Зразумела, аснову «Паралелі» складаюць школьнікі. Калектыў прыцягвае адмысловай творчай атмасферай, яркай формай спектакляў, выдатнымі харэаграфічнымі дасягненнямі (педагог-харэограф — Вольга Скамарох). Пры гэтым харэаграфічны складнік нідзе не выглядае ўстаўным нумарам. Проста часцяком сучаснай моладзі лягчэй выказацца праз пластыку, ды й для гледачоў-раўналеткаў яна эмацыйна блізкая. Як даводзяць шматлікія фестывальныя работы, схільнасць да пластычнага ўвасаблення часткі спектакля можна лічыць і адным з трэндаў сучаснага аматарскага тэатра, і формай, якая дазваляе мудрым кіраўнікам акуратна «прыцішваць» недасканаласць маўленчага дзеяння, натуральную для маладых выканаўцаў. Часам, праўда, гэты прыём здольны згуляць з пастаноўшчыкамі нядобры жарт. Прынамсі ў творах, паказаных сёлета на фэсце калектывамі з Бэндэр (Прыднястроўе) і Савецка (Расія), пластычныя экзерсісы цалкам засцілі змест і нават скажалі сэнс сцэнічнага дзеяння.
Арганізатары імкнуцца захоўваць пастаянны склад журы, што дазваляе прасочваць развіццё творчых калектываў, вызначаць тэндэнцыі, аналізаваць мастацка-педагагічныя праблемы аматарскага тэатра. Гэта надае імпрэзе статус фэсту-семінару, які вельмі шануюць усе ўдзельнікі. Кожны дзень паказаў завяршае «круглы стол», на якім даюць магчымасць выказацца тым, хто прадставіў свае працы, а завяршаюць разбор падрабязныя аргументаваныя выступы чальцоў журы. Шматлікія ўдзельнікі адзначаюць, што менавіта гэтыя дэталёвыя высокапрафесійныя разборы з’яўляюцца для іх галоўным матывам удзелу.
Сваю порцыю магчымасцей для творчага росту атрымліваюць і ўдзельнікі калектываў: на мінулым фэсце, напрыклад, тэатральныя педагогі зладзілі шэсць майстар-класаў. Насычаную праграму заўсёды разнастаіць шэраг забаўляльных мерапрыемстваў, кожнае з якіх вылучае адмысловы тэатральны характар: і «Тэатральны бой», і «Ноч тэатраў», і традыцыйны капуснік, падчас якога нязменна парадзіруюцца прыёмы ды вобразы са спектакляў, што ўразілі найбольш. Фестывальны тыдзень распісаны літаральна па хвілінах: сёлета паказалі дваццаць пастановак, сярод якіх — сямнаццаць конкурсных (па-за конкурсам прадстаўляюць свае работы гаспадары). Міжнародны статут фэсту вызначаны ўдзелам калектываў з Расіі, краін Балтыі, Украіны, Малдовы, Нямеччыны.
Вельмі светлым, нягледзячы на трагічны сюжэт, атрымаўся спектакль «Карпуша Forever» паводле п’есы Сяргея Рубэ. Галоўная гераіня, фантазёрка і паэтка, здольная закахацца як сталы чалавек і заглыбіцца ва ўяўны свет як дзіця. Ды яна ўсё ж падлетак і перабольшана хваравіта ўспрымае бязладзіцу школьнага жыцця, а калі пачуцці захлістваюць, выканаўца ролі перадае іх мовай танца. Далікатна, без істэрыкі спектакль распавёў пра тое, што чалавек можа справіцца са шматлікімі праблемамі, але не здольны жыць з усведамленнем закінутасці. Гібель гераіні тлумачыцца і як трагедыя асобы, якая яшчэ не сфармавалася, і як фатальны збег акалічнасцей, калі ніхто з тых, хто быў побач, не знайшоў часу проста пагаварыць з дзяўчынкай.
Падлеткавы суіцыд хвалюе цяпер шмат каго з дарослых. Прычыну бачаць у высокай эмацыйнай рухомасці падлеткаў, пачуцці адзіноты і неабароненасці ў натоўпе раўналеткаў і старэйшых. Невыпадкова тры пастаноўкі ў Баранавічах звярнуліся да гэтай тэмы: пераканаўча яна прагучала ў спектаклі Народнага дзіцячага тэатра «Падшыванцы» (Харкаў, Украіна, кіраўніца Алена Вартанян), а пастаноўку «Лятучкіна каханне» па п’есе Роберта Арэшніка вылучала выразнасць формы, добры ўзровень падрыхтаванасці юных выканаўцаў, арыгінальнасць рашэння вобразаў галоўных персанажаў. Калектыў ганаравалі Гран-пры фэсту.
Сама назва — «Паралельныя светы» — арыентуе на тэатральныя пошукі, якія не паўтараюць дасягненні прафесійнай сцэны. Народны тэатр-студыя «Закуліссе» Аляксандраўскага ДК (Пушкін, Расія) паказаў спектакль «Былі людзі» па матывах аповесці Васіля Быкава «Сотнікаў». І хоць дыхтоўна прапрацаваны матэрыял не мог не выклікаць водгуку ў гледачоў, імкненне зладзіць «сапраўдны тэатр» журы ацаніла як пазбаўленае перспектывы. І наадварот — паказаная калектывам па-за конкурсам трагікамедыя «Акадэмія смеху» па п’есе Кокі Мітані ўзняла буру захаплення ў бітма набітай зале. Непазбежная для аматарскага тэатра «адлегласць» паміж персанажам і выканаўцам падалася вельмі дарэчнай.
Гэты прыём — далікатнай ці, наадварот, дэманстратыўнай адцягненасці выканаўцы ад ролі — выкарыстоўвалі практычна ўсе рэжысёры. Буйнымі яркімі мазкамі падаваў вобраз свайго героя Аляксей Каваленка ў ролі Фамусава («Гора ад розуму» моладзевага тэатра «Круг-2» з расійскага Красназнаменска), ганараваны прызам за лепшую мужчынскую ролю. Характар ягонага сцэнічнага гарнітура (над чорнымі штанамі чорная саколка з сілуэтам сурдута) пазначаў вядомую долю ўмоўнасці. А калі артыст паварочваўся спінай, гледачы бачылі друкаваны лагатып спектакля і білі ў ладкі, паколькі разумелі, у якую гульню іх залучылі.
Кіра Пятрова, якая стварыла ў Брэмене (Нямеччына) інтэрнацыянальны аматарскі «TEATER 11», дамаглася эфекту адцягненасці, калі ў свой спектакль «Я, Ты, Яна» па п’есе Эдварда Олбі «Тры высокія жанчыны» ўнесла элементы рэпетыцыі. Маладыя выканаўцы роляў адной і той самай кабеты ў 26, 52 і 92 гады ствараюць свае вобразы без грыму, амаль не карыстаюцца дадатковымі атрыбутамі. Іх сцэнічныя паводзіны псіхалагічна і нават фізічна праўдзівыя. Але час ад часу дзяўчаты як бы даюць сабе прадыхнуць, выходзячы з роляў і абмяркоўваючы ход рэпетыцыі. Гэты прыём падняў спектакль на новы ўзровень разважання пра лёс чалавека і магчымасці гэты лёс змяніць. Бліскуча справілася з самым няпростым вобразам жанчыны ў дзевяноста два гады Кацярына Баклан (прыз за лепшую жаночую ролю). Ёй выпала прайсці паміж сатырай і клінічна дакладным узнаўленнем узросту, ні разу «не заступіўшы» на гэтыя, малашаноўныя ў дадзеным кантэксце, тэрыторыі. Мяккая паблажлівасць выканаўцы пяцідзесяцідвухгадовай гераіні і моладзевая непрымірымасць дваццацішасцігадовай філігранна адцянілі вобраз сварлівай, але кранальнай бабулькі.
Бальшыня рэжысёраў, якія працуюць са школьнікамі і моладдзю, заклапочана выхаваннем не толькі сваіх артыстаў, але і публікі. Часам з парадаксальнымі вынікамі: пастаноўка «Вавілонская вежа» моладзевай студыі з Арла (Расія) выклікала станоўчы водгук у глядзельні, што ўспрыняла сцэнічнае дзеянне як адкрыты аповед пра сучасных падлеткаў і іхніх бацькоў, аднак калегі папракалі рэжысёра Алега Галкіна ў браку сталага — адказнага і прадуктыўнага — погляду на ўзнятыя праблемы. Спектакль «Дзівакі» паводле Антона Чэхава, прадстаўлены моладзевым тэатрам «Люстэрка» з Калінінграда (Расія, рэжысёры Алена і Васіль Сліпко), спадабаўся шматлікім чальцам журы імкненнем зняць з чэхаўскай драматургіі акадэмічны флёр і зірнуць на персанажаў вачыма сучаснай моладзі. Але гэтая самая моладзь, захапляючыся выразнасцю элегантных сцэнічных формаў, пасля спектакля моцна сумнявалася, маўляў, ці гэта Чэхаў?
Студыйнай атмасферай усцешыла дасціпная «Гісторыя Аднаго Кахання» па творы Жоржы Амаду выхаванцаў дзіцяча-юнацкага тэатра «Сюрпрыз» з мінскага Цэнтра дадатковай адукацыі «Кантакт» Цэнтральнага раёна (кіраўніца Аксана Сівашка). Прыёмы гульні ў тэатр, харэаграфічныя і вакальныя нумары гарманічна адкрывалі немудрагелістую сутнасць лірычнай прыпавесці. А вось у спектаклі «Пунсовыя ветразі» Мікалаеўскага маладзёжнага народнага тэатра «С.Т.У.К.» (Украіна) гармоніі выразных сродкаў не дасягнулі: вакальныя, харэаграфічныя і драматычныя кавалкі існавалі як нумары, без узаемадзеяння, пры гэтым драматычныя пераконвалі найменш.
Папулярныя сучасныя гульні ў гендарную нявызначанасць і трансфармацыі таксама знайшлі сваё адлюстраванне ў фэставай афішы. Народны тэатр-студыя «Новая сцэна» з Пераслаўля-Залескага (Расія, кіраўніца Наталля Панцялеева) паказаў кампазіцыю з шэкспіраўскіх камедый «Шмат шуму з нічога» і «Сон у Іванаву ноч», дзе над усімі любоўнымі бязладзіцамі разам са шчаслівым фіналам шчыраваў Аберон і яго няўдачлівы памагаты Робін. Ролю апошняга ў стылі цыркавога кілімнага заразліва выканала Васіліса Рыжкова. Журы далучылася да гульні і ўзнагародзіла дзяўчыну прызам за лепшую мужчынскую ролю другога плану.
Тэатральная студыя «Бэмбі» з Екацярынбурга прывезла спектакль «Сымон(а)» па кнізе шведскага пісьменніка Ульфа Старка «Дзівакі і зануды» (з’яўленне кніжкі на рускай мове выклікала неадназначную рэакцыю бацькоў і педагогаў). Паводле сюжэта дзяўчынку з незвычайным для Швецыі імем Сымона праз сакратарову апіску ў новай школе прымаюць за хлопчыка: тая самая падлеткавая худнеча, той самы папулярны стыль адзення «унісэкс»... Гераіня ад нечаканасці не пярэчыць, потым далучаецца да гульні, што выклікае шэраг камічных сітуацый. Кіраўніца калектыву Людміла Вяршыніна спрактыкавана абмінула двухсэнсоўнасці сюжэта і стварыла светлы сцэнічны аповед пра тое, як складана бывае блізкім людзям паразумецца. Школьнікі не спрабавалі іграць дарослых, а ўвасаблялі той узровень разумення ўзросту, які ім даступны. І ў гэтым, і ў шэрагу іншых спектакляў фэсту падобны варыянт трактоўкі ўзроставых роляў сведчыў пра высокі ўзровень мастацка-педагагічнай свядомасці кіраўнікоў.
Тэатральная студыя «Балагуры» («Балакі») з Санкт-Пецярбурга з гендарнай нявызначанасцю перамудравала (летась гэты калектыў зрабіўся ўладальнікам Гран-пры, выявіўшы выбітны ўзровень падрыхтаванасці і вобразнага мыслення). «Звер» паводле рамана Уільяма Голдзінга «Уладар мух» ад самага пачатку выклікаў здзіўленне. Усіх без выключэння персанажаў пісьменніка — хлопчыкаў, якія патрапілі на незаселеную выспу, — рэжысёры спектакля Дзяніс Шэйкін і Яна Осіпава даручылі выконваць дзяўчаткам. Само па сабе гэта магло надаць падзеям новую цікавую трактоўку, але... асобы ў сукенках з коскамі прадстаўляліся адна адной як хлопчыкі і ўдакладнялі, маўляў, «я пайшоў», «ён знайшоў». Такая нявызначанасць спарадзіла адчуванне мастацкай няпраўды. На абмеркаванні кіраўнікі калектыву так і не змаглі ўцямна растлумачыць сваю мэту...
Гледачы мелі магчымасць выказаць меркаванні на вялікіх аркушах з назвамі спектакляў, замацаваных на сценах фае. Да канца фэсту іх паспісвалі словамі захаплення, пажаданнямі, добразычлівымі кампліментамі. Цягам гадоў кранальнай традыцыяй фінальнага развітання зрабіліся кутасы з нітак рознакаляровай воўны на доўгім пасачку. Ніткі, якія лёгка выцягваюцца, прынята завязваць на кутас таму, з кім паспеў пазнаёміцца падчас фэсту, распавядаючы пры гэтым, якім радасным і карысным сталася знаёмства. Не схаваю: паўдзельнічаць у гэтым кранальным рытуале мне было надзвычай прыемна.
Фэст «Паралельныя светы» цяпер — найноўшая добрая традыцыя Баранавічаў, узор гасціннасці і высокіх мастацкіх патрабаванняў для шматлікіх калектываў блізкага і далёкага замежжа. Выдатны ўзровень арганізацыі, стыль, густ, якасць афармлення друкаванай прадукцыі конкурсу можна прызнаць узорнымі. Спадзяюся, што гэтая выдатная з’ява нашага культурнага жыцця праіснуе яшчэ вельмі доўга, а ў іншых рэгіёнах будуць узнікаць, жыць і развівацца свае непаўторныя культурныя акцыі.
Вольга Грачова