Аказваецца, можна! У гэтым пераканаў праект, паказаны ў мінскай зале «Верхні горад». Фольк-этна гурт «Малала», які складаецца са студэнтак Беларускай акадэміі мастацтваў, прадставіў канцэртную праграму «Дзеўка плача — замуж хоча». Вядома, гэта радок з народнай песні. Дык чаму ж плача дзеўка? І да чаго яна імкнецца, акрамя таго, як выйсці замуж?
Праект здзівіў многім. Прафесійным піярам. Амаль поўнай залай у выходны дзень. Прадуманым афармленнем сцэны. Касцюмамі — лён, аплікацыі з чырвонага колеру, узоры, якія мелі шмат агульнага са сцэнаграфіяй.
Юліяна Шырма, Алена Грыб і Іларыя Шышко ўразілі абсалютнай раскаванасцю, упэўненасцю пачування сябе пад прыцэлам залы. Па ўсім відаць, што гэта не пачаткоўцы, а артысткі, якія маюць немалы вопыт выступленняў і стасункаў з публікай.
«Плюсам» праграмы можна лічыць дакладнае вымаўленне ў беларускіх, рускіх і польскіх песнях. Здольнасць імгненна пераключыцца на іншую «моўную хвалю». Яшчэ больш зачароўвае, што кожная з паненак паўстае ў розных абліччах. Юліяна — цымбалістка і спявачка. Іларыя грае на кельцкай арфе і свісцёлках. Алена — на акардэоне, ударных і свісцёлках. І пераключаюцца дзяўчаты з аднаго інструмента на іншы, граюць адначасова на некалькіх настолькі свабодна і натуральна — гэтым таксама немагчыма не захапляцца.
І нарэшце пра галоўнае — стаўленне да аўтэнтыкі і крыніц. Ёсць тыя, хто жыве фальклорам (даследчыкі-фалькларысты, кіраўнікі гуртоў, удзельнікі). Ёсць тыя, хто ставіцца да падобнага кірунку скептычна, маўляў, зноў гэтыя бабкі зацягнулі свае аднастайныя песні! У гурце «Малала» вабіць менавіта сучаснае ўспрыманне фальклору. Сучаснае — значыць убачанае, адчутае праз псіхалогію чалавека ХХІ стагоддзя. Таму натуральнае захапленне першакрыніцай яднаецца з іранічна-гумарыстычным стаўленнем да яе. І нават да свайго ж захаплення. Іронія сучаснай гараджанкі не дае трапіць на тэрыторыю пафасу, празмернай узнёсласці, якія цяпер выклікаюць недавер, абмяжоўвае, сцішвае празмернасць. І адначасова надае вакальным і інструментальным кампазіцыям праграмы рысы інтэлектуальнага занятку, дадае элементы музычнай гульні. Артысткі нібыта сцвярджаюць: «Паслухайце, як гэта класна! Як актуальна і дасціпна гучыць!»
У сучасным грамадстве, фемінізаваным дастаткова або замала (як хто лічыць), сам радок народнай песні «Дзеўка плача — замуж хоча» можа ўспрымацца як сэксізм, замах на свабоду жанчыны, прывязанасць да дамастроеўскіх поглядаў і звычаяў. Маўляў, няшчасная-гаротная, не выйдзе замуж — лёс не складзецца! У тым выпадку, калі традыцыйны твор «прыпраўлены» гумарам, іроніяй, пэўнай адасобленасцю, позіркам збоку, каштоўны фальклорны дыямент пачынае — як ні дзіўна і ні парадаксальна! — ззяць нечаканымі фарбамі. Не бяруся сказаць, такое мастацкае рашэнне было інтуітыўным або свядомым, але яно дало свой плён.
А цяпер крыху пра кожную з салістак этна-гурта «Малала». І пра тое, як склаўся адметны калектыў.
Да Акадэміі мастацтваў Юліяна, фактычна стваральніца калектыву, скончыла Гродзенскі музычны каледж па класе цымбалаў. І да гэтага часу адчувае ўдзячнасць педагогу Віктару Вітольдавічу Вашкевічу і яго жонцы, канцэртмайстарцы Вользе Васільеўне, з якой дастаткова часта выпраўлялася на міжнародныя конкурсы. Спіс перамог сур’ёзны. Выберу з яго найбольш значнае. Юліяна — лаўрэатка Рэспубліканскага конкурсу выканаўцаў на народных інструментах у намінацыі «цымбалы» (Гродна, 2009). Лаўрэатка IV Адкрытага міжнароднага конкурсу выканаўцаў на шматструнных бязгрыфных інструментах імя Веры Гарадоўскай (Масква, 2010). Фіналістка Нацыянальнага адборачнага туру конкурсу маладых музыкантаў «Еўрабачанне-2010» (Мінск).
— Што датычыць гурта «Малала», дык спачатку я іграла адна, — распавядае Юліяна. — Усё пачалося з эксперымента. Імкнулася зрабіць нумар у жанры музычнай эксцэнтрыкі. Шмат гадоў цікавілася народнымі песнямі, але крыху засмучаў элемент аднастайнасці. Было жаданне дадаць драматургію. Тым больш слова ў песнях не заўсёды чутнае. Да цымбалаў далучыла там-там і бубен. Так з’явілася першая песня «Іскарка». Працавала далей у такім жа кірунку.
Дзесьці праз паўгода кіраўнік курса Віталь Катавіцкі падказаў тэлефон дзяўчыны, якая іграе на акардэоне. Гэта была Алена Грыб. Яна навучалася ў Акадэміі мастацтваў завочна, на рэжысуры тэатра драмы, у Валянціны Ераньковай. Я паказала Алене свае творы, ёй спадабаўся такі напрамак думак, пачалі працаваць разам. Плюсам для развіцця групы стала тое, што дзяўчына раней спявала ў хоры, у яе мелася першая вышэйшая музычная адукацыя. Трэцяя ўдзельніца, Іларыя Шышко, вучыцца ў Акадэміі па спецыяльнасці «артыстка тэатра і кіно». Калі яна ўнесла ў пакой інструмент, назвы якога я тады не ведала (кельцкая арфа), мы зразумелі: гэта цуд! Іларыя прыватным чынам навучалася ігры на інструменце. Праз паўгода пасля нашай сустрэчы імправізавала на арфе. Для адной з польскіх песень нам спатрэбіўся варган. Я набыла, а на наступнай рэпетыцыі Іларыя ўжо іграла на ім.
Унутры калектыву ёсць своеасаблівы падзел. Усімі арганізацыйнымі пытаннямі займаюся я. Збірацца на рэпетыцыях, калі кожная з нас працуе і расклады не супадаюць, не надта лёгка.
Аранжыроўкі ў нас усе арыгінальныя. «Іскарку», «Ой, па мору», «Sowa» рабіла я, але з прыходам Алены творчасць стала агульнай. Прыдумваем удваіх. Мой клопат — драматургія твора, ідэя, характар, матывы, шукаю цікавы прыёмы гуказдабыцця. Алена займаецца вакальным раскладам галасоў. Лара ўзбагачае палітру акцёрскімі эмоцыямі і музыкальнымі пералажэннямі.
Вы пытаецеся пра польскую мову. Я з дзяцінства ўдзельнічала ў польскіх конкурсах, асабліва любіла аратарскія. На адным з такіх у краіне-суседцы спаборнічала з палякамі і атрымала званне «Mistrzyni słowa polskiego». Займала месцы, таму кожнае лета бясплатна ездзіла ў лагер у Польшчы. Вучылася ў школе з паглыбленым вывучэннем польскай. Наогул люблю мяккасць гэтай мовы. Але пры выбары прафесіі цымбалы перамаглі.
Фактычна калектыў «Малала» існуе два з паловай гады пасля таго, як мы аб’ядналіся з Аленай Грыб, і два гады з моманту ўтварэння трыа, калі да нас прыйшла Іларыя. Кожны год у Акадэміі мастацтваў ладзіцца конкурс «Чытаем і спяваем». Праз паўгода пасля ўтварэння трыа мы там выступілі і занялі 1-е месца. Потым далі паўгадзінны канцэрт падчас штогадовай навуковай канферэнцыі, якая звычайна праходзіць у маі. Потым вырашылі паўдзельнічаць у Рэспубліканскім конкурсе «Маладыя таленты Беларусі», атрымалі «Дыплом за творчы пошук».
Падрыхтоўка праграмы — гэта вынік нашай сумеснай працы. Частка песень з самага пачатку была сольнай, але з прыходам дзяўчат зрабілася шматгалосай. Мы ніколі не спыняемся на дасягнутым выніку. Спрабуем мяняць і ўдасканальваць нават гатовы матэрыял. Таму на наступным канцэрце гэты ж твор будзе гучаць іначай. Гастролі пакуль не плануем. Шукаю базу для калектыву. Сёлета заканчваю Акадэмію мастацтваў.
«І што, усё ў іх бездакорна?» — спытае скептык-зануда. На гэта адкажу, што мяжы ўдасканальванню няма. І для славутых выканаўцаў, і для маладых. Калі меркаваць па канцэрце ў «Верхнім горадзе», можна паляпшаць сумесную працу з гукааператарам. Бо гук часам атрымліваўся занадта моцны. Але ж і зала акустычна складаная. Тое пацвердзяць усе вакалісты-выступоўцы. Можна падумаць і над балансам вакалу і інструментальнага суправаджэння. Але ў дадзеным выпадку гэта не самыя істотныя моманты.
Напрыканцы некалькі думак пра перспектыву. Па-першае, вельмі б не хацелася, каб такі адметны і арыгінальны гурт з часам распаўся. З-за праблем фінансавых ці арганізацыйных. Зразумела, студэнцкі час — адны ўмовы, адзін настрой, а самастойнае жыццё — іншы. Было б выдатна, каб малады калектыў узяла пад сваё крыло і свой дах сур’ёзная музычная структура. Па-другое, хацелася, каб праграму, у якой так натуральна з’ядналіся песні беларускія, рускія і польскія, пачула і пабачыла публіка ў суседніх краінах. Па-трэцяе, шлях ад стварэння гурта да шырокага прызнання — праз фестывалі, тэлепраекты — у нас звычайна надта доўгі. Але чаму б такую завядзёнку не памяняць? Патрэба ў новых тварах і творах, адметных праграмах і праектах заўжды існуе. Чаму б тую ж «Малалу» не запрасіць на чарговы «Славянскі базар»? Не адправіць на прэстыжны замежны фолк-фэст? Калі ў беларускай музычнай культуры менавіта такі твар — дзявочы, прывабны, — гэта толькі ўсцешвае. Абнадзейвае і натхняе.