Юбілеі – творцаў і спектакляў

№ 3 (300) 01.03.2008 - 31.03.2008 г

Творчай нястомнасці калектыву Нацыянальнага тэатра оперы не перастаеш дзівіцца! Тэатр уражвае ўсё новымі і новымі знаходкамі. Сярод іх не толькі прэм’еры, якія вартыя асобнай размовы, але і канцэртныя праграмы аркестра і салістаў, кожная з якіх мае скразную тэму і ўласную драматургію. Шчыра кажучы, будзе шкада, калі пасля заканчэння капітальнага рамонту тэатр вернецца да больш звыклых і традыцыйных форм свайго існавання.

 /i/content/pi/mast/8/189/MD-Mushynskaya.jpg

Пахвальна, што калектыў не забывае сваіх знакамітых мэтраў. Так, спектаклем «Баль-маскарад» Д.Вердзі (дзе быў «выстаўлены» найбольш моцны склад: Н.Шарубіна -- Амелія, С.Франкоўскі -- Рычард, М.Майсеенка -- Рэната, Г.Гур’ева -- Аскар) опера нагадала пра 80-гадовы юбілей выдатнага рэжысёра, народнага артыста Беларусі Сямёна Штэйна. “Баль” стаўся адной з апошніх яго работ.
А ўвогуле ён паставіў больш за 40 спектакляў, у тым ліку 16 -- на мінскай сцэне. С.Штэйн адыграў важную ролю ў аднаўленні нашага музычнага тэатра. У гісторыю ўвайшоў найперш як пастаноўшчык, які ўвасобіў на сцэне буйныя творы айчынных кампазітараў -- оперы «Зорка Венера» і «Новая зямля» Ю.Семянякі, «Джардана Бруна» С.Картэса, «Сівая легенда» Д.Смольскага, «Сцежкаю жыцця» Г.Вагнера і «Князь Наваградскі» А.Бандарэнкі.
Яшчэ адзін юбілей, на шчасце, жывога і надзвычай жыццярадаснага артыста, таксама народнага, -- вядомага баса Віктара Чарнабаева. Сёлета споўнілася 50 гадоў з таго часу, як ён працуе ў беларускай оперы. На яго творчым рахунку больш за 100 (!) партый, велізарны фонд аўдыё- і відэазапісаў, тысячы канцэртаў. Здзіўляе і шырыня творчага дыяпазону. Сярод яго герояў -- Млынар і цар Дадон, Іван Сусанін і Фальстаф, Філіп ІІ і Кутузаў, Агамемнан і Дон Паскуале. Тэатр віншаваў В.Чарнабаева напрыканцы лютага. У «Севільскім цырульніку» Д.Расіні юбіляр выконваў адну з любімых роляў -- дона Бартала, камічнага старога апекуна Разіны.

 /i/content/pi/mast/8/189/Jubilei1.jpg
 «Севільскі цырульнік» Д.Расіні. В.Чарнабаеў (дон Бартала).

Адмысловы юбілей адзначыў Нацыянальны тэатр балета -- 1200-ы спектакль «Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага. Ён упершыню з’явіўся на мінскай сцэне ажно 70 гадоў таму, у 1938-м. Тэатр аднаўляў і абнаўляў балет перыядычна -- у 1948-м і 1967-м (пастаноўшчык К.Мулер), 1978-м (пастаноўшчык А.Месэрэр). Кожны раз захоўвалася харэаграфія М.Пеціпа, Л.Іванова, А.Горскага. Цяпер шэдэўр класікі ідзе ў версіі 1986 года (пастаноўка А.Месэрэра, аднаўленне В.Елізар’ева, сцэнаграфія Э.Гейдбрэхта).
У галоўнай партыі юбілейнага паказу выступілі тры маладыя балерыны. Адэта В.Гайко ў «лебядзінай дзеі» паўставала экспрэсіўнай, з ломкімі лініямі. Гэтую ж партыю ў апошняй карціне выконвала загадкавая і трагічная М.Вежнавец. У К.Борчанка Адылія паўставала халоднай і інфернальнай спакусніцай. Усе тры нашы вядучыя салісткі надзвычай яркія. Танюткія, бязважкія, віртуозныя. Неверагодна выразныя па пластыцы. У міжвольным спаборніцтве перамагла, на маю думку, М.Вежнавец, якая мела найменшую прастору партыі, але стварыла вобраз надзіва глыбокі і трапяткі.
Падзеленымі паміж рознымі выканаўцамі былі і іншыя партыі. З трох Прынцаў (І.Артамонаў, М.Радзюш, П.Борчанка) найбольш рамантычным і пераканальным аказаўся другі. Ротбарта танцавалі Ю.Кавалёў і Д.Клімук, Блазна -- К.Кузняцоў, І.Савянкоў. Такім чынам глядач адначасова ўбачыў усіх найбольш цікавых салістаў. Выснова: кожная нечаканая і небанальная мастацкая акцыя адразу павышае цікавасць да айчынных балетных спектакляў.

 /i/content/pi/mast/8/189/Jubilei2.jpg
 "Баль-маскарад" Д.Вердзі.
Сцэна са спектакля.

З гэтай нагоды хацелася б прапанаваць тэатру надзвычай цікавую ідэю. Некалі, падчас гастроляў у Францыі, наш балет паказаў аднаактовую праграму «Пяць дуэтаў у белым». Выдатная, рамантычная назва! Чаму б да яе не вярнуцца, дадаўшы новыя (ці добра забытыя) фрагменты? Напрыклад, аднаактовы балет «Адажыета» на музыку Г.Малера, які дваццаць пяць гадоў таму танцавалі Л.Бржазоўская і Ю.Траян, а пазней -- Н.Дадзішкіліяні і У.Камкоў. Новае пакаленне гледачоў пра «Адажыету» не мае ніякага ўяўлення. Гэтаксама, як і пра «Камерную сюіту» на музыку Р.Шчадрына, якую некалі выконвалі У.Іваноў і Л.Цярэнцьева, а ў ЗША, падчас міжнароднага конкурсу ў Джэксане, -- Н.Ананіяшвілі і А.Ліепа. Пераканана: калі б тэатр вярнуўся да тых выдатных пастановак Елізар’ева, нашы балетныя пары змагаліся б, горача і заўзята, што каму танцаваць! Калі ж да згаданых нумароў дадаць дуэты з асобных балетаў мастацкага кіраўніка трупы (тыя, што цяпер рэдка выконваюцца, напрыклад, з «Жар-птушкі», «Вясны свяшчэннай»)... А яшчэ ўспомніць лепшыя дуэтныя мініяцюры двух вучняў Елізар’ева -- Р.Паклітару і Н.Фурман, напрыклад, «Адажыо» на музыку П.Чайкоўскага ў выкананні Ю.Дзятко і К.Кузняцова; нумар «Прывід ружы» Р.Паклітару (пераасэнсаванне фокінскага шэдэўра); дуэт Макбета і лэдзі Макбет з балета, пастаўленага Н.Фурман... Не сумняваюся, зала стагнала б ад захаплення, сцены скаланаліся б ад апладысментаў.
Гэта так проста! Ніякіх фінансавых выдаткаў. Толькі фінансавыя даходы і маральныя дывідэнды. У выглядзе заўсёды актуальнага і патрэбнага аншлагу...