаныя алоўкавыя малюнкі -- падарожжа па рэальных і метафізічных часавых прасторах. Тэма самаідэнтыфікацыі, самаспазнання ідзе праз усю творчасць мастака. Ён прыслухоўваецца да ўсяго, што захавала наша зямля. Але было б няправільна лічыць мастака толькі сузіральнікам. Рэальныя археалагічныя і ландшафтныя ўражанні кладуцца ў аснову яго заглыбленых мастацкіх рэканструкцый.
На гэтым асноўваецца лаканічнасць і пластычная выразнасць малюнкаў У.Васюка. З дапамогай тонкіх ліній ён стварае ўражанне фактурнасці паперы, якая перадае такім чынам магутныя пласты гістарычных асацыяцый. Тэма архаікі гучыць у яго серыях праз выразна выяўленыя сілавыя лініі старажытных эпох, якія прабіваюцца ў наш час і нашу свядомасць. Што даказвае: Уладзімір Васюк, без сумнення, чалавек яркага асацыятыўнага мыслення.
Героі яго лістоў здаюцца вартаўнікамі таямніцы, захавальнікамі чагосьці нявыяўленага прагматычнай свядомасцю сучаснага чалавека, паказваюць на іншы, невядомы нам бок быцця. Прастора і лінія, паверхня і форма ў іх спалучэннях і матэрыяльнай рэчыўнасці выяўляюць метафізічнасць быцця, становяцца пластычнымі шыфрамі старажытных эпох. Пры гэтым мастак імкнецца да таго, каб кожная абстрактная ідэя пры канкрэтным увасабленні станавілася пачуццёва і эмацыянальна даступнай.Ва ўсіх работах У.Васюка прысутнічае яскрава выяўленая характэрная аўтарская інтанацыя, асаблівая ўпэўненасць кампазіцыйнага ладу, унутраная строгасць, адчуванне гісторыі, працягласці часу. Усё гэта сведчыць пра цэласнасць мастацкага свету аўтара. У сваім падарожжы па часе і прасторы У.Васюк не разгублены вандроўнік, а сапраўдны творца ў росквіце сталага майстэрства і духоўных сіл.Невыпадкова на срэбна-шэрым фоне, як на вечаровых нябёсах, узнікае сузор’е невялікіх, але заўважных касмічных знакаў-форм, знакаў-целаў. Гэта старажытныя салярныя або астральныя знакі -- іх сучасныя аўтарскія трансфармацыі і варыяцыі, якія не парываюць з чарадзействам першапачатковых архетыпаў. Так і павінна адбывацца: архетып жыве толькі тады, калі пераўвасабляецца і змяняецца наноў, заўжды па-рознаму ўзнікае на мяжы вядомасці -- невядомасці.

Работы Уладзіміра і Тамары Васюкоў сапраўды існуюць у згодзе. Арнаменты на керамічных вырабах падобныя да графічнага пісьма -- як архе-лісты рукатворных ідэаграм. У іх творах фігуры і формы -- не выяўленчыя, а асацыятыўныя. Іх канфігурацыі, «радкі», свайго кшталту працэсіі, сабраныя ў шэрагі знакі гістарычнай памяці -- меткі на шляху шукальніка навізны, мастака-наватара. Аднаўленне сувязі часоў, вяртанне архетыпаў архаікі адбываецца сёння ўжо за парогам «сучаснасці» ў новым стагоддзі і на новым вітку.

 Наталля ШАРАНГОВІЧ