Трагедыя сясцёр акурат у тым, што яны не могуць яго пераадолець: не ў стане памяняць зададзенасць і зразумець, чаму такія няшчасныя, чаму жыццё не складаецца, чаму мары так і застаюцца няздзейсненымі. Сяргей Кулікоўскі заглыбіўся ў тэкст Чэхава і праз яго — у гісторыю чалавечых лёсаў.
Рэжысёр не ўнікае складаных пытанняў і ўдакладняе свой намер: «Тры сястры» — фантазія на тэму «Навошта мы жывём?». Гэтае пытанне так ці інакш задаюць сабе ўсе героі. Глядзельня далучаецца.
Кульмінацыйную сцэну Кулікоўскі выбудоўвае проста і дасканала. Маша (Кацярына Ермаловіч) прыйдзе развітацца з Вяршыніным (Аляксей Верашчака), вымавіць «бывайце», знікне. Потым збялее, кінецца да яго біцца... і цалаваць. Пасля істэрыкі адвернецца ад Вяршыніна і прамовіць як выцісне: «Няўдалае жыццё...» У гэтых словах — увесь чалавечы боль. Нічога не змяніць, не выправіць у яе жыццёвым сцэнары.
Матыў адзіноты сучаснага чалавека ў сваёй сям’і, сярод любых і любячых людзей працінае ўсю п’есу. Героі адчуваюць касмічную разгубленасць і марна імкнуцца адно да аднаго. Але ўсё ж галоўным для ўсіх застаецца пытанне «як жыць?». Ірына ў далікатным выкананні Надзеі Анцыповіч вымаўляе: «Калі я сёння прачнулася, устала і памылася, то мне раптам стала здавацца, што для мяне ўсё ясна на гэтым свеце, і я ведаю, як трэба жыць». Наіўнасць гэтых слоў высвятляецца ўжо ў наступным акце: «...але апынулася ўсё глупствам, глупствам!»
Моцны бок пастаноўкі — акцёрскі ансамбль. Аляксандра Некрыш (Вольга), Кацярына Ермаловіч (Маша), Надзея Анцыповіч (Ірына), Кацярына Каралёва (Наталля), Вадзім Гайдукоўскі (Прозараў), Валерый Глазкоў (Кулыгін), Аляксей Верашчака (Вяршынін), Арцём Пінчук (Салёны), Валерый Агаян (Чабутыкін), Ігар Нікалаеў (Ферапонт), Людміла Баталава (Анфіса) існуюць у адзіным ключы і жанры, адчуваюць адно аднаго, дасканала ткуць тканіну філасофскага спектакля.
Амаль бессюжэтную чэхаўскую п’есу рэжысёр вырашае як атмасфернае палатно з роздумамі пра няўмольную плынь часу і няздзейсненыя ўчынкі. Словы, словы, так шмат словаў, за якімі так шмат болю. Знакамітае «у Маскву, у Маскву!» — гэта, вядома, сімвал, мара, надзея пражыць сваё, а не чужое жыццё. І гэтай мары чэхаўскіх гераінь спраўдзіцца не наканавана.
Інтэлігентнасць сясцёр суседзіцца з бязлітаснасцю і снабізмам. Хіба не бестактоўна казаць у твар Наталлі (якая першы раз з’явілася ў доме Прозаравых і саромеецца, бянтэжыцца, губляецца), што ў яе мяшчанскі густ: «На вас зялёны пасак! Мілая, гэта нядобра!» Зразумела, яна гэтага не даруе — і адпомсціць як умее.
У доме Прозаравых абсалютна ўсе бязлітасна ставяцца да Кулыгіна. Маша з Вяршыніным нават не спрабуюць схавацца ад яго, ледзь не на вачах цалуюцца. І ён робіцца адным з пакутнікаў, а «Маша мяне любіць» паўтарае як загавор і просьбу.
Знакамітае «трэба працаваць» гучыць як апошняе спадзяванне зачапіцца за жыццё. Але і праца перакідаецца ілюзіяй, не ратуе.
У другім акце на сцэне амаль няма дэкарацый і ўзнікаюць бляшаныя шматфункцыянальныя начоўкі з «Навальніцы», сярод якіх сёстры кідаюцца, шукаючы паратунку. Чэхаўскія матывы няўдалага жыцця рэжысёр даводзіць да трагічнага гучання, так што нават сястрынскае «будзем жыць» не выратоўвае. Тры сястры як бы ператвараюцца ў адну — надзяваюць зрэбныя накідкі з доўгімі рукавамі і сядаюць побач на авансцэне. Жыццё пражытае. Няўдалае жыццё.
Рэжысёр, які адчувае жыццё так далікатна і глыбока, стварае трагічны спектакль: жорсткі, бязлітасны і разам з тым поўны спагады да чалавека. І калі казаць пра святло гэтай пастаноўкі, то, безумоўна, пра святло мастацтва. Бо трагічны фінал п’есы сыграны з такой дасканаласцю, што пачуццё безвыходнасці знікае. Святло ў «Трох сёстрах» Новага драматычнага тэатра — гэта эстэтычнае пераадоленне роспачы. І з’яўляецца надзея: можна перамагчы свой жыццёвы сцэнар, абставіны і рассунуць межы...
У «Навальніцы» (спектакль ідзе пад назвай «Калі б ведаць...») гучала класічнае: «Чаму людзі не лётаюць?» У «Трох сёстрах» паўтараюць адвечнае: «Навошта мы жывём?» Роздум над тэатральнай дылогіяй робіць чалавека больш уважлівым да сябе і тых, хто побач. Унутраная свабода і спачуванне пачынаецца менавіта з такіх пытанняў. Да сябе.
Крысціна Смольская