Тры галасы, тры зачараванні

№ 3 (300) 01.03.2008 - 31.03.2008 г

«Адкрыю душу вам сваю...». «Музыка -- наша жыццё!» «Магія опернага дуэта». Cольныя вечары ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі.

Не хацелася б выглядаць заўзятай феміністкай, але ўсё ж мушу канстатаваць, што ў оперных «сольніках» чамусьці часцей дамінуюць жанчыны. Толькі ў апошнія сезоны ажыццяўляліся надзвычай яркія праекты Т.Траццяк, А.Масквіной і А.Волкавай. Звычайна некалькі разоў за сезон выступае з адметнымі праграмамі А.Сало. Мужчыны калі і спяваюць, дык пераважна ў дуэце. З оперных спевакоў уласны «сольнік» паказаў у апошнія сезоны, здаецца, толькі У.Громаў.
 /i/content/pi/mast/8/191/Try-galasy1.jpg
 Н.Руднева
Вечарыну старадаўняга раманса «Адкрыю душу вам сваю...» правяла народная артыстка Наталля Руднева. Праект «Музыка -- наша жыццё!» рэалізавалі заслужаны артыст Міхаіл Дружына і маладая Алена Сіняўская. Нарэшце, вечарыну «Магія опернага дуэта» прэзентавала Алена Сало. Такім чынам, гучалі мецца (Н.Руднева), каларатура (А.Сіняўская), каларатурнае мецца (А.Сало) і бас (М.Дружына).
Тры згаданыя канцэрты падаліся сімвалічнымі, бо паказалі тры розныя артыстычныя пакаленні (сталае, юнае і, так бы мовіць, прамежкавае), тры розныя жаночыя партрэты, пры супастаўленні якіх заўважаеш шмат адметнага. Пра апошніх траіх і хочацца распавесці. 
Н.Руднева выканала на сцэне тэатра, здаецца, усе магчымыя мецца-сапранавая партыі. Яна -- майстар, якіх мала і якім падуладны, здаецца, абсалютна ўсе жанры і стылі. Праграма «Адкрыю душу вам сваю...» прываблівала найперш тым, што ў ёй было няшмат рамансавых шлягераў, але -- дастаткова рамансаў, якія гучаць досыць рэдка. (Дарэчы, свежасць рэпертуару -- адметная рыса ўсіх згаданых праектаў.)
Вечарына Н.Рудневай вабіла і вольным выяўленнем таленту спявачкі, здольнай увасобіць неверагодную разнастайнасць псіхалагічных адценняў. У самім тэмбры яе голасу заўжды прысутнічае драматызм -- відавочны ці прыхаваны. Не толькі таму, што менавіта мецца ўвасабляе вобразы «ракавых» жанчын. Гераіні Рудневай ці не заўжды ведаюць, што шчасце -- субстанцыя мімалётная, прывідна-ілюзорная, і ўсведамленне гэтага надае імгненням шчасця неацэнную каштоўнасць, а ўспрыманню рэчаіснасці -- кантрасты і драматызм.
Упрыгожылі і разнастаілі вечарыну дуэты Н.Рудневай з яшчэ адной вядомай спявачкай -- Т.Цівуновай. Галасы артыстак утвараюць рэдка дасягальную, але сапраўдную тэмбральную гармонію.
У першым аддзяленні праграмы сумеснага канцэрта А.Сіняўскай і М.Дружыны (дарэчы, летась тэатр адзначыў 85-годдзе спевака і 50-годдзе ягонай творчай дзейнасці) прагучалі фрагменты з опер і аперэт, а ў другім -- рамансавыя творы.
 /i/content/pi/mast/8/191/Try-galasy3.jpg

 А.Сіняўская


А.Сіняўская прадэманстравала неверагодную энергетыку, зайздросную разняволенасць, багатую палітру эмацыянальных фарбаў, дзе могуць яднацца драма і камедыя. Спявала на чэшскай, нямецкай, італьянскай, англійскай, украінскай мовах. Танцавала (у нумары «Лялька» Л.Дэліба), свабодна абыходзілася з кастаньетамі. Паўставала і ў абліччы велікасвецкай паненкі, і закаханай жанчыны, і нават... разняволенага да немагчымасці маладога марачка з бутэлькай.
У тэмбры яе голасу, чыстага і надзвычай высокага (уключна з «сі» трэцяй актавы), адчуваецца таямнічасць і загадкавасць начной цемры. Ёсць у ім і халаднавата-крышталёвая прахалода няспыннай марской плыні. Можа, таму асабліва ярка і запамінальна прагучалі ў праекце найвіртуозная арыя Царыцы ночы з «Чарадзейнай флейты» і нумар «Фантану Бахчысарайскага палаца». Разнастайнасць рамансам, нечаканасць гучанню надавалі нязвыклыя спалучэнні фартэпіяна з арфай, валторнай, кларнетам.
А.Сіняўская пакуль часцей сцвярджае сябе ў канцэртнай дзейнасці, за межамі тэатра. Але хто ведае, можа, менавіта такія «сольнікі» і дапамагаюць маладому артысту раскрыцца нечаканымі гранямі, рэалізаваць свой, пакуль мала запатрабаваны творчы патэнцыял? А кіраўніцтву і калегам -- убачыць маладога спевака ў нечаканым і надзвычай прывабным ракурсе.
 /i/content/pi/mast/8/191/Try-galasy2.jpg
 А.Сало
Тэмбр голасу Алены Сало непаўторны. Ён лёгкі і паветраны, «жамчужна-матавы». Не зіхаціць і пераліваецца, а, здаецца, таямніча свеціцца знутры. У абліччы сваіх гераінь артыстка любіць акцэнтаваць фарбы жыццярадасна-светлыя, гарэзныя і камедыйныя. Салістка выяўляе рэдкую сцэнічную свабоду і разняволенасць: дзяліцца эмоцыямі з залай -- для яе сапраўды ў ахвоту.
На вечарыне А.Сало міжволі думалася пра тое, што оперныя дуэты (дзе партнёрамі артысткі выступілі барытон А.Марозаў і два тэнары -- С.Франкоўскі і А.Жукаў) прывабныя моцнай драматургіяй, напалам пачуццяў, разнастайнасцю псіхалагічных фарбаў. Як фрагмент спектакля, дуэт заўжды апелюе да асацыятыўнай глядацкай памяці. Камерныя праекты даюць магчымасць «прымерыць» на сябе партыі, пакуль не праспяваныя (як, напрыклад, Азучэна з «Трубадура»).
Канцэртмайстры Галіна Аляшкевіч (якая рыхтавала праграму разам з Н.Рудневай) і Таццяна Іванова (два іншыя праекты) выступілі сапраўднымі аднадумцамі артыстак, тонкімі інтэрпрэтатарамі музычных твораў розных часоў, жанраў і стыляў.

Таццяна МІХАЙЛАВА