Нейкі час артыстамі філармоніі з’яўляліся выдатны джазмэн Эдзі Рознер і віртуозны акардэаніст Валерый Коўтун. У Гомелі «нарадзіўся» і вядомы на ўвесь Савецкі Саюз вакальна-інструментальны ансамбль «Синяя птица» (спачатку ён называўся «Мы, вы і гітары»).
Сёлета ў сакавіку Гомельская абласная філармонія адсвяткавала паўвекавы юбілей. З гэтай нагоды я сустрэлася са спявачкай Галінай Паўлянок, яе мастацкай кіраўніцай, народнай артысткай Беларусі, лаўрэаткай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне».
Галіна Іванаўна, пасля заканчэння Ленінградскай кансерваторыі і працы ў Новасібірскім оперным тэатры вы прыехалі ў 1979 годзе дамоў, у Гомель, і зрабіліся салісткай абласной філармоніі. Якой вы яе памятаеце?
— Адміністрацыйны будынак, назaвём яго так, знаходзіўся на вуліцы Рагачоўскай. Гэта была аднапавярховая пабудова накшталт барака, побач — гараж, вакол высокая трава. Людзі, якія арганізоўвалі ў нас канцэртную ўстанову, відавочна, зусім не ўяўлялі, чым яна мусіць займацца, на базе чаго ажыццяўляць творчую дзейнасць. Спачатку ладзілі ў асноўным «пракат» эстрадных гастралёраў, паступова сталі збіраць калектывы, запрашаць на працу выканаўцаў акадэмічнай музыкі, што і павінна рабіць сапраўдная філармонія.
Цяпер вы — народная артыстка Беларусі, старшыня Гомельскага аддзялення Саюза беларускіх музыкальных дзеячаў і амаль шэсць гадоў мастацкая кіраўніца абласной філармоніі. Як адчуваеце сябе на гэтай пасадзе? Вы — генератар ідэй?
— Ды ўжо даводзіцца! У наш час трэба генераваць ідэі так, каб у выніку мець камерцыйны поспех. Каб можна было на атрыманыя сродкі пашыць касцюмы, зрабіць аранжыроўкі, запісы, паехаць на гастролі. Праца мастацкага кіраўніка заключаецца не ў тым, каб выпрацоўваць «камандзірскі» голас, выказваць незадавальненне, рабіць вымовы. Галоўнае на гэтай пасадзе — стварыць у калектыве атмасферу, вызначыць кірунак, па якім трэба рухацца, і абавязкова сачыць, каму і чым на гэтым шляху трэба дапамагчы. Хто ж лепш зразумее музыкантаў, як не іх калега? Без натхнення, узнёслага настрою музыка не ажыве. Мая задача і ў тым, каб падтрымліваць гэтыя адчуванні ў артыстаў — нават добрым словам, рэакцыяй на новую праграму або выступленне. А ў дадатак весці іх за сабой уласным прыкладам. Мастацкі кіраўнік сам павінен стымуляваць такое стаўленне да творчасці, што не дазваляе звесці ўсё да рамяства.
Раскажыце, калі ласка, якія праекты ладзіць філармонія?
— Нашы калектывы, можна сказаць, жывуць і працуюць пa сваім канцэртным календары: эстрадна-сімфанічны аркестр пад кіраўніцтвам Станіслава Шныра традыцыйна рыхтуе новыя праграмы на Дзень закаханых і Свята смеху, Камерны аркестр — кіраўнік Уладзімір Мілюцін — абавязкова выступае на Каляды, Камерны хор — на чале з Аленай Сакаловай — на Каляды і Пасху. Зразумела, даём канцэрты ўсюды, куды запросяць.
А як сталася, што сімфанічны аркестр Гомеля не ўваходзіць у структуру філармоніі?
— Шмат гадоў мы знаходзімся ў цэнтры горада, на вуліцы Савецкай, але галоўнай праблемай на працягу ўсяго існавання застаецца адсутнасць уласнай канцэртнай залы. Сімфанічнаму аркестру проста няма дзе працаваць. Вось ён і падпарадкоўваецца гораду, а рэпетуе ў зале каледжа мастацтваў імя Нестара Сакалоўскага. Пагадзіцеся, філармонія без уласнай залы — што піяніст без раяля.
А як вы спраўляецеся з яе адсутнасцю? Арандуеце?
— Для вялікіх канцэртаў — безумоўна. А так нам даводзіцца развіваць малыя, камерныя формы, каб быць мабільнымі і выступаць у салонах, невялікіх залах. Таму нашы класічныя канцэрты праходзяць у Белай гасцёўні і Калоннай зале палаца Румянцавых-Паскевічаў, у музеі горада Гомеля і музеі фатаграфіі, канферэнц-залах бібліятэк. Яшчэ адна пастаянная атмасферная пляцоўка — Дзяржаўная мастацкая галерэя Гаўрыіла Вашчанкі, разам з якой мы арганізавалі «Арт Муз-праект». Нават невялікую рэпетыцыйную залу для хору мы зараз аднавілі і пераўтварылі ва ўласны музычны салон.
Мабыць, і сістэму абанементаў пакуль немагчыма ўвесці?
— Так, на жаль, не маем магчымасці планаваць на досыць доўгі тэрмін. Але ўсё роўна імкнёмся ствараць канцэртныя цыклы — такія, напрыклад, як «Харавыя вечары Алены Сакаловай», урокі «Школа бяспекі» тэатра «Вырастайка» для дзяцей, «Урокі паводзін з Дашай» музычнага лекторыя Вольгі Сівухі.
Мы, музыканты-прафесіяналы, думаем і глядзім на свет іначай, чым людзі, не звязаныя з класічным музычным выхаваннем. Цяпер усе ўвогуле сталі менш слухаць сур’ёзную музыку, джаз у добрым выкананні. На ваш погляд, ці змянілася гомельская публіка апошнім часам? Хто часцей прыходзіць на канцэрты?
— Так, тут ёсць над чым паўздыхаць. Слухача класікі трэба выхоўваць і рыхтаваць з дзяцінства. Нездарма вядомыя музыканты ў Расіі, як, напрыклад, дырыжор Валерый Гергіеў, заклікаюць вярнуць у агульную школьную праграму заняткі спеваў. Што тычыцца нашай публікі, то на акадэмічных канцэртах часцей пабачыш жанчын сярэдняга і сталага веку. А на канцэртах эстрадных артыстаў кантынгент больш разнастайны, хоць квіткі каштуюць удвая-ўтрая даражэй. Але галоўнае — кожны чалавек мае магчымасць выбраць свой жанр.
Як цяпер ідзе справа з маладымі кадрамі музыкантаў? Ці падрастае новая змена?
— Творчыя кадры — самае важнае пытанне для кожнай філармоніі. Тут павінны быць выканаўцы ўсіх жанраў, прафесіяналы з вышэйшай (і пажадана, не завочнай) адукацыяй. Паняцце «артыст філармоніі» азначае інтэлект, спецыяльную адукацыю, выразныя знешнія дадзеныя — комплекс якасцей перспектыўнай творчай асобы. Аднак гэта ў ідэале. Сёння моладзь спрабуе «круціцца»: паколькі заробкі ў філармоніі невялікія, музыканты працуюць паралельна ў іншых установах. Вядома, паўсюль паспець няпроста. І ўсё ж такі мікраклімат у нашым калектыве добры.
Што можа вас вывесці з сябе?
— Ведаеце, у паўсядзённым жыцці навучылася быць стрыманай. А калі на сцэне бачу ці чую непрафесіяналізм, іншым разам магу і раззлавацца.
Ведаю, што вы працягваеце даваць уласныя канцэрты...
— Так. Разам з канцэртмайстаркай Таццянай Любенка ствараем вакальныя міні-спектаклі з музыкі розных эпох і стыляў. Усе мы, музыканты, працуем, каб закрануць душу слухача. Як толькі раблю першы крок з-за куліс на сцэну, адчуваю, што ўнутры ўздымаецца хваля пачуццяў. Так прыемна бачыць, як ад музыкі і паэзіі паступова святлеюць твары людзей. Быццам іх душы, заклапочаныя штодзённай мітуснёй, саграюцца і адтайваюць. Гэты відавочны эфект мастацтва — самы дарагі для мяне.
Ці ёсць планы ініцыяваць у Гомелі стварэнне музычнага фэсту?
— Наш вядомы народны ансамбль «Лірыца» сумесна з філармоніяй штогод арганізуе Міжнародны дзіцячы конкурс «Залатая ліра Палесся», саліст Трафім Анціпаў ладзіць міжнародны праект «Ліра-фэст» для майстроў інструментальнай музыкі.
Ужо некалькі гадоў я выношваю ідэю арганізаваць летні фэст на адкрытых пляцоўках у нашым цудоўным гарадскім парку, на свежым паветры. Нават назву прыдумала: «Музыка над Сожам» альбо «Класіка над Сожам». Задума прыгожая, але для яе ўвасаблення, зразумела, патрэбны субсідыі і рэальная дзяржаўная падтрымка. Але, думаю, усё роўна з часам я гэта рэалізую.
Чаго б вы пажадалі сваім калегам-музыкантам і гомельскай публіцы ў гэты юбілейны для філармоніі год?
— У першую чаргу я б хацела згадаць і павіншаваць ветэранаў, якія шмат гадоў працавалі ў філармоніі: спевакоў Віктара Рабчанку і Людмілу Шугалей, музыказнаўцу Яўгенію Іконікаву і піяністку Вольгу Цакун. Упэўненая: усё зробленае, назапашанае ў мінулыя гады будзе толькі памнажацца. Vіta brevіs, ars longa... Музыка будзе патрэбная людзям заўсёды. А ў нас ёсць што прапанаваць слухачам. Таму жадаю калегам натхнення і творчага настрою, а слухачам раю часцей цікавіцца гарадскімі афішамі, наведваць канцэртныя залы.
Анастасія Сапранкова
Прафесія на кончыках пальцаў
Каля прыадчыненых дзвярэй рэпетыцыйнай залы чуваць, як камерны хор шчыруе над новым гімнам філармоніі. Калі музыканты разыходзяцца, мы гутарым пра прафесію з Аленай Сакаловай, заслужаным дзеячам культуры Рэспублікі Беларусь, мастацкай кіраўніцай і галоўным дырыжорам камернага хору Гомельскай філармоніі. Яна з энтузіязмам распавядае пра дзейнасць любімага калектыву, з якім працуе амаль тры дзесяцігоддзі.
— Прафесійныя якасці дырыжора з узростам звычайна толькі паляпшаюцца. Мы праходзім некалькі этапаў удасканалення: спачатку працуеш на маладым бурлівым энтузіязме, потым, калі назапашваюцца ўражанні і перажыванні, паступова прыходзіш да жыццёвай і творчай мудрасці. Можа, таму музыканты і кажуць, што дырыжор — прафесія другой паловы жыцця...
Аднак галоўнае — мець грунтоўную школу і дырыжорскую тэхніку. У Горкаўскай кансерваторыі я навучалася ў прафесара Віктара Куржаўскага (цяпер ён заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі), у свой час ён вучыўся ў Ленінградзе разам з Юрыем Цемірканавым. Віктара Куржаўскага лічу сваім другім бацькам і заўсёды малюся за ягонае здароўе. Усе прыёмы дырыжыравання былі ім трывала закладзеныя, і нічога новага я не вынаходзіла. Сапраўдны дырыжор — гэта лаканічнасць, уменне «ўтрымаць у руках» не толькі камерныя творы, але і імшу, месу, оперныя сцэны. Пры гэтым важныя функцыі рук: левая паказвае дынаміку, а правая — «дыспетчар» метра. Калі левая ў вас робіць тое, што і правая, схавайце яе ў кішэню, яна бескарысная.
Задумваюся, чаму ў апошні час людзі так імкнуцца на канцэрты-шоу, на канцэрты-забавы, дзе не трэба разважаць? Існуе меркаванне, што гэта ад стрэсаў. Але хіба ў мінулыя эпохі ўзрушэнняў было менш? Мне здаецца, што цяпер людзі губляюць духоўны стрыжань, забываюць пра сваю душу. А сучасная музыка страчвае мелодыю, ператвараецца ў бяздушную канструкцыю. І паколькі лічу сваёй місіяй барацьбу з безкультур’ем, рэпертуар нашага хору ў добрым сэнсе кансерватыўны. Аснову праграм складае духоўная музыка і заходнееўрапейская класіка, г.зн. вечная музыка з цудоўнымі мелодыямі. Да любімых аўтараў магу аднесці Бартнянскага, Беразоўскага, Часнакова, Чайкоўскага.
На выбар твораў уплывае і спецыфіка гучання самога хору. Наш камерны — тэмбравы, бо ў ім палова харавікоў, палова вакалістаў. Аднойчы калега-дырыжор заўважыў: «У цябе не камерны хор, а оперны». Каб спевакі не страцілі галасы, я вырашыла зрабіць «сярэдні» гук, не рафінаваны і не адкрыты, а ўзаемадапаўняльны. Напрыклад, калі мы выступалі ў Дрэздэне з праграмай рускіх рамансаў (у кожным сачыненні выступаў новы саліст), немцы казалі: «Мы не можам так спяваць рускую музыку, для гэтага трэба быць славянамі».
Звычайна нашы праграмы будуюцца блокамі з твораў небуйной формы. Вядома, ёсць і народныя песні, і класічны джаз, і класічная эстрада. З сучасных аўтараў спяваем Алега Хадоску, Алену Атрашкевіч, Ірыну Дзянісаву.
Што тычыцца буйных палотнаў Баха ці Гендэля, дык яны прызначаныя для вялікіх хораў. Але нам даводзілася спяваць фрагменты з Рэквіема і Імшу D-dur Моцарта, Імшу Шуберта разам з аркестрам. Два гады таму, дзякуючы супрацоўніцтву рускай і беларускай амбасад, мы выступалі ў Маскве з філарманічным аркестрам у Нацыянальным музеі імя Пушкіна, ладзілі таксама агульны канцэрт з аркестрам Брэсцкай філармоніі.
Заўважаю, як, асабліва апошнім часам, людзям мастацтва — у сілу розных прычын і нават насуперак ім — стала ўласцівым сапраўднае падзвіжніцтва. Вельмі ўдзячная маім спевакам, патрыётам хору, большасць з якіх побач са мной ужо шмат гадоў. Дзіўна і радасна, што наш спявак Аляксандр Абросімаў стаў сачыняць цікавую разнажанравую музыку, якая складзе цэлае аддзяленне нашага будучага канцэрта.
***
Летась эстрадна-сімфанічнаму аркестру Гомельскай філармоніі споўнілася 20 гадоў, з гэтай нагоды яму было нададзена імя заснавальніка і першага кіраўніка, заслужанага артыста Беларусі Юрыя Васілеўскага. Ужо дзесяць гадоў за дырыжорскім пультам аркестра стаіць упэўнены і амбіцыйны музыкант Станіслаў Шныр. А хіба сапраўдны дырыжор можа быць іншым?
— Мае арыенціры ў прафесіі: Валерый Гергіеў з яго лаканічнасцю, калі ўсё ў вачах і на кончыках пальцаў; Даніэль Барэнбойм з яго стрыманасцю і спакоем, Густава Дудамель, які, наадварот, вельмі эмацыйны і вядзе аркестр усім целам, з вялікай амплітудай. Яны абсaлютна розныя, але для мяне важны вынік — якаснае гучанне аркестра.
Зрабіцца дырыжорам я не імкнуўся, але падсвядома адчуваў уласны патэнцыял. Калі працаваў трубачом у аркестры цырка, а потым у філармоніі, назіраў за Васілеўскім, аналізаваў. Рабіў шмат аранжыровак, рыхтаваў партытуры — гэта вялікая практыка, цесна звязаная з дырыжыраваннем. Юрый Васілеўскі мне давяраў, ставіў да пульта. Ён быў стрыманым чалавекам, тонкім псіхолагам, яго лічу сваім настаўнікам. Так здарылася, што, калі ў 2007-м Юрый Аляксандравіч захварэў, мне прапанавалі кіраваць аркестрам, тады я ўжо скончыў Універсітэт культуры і мастацтваў з дыпломам дырыжора.
Цяпер, лічу, я маю аўтарытэт у калектыве, мяне слухаюць і слухаюцца. Так здарылася не адразу, бо многія музыканты ведалі мяне як «свайго» — трубача і ўдарніка. Як кажуць, добры кіраўнік — дрэнны сябар. Аўтарытэт заваёўваўся паступова — колькасцю правільных вырашэнняў спрэчных момантаў. Увогуле дырыжор нагадвае мне авіядыспетчара, які бачыць усе паветраныя эшалоны і накіроўвае самалёты патрэбным курсам, і лётчыкі мусяць беспярэчна давяраць яму. Так і ў дырыжора на плячах — адказнасць за музыку і выканаўцаў.
Калі раней кампазітары-прафесіяналы пісалі разгорнутую партытуру, дзе пазначаны гармонія, паўзы, дынаміка, дык цяпер эстрадную музыку, песні сачыняюць іншым разам людзі без адукацыі: паставяць пад тэкстам прыкладную лічбоўку акордаў і лічаць сябе кампазітарамі. У справу ўступае аранжыроўшчык, які распісвае музыку па інструментах, інтэрпрэтуе матэрыял для выканання аркестрам. Аранжыроўшчык сёння — суаўтар. Мяне лічаць надта скрупулёзным, але я сапраўды вывяраю кожны нюанс.
У адрозненне ад сімфaнічнай гнуткай агогікі, у эстрадна-сімфaнічнага аркестра ёсць свая асаблівасць — актыўная функцыя ўдарных, якія стабільна трымаюць метрарытм у кампазіцыях. Таму можна сказаць, што на рэпетыцыях я — дырыжор, калі шмат тлумачу, даношу задуму, а падчас канцэрта я — хутчэй кіраўнік. Тады ад мяне залежаць толькі тэмп і дынаміка: паказаў не тую пульсацыю — і ўжо амаль нічога не зменіш.
Хоць наш калектыў невялікі (сорак музыкантаў, тры салісты і чатыры салісткі), мне даводзіцца займацца як аранжыроўкамі і рэпетыцыямі, так і арганізацыяй канцэртаў, гастроляў, касцюмамі, размеркаваннем фінансаў.
За дзесяць гадоў мы зрабілі 25 паспяховых праектаў. Цяпер у музыкантаў адначасова «на руках» 5 праграм (каля 100 твораў). Сярод іх — «З Італіі з любоўю», «Музыка кіно», «Шлягеры на ўсе часы», «Хіт-салют», «Не магу, калі напалову...» (апошняя з песнямі Уладзіміра Высоцкага). Дарэчы, работа над кампазіцыямі рускага барда была вельмі цікавай, бо мне давялося пераўтвараць ягоны адрывісты і просты гітарны акампанемент у больш «легатнaе» меладычнае суправаджэнне аркестра. Слухачы Магілёва і Віцебска пасля канцэртаў падыходзілі і здзіўляліся: «Мы не ведалі, што Высоцкі такі музыкальны, што яго можна спяваць менавіта пад аркестр».
Якасная эстрадная музыка цяпер запатрабаваная, аднак мы выконваем і класіку, каб абуджаць інтарэс да яе ў моладзі. Аркестр шмат гастралюе па гарадах Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы і Латвіі. Дарэчы, у расійскіх гарадах уласны эстрадна-сімфанічны аркестр не часта сустрэнеш, там пераважаюць сімфанічныя.
Вы пытаецеся, з якім кампазітарам сучаснасці ці мінулага мне хацелася пагутарыць? З Бахам. Фенаменальная працаздольнасць! Дзіўна, як можна столькі паспець? Кіраваць капэлай, іграць на аргане, вучыць дзяцей, а галоўнае — сачыніць (прычым на замову!) столькі шэдэўральнай музыкі...