Наталля Ганул: Вы — «практыкуючы дуэтыст» з дваццацігадовым стажам, аўтар першага ў беларускім мастацтвазнаўстве комплекснага навуковага даследавання па праблемах станаўлення і развіцця фартэпіяннага дуэта ў Беларусі. Чаму ўжо столькі гадоў у вашай творчай дзейнасці дамінуе менавіта гэтая тэма?
Наталля Котава: Асабіста для мяне фэст фартэпіянных дуэтаў — музычнае свята чалавечых кантактаў, узаемаразумення і згоды. Два піяністы, якія іграюць разам, вядуць пастаянны музычны дыялог, магчымы толькі пры наяўнасці даверу адно да аднаго. А вось гісторыя фестывальнага руху фартэпіянных дуэтаў пачалася ў 90-я гады мінулага стагоддзя. У розных кутках музычнага свету з’яўляліся пастаянныя дуэты, што прысвяцілі сябе выключна гэтаму жанру. Паўстала неабходнасць пазнаёміцца з творчасцю, падзяліцца вопытам, думкамі, ідэямі. Разам з тым актывізацыя выканальніцкай цікавасці стала моцным стымулам для развіцця самой фестывальнай ідэі. Аказалася, гэта цікава не толькі музыкантам, але і слухачам. Разам з Валерыем Баравіковым мы былі неаднаразовымі ўдзельнікамі такога кшталту форумаў і літаральна загарэліся ідэяй арганізаваць уласны праект у Беларусі. У 2008 годзе адбыўся першы Міжнародны фестываль фартэпіянных дуэтаў пад назвай «Duettissimo», што азначае для нас «дуэт у найвышэйшай ступені».
Наталля Ганул: У сваім невялікім творчым калектыве вы і менеджары, і выканаўцы, і мастацкія цэнзары, за плячыма сотні канцэртаў — як у Беларусі, так і за мяжой. Ці дапамагаюць вам вопыт і веды?
Наталля Котава: Безумоўна, нашы міжнародныя паездкі з’яўляюцца велізарнай дапамогай падчас арганізацыі мінскага фестывалю. Асабістыя творчыя кантакты і сяброўскія сувязі дазваляюць запрашаць да нас яркіх і высокапрафесійных выканаўцаў. Ужо на першым фестывалі здолелі сабраць дуэты найвышэйшага класа з шасці краін, што выступаюць разам не першы дзясятак гадоў. Так вызначылася агульная скіраванасць фестывалю, якой пакуль і прытрымліваемся. У праграмах музычных імпрэз імкнёмся прапанаваць арыгінальную канцэпцыю з удзелам ансамбляў, чыё майстэрства праверана часам, і для іх сумеснае музіцыраванне — не разавая акцыя. Напрыклад, у форуме 2008 года заключны гала-канцэрт прадставіў калейдаскоп музыкі розных эпох і стыляў, кантрасных выканальніцкіх амплуа. Музыканты далі волю сваёй фантазіі і артыстызму, аб’яднаўшыся ў ансамблі ў шэсць і восем рук. А вось «Duettissimo» 2011-га вылучалася тым, што для кожнага канцэрта была зададзена пэўная тэматыка: «Ліст-гала», «Вечар прэм’ер» і нават «Вечар патроеных канцэртаў»! Напярэдадні асноўнай праграмы фестывалю ў Беларускай акадэміі музыкі прайшоў конкурс фартэпіянных дуэтаў, пераможцам якога была дадзена магчымасць выйсці на адну сцэну з мэтрамі ансамблевага выканальніцтва. У трэці раз, у 2014-м, мы сустрэліся ў фармаце камернага аднадзённага гала-канцэрта, дзе прагучалі транскрыпцыі Валерыя Баравікова ва ўвасабленні розных дуэтаў.
Наталля Ганул: Ведаю, што сёлета прыезд усіх замежных удзельнікаў на «Duettissimo» быў актыўна падтрыманы дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі гэтых краін у Беларусі. На вашу думку, цікавасць публікі да фестывалю фартэпіянных дуэтаў сапраўды ўзрасла?
Наталля Котава: Фармат правядзення форуму, абраны ў гэтым годзе, здаецца мне найбольш цікавым і перспектыўным. Мы правялі ў Акадэміі музыкі канцэрт «Настаўнікі і вучні», у якім былі прадстаўлены дуэты студэнтаў і выкладчыкаў. Яны паказалі сваё майстэрства на вышэйшым выканальніцкім узроўні. Ведаеце, у мяне склалася адчуванне поўнага духоўнага і прафесійнага яднання выканаўцаў і публікі ў зале. Адчувалася, што ўсе засумавалі па падобных піяністычных святах. Такія канцэрты маглі б стаць добрай традыцыяй.
Наталля Ганул: Сёлета для ўдзелу ў фестывалі прыязджалі славутыя выканаўцы...
Наталля Котава: Так, у ліку гасцей фэсту быў амерыкана-канадскі сямейны дуэт Ганна Луіз-Цюржон — Эдвард Цюржон, яны ўжо траплялі да нас на форум 2011 года. Гэтаму творчаму калектыву, названаму «лепшым фартэпіянным дуэтам Паўночнай Амерыкі», больш за 20 гадоў, музыканты прымаюць самы актыўны ўдзел у міжнародных праектах. Для сёлетняга выступлення ў Мінску яны абралі цікавую праграму, прадставіўшы публіцы свайго роду падарожжа па стылях — ад Моцарта да Гершвіна.
Наталля Ганул: Сапраўды, праграма дуэта Цюржон прагучала вельмі арганічна. Хацелася адзначыць арыгінальную кампазіцыю Ганны Луіз-Цюржон «Winter at Gros Cap». Гэта пейзажная замалёўка застылага возера і снегападу. Найтанчэйшыя дынамічныя і агагічныя нюансы дазволілі літаральна заваражыць публіку прыгажосцю імгнення. Выразна і эмацыйна прагучалі п’есы з цыклу «Замалёўкі» Валерыя Гаўрыліна. Яркім клічнікам выступу дуэта зрабілася выкананне «Рапсодыі ў стылі блюз» Гершвіна.
У межах фестывалю ў Мінскім музычным каледжы імя Глінкі была арганізавана творчая сустрэча з музыкантамі, дзе яны распавялі пра амерыканскую музыку і яе вытокі, выканалі сачыненні малавядомых для нашай публікі кампазітараў. На пытанне пра тое, што іх больш за ўсё здзівіла, Ганна і Эдвард адказалі: «Нас уразіла тая акалічнасць, калі на канцэртах ва ўсіх залах, дзе праходзіў фэст, былі слухачы ўсіх узростаў, асабліва шмат моладзі. Гэта сведчыць пра жыццяздольнасць фестывалю. Але разам з тым праекту неабходная арганізацыйная і фінансавая падтрымка гарадскіх улад і міністэрстваў, што дасць магчымасць пашыраць межы форуму і ўмацоўваць яго міжнародныя пазіцыі».
Наталля Котава: Мы запрасілі таксама маладых піяністаў з Польшчы — Барташа Калачкоўскага і Войцэха Шымчэўскага. У іх праграме прагучалі творы Шуберта, Брамса, Равэля. Самі музыканты — прадстаўнікі гданьскай фартэпіянна-дуэтнай школы, адной з наймацнейшых у Еўропе. Іх інтэрпрэтацыі вылучаліся вытанчанасцю, элегантнасцю, віртуознасцю. Асабліва мяне ўразіла выкананне «Іспанскай рапсодыі» Равэля.
Наталля Ганул: А для мяне адным з музычных адкрыццяў фэсту сталася прэм’ера «Маленькай урачыстай месы» Расіні, апошняга шэдэўра вялікага італьянца. Натхнёна і высокапрафесійна яна была выканана Дзяржаўным камерным хорам пад кіраўніцтвам Наталлі Міхайлавай, беларускімі салістамі Ірынай Кучынскай, Кацярынай Крашчук, Віктарам Мендзелевым, Уладзімірам Громавым і малдаўскім фартэпіянным дуэтам Анатоль Лапікус — Юрый Махавіч. Малдаўскія музыканты таксама правялі майстар-класы са студэнтамі, разважалі на глыбокія прафесійныя тэмы, напрыклад пра тое, дзе знаходзіцца тая грань, што аддзяляе звычайную ігру ад натхнёнага паглыблення ў музычную плынь? Якім чынам гэты працэс можна прачуць удваіх? Што такое дыхаць і думаць разам?
Наталля Котава: На заключным канцэрце ў Вялікай зале філармоніі разам з Дзяржаўным сімфанічным аркестрам пад кіраўніцтвам маладога таленавітага дырыжора Юрыя Караваева выступілі нашы беларускія калегі Юрый Гільдзюк і Аляксей Пятроў. У іх выкананні філігранна і сонечна прагучаў Сёмы канцэрт для двух фартэпіяна Моцарта. Мы былі рады зноў бачыць у Мінску літоўскіх музыкантаў Рокаса Зубаваса і Санату Зубавене. Яны адметна інтэрпрэтавалі двайны Канцэрт Макса Бруха, яскравы прыклад позняга рамантызму. Дарэчы, Рокас — прапраўнук Мікалаюса Чурлёніса і дырэктар яго дома-музея ў Вільні. Ён актыўна прапагандуе нацыянальную культуру, і ў нас ёсць велізарнае жаданне працягнуць творчае супрацоўніцтва з імі ў гэтым кірунку.
Наталля Ганул: Думаецца, сэнсава-сімвалічным цэнтрам усяго форуму, яго эмацыянальнай кульмінацыяй сталі «Сімфанічныя танцы» Сяргея Рахманінава ў выкананні дуэта Наталля Котава — Валерый Баравікоў. Арыгінальная і абсалютна пераканаўчая версія гэтага апошняга буйнога твора кампазітара для двух фартэпіяна, струннага аркестра і ўдарных была зроблена Валерыем Баравіковым. Такое тэмбравае рашэнне яшчэ ярчэй дыферэнцыравала каларыстыку, тонкія градацыі святлаценю, узмацніла ўнутраны драматызм. Пачуццёвасць і энергетыка салістаў, якія гучалі як адзінае цэлае, на адным дыханні былі падхоплены аркестрам. Доўгія авацыі публікі — сведчанне прызнання і надзеі на працяг дуэтных сустрэч!
Наталля Котава: Нам бы таксама вельмі хацелася на наступным, юбілейным фестывалі фартэпіянных дуэтаў здзівіць слухачоў новымі імёнамі, прэм’ерамі. Марым, каб гэты праект стаў візітоўкай нашай фартэпіяннай ансамблевай культуры ва ўсім свеце.