Верны класічнаму рэалізму

№ 6 (279) 01.06.2006 - 01.01.2005 г

Шасцідзесяты дзень нараджэння адзначыў вядомы беларускі скульптар Уладзімір Церабун. З гэтай нагоды ў гісторыка-краязнаўчым музеі свайго роднага горада Смаргоні ён адкрыў персанальную, чатырнаццатую па ліку,выставу.

Свіцязянка. Новы праект. 2005. 
Свіцязянка. Новы праект. 2005.

Новабудоўля. Гіпс. 1981.
Новабудоўля. Гіпс. 1981.

Мастацкае афармленне плавальнага басейна прадпрыемства «Азот» (Гродна). 1989.
Мастацкае афармленне плавальнага басейна прадпрыемства «Азот» (Гродна). 1989.

МАСТАЦКАЕ ЖЫЦЦЁ ў рэгіянальных цэнтрах нашай рэспублікі заўжды насычанае і разнастайнае, хоць прасачыць за энергетыкай усіх культурных падзей практычна немагчыма. Але яркія асобы, якія фарміруюць культурную атмасферу таго ці іншага рэгіёна, заўжды будуць выклікаць вялікую цікавасць. Уладзімір Церабун, які нарадзіўся ў Смаргоні, большую частку сваіх творчых задум рэалізаваў у Гродне, дзе сем гадоў узначальваў абласную філію БСМ, сёння жыве ў Мінску. Творчасць скульптара цалкам запатрабавана часам, а яго працы часта набываюць вялікі грамадскі рэзананс у тых гарадах, дзе яны ўсталяваны. А пачалося ўсё ў Смаргоні, на той зямлі, пра якую У.Церабун заўжды гаворыць з асаблівай цеплынёй. Сёння ён, «ганаровы грамадзянін горада», наладжвае там свае выставы, увасабляе вобразы землякоў. Зрабіў партрэт свайго духоўнага настаўніка, заслужанага  дзеяча культуры Беларусі А.Дзяругі, які выправіў у творчае жыццё маладога мастака, — цяпер гэты твор выстаўлены на радзіме, у Смаргоні; а таксама партрэт народнага артыста СССР В.Роўды.

У гэтых і іншых скульптурных творах мастак імкнуўся не толькі дасягнуць вонкавага падабенства, але і дакладна выявіць псіхалагічны аспект характару. У работах выразна прачытваецца вернасць традыцыям рэалістычнай школы, якую ўзяла за аснову кафедра скульптуры БДТМІ. У.Церабун вучыўся ў народнага мастака Беларусі прафесара А.Бембеля, ад яго атрымаў жывы ўрок строгіх адносін да мастацтва, настойлівага імкнення да пошуку індывідуальнага творчага почырку, навучыўся любіць натуру і
давяраць ёй, адштурхоўвацца ад непасрэдных уражанняў, пластычна ўвасабляць задумы.

Першым творам, які прынёс маладому скульптару шырокую вядомасць, стаў мемарыяльны комплекс «Дальва» ў Лагойскім раёне. У гэтай вёсцы фашысты спалілі 44 чалавекі, з іх 29 дзяцей. Трагедыя народа дала магчымасць мастаку яшчэ раз пераасэнсаваць мінулае і гісторыю, падказала аскетычнае пластычнае рашэнне помніка.

Прастора стала тут найважнейшым кампазіцыйным фактарам. Фігура жанчыны, якая адзінока стаіць на папялішчы свайго дома, сімвалізуе маўчанне, смутак, боль. Мемарыяльны комплекс «Дальва» хутка набудзе новае жыццё — упраўленнем па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры прынята канцэпцыя яго рэканструкцыі. У апошнія гады ў галіне манументальнага мастацтва У.Церабун у сааўтарстве з А.Крохалевым зрабіў памятны знак да 500-годдзя Смаргоні (2003), памятны знак «Крылатая», прысвечаны супрацоўнікам міліцыі, якія загінулі пры выкананні службовага і воінскага абавязку, у Гродне (2004), памятны знак вызваліцелям Слуцка ў гады Вялікай Айчыннай вайны (2005).

Скульптар актыўна займаецца афармленнем гарадской прасторы Гродна. Вартая ўвагі манументальна-дэкаратыўная работа «Ветразь» каля турыстычнага гатэля, пластыка якой пабудавана на суадносінах розных аб’ёмаў. Тэматычныя рэльефныя кампазіцыі, выкананыя ў тэхніцы «выбівання» з алюмінію, упрыгожылі Палац юнацкай творчасці. Скульптар выканаў тры рэльефы агульнай плошчай 100 кв. метраў — адзін з іх знаходзіцца ў фае і з’яўляецца ўдалым элементам дэкору, вырашаючы ўнутраную прастору будынка. Скульптар прымае актыўны ўдзел і ў пленэрах, напрыклад, у міжнародным сімпозіуме ў г.Міндэле (Германія), у VIII Міжнародным пленэры ў Наваградку, прысвечаным 200-годдзю А.Міцкевіча.

Асаблівае месца ў творчасці Уладзіміра Церабуна займае праца з дрэвам. Любоў да гэтага матэрыялу была ў яго закладзена са школьных гадоў, і сёння ён па-ранейшаму аддае шмат часу станковым работам у гэтым матэрыяле. Драўляныя скульптурныя кампазіцыі выявілі нацыянальны каларыт яго твораў, веданне і разуменне народнага жыцця, славянскай міфалогіі. Варта
адзначыць тую чалавечую цеплыню, якой прасякнуты яго «Летапісец», «Сымон-Музыка», «Жалейка» (прысвечана першаму зборніку вершаў Я.Купалы), «Ясь і Яніна», «Шляхамі вайны», «Непераможныя», «Апошняе жніво». Для Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Я.Купалы скульптар выканаў падвясную кампазіцыю «Рэха», якая сваім прасторавым рашэннем нагадвае работу нямецкага скульптара Барлаха. Але пластычная мова тут аўтарская, не запазычаная, і гэта напамінае, што мы ўсе знаходзімся ў адзінай агульнай культурнай прасторы пад назваю Еўропа. Музычны рытм руху маленькіх шарыкаў здаецца тонкім аскепкам рэха. Асаблівая мадэліроўка формы выдатна перадае задуму аўтара, фігура з узнятай рукой, здаецца, таксама падуладна агульнаму рытму.

Творы жанравага характару выкладзены ў канкрэтных рэалістычных формах, з любоўю да дэталей і апавядальнасці мастацкай мовы, імкненнем знайсці асаблівае пластычнае рашэнне. Многія выкананы ў шамоце і бронзе. Іх вылучае магутная цэласнасць формы, прадуманая прапрацоўка паверхні, ураўнаважаная кампазіцыя. Усе гэтыя пластычныя прыёмы ствараюць адчуванне значнасці, цэльнасці ўнутранага свету самога мастака.

Кампазіцыя падкупляе сваёй прастатой і рэалістычнай паўнакроўнай мовай («За хлеб», «Новабудоўля» ). Імкненне да псіхалагічнай дакладнасці, вобразнасці вызначае скульптуры «Паўза», «Перамога», «Жнівень», «Вясна», якія сімвалізуюць абагульненыя паняцці, выяўляюць лінеарную структуру вобраза. У шмат фігурнай кампазіцыі «Непераможныя» аўтар абапіраецца на дынаміку фігур. Звяртаючыся да агульначалавечых праблем веры, скульптар, як і кожны творчы чалавек, найперш асэнсоўвае Біблію. У.Церабун стварае вобраз Ісуса Хрыста для Бернардзінскага касцёла ў Гродне. Выразныя сілуэты дзвюх іншых постацей, дынамічная трактоўка абагульненых форм у кампазіцыі «Апосталы Пётр і Павел» робяць гэту працу ўдалай па пластычным рашэнні. Мастак мае тонкае пачуццё меры і далікатнасці, не перагружае вобразы залішнімі дэталямі.

Праца з натурай займае значнае месца ў творчасці скульптара. Гэта бясконцае спазнанне і пошук не толькі прыгажосці цела, але і ўнутранага стану душы чалавека. Вобразны лад яго мыслення заўжды накіраваны на пазітыў, на раскрыццё лепшых бакоў
чалавечага характару. Створаная ім серыя «Ракурс» гаворыць пра беражлівы і ўважлівы погляд на аголеную натуру, інтарэс да нечаканых пластычных задач, малюнка лініі, суадносін прасторы і аб’ёмаў, руху і статыкі. Часам ён стварае чыста сімвалічныя, знакавыя вобразы, да якіх можна аднесці «Флору і фауну», «Месяц».

Варта адзначыць і малюнкі У.Церабуна, напоўненыя асаблівай экспрэсіяй, рытмічнымі рухамі аб’ёмаў, лёгкімі святлаценямі і насычанай, нават цяжкай таніроўкай паверхні. Усе гэтыя прыёмы даюць адчуванне глыбіні ліста, зрокава  пашыраюць прастору ў трохмерным аб’ёме.

Гаворачы аб творчасці У.Церабуна, хачу спыніцца і на іншых галінах яго мастацкай дзейнасці. Яго інтарэсы ахопліваюць не толькі скульптуру, але і іншыя віды мастацтва, дзе патрабуецца незвычайная пластычная ідэя і арыгінальнае рашэнне прасторы. Так, пры афармленні басейна прадпрыемства «Азот» мастак выканаў тры гарэльефы, адну круглую скульптуру, а таксама мазаікі, якія ствараюць адчуванне лёгкасці, святла, свята ў інтэр’ерах. Можна згадаць і захапленне шклом — люстры
для касцёла ў Астраўцы, бібліятэкі ў Мастах, дзіцячага дома ў Лідзе. Працуе мастак і ў кераміцы, ім створана 70 эталонаў скульптурных кампазіцый для дробнай пластыкі.

Сёння на станках скульптара стаяць новыя работы. Гэта скульптурная кампазіцыя «Слуцкія ткачыхі» — фігуры аплецены стужкамі і ўскосна нагадваюць ручнікі-паясы; «Свіцязянка», прысвечаная Адаму Міцкевічу; «Бег». Хутка мы ўбачым гэтыя творы ў выставачных залах і парках сталіцы.

Скульптар Уладзімір Церабун заўжды верны сваім творчым прынцыпам. У яго творах захапляюць адданасць класічнаму рэалізму і разам з тым глыбокае веданне каранёў народнага мастацтва, нацыянальны характар вобразаў, дакладная пластычная мова, увасабленне чалавека свайго часу такім, якім ён яго ўяўляе. 
 

ІРЫНА МЯТЛІЦКАЯ