Сёлета, праўда, хутчэй праз сваю парадаксальнасць. Бездакорная арганізацыя, уключэнне ў праграму майстар-класа, падрабязныя адкрытыя абмеркаванні спектакляў — а ў процівагу мастацкая частка, праграма фестывалю. Парадокс трынаццатых «Славянскіх тэатральных сустрэч», спраўджаных пад лозунгам «Тэатр — будучыні!», палягаў якраз у тым, што форуму забракавала твораў, праз якія гэтую будучыню можна было б разгледзець або спрагназаваць, безумоўна залучыўшы іх да мастацтва сучаснага. Пры гэтым нават айчынны тэатр, хоць яго звыкла папракаюць у традыцыйнасці і кансерватыўнасці, ужо ўдала засвоіў і вербацім, і новую драму, развівае кірункі пластычнага і візуальнага тэатраў. Пра багацце польскага, расійскага, украінскага сцэнічнага мастацтва і гаворку можна не пачынаць. А ў фестывальных спектаклях сучаснасць даводзілася вышукваць — у тэматыцы, жанравых вызначэннях, сродках выразнасці, арыентацыі на пэўную аўдыторыю… Частку гэтага можна было знайсці ў пастаноўках, прадстаўленых беларускімі тэатрамі, — «Дзікае паляванне караля Стаха» Рэспубліканскага ТЮГа паводле Уладзіміра Караткевіча і «Рамэа і Джульета» Уільяма Шэкспіра Гомельскага абласнога драматычнага тэатра. У абодвух выпадках цяжка казаць пра актуальнасць тэматыкі, аднак адрасаванасць спектакляў маладому гледачу відавочная. Тэма кахання — выратавальнай сілы, што знішчае страх, ператварае скораную знішчальнаму наканаванню Надзею Яноўскую ў трапяткую, адкрытую дзяўчыну з прагай да жыцця, кране сэрцы маладых рамантыкаў (пастаноўка Уладзіміра Савіцкага). Абвешчаная рэжысёрам Алегам Малітвіным немагчымасць кахання ў свеце нянавісці, якім паўстае прастора «Рамэа і Джульеты», можа выклікаць водгук у падлеткаў, што нярэдка ўспрымаюць свет суцэльна варожым да сябе, а падбор выканаўцаў на ролі Рамэа (Андрэй Шыдлоўскі) і Джульеты (Марыя Хадзякова), вырашэнне іх вобразаў — дапамагчы самай праблемнай аўдыторыі атаясаміцца з гэтымі персанажамі.
Атмасфера містыцызму, тэматычнае аблягчэнне твора Караткевіча, дамінаванне дэтэктыўнай і рамантычнай ліній робяць «Дзікае паляванне…» прывабным для маладой аўдыторыі ў той самай ступені, як і эфектна пабудаваныя мізансцэны, пластычныя сцэны барукання ды ловаў і самадастатковасць сцэнаграфіі мастака Віктара Цімафеева, якая ператвараецца ледзь не ў самастойнага персанажа спектакля. Магчыма, эстэтыка не ва ўсім адпавядае патрабаванням сённяшняга дня, але яна прыналежыць таму прафесійнаму тэатру, ад якога можна пачынаць рух у будучыню. Больш дзёрзка, але менш прафесійна выглядае спроба зрабіць хоць бы з выгляду сучаснай гісторыю «Рамэа і Джульеты». Да нашай культуры апелюе перанос рэнесанснага сюжэту ў постапакаліптычную будучыню, што выклікае паралелі з папулярнай кінематаграфічнай прадукцыяй, перавага стылю «мілітары» ў сцэнічных строях, імкненне як мага больш напоўніць пастаноўку бойкамі, баруканнем, жорсткасцю і крывёй. Але яны не хаваюць павярхоўнасці прачытання, а многія ўдалыя моманты-зачэпкі, якія б маглі раскрыць калі не новыя бакі Шэкспіра, дык адметнасць пастановачных высілкаў, надаць прачытанню глыбіню, апынуліся не тое што нераспрацаванымі — некранутымі. Напрыклад, на пачатку дзеяння Джульета займаецца боксам, але гэтыя заняткі застаюцца ружжом, якое так і не стрэліла…
Выпадковасць, неабавязковасць выразных (саміх па сабе) сродкаў пазбаўляе іх сэнсу. Разбурэнне пастаноўшчыкам уласных законаў, што дазваляюць пэўным чынам прачытваць значэнне таго ці іншага прыёму, адбываецца і ў дачыненні да пабудовы асобных мізансцэн, і ў выкарыстанні музыкі (таксама і розных тыпаў гуку), і запаволенасці дзеяння. Пры гэтым спектакль мае сцэны, вырашаныя трапна і ўразліва, дзе рэжысёрская работа ў спалучэнні з акцёрскай сведчыць пра наяўнасць думкі і прафесійнасць, у прыватнасці сцэна бацькоў у спальні Джульеты, дзе дуэт Сяргея Лагуценкі і Настассі Задорынай раскрывае сямейныя стасункі Капулеці.
Імкненне ствараць сучасны тэатр — калі не па змесце, дык па асобных прыёмах — можна было пабачыць у спектаклі Гомельскага абласнога драматычнага тэатра «Чума» паводле «Антося Латы» Якуба Коласа. Рэжысёр Андрэй Шыдлоўскі зрабіў прыпавесць пра пагібельную залежнасць (ад алкаголю) залішне дыдактычнай і дастаткова спрэчнай, аднак прадэманстраваў веданне прыёмаў сучаснага тэатра. Добра вырашаны пластычныя сцэны, прафесійна падабрана музычнае афармленне, да месца выкарыстанне відэаролікаў, якія фармуюць моцны візуальны шэраг. Шкада толькі, што ў асобных выпадках аўдыясфера і відэакантэнт з’яўляюцца найбольш змястоўнымі і прывабнымі…
У сувязі з актуальнасцю формы варта ўзгадаць і пластычны спектакль «Старая галубятня» кракаўскага тэатра Nikoli (рэжысёр Мікалай Вепраў). У шэрагу эпізодаў-мініяцюр з дапамогай пантамімы, праз работу з прадметам двое выканаўцаў распавядаюць гісторыю стасункаў мужчыны і жанчыны. Пастаноўцы бракуе цэласнасці, але, скіраваная перадусім да асацыятыўнага мыслення гледача, яна пакідае апошняга вольным у разуменні пабачанага, дазваляе даверыцца вачам і атрымліваць здавальненне ад успрымання вобразаў, часам вельмі выразных і паэтычных.
Сканцэнтраваць увагу на гэтых, няхай сабе ўмоўных і эпізадычных, праявах сучаснага падаецца важным таму, што асобныя спектаклі, якія трапілі на «Славянскія тэатральныя сустрэчы», надта ўжо ўразілі сваёй падкрэсленай разлічанасцю на сумнавядомага сярэднестатыстычнага гледача 1990-х.
Заяўленая эксперыментальнай работа артыстаў Дзяржаўнага рускага драматычнага тэатра горада Стэрлітамак (Расія) Паўла Касаткіна і Лізаветы Тодаравай «За чорнай кулісай, або Уперамешку з Пушкіным» перакінулася творам павярхоўным, празмерна напоўненым глабальнымі пытаннямі і трывіяльнымі адказамі, сумессю імправізацыі, цыркавога мастацтва, пластычных эцюдаў, тэкстаў Пушкіна. І, самае сумнае, дачыненні з публікай былі пабудаваныя такім чынам, што пазбаўлялі яе права на неразуменне, непрыняцце ўбачанага.
Пастаноўка «Не пакідайце жанчыну адну» Наўгародскага акадэмічнага тэатра драмы імя Фёдара Міхайлавіча Дастаеўскага паводле п’есы Льва Корсунскага «Сяброўка жыцця» (ад якой мала што пакінуў рэжысёр) выглядала суцэльным архаізмам. Спектакль-анекдот, пабудаваны на вядомых (адпрацаваных) прыёмах і штампах, што больш пасуюць таннай антрэпрызе, відавочна меў на мэце пэўную аўдыторыю (аніяк не фестывальную), а як звязана з ім будучыня тэатра — загадка не меншая за прышэльцаў, на якіх паляваў адзін з герояў.
У пастаноўцы Чарнігаўскага абласнога акадэмічнага музычна-драматычнага тэатра імя Тараса Шаўчэнкі «Камедыя пра... сэнс існавання» паводле п’есы Уладзіміра Рудава (рэжысёрка Таццяна Шумейка) не было патрэбы вышукваць сучаснасць і актуальнасць, бо ён і гарманічны, і зладжаны — жывы. Спалучэнне традыцый народнага і батлеечнага (ва ўкраінскім выпадку — вяртэпнага) тэатра з сучаснымі мемамі, выдатнай работай харэографа і рэжысёра па пластыцы (Наталля Пунтус, Яўген Бондар), тэмпарытм, які набывае ці не шалёныя абароты, сінтэтычнасць артыстаў, пластычных і музычных, што віртуозна працуюць з прадметамі, выконваюць дзеянні трукавога характару, нарэшце, вітальнасць спектакля не пакідаюць сумневу — гэта тэатр, варты будучыні. Але ці не замала аднаго такога твора на міжнародным фестывалі?
«Славянскія тэатральныя сустрэчы» чарговы раз выявілі праблемы, якія да сёння, нягледзячы на пазітыўныя зрухі, існуюць у тэатры (у беларускім таксама). Аднак у фестывальных спектаклях можна было пабачыць і высокі акцёрскі прафесіяналізм, і рэжысёрскае веданне сучасных плыняў і мод, а таксама імкненне да паразумення з глядзельняй, няхай і праз класічныя тэксты. Вось каб гэтыя асаблівасці вызначылі наступны фестываль…
Кацярына Яроміна