Прысвячэнне выставы вялікаму творцу — Марку Шагалу — гэта адначасова мемарыяльны жэст і свайго роду імпульс, правакацыя. Марк Захаравіч Шагал — слынны рэкамбінатар у мастацтве ХХ стагоддзя, непераўзыдзены майстар мастацкіх адлюстраванняў, гульні і ператварэнняў у часе. У гэтым адбіліся яго неўтаймаваны тэмперамент, прышчэпка французскага авангарду ды ідышысцкія ідыёмы са свабоднымі паваротамі ў прасторы-часе. Прадстаўленыя работы лучыць з Шагалам эпоха мета-мадэрнізму. У мастацтве Беларусі ХХ стагоддзя мадэрнізм «стартаваў» некалькі разоў, прычым кожны новы «пачатак» значыў забыванне папярэдняга. Віцебскі эксперымент на чале з Маркам Шагалам, Казімірам Малевічам і Эль Лісіцкім, пазначыўшы прысутнасць самай радыкальна новай творчасці на рубяжы 1910—1920-х, паступова сціраўся ў памяці пакаленняў. Ужо праз дзесяцігоддзе Іосіф Лангбард сцвярджаў, што архітэктура Беларусі як высокае мастацтва пачынаецца з яго прац — цалкам тыповы для мадэрніста міф пра пачатак. Паваенная татальная рэканструкцыя Мінска і стварэнне грандыёзнага архітэктурнага Галівуду сталінскай неакласікі сталі яшчэ адным новым адлікам мадэрнізму. Мадэрнізм з’явіўся ў абліччы трыумфальнай неакласікі і філіграннага архітэктурнага, жывапіснага і пластычнага пісьма. Папярэднія досведы пры гэтым зноў «забытыя», і сапраўды: да 1970-х у Беларусі Шагал, Малевіч і авангард амаль зніклі з нашай культурнай памяці.
Уваскрашэнне «свайго» мадэрнізму паступова адбывалася ў мастацтве Беларусі ў сямідзясятыя і васьмідзясятыя гады. Усё гэта неабходна згадаць для таго, каб стала зразумела, што мастацтва Беларусі не мела бесперапыннай лініі мадэрнізму (у адрозненне ад заходнееўрапейскіх краін). Мадэрнізм у нас застаецца сапраўды «незавершаным праектам».
Прадстаўленая экспазіцыя рэпрэзентуе «сёння» беларускай візуальнай творчасці з яго складаным кантрапунктам неатрадыцыяналізму, мадэрнізму і найноўшых візуальных і цялесных практык. Адсутнасць радыкальных трэндаў у мастацтве Беларусі спалучаецца з вельмі ўмераным развіццём новых тэхналогій рэпрэзентацыі. «Сёння» ў мастацтве Беларусі хутчэй адсылае да плюралізму традыцый, да гульні з воссю часу. Джорджа Агамбен у невялікім эсэ пра сучаснасць раскрывае думку Ніцшэ пра тое, што сучаснае — нясвоечасова. Італьянскі мысляр кажа: цемра, якую мы бачым на небе, — гэта насамрэч безліч галактык, святло, што рухаецца на нас з неверагоднай хуткасцю. Успрымаць у цемры святло, якое спрабуе, але не можа нас дасягнуць, — значыць быць сучасным. Менавіта таму сучаснасць не засяроджваецца ў адзінокім моманце станаўлення, аднак уяўляе мноства перспектыў, што рухаюцца насустрач. Гэтую множнасць ліній беларускай мастацкай сучаснасці і адлюстроўвае экспазіцыя.
Шагалаўскія паэтыка прадстаўлена творамі Мацвея Басава, Леаніда Хобатава, Ірыны Лобан, Зоі Луцэвіч ды іншых. Іх збліжае з работамі мэтра ХХ стагоддзя не столькі сюжэтна-тэматычны спектр, але асаблівае ўвасабленне палёту. Насычаная сэнсамі, створаная складанымі напластаваннямі фактур серыя біблейскіх кампазіцый Басава можа быць суаднесена з Біблейскім пасланнем Шагала. Лёгкасць паветраных формаў і інтымны лірызм, якія культывуюцца Ірынай Лобан, пераклікаюцца з шагалаўскімі вобразамі. Варта адзначыць, што гэткае сваяцтва са спадчынай вялікага майстра — сутнаснае і паэтычнае стаўленне — зусім пазбаўленае пераймання шагалаўскіх тэм, што заўсёды выклікала іронію самога творцы. Леанід Хобатаў знайшоў вытанчаны кантрапункт з выстаўленымі ў экспазіцыі «Закаханымі» Шагала (1981) у гучанні сіне-блакітных тонаў. Нягледзячы на рэзкі кантраст маштабаў — вялікі фармат манументаліста Хобатава і камерны «Закаханых» Шагала, — палатно Хобатава падпарадкаванае працы Шагала і ўтварае экспазіцыйную вось выставы.
Беларуская акадэмічная школа, сфармаваная ў 1960—1970-я, працягвае ўтрымліваць пазіцыю цэнтра айчыннай візуальна-пластычнай культуры. Гэтая школа захавала і сваё фігуратыўна-«рэалістычнае» ядро, і займела шматстайныя праекцыі ў свабоднай жывапіснай імправізацыі. Кампазіцыйная пабудова, вывастраная пластычная мадэліроўка формаў асабліва вылучае віртуозныя гульні з тэхнікай буйнафарматнага малюнка Уладзіміра Вішнеўскага. Нечакана маштабны твор Сяргея Грыневіча («Працэсія 2») характэрны посткласічнай серыйнасцю, паўторам матыву і спыненнем часу.
Карціна-серыя Грыневіча набліжае нас да адной з канцэптуальных тэм экспазіцыі і прывілеяванай вобразнай лініі сучаснага мастацтва Беларусі — да архэ. Архаічнае (як метафара) культывуецца ў формах і міфапаэтычным адлюстраванні вобразаў свету, а таксама ў канструяванні выяў нацыянальнага (лакальнага) першасвету. Першую тэндэнцыю прадстаўляе друкаваная графіка Рамана Сустава, другую — працы Андрэя Ярашэвіча. Татэмісцкія ўплывы адчувальныя ў працах Сяргея Аганава — манументальных, нягледзячы на камерныя памеры. Архаічныя вобразы развівае пластыка Аляксандра Шапо і іранічныя арт-аб’екты Машы Капілавай. Серыя талерак вядомага графіка Юрыя Якавенкі абыгрывае ў фарфоры казачныя і загадкавыя вобразы, алюзіі прэрафаэлітаў у парадаксальна-сюррэалістычным мантажы. У сваіх новых працах Генадзь Козел апелюе да геаметрычных архетыпаў афрыканскай ды іншай «дзікай» творчасці, робячы найцікавейшыя сучасныя рэдакцыі архэ. Архаічнае асабліва блізка беларускаму мадэрнізму з яго скіраванасцю да канструявання ўласнага культурнага міфа...
Работы Наталлі Рачкоўскай увасабляюць з’яву, якую італьянскі крытык Баніта Аліва назваў трансавангардам. У складаных канструкцыях Рачкоўскай гучыць шмат рэферэнцый да авангарду — Лісіцкага, Клуціса, Магрыта, Міро, — але ўсе яны здымаюцца ў яе вытанчанай паэтыцы пісьма. У трансавангард укампаноўваецца і манументальнае пляценне Аляксандра Родзіна, выдатнага майстра, які стварыў сваю формулу стылю ў еўрапейскім мастацтве. Да вобразаў трансавангарду блізкія скульптурныя аб’екты Дзмітрыя Аганава, Максіма Петруля, Канстанціна Селіханава. Сучасная пластыка Беларусі раскрываецца ў двайной перспектыве. Дэматэрыялізацыя — вектар эвалюцыі скульптурнай формы ў другой палове ХХ стагоддзя. І кінетычная скульптура, і аб’екты Джакамеці, Давіда Сміта, Луча Фантана, Конэра і іншых дэстабілізавалі скульптурную форму, парушаючы тым самым яе завершана-пластычную аснову, якую выпесціла пакаленне Гільдэбранта і Маёля ў першыя дзесяцігоддзі мінулага стагоддзя. Толькі ў савецкім мастацтве захавалася стаўленне да скульптуры як да пластычнай цэласнасці, шмат у чым у сувязі з разуменнем статуі як манумента з атрыбутамі завершанасці і вечнасці. Гэтая агульная традыцыя характарызавала і беларускую пластыку, таму выхад скульптараў пакалення дзевяностых і нулявых у самастойную творчасць характарызуецца сімбіёзам двух тэндэнцый.
Аб’екты Максіма Петруля і Дзмітрыя Аганава — асаблівае раскрыццё і «вызваленне» прасторы, да якога блізка сказанае Хайдэгерам: «Мастацтва як скульптура — зусім не авалоданне прасторай. Скульптура <...> не проціборства з прасторай. Скульптура — цялеснае ўвасабленне месцаў, якія, адкрываючы кожны раз сваю вобласць і захоўваючы яе, збіраюць вакол сябе свабодны абшар, які дае рэчам ажыццяўляцца ў ім і чалавеку жыць сярод рэчаў». Пятруль культывуе завершаную форму, сціснутую ў камерны фармат. Яго працы напоўнены поп-артаўскай іроніяй у адносінах да класікі і авангарду і ў той жа час захоўваюць класічны баланс і кантрапункт формаў. У Дзмітрыя Аганава першародная матэрыя скульптуры кандэнсуецца ў двух напрамках — кантрасце матэрыялаў і збіранні іх у ясны, выразны сілуэт. Выключную разнастайнасць пластычных алюзій авангарду дэкларуюць творы Канстанціна Селіханава — ад Бранкузі і Джакамеці да Хёрста. Да трансавангардных пошукаў прымыкаюць працы «Шахматы Казiмiра» (Юлія Ярмак, Вольга Зубарава, Святлана Дулебянец, Вера Мурог, Юлія Копач), «Пяты» (Віталія Падольская, Аляксандра Кушнер), «Алюзіі цела» (Крысціна Малафей, Соф’я Мацаберыдзэ, Людміла Макаранка), «Супрэматычная камбінаторыка» (Паліна Юрэвіч, Вераніка Шпак). Тут у форме алюзій, цытат, дзіўных рэферэнцый прайграюцца супрэматычныя тэмы, пераводзячы супрэматызм з метафізікі жывапісу ў часам іранічныя пластычныя канструкцыі.
Трансавангардны вобраз «пісьма» ўласцівы і творам Уладзіміра Цэслера — аднаго з самых вытанчаных стылістаў у сучасным дызайне і мастацтве. Цэслер — тонкі інтэрпрэтатар авангарду ХХ стагоддзя, што ўвесь час «канкурыруе» са сваімі авангарднымі папярэднікамі, у прадстаўленым у экспазіцыі прынце прайграе вобразы оп-арту.
Абстрактнае мастацтва стала шмат у чым увасабленнем рыторыкі «чысціні» як раскрыцця Ісціны (у платонаўскім сэнсе). Гэты эмбрыён «чысціні» характарызуе абстракцыі Хобатава, якія прыйшлі на змену яго пастозна-экспрэсіянісцкаму жывапісу перыяду ранняй «Нямігі». У супрацьвагу, серыя «Беспрадметнае дзеянне» Анатоля Кузняцова раскрывае дынамічную прыроду абстракцыі, блізкую да пошукаў экспрэсіяністаў. Работы амазонкі абстракцыянізму Ірыны Кузняцовай блізкія да арнаментальных пляценняў. Тонкія па колерафактурнай пабудове, творы Івана Семілетава актуалізуюць тэму «духоўнага». Духоўнае і абстракцыя сталі інтымна звязанымі ў новым мастацтве. Іван Семілетаў развівае гэтую мадэрнісцкую традыцыю, працуючы на мяжы «абстрактнага» — «канкрэтнага» — «рэальнага». Ён імкнецца ўвасобіць індывідуальныя сімвалічныя рэлігійныя перспектывы. Творы Сяргея Саркісава — паміж абстракцыяй і дызайн-графікай. Ён сфармаваў асаблівую мову, якая злучае растравыя гульні з вывастранай фармальнай кампазіцыяй. Работы Саркісава знітоўваюць «стагоддзе сённяшняе» са «стагоддзем мінулым», калі менавіта ва ўлонні дызайну культывавалася мова эксперыменту, выхаваная ў айчыннай школе Ігарам Герасіменкам, Алегам Чарнышовым і Алегам Хадыкам.
У творчасці эпохі сацыялізму эксперымент шмат у чым стаў магчымым менавіта ў фактуры і тэкстуры жывапісу, а не ў яе сэнсавым або кампазіцыйным ядры. Фактурна-экспрэсіўныя пошукі ў сучасным мастацтве доўжаць Зоя Літвінава, Зоя Луцэвіч, Генадзь Козел, Любоў Абрамава.
Асаблівай праблемай экспазіцыі стала ўключэнне ў яе аб’ектаў арт-дызайну. Стаўленне «дызайну» і «сучаснага мастацтва» ў беларускай сітуацыі вельмі своеасаблівае. Складана, напрыклад, уявіць сабе сцэну амерыканскага і еўрапейскага мастацтва, пачынаючы з 1930-х, без дызайн-аб’ектаў Лоўі, Нэльсана і іншых, якія шмат у чым рабілі зразумелымі і блізкімі нам матывы сучаснасці. Нягледзячы на яркі рамантычны ўсплёск станаўлення беларускага дызайну ў 1960—1970-я, наша краіна так і не стала «арэнай дызайну». Тым не менш у канцы ХХ стагоддзя творчасць дызайнераў зрабілася арганічнай часткай беларускага арту. Менавіта таму вобразы дызайнерскага пісьма, прадстаўленыя работамі Дзмітрыя Сурскага, Уладзіміра Цэслера і Сяргея Саркісава, дапаўняюць мастацкую прастору выставы. У іх кандэнсуюцца пошукі мовы, якая затым канкрэтызуецца ў функцыяналь-
ных аб’ектах.
Асаблівай і, мабыць, найбольш актуальнай па стратэгіі стаў фрагмент трэш-арту, створанага групай мастакоў і студэнтаў пад кіраўніцтвам Паўла Вайніцкага. Гэты эпізод сапраўды выглядаў як востраў на фоне структураванай і ўпарадкаванай экспазіцыі твораў і аб’ектаў, але менавіта ён сваім пратэстам супраць «вобразаў прыгожага» бліжэй за ўсё да актуальных пошукаў мастацтва.
У экспазіцыі прадстаўлена панарама работ мастакоў усіх рэгіёнаў Беларусі, выкананых у нядаўнія гады, што робіць яе злепкам айчыннай арт-сітуацыі. Часта сучасная візуальная культура Беларусі характарызуецца як неатрадыцыяналізм, што шмат у чым радніць яе з рэтраспектыўнымі працэсамі ў сучасным еўрапейскім мастацтве. Нашы мастакі нячаста звяртаюцца да эксперыментаў лічбавага мастацтва, медыя-арту, канцэптуалістыкі, цялесных практык. Наогул, як мне здаецца, сэнс панарамы не ў падсумаванні вынікаў, а ў запытванні крытыкаў, публікі, але перш за ўсё — саміх мастакоў. Ахарактарызаваць стан сучаснага мастацтва — не толькі ў нас, але і ў Еўропе — сёння даволі складана. «Актуальнае» і «сучаснае» цяпер не ўваходзяць у экстрэмум крытычнага дыскурсу, іх змяняюць новыя ідэйныя і тэхналагічныя канцэпты, а таксама адроджаны вялікі і шматзначны канцэпт уласна «мастацтва». Ці чакае нас у будучым змена траекторыі, абнаўленне рэпертуару формаў і перажыванняў, рух да новых матэрыяў і тэхналогіяў «сучаснасці»? Новы дух, Neuen Geist, як прароча шапталі калісьці авангардысты?
P.S. Творы намінантаў І Нацыянальнай прэміі ў галіне выяўленчага мастацтва былі прадстаўлены на выставе «Шорт-Ліст», якая праходзіла ў рамках праекта «Вяртанне вобраза. Да 130-годдзя Марка Шагала». Перад здачай нумара ў друк сталі вядомы імёны лаўрэатаў: намінацыя «Жывапіс» — Уладзімір Тоўсцік, «Графіка» — Рыгор Сітніца, «Скульптура» — Васіль Цімашоў і Паліна Пірагова, «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва» — Мікалай Кузьміч, «Творчы дэбют» (і прыз глядацкіх сімпатый) — Алеся Скарабагатая, «Манументальнае і манументальна-дэкаратыўнае мастацтва» — Глеб Отчык, «Навацыя» — Сяргей Белавокі, «Дызайн» — Алена Шындлер, «Мастацкая фатаграфія» — Яўген Колчаў, «Крытыка і мастацтва» — Барыс Крэпак. Віншуем пераможцаў!
Ігар ДУХАН