Гэта яшчэ не сведчанне сталасці, вядома. Але, хоць маладыя мастакі часта настойваюць, што прадстаўляюць толькі саміх сябе, верагодна, правільна будзе змясціць гэтую любоў — Курасоўшчыну — у кантэкст пакалення.
З гэтага пункту гледжання прачытваюцца пытанні: што ж вакол нас, што за Курасоўшчына такая нас прыручыла і што нас чакае за яе межамі? Увогуле ці лёгка быць маладым? Пытанне-здзіўленне, пытанне без адказу. І маладое пакаленне — Лёша Навумчык, Максім Сарычаў, Вікторыя Сiнчылiна, Сяргей Лескець — ставіць яго па-рознаму.
Маша — адкрыта-аголена, наколькі гэта магчыма. Візуальна ўжо дакладна. З дадаваннем сцёбу і іроніі — такі вось кактэйль. Яна ідэнтыфікуе сябе з гераіняй праекта і настойліва ператварае сябе-мадэль то ў дзіцячы ўспамін, то ў вобраз пякучай прыгажуні, то вандроўцы, то палоннага гарадской ускраіны.
Перспектыва «цяжкай жаночай долі» таксама прысутнічае ў некалькіх вобразах, і гэтыя паўтарэнні сябе і пошук трансфармацый сведчаць, на мой погляд, пра сапраўды няспынны вокліч. Не столькі ўжо пра ідэнтычнасць, колькі пра тэрыторыю і час, якія задаюць рамкі гэтага сэлфі, — назіранне.
Постсавецкі ландшафт Курасоўшчыны слаба асацыюецца з любоўю, вось у гэта верыцца з цяжкасцю. Упэўнена, пра каханне тут гаворыцца з горыччу. Гэта як «прымус да міру». Але дапускаю, што Машы цікава туды вяртацца: абжытае месца, пункт адліку, з якога зручна задаваць новыя пытанні і пачынаць новы віток жыцця. Здзіўленне пры назіранні за відавочнымі недарэчнасцямі дазваляе гэта рабіць. І адштурхоўвае ад наяўнай сітуацыі «тут і цяпер», паколькі пэўны абсурд навакольнага асяроддзя правакуе і пратэст, і адчуванне безвыходнасці. Адчужэнне, нелаяльнасць урбаністычнага асяроддзя, дзе запусценне і жылая забудова суседзяць адна з адной, так відавочныя, што, мабыць, матывуюць Машу да гэтага праекта ў прынцыпе.
Усе гэтыя міні-гісторыі атрымліваецца распавесці вельмі канкрэтна, у кожным з калажаў. У некалькiх з іх ёсць тэма сыходу-вылету, далейшага жыццёвага шляху, але перспектыва яго, вядома ж, не ясная.
Збольшага можна казаць і пра гендарны складнік гэтай серыі. І ў нейкі момант мне здалося, што ў мужчын усе гэтыя прыгоды былі б апісаны з меншым гумарам і рамантыкай. Магчыма, знарочыстая «спроба глянцу», калі можна так сказаць, таксама характарызуе гендарныя дэфініцыі. Гэта з пункту гледжання формы. А калі вярнуцца да пазіцыі пакалення, то наўрад ці стылістыка коміксу здыме пытанне любові-непрыкаянасці, любові да Курасоўшчыны, прычым без узаемнасці. Калаж застаецца фарматам, які толькі змяшчае гэтыя праблемы ў адну плоскасць — у гэтых калабарацыях усё адбываецца адначасова: мінулае і будучыня, далёкае і блізкае, асабістае і публічнае. Рэальнае і ўяўнае — так, але падняць Курасоўшчыну над рэальнасцю, зрабіць яе імем агульным або міфам у Машыным выкананні я б не рызыкнула. А вось выказаць дваістыя адносіны прыняцця-адштурхоўвання, паблукаць па лабірынтах амбіцый і прэтэнзій можна.
Любоў Гаўрылюк