А сцяна так і застанецца нахіленай. Як сімвал міфічнага карабля «Арго», на якім старажытныя грэкі падарожнічалі, шукаючы залатое руно. Ці як увасабленне пахіснутага свету, які пасля здрады ўжо ніколі не будзе ранейшым. Характэрна, што касцюмы ўсіх герояў супадаюць з колерам сцяны. Пастаўце іх побач — і чалавек зліецца з каменем. Іх шэрасць і пасрэднасць далёкія ад міфа і мары. Адзінае выключэнне — галоўная гераіня ў белым грэчаскім хітоне.
Нячасты выпадак: пастаноўка выклікала ажыўленую рэакцыю ў сацыяльных сетках. У гераіні многія глядачкі пазналі сябе (гаворка пра псіхалагічны стан, а не пра ўчынак). Іх водгукі пра спектакль зрабіліся калектыўным флэшмобам. Аказалася, сыход каханага да іншай, да маладзейшай суперніцы стаў для некаторых жанчын жыццёвай катастрофай. Тое, што праблема агучана са сцэны, — мабыць, галоўная вартасць пастаноўкі. Беларускаму грамадству трэба выгаварыцца.
Дарэчы, сацыяльныя сеткі становяцца паўнапраўным удзельнікам спектакля. Але ў нечаканым ракурсе. Яшчэ ў антычнасці важную ролю ў п’есах адыгрываў хор — ён каментаваў падзеі, мог выказаць уласнае стаўленне да персанажа. Гэтую ролю ў пастаноўцы бярэ на сябе фэйсбукавая супольнасць. Фрэнды, якім дапамагае Марына (яна псіхолаг-кансультант), у складанай сітуацыі не адказваюць ёй дабром. Наадварот, бяздумна лайкаюць рэзкія каментары на яе адрас, адмаўляюць у дапамозе. Іх віртуальныя крыкі нагадваюць рэакцыю наведнікаў Калізея, калі тыя патрабавалі забіць гладыятараў. У фінале спектакля фрэнды выбудуюць доўгі калідор, што прывядзе Марыну-Медэю да аконнага праёма...
Але п’еса Юлія Чарняўская ўсё ж не толькі пра гэта. Яе твор — гісторыя антычнай гераіні, якая быццам патрапіла ў сучаснасць (нездарма па сюжэце Медэя — сапраўднае імя Марыны). Аповед пра тое, як антычныя сюжэты і рэаліі ўваходзяць у наш свет. Як у тугі вузел перакручваюцца і пераплятаюцца часы. Як уласныя ўчынкі вяртаюцца бумерангам, ды адолець прадвызначанасць падзей не кожнаму па сілах.
Аднак у інтэрпрэтацыі рэжысёркі Кацярыны Аверкавай гэтыя пласты зніклі. Амаль. Са сцэны ў сцэну нам распавядаюць пабытовую гісторыю пра клапатлівую маці, жонку, гаспадыню — і яе няўдзячнае асяроддзе (як віртуальнае, так і рэальнае), што сваімі паводзінамі давяло гераіню да жудаснага ўчынку. Парадокс, але Медэі спачувае толькі інтэлігентны сусед (Валянцін Салаўёў). Усе астатнія ўяўляюць з сябе нейкі паноптыкум: слабавольны Ясон-Ян (Максім Паніматчанка), свавольная Галя (Гражына Быкава), хамаватая маці Яна, якая размаўляе на трасянцы (Галіна Чарнабаева). Калі Марына не бачыла іх сапраўднае аблічча, дык што яна за псіхолаг? Калі бачыла, дык адкуль ілюзіі і шок?
Ці мае права на існаванне падобная інтэрпрэтацыя? Зразумела! Але навошта ў ёй спатрэбілася Старажытная Грэцыя і міф пра Медэю? Паколькі ад антычнасці рэжысёрка цалкам не адмовілася, выдатная артыстка Людміла Сідаркевіч у адпаведнасці з аўтарскай задумай грае менавіта Марыну-Медэю. Нездарма ў п’есе яна не проста забівала дзяцей, а, па сутнасці, выпраўляла іх у антычны «рай». А вось усе партнёры Сідаркевіч (хто больш, хто менш пераканаўча) граюць выключна сучасных людзей (паводле рэжысёрскай задумы). Таму Марына і яе муж Ян часам нагадваюць замежнікаў, якія гавораць на розных мовах...
Але самае галоўнае: пабытовая гісторыя ў фармаце, прапанаваным РТБД, вымагае хутчэй суперажывання, чым сур’ёзнай інтэлектуальнай працы: на бок Марыны глядзельня перайшла ўжо на пачатку спектакля, максімум — да антракту. Таму частка другой дзеі ператварылася ў дадатак — мілы, але часам не абавязковы.
Зрэшты, калі пасля прагляду глядачкі і, галоўнае, гледачы зірнуць на ўласныя сем’і іншымі вачыма, мэта стваральнікаў пастаноўкі будзе дасягнутая.
Дзяніс МАРЦІНОВІЧ