Простыя сюжэты, даўно раскладзеныя ледзь не на атамы? Мяркую, менавіта сваёй дакладнасцю, адшліфаванай стагоддзямі назіранняў за чалавекам, чысцінёй эмоцый, учынкаў, іх вечнасцю і спрадвечнасцю. Тэатр пачынаўся з рытуалу, антычны тэатр — з міфа, таму не дзіўна, што міфічныя сюжэты зачароўваюць дзеячаў гэтага віду мастацтва. Чалавек ды сцэнары жыцця, падрыхтаваныя ягоным лёсам, не змяняюцца. Мяняюцца толькі эпохі-дэкарацыі, і на сучаснай сцэне можна сустрэць Медэю, якая замест варажбы дае парады па псіхалогіі, касметалогіі і выхаванні дзяцей...
Такой паўстае адна з самых страшных міфалагічных гераінь у «Сіндроме Медэі» Юліі Чарняўскай. Час змяніўся, разам з ім змянілася і Медэя (яна атрымала новае імя — Марына), матывацыя яе жудаснага ўчынку, але не прычыны, што зрушылі ягоны страшны механізм. Змяніўся за стагоддзі тэатр, аднак адбіткі антычнай трагедыі выніклі ў спектаклі, пастаўленым рэжысёркай Кацярынай Аверкавай. Застаўся хор, які падвоіўся: захаваў сваю ролю назіральніка-каментатара дзеяння і ператварыўся ў саўдзельніка, калі не аднаго з віноўнікаў злачынства. Засталася выключная роля музыкі і пластыкі, рэдукаваныя маскі, хоры Іосіфа Бродскага да «Медэі» Эўрыпіда (пераклад паэтычных частак п’есы ажыццявіў Стась Карпаў, празаічных — Дыяна Даражок). Засталася, нарэшце, Медэя, абражаная і пакінутая, але лютая нянавісць і помста зніклі, іхняе месца занялі нашы рэаліі — ад тэлевізійных ток-шоу і «Фэйсбука» да сакавітага слэнгу.
Сюжэт «Сіндрому Медэі», нягледзячы на антычную падставу, і сам спектакль — надзіва сучасныя па гучанні. На сцэне — жанчына, якой здрадзіў муж, і яна ў роспачы забіла сваіх дзяцей. За гісторыяй Медэі нашага часу — развагі пра небяспеку страты сябе, «растварэння» ў іншым (нездарма эпіграфам да пастаноўкі ўзятыя радкі з Эўрыпіда: «Усё, што мела я, злілося ў адным, І гэта быў мой муж...»), а таксама... пра моц сацыяльных сетак, дзе за каментарамі ды падабайкамі знікае чалавек. Прысвячэнне свайго жыцця іншаму і ахвяраванне ўсім дзеля яго, ператварэнне чалавечай супольнасці ў сукупнасць бязлітасных, пазбаўленых спагады, ахвочых да пікантных гісторый і крывавых падзей ананімных істот — гэтыя дзве тэмы выразна працягнуты драматургам і рэжысёрам.
Медэя-Марына (Людміла Сідаркевіч) у вырашэнні Кацярыны Аверкавай, безумоўна, успадкавала свой антычны прататып. Яна — жанчына-чужаніца са свету, дзе сонца, мора, вінаград, казіныя сцежкі і моцныя родавыя сувязі ды абавязкі. Воблік гераіні (мастачка — Алена Ігруша) адзіны ва ўсім спектаклі адсылае да антычнасці — праз стылізаваны грэчаскі белы строй ды прычоску. Але, нягледзячы на выразныя паралелі з міфалагічнай гераіняй, Медэя-Марына — жанчына сучасная. Яна мае адукацыю псіхолага, шырокі кругагляд, актыўна карыстаецца інфармацыйнымі тэхналогіямі. Выдатная маці, жонка і гаспадыня, да таго ж стараецца зарабляць. Медэю Людмілы Сідаркевіч вылучае спагадлівасць, дзіўная мяккасць і пяшчота, што робіцца сапраўднай прыемнай нечаканасцю, калі згадаць «трагічныя» вобразы артысткі ў пастаноўках РТБД «Пелікан» ды «Гэта ўсё яна», увасобленыя апошнім часам. У гераіні Людмілы Сідаркевіч ані залішняй нервовасці, ані крыку, здольных сапсаваць самую лепшую ролю, — толькі мудрасць, стрыманасць ды часам неверагоднае напружанне ад болю. Адным словам, сучасная Медэя — сапраўдны ідэал! І менавіта ідэальнасць робіцца адной з асноўных прычын асабістай трагедыі жанчыны, якая прысвяціла сваё жыццё каханаму.
«...Яна ва ўсім адметная была. ...я ўсім ёй абавязаны... Вось за гэта і ненавіджу», — прызнаецца неўзабаве Ясон-Ян (Максім Паніматчанка). Бо цяжка жыць з ідэалам. Складана адпавядаць яму. Залатое руно ператвараецца ў метафару абавязку, ускладзенага на Ясона жонкай. Фізічна яго ўвасабляе футра-паліто, што апранае Медэя на свайго каханага, ствараючы вобраз ідэальнага мужчыны, «самага-самага», яму трэба адпавядаць. Толькі ноша робіцца занадта цяжкай, і Ясон скідае футра-паліто, аблічча ідэалу, каб знайсці прытулак і спакой побач са «звычайнай» жанчынай. Герой Максіма Паніматчанкі не банальны здраднік, якога пацягнула да маладога цела. Ён добра разумее і прызнае, чым абавязаны Медэі, аднак усяго гэтага недастаткова, каб «выламаць і выкруціць рукі з усіх суставаў» ды застацца з жонкай. Галоўная хіба Ясона — слабасць, праз яе ўсё, што было ў Медэі, перадусім «руно» (метафара радзіны, радзімы, сям’і), апынаецца ля доўгіх, ледзь прыкрытых шорцікамі ног легкадумнай і, «калі па часнаку», абыякавай да Ясона-Яна Галі. Ідэальны свет, выбудаваны ідэальнай жанчынай, раскідаецца.
Гэты свет Медэі цудоўна ўвасоблены лаканічнай сцэнаграфіяй Алены Ігрушы. Бела-шэрая сцяна — пад’езд звычайнага дома з кватэрамі-хрушчоўкамі, тое месца, дзе адбываецца сучасная трагедыя, — раптоўна разбураецца і адкрывае прастору мікракосму жанчыны, што пабудавала сваё жыццё з мужчынам. Белая выспачка шчасця з чырвонымі кветкамі кахання. Над ёй, быццам багіня-захавальніца агмяню, — Медэя. У праёме, цэнтры сусвету, — статуэткі дзяцей, маленькіх ідалаў, бостваў, на якіх моліцца маці. Сцэны ідыліі дакументуюцца ўспышкамі святла — фота ідэальнай сям’і. Але на выспачку ступіць пругкая беленькая ножка ў туфліку на вострым абцасе, пагнуцца краскі-макі. Свет Медэі абрынецца разам з рэшткамі сцяны, і тады Марына канчаткова ператворыцца ў Медэю, маленькія ідалы-боствы, статуэткі дзяцей, — у надмагільны помнік, а чырвоны колер макаў (сімвал кахання) зробіцца колерам пралітай крыві. І чым больш чужаніц узлезе на гэтую выратавальную выспачку, дзе спрабуе захаваць свой сусвет, узняць галоўкі красак Медэя, тым хутчэй наблізіцца трагедыя. Здрады мужа, прыяцеля дзяцінства і сяброўкі, што некалі прысягалі дапамагчы ў любой сітуацыі, прымус пакінуць дзяцей даводзяць Медэю да роспачы. Аднак ці не галоўным у рашэнні забіць робіцца асэнсаванне таго, у якім свеце Медэя мусіць пакінуць сыноў. Ён пазбаўлены каштоўнасцей жанчыны, вернасці, падтрымкі, шчырасці, населены безаблічнымі людзьмі-ценямі: свет фрэндаў з «Фэйсбука», здольных толькі лайкаць ды рэпосціць.
Згадайма: у спектаклі застаўся хор, спадчына антычнай трагедыі, які адначасова ўвасабляе і «фэйсбук»-супольнасць, фрэндаў Медэі. Кацярына Аверкава абмежавала колькасць занятых артыстаў, таму сярод «фэйсбучукоў» можна пабачыць Галю (Гражына Быкава), сяброўку Медэі (Марыя Пятровіч), Эдзіка-Эгея (Аляксандр Марчанка), маці Ясона-Яна (Галіна Чарнабаева)... Чым не метафара? Канкрэтны чалавек губляе сваю асобу, апрануўшы ў сеціве маску-акаўнт. Нездарма ж касцюмы дзейных асоб чорна-шэрыя, быццам пакрытыя пылам-павуціннем, а твары з белым грымам нагадваюць маскі. Зрэшты, яны хутка з’явяцца на тварах фрэндаў. Людзі-прывіды абступяць Медэю і няўгледна падштурхнуць да роспачнага кроку. Сацыяльныя сеткі, медыя, якія ствараюць рэальнасць, здольную забіць, увасоблены вельмі ярка, і значную ролю ў рашэнні гэтага вобразу адыграе праца Яўгена Карняга. Гармідар, учынены ў «Фэйсбуку» фрэндамі, паказаны ў пластычных сцэнах так, што няцяжка разабраць асноўныя эмоцыі і тэмы, якія пануюць у Сеціве: сэкс, гвалт, агрэсія, страта годнасці, зацыкленасць на падабайках і таннай папулярнасці. Чарговая сварка ў сацсетцы нагадвае куратнік, дзе куры раптоўна ператвараюцца ў каршакоў, што сваімі (ня)добразычлівымі каментарамі літаральна збіваюць Медэю з ног. Яўген Карняг і Кацярына Аверкава здолелі адшукаць варты пластычны эквівалент і ліставанню герояў: характэрныя рухі нагадваюць перамыканне затвора. Як лёгка, бяздумна і часам бяздушна з’яўляецца чарговы камент альбо ставіцца лайк, здольны прыспешыць трагедыю?
Праз пластычныя метафары пададзена і адна з самых прыгожых сцэн спектакля — каханне Медэі і Ясона. Медытатыўныя хоры (кампазітарка Кацярына Аверкава), бы марскія хвалі, коцяцца ў залу, у мілосных гульнях Медэя зачароўвае-заварожвае Ясона. І вось ужо з прыполу белай сукенкі жанчыны праліваецца дождж чырвоных пялёсткаў — з’яўляюцца дзеці. Як тут не прыгадаць, што дзеці — кветкі жыцця, тая самая кроў, якая звязала Ясона і Медэю? Гэткая метафарычнасць уласцівая многім эпізодам, і менавіта яна пазбаўляе фінал адназначнасці. На самым пачатку дзеяння з другога яруса сцэнаграфічнай канструкцыі, дзе ўзвышаецца Медэя, падаюць і разбіваюцца статуэткі-дзеці. Забойства. Але ў фінале, калі гераіня зацягвае статуэткі наверх, на падваконне метафарычнага акна — у выратавальны іншасвет, такое адназначнае меркаванне выказаць ужо нельга. Гісторыю сучаснай Медэі рэжысёр падае так, нібы смерць дзяцей можа быць і няшчасным выпадкам. Застаецца нават слабая надзея на тое, што ўсе папярэднія падзеі прымроіліся-прадбачыліся Медэі, а яе лёс, як і лёс ейнага мужа, можа зрабіцца паўторам сюжэта, бліскуча перададзенага праз маналог персанажа Сяргея Шымко. Шматварыянтнасць — адзін з моцных бакоў удалага спектакля. Да іх можна далучыць і смелае ўвасабленне складаных і балючых тэм, якія нават фізічна прымушаюць гледачоў адчуць сябе на месцы персанажаў, бо падчас ток-шоу Ясон-Ян спускаецца са сцэны і звяртаецца да іх.
Пастаноўка вылучаецца і адметнымі тыпажамі, створанымі Галінай Чарнабаевай (Маці Ясона), Гражынай Быкавай (Галя), Марыяй Пятровіч (Сяброўка); трэба адзначыць невялікія, але філігранныя работы Валянціна Салаўёва (Сусед) і Сяргея Шымко. У спектаклі склаўся гарманічны ансамбль драматурга, пастаноўшчыкаў і выканаўцаў: яны здолелі паставіць дыягназ сучаснаму грамадству. Бо «Сіндром Медэі» — не толькі пасляродавая дэпрэсія і пашыранае самагубства. Гэта перадусім абыякавасць, паглынанне чалавека, жывых стасункаў, людскага стаўлення медыйнай прасторай. А яшчэ «Сіндром Медэі» — чарговы ў аздараўленні рэпертуару РТБД, вяртанні да сучасных, выразных спектакляў па творах беларускіх аўтараў, здольных узрушаць, прымушаць пакутаваць і, хочацца спадзявацца, нешта змяняць у сабе і свеце.
Кацярына ЯРОМІНА