Усевалад Меерхольд — «Чалавек, які перайшоў раку». Глыбокі і трапны назоў далі пастаноўцы аўтары.
Не, гэта не плакат, не трыбуна, не гімнастыка на лужку (хоць нас і папярэдзілі аб практыкаваннях з біямеханікай) і не экзістэнцыяльнае дэкламаванне (як проста, банальна і хібна «ўлезці» ва ўсё гэта, «лезучы» ва Усевалада Эмільевіча). Перад намі сталае, мудрае і вельмі аўтарскае дакрананне рэжысёркі Ганны Суліма да тэмы — наколькі «перааранай» гісторыкамі тэатра, настолькі ж і нераспрацаванай, нявызначанай — «менавіта гэты Мастак і менавіта тая ўлада». Што асабліва важна для асобы Меерхольда — дакрананне не трапяткое. Яно змушае дыхаць часцей, яно адважнае, моцнае, рашучае… Як усё, да чаго дакранаўся ён сам.
...Ды й дзіўна было б чакаць сентыментальных уздыхаў і «мільён пакутаў», хай сабе і з нагоды гісторыі, якая агаломшыла сваёй трагічнасцю, — гісторыі героя дакументальных экзерсісаў, прадстаўленых гледачам. Жанр тэатральнага дакумента — гэта адмысловы спосаб існавання, адмысловая канкрэтыка, адмысловы тэмпарытм. Брава выступаючы пад бравыя песні (у спектаклі скарыстаны вершы Рыгора Трэстмана, Дзмітрыя Строцава, Барыса Пастарнака, Уладзіміра Маякоўскага, Аляксандра Увядзенскага, Інакенція Аненскага, Ніколаса Гільена, Веранікі Долінай, а таксама музыка Соф’і Губайдулінай, Дзмітрыя Шастаковіча ды іншых), маладыя артысты суправаджаюць гледачоў кулуарамі Цэнтра сучасных мастацтваў у аскетычную прастору глядзельні з практычна пустой сцэнай. Яна яшчэ адпрацуе сінематографам, рэпетыцыйнай залай, вуліцамі, кабінетамі ды іншым, куды прысутных будуць «тэлеграфаваць» дакументальныя эцюды пра Меерхольда, аднак адчуванне голых шэрых сцен і згустку маленечкай прасторы з першых секунд пэўнае: мы ў каземаце. У засценку НКУС. І ўсё, што мы зараз убачым, — гэта жыццё, якое мільгане за імгненне да пакутлівай смерці. Брыкалаж жыцця ў адметным бачанні Ганны Суліма.
Брыкалаж, нягледзячы на невялікую працягласць сцэнічнага дзейства, акрамя шматлікіх песень і вершаў, ёміста ахапіў успаміны Таццяны Ясенінай, Зінаіды Райх, Сяргея Юткевіча і шмат каго яшчэ; шэраг відэаматэрыялаў (кінастужку «Стачка» вучня Меерхольда Сяргея Эйзенштэйна; хроніку з Дзмітрыем Шастаковічам). Не імкнучыся асягнуць неабсяжнае, можна сцвярджаць, што намагання стварыць паслядоўны аповед пра творчы і жыццёвы шлях героя не рабілася, гэтаксама як і не ставілася задачы рэканструяваць «тэатр Меерхольда» («тэатр памірае разам са сваім аўтарам»), але аўтары спектакля-дакумента, тым не менш, сабралі пазл пра вялікага Майстра ў вельмі ўпэўненае, выразнае, хвосткае, суладнае, дзе трэба — выверана механічнае, дзе трэба — далікатнае і пранізлівае відовішча. Брыкалаж з паэзіі, музыкі, пластыкі, эцюдаў біямеханікі, відэапраекцый. З аднаго боку — быццам бы з нічога (нагадаю: сцэна практычна пустая). З іншага — з відавочнай каласальнай працы, перапрацаванай інфармацыі, перажытай рэжысёркай і кожным з яе маладых артыстаў глыбокай асабістай гісторыі пад назвай «мой Меерхольд».
Так, жанр пастаноўкі-дакумента вымагае адмысловага спосабу існавання, але датычыцца гэта не толькі людзей на сцэне. У суладдзі з імі абавязкова мусяць існаваць і людзі ў глядзельнай зале (роўна як і крытыкі). Чаму? Падобныя спектаклі не «разбярэш паводле школы», аднак, як усялякі дакумент, іх можна перакласці з месца на месца і закінуць, забыцца на іх, а можна запэўніць і пастарацца, каб яны не згубіліся, не зацерліся. «Чалавек, які перайшоў раку» нібы сапраўды глядзіць з іншага берага глыбокім цяжкім позіркам. А значыць напісанаму і пабачанаму — верыць. Значыць — Меерхольд рэжысёркі Ганны Суліма прыйшоў да свайго гледача не па падробленых дакументах.
Ганна Харошка