У мяне, як і ва ўсіх, хто ведаў Алёну, у памяці захоўваецца свая гісторыя сустрэч і кантактаў з ёй. Алёна даволі часта запрашала мяне для музыказнаўчага прадстаўлення яе сольных і ансамблевых праграм на сцэне філармоніі. Заўсёды прасіла падрыхтаваць, настроіць публіку на асаблівае ўспрыманне працэсу музіцыравання. Для яе было надзвычай важна пачуць тое слова пра творы, пасля якога «іграць нашмат цікавей».
Да апошніх месяцаў жыцця яна не спыняла прафесійныя заняткі. Нават пасля аперацыі на руках Алёна ўсё ж ўвасобіла сваю мару і выканала віртуозны канцэрт Морыца Машкоўскага, ноты яго спецыяльна выпісала з Амерыкі і сама сабрала аркестр з уласных сяброў. Яна б магла яшчэ столькі ўсяго зрабіць! Але ў лютым 2011 года, пасля адчайнай барацьбы з анкалагічным захворваннем, Алёны не стала...
Немагчыма перадаць пачуцці, што перажывалі і перажываюць яе маці, родныя і сябры. Але, мабыць, мастацтва мае вялікую сілу, калі яно ў дадатак памножана на творчае яднанне. Дзякуючы энтузіязму і нястомнай энергіі Ганны Ляньковай, блізкай сяброўкі Алёны, штогадовыя канцэрты ў памяць пра яе перараслі ў фестываль класічнай музыкі «Пакуль не ідуць цітры». Назва фэсту — словы самой піяністкі, якая заўжды лічыла, што ўсё можна змяніць і вырашыць, пакуль не ідуць цітры (як у фінале стужкі). «Фестываль, — кажа Ганна, — працяг творчасці Алёны ў нас, у музыцы, у тым, чым яна жыла. Алёна здолела запаліць сэрцы столькіх людзей і пераплесці столькі лёсаў!»
Сёлета Трэці фестываль прадставіў слухачам тры канцэртныя праграмы, прэзентаваныя на сцэнах «Верхняга горада», у Малой і Вялікай філарманічных залах. Больш за сто выканаўцаў, выдатных музыкантаў, якія працуюць у розных калектывах і нават за межамі Беларусі, змаглі скарэктаваць свае творчыя графікі і аб’яднацца ў імя светлай і высокадухоўнай ідэі. Усе сродкі, атрыманыя ад канцэртаў, былі пералічаныя дабрачыннаму фонду «Дотык да жыцця» ў дапамогу дзецям з анкалагічнымі захворваннямі.
Не магу не падзяліцца самымі яркімі ўражаннямі фэсту. У яго камерных праграмах прагучалі шчырыя і пранізлівыя ноты музычнага рамантызму. У выкананні дуэта Дашы Мароз і Аляксея Пшанічнага асабліва ўсхвалявана і пранікнёна была праінтанавана Фантазія фа-мінор Шуберта, а Раманс Брамса быў літаральна «праспяваны» на фартэпіяна Аляксандрай Сідаравай. Віртуозна і элегантна прагучалі інтэрпрэтацыі твораў Батэзіні і П’яцолы ў выкананні кантрабасіста Андрэя Шынкевіча. Сапраўдным музычным адкрыццём стала скрыпічная імправізацыя «Нігун» з сюіты «Тры карціны з жыцця хасідаў» Эрнста Блоха ва ўвасабленні Сяргея Белазерцава-малодшага (артыст аркестра Уладзіміра Співакова і сын выдатнага скрыпача-канцэртмайстра Сяргея Белазерцава-старэйшага).
Лірычныя старонкі канцэртаў прадстаўлены струнным секстэтам «Успаміны пра Фларэнцыю» Чайкоўскага (Кацярына Рэйхерт, Лізавета Гембіцкая, Аляксандра Пацёміна, Святлана Галубоўская, Аляксей Афанасьеў і Аляксандр Іваноў). Дзівосны імпрэсіяністычны гукапіс двух опусаў Марыса Равэля — Інтрадукцыі і Алегра для арфы, флейты, кларнета і струннага квартэта — прадставіў септэт выканаўцаў, сабраны спецыяльна для праекта. Гэта Аляксандра Лосева, Дар’я Елісеева, Антон Леўчанка, Зарына Сыцінская, Марыя Ракель, Вольга Пільневіч, Галіна Майстровіч.
Асаблівай увагі і слоў падзякі заслугоўвае фінальны сімфанічны канцэрт фестывалю. Аб’яднаны аркестр музыкантаў-энтузіястаў пад кіраўніцтвам таленавітага дырыжора Юрыя Караваева ярка выканаў сімфанічную паэму «Влтава» Сметаны. А віртуозны скрыпач Сяргей Белазерцаў упершыню прадставіў беларускай публіцы інтэрпрэтацыю Першага канцэрта Вяняўскага.
Кульмінацыйным клічнікам фэсту зрабіўся Трэці канцэрт Рахманінава. Дзякуючы салісту Аляксею Пшанічнаму ў партытуры, выдатнай па сіле эмацыйнага ўздзеяння, адкрылася асаблівая прыгажосць, выявілася шчырасць і глыбіня прачытання музычнага тэксту. Дадам, што на ўсіх канцэртах Трэцяга фестывалю памяці Алёны Цагалка зала апладзіравала стоячы.
Наталля Ганул