Жаночае адзенне стала тэмай грамадскага абмеркавання зусім нядаўна. Яшчэ на пачатку ХХ стагоддзя адна згадка пра жаночую бялізну выклікала гул незадавальнення ў высакародных колах грамадства, не кажучы ўжо пра палаючыя ад цноты твары дзяўчат, выхаваных у духу віктарыянскай эпохі. Нават лёгкі намёк пра інтымную тэму лічыўся чымсьці вульгарным і непрыстойным. Гук шоргату ніжняй спадніцы, па-французску «fru-fru», — і вось, калі ласка, каб паказаць летуценнасць князя Вронскага з рамана «Ганна Карэніна», конь князя займеў мянушку Фру-фру.
У Еўропе жаночая бялізна апісваецца французскім словам «brassière» — вупраж. Можна ўявіць, што шаўковыя стужкі гэтай далікатнай вупражы трымае ў сваіх маленькіх ружовых пальчыках гарэзлівы Амур. Насамрэч Францыя доўгі час вядзе рэй у модных тэндэнцыях, таму надалей будзем ужываць французскія назвы асобных артэфактаў. Гісторыя brassière прасочваецца яшчэ з часоў Старажытных Грэцыі і Рыма. Тое, што мы зараз называем тэрмінам «бялізна», стала вядома ў Еўропе з XII стагоддзя. Амаль тысячу год таму назад пад верхняй сукенкай насілі толькі адну доўгую белую льняную кашулю з доўгім вузкім рукавом — shemise. Яна была ўніверсальнай для мужчын і жанчын і пратрымалася ў модзе аж да сучаснасці. Шамізэ можна ўбачыць на многіх творах мастацтва XII—XVIIІ стагоддзяў. Напрыклад, на мініяцюры пад назвай «Месяц Люты» братоў Лімбург з «Цудоўнага часаслова герцага Берыйскага» намаляваныя падлеткі, якія грэюцца ля вогнішча каміна і цалкам не надаюць увагі таму, што пад верхнім адзеннем у іх з бялізны толькі шамізэ. Ільняныя кашулі вышэйшых і ніжэйшых слаёў грамадства адрозніваліся толькі вырабам тканіны і фасонам. Вельмі дарагія і тонкія навобмацак шамізэ былі прывілеем магнатэрыі, а мужчынскія партрэты майстроў Лукаса Кранаха, Ханса Хальбейна паказваюць не толькі грунтоўную верхнюю вопратку сярэднявечча, але і найтанчэйшы лён ніжніх кашуль. Хенрыка Стофельз, каханка Рэмбрандта, на карціне вялікага мастака дэманструе жаночую шамізэ вольнага крою, якая ападае ўздоўж цела буйнымі складкамі.
У XIV стагоддзі brassière упершыню выконвае ўжо не толькі ўтылітарную функцыю, але становіцца модным дадаткам да верхняй вопраткі. Надышла эпоха Адраджэння, і Еўропа, прасякнутая эстэтыкай антычнай культуры, пераглядае строгае сярэднявечнае стаўленне да ўсіх бакоў паўсядзённага жыцця. Жаночае цела, якое было надзейна схавана ў абцугах аскетызму многія стагоддзі, зноў пачынае размаўляць мовай кахання і пачуццяў. Вядучую ролю ў мастацтве заняла Паўночная Італія. Імаверна, што Італія дала свету ўсе элементы сучаснай жаночай бялізны. Цэнтрам еўрапейскага культурнага жыцця ў эпоху Рэнесансу становіцца горад-дзяржава Венецыя, якая хутка развіваецца і займае галоўнае месца ў гандлёвых шляхах між Усходам і Захадам. Новыя павевы, што прыходзяць з Персіі, Кітая, Індыі ў венецыянскі порт разам з ветразямі еўрапейскіх каравэл, уплываюць на ўсе бакі італьянскага жыцця, у тым ліку на моду верхняй і ніжняй вопраткі. Шамізэ ўпершыню падфарбоўваюць шафранам у залацісты колер. З тканін, акрамя лёну і бавоўны, паненкі выкарыстоўваюць новыя: шоўк і муслін. Край шамізэ ўпрыгожваецца вышыўкай — мудрагелістым раслінным арнаментам, які выконваецца чорнымі шаўковымі ніткамі. Рэнесанс таксама даў пачатак модзе на глыбокія дэкальтэ, і жаноцкая прывабнасць падкрэслівалася дэкараваным элементам адмысловага строю. Італьянскія прыгажуні ўжывалі шматлікія хітрыкі, у першую чаргу нізкую лінію ліфа, каб звярнуць увагу на прыгажосць сваёй вытанчанай бялізны. З’явіліся тугія гарсэты, што сталі рабіць акцэнт на тонкім стане. Першыя гарсэты вырабляліся з тонкага металу і скуры. Такі жорсткі гарсэт апраналі паверх шамізэ. Венецыянская сукенка «гамура» мела свабоднае і глыбокае дэкальтэ. Для надання велічнасці сваёй постаці венецыянкі апраналі абутак на вельмі высокім абцасе — цокалі. Ідэал жаночай прыгажосці італьянскага Адраджэння спалучаў у сабе многія цяжкасці: поўную постаць, белы атлас скуры з ледзь ружовым жамчужным пералівам і асабліва шанаваліся густыя доўгія валасы з мядова-залатым адценнем. Таму венецыянкі падоўгу спецыяльна сядзелі пад сонцам, каб надаць чароўны колер сваім валасам. Усе гэтыя жаночыя дзівосы вылучаліся па модзе таго часу на тле белай танюткай тканіны выкшталцонай бялізны.
Партрэты пэндзля вялікага Тыцыяна даюць нам магчымасць атрымаць асалоду ад цудоўнай чуллівай красы венецыянак. Адна з самых вядомых італьянскіх прыгажунь таго часу — гэта Віяланта, каханка і натуршчыца Тыцыяна. Яе прыгажосць майстар уславіў і прыгадаў у многіх сваіх працах. Самая вядомая з іх — гэта партрэт «La Bella Gatta» («Ясачка»), або «Віяланта» («Фіялка»). Другая назва атрымалася ад кветак, якія дэкарыруюць глыбокае дэкальтэ кашулі-шамізэ, апранутай на прыгажуні. Тынтарэта ў сваіх палотнах увекавечыў яшчэ адну італьянскую чараўніцу — паэтку і куртызанку Вераніку Франка. Венецыянка ўславіла сваё імя знакавай сустрэчай з Генрыхам Валуа, які пасля ўцёкаў з Кракава і адмовы ад польскай кароны наведаў спальны пакой знакамітай куртызанкі. Будучы кароль Францыі сказаў, што не мог абыякава прайсці паблізу такой яскравай славутасці Венецыі. Пасля Вераніка Франка прысвяціла Генрыху Валуа некалькі сваіх санетаў. Між іншым, на палотнах Тынтарэта Вераніка заўсёды з’яўляецца напаўаголенай у абдымках тонкіх тканін шамізэ.
З канца XV стагоддзя ў Італіі сталі вырабляцца знакамітыя карункі. Яны не былі плеценымі, а гафтаваліся іголкай. Гэта вельмі доўгая і карпатлівая праца, таму каштавалі яны дорага. Тонкія карункі імгненна знайшлі водгук у сэрцах італьянскіх прыгажунь і хутка ўпрыгожылі сабой не толькі сукенкі верхняга строю, але і ніжняе адзенне. Асабліва праславіліся венецыянскія карункі, што вылучаліся рэльефам, шчыльнасцю і выразным геаметрычным арнаментам. Сакрэт іх вырабу старанна ахоўваўся. У гэты ж час у Венецыі з’яўляецца гіпюр, ажурны матэрыял, дзе карункавыя элементы злучаны між сабой сеткавымі «звязамі». У Паўночнай Італіі дамы ўпадабалі белыя панчохі, мода на якія прыйшла з Усходу і лепшыя іх мадэлі вырабляліся ў Фларэнцыі з лёну і бавоўны. Толькі ў XIX стагоддзі ўзніклі новыя фільдэперсавыя панчохі (ад франц. fil de Perse — персідская нітка), дзе былі выкарыстаныя баваўняныя ніткі асаблівай вытворчасці, што выглядалі як шаўковыя, а да бавоўны яшчэ дадавалася поўсць. Да 1880-х у Еўропе былі модныя панчохі светлыя з невялікай вышыўкай. Пасля 1880-х у моду ўваходзяць каляровыя панчохі: чорныя, чырвоныя, крэмавыя.
Італьянскія панчохі «пацягнулі» за сабой у штодзённае выкарыстанне яшчэ адзін важкі элемент бялізны — падвязку. Падвязкі (la jarret, падкаленная западзіна) першапачаткова ўяўлялі з сябе скураныя або шаўковыя стужкі, якія завязваліся крыху вышэй ці ніжэй калена. Самыя лепшыя па якасці падвязкі вырабляліся на знакамітай мануфактуры ў Ліёне, дзе ткалі пад заказ шляхты з Рэчы Паспалітай славутыя слуцкія паясы. Ліёнскія майстры ўпрыгожвалі свае зграбныя жаночыя вырабы не толькі ўзорамі срэбнай ніткі, але і фрывольнымі дэвізамі, кшталту: «Тут няма чаго шукаць», «Маё сэрца даўно аддадзена» або з «забаронай» — «Вышэй нельга!». Маркіза дэ Пампадур, палюбоўніца караля Людовіка XV, аздобіла сваю ліёнскую падвязку фламандскімі карункамі. І вось гэты прыклад перанялі ўсе прыдворныя прыгажуні Версаля — так пайшла мода на карункавыя падвязкі. З часам падвязкі сталі ўпрыгожвацца тонкай вышыўкай, атласнымі стужкамі, жамчужнымі пацерамі, каштоўнымі камянямі і выконваць не толькі функцыю ўтрымання дамскіх панчох, але ўсё больш стваралі інтрыгу для кавалераў версальскага двара. Падвязкі да канца XIX стагоддзя трансфармаваліся ў спецыяльныя гумовыя стужкі з зашчыпамі, якія былі сумешчаны з гарсэтам. Інтымная перавязь жаночай ножкі ў нашыя дні засталася атрыбутам вясельнага абраду.
У XVII стагоддзі Парыж пераймае рэй еўрапейскай культуры. Мастацтва жаночай бялізны ў эпоху барока і ракако дасягнула свайго росквіту і стала неад’емнай часткай вытанчанай атмасферы жыцця арыстакратыі. Размовы, раманы, загадкі, намёкі, танцы, аўдыенцыі, праменады — насычанае жыццё каралеўскага двара будавалася вакол далікатнай тэмы і было часткай абавязковага флірту, якім прасякнуты XVII і XVIII стагоддзі. Прыгажосць утоенага — так можна назваць тую ролю, што адводзілася жаночай бялізне ў новым «тэатры» пад назвай «французскі каралеўскі двор». Таксама як і ў Паўночнай Італіі, пры каралеўскім двары Бурбонаў у моду ўвайшлі глыбокія дэкальтэ, якія дэманструюць дарагую тонкую шамізэ і не толькі... А пацалунак пры сустрэчы ў адкрытае дэкальтэ ўжо зусім не лічыўся чымсьці звышнатуральным і непрыстойным, а стаў галантным жэстам кавалера эпохі барока. Пад сукенкамі вырастаюць шэрагі тонкіх спадніц, каб не толькі падкрэсліць асіную талію, але і вылучыць прывабнасці. Паводле падання, фіжмы, якія папярэднічалі крыналінам, увяла ў моду XVII стагоддзя маркіза дэ Мантэспан. Адна з самых вядомых фаварытак караля Людовіка XIV спрабавала пад канструкцыяй з кітовага вуса схаваць сваю «нечаканую» цяжарнасць. Трэба адзначыць, што многія модныя штучкі ў гісторыі бялізны былі вынайдзены ўлюбленымі фаварыткамі ці элітнымі куртызанкамі еўрапейскіх манархаў. Герцагіня дэ Фантанж, чарговая фаварытка састарэлага Людовіка XIV, свае класічнае шамізэ трансфармуе ў негліжэ і ўжо ў пеньюары або ў экстравагантным дэзабілье за ранішняй кавай вядзе свае справы і нават прымае караля. Чырвоная падвязка з панчох маладой фаварыткі адыграла вялікую ролю ў стварэнні знакамітай фрызуры «а-ля Фантанж», папулярнай у наступныя 30 гадоў другой паловы XVII стагоддзя. Гэта адбылося падчас каралеўскага палявання ў лясах Фантэнбло. Герцагіня дэ Фантанж прымала ў ім актыўны ўдзел і падчас хуткай пагоні на конях растрапала валасы. Тут жа на вачах усёй арыстакратыі і ў прысутнасці караля дама без усялякага хвалявання прыўзняла палю сваёй спадніцы, зняла з ножкі чырвоную падвязку і какетліва перавязала ёю свае доўгія валасы. Гэтае няхітрае ўпрыгожванне так спадабалася каралю, што ён выявіў жаданне штодня бачыць сваю каханую з такой фрызурай. На наступны дзень усе дамы прыйшлі на баль з шаўковымі стужкамі ў валасах.
Дарэчы, каб выявіць хараство сваёй ножкі, прыдворныя дамы Версаля распрацавалі незвычайна вытанчаны рытуал — retrousse, які з часам прымае ўсё больш рафінаваныя формы, і прыгажуні знаходзяць тысячы хітрыкаў, каб уразіць кавалера сваім выкшталцоным пантофлікам. Асаблівае значэнне пры гэтым мастацтве набываюць панчохі і падвязкі, таму дамы імкнуцца насіць скарочаныя ніжнія спадніцы. Наогул прыхаванае назіранне за красой жаночай бялізны стала гарэзлівай тэмай у мастацтве XVII стагоддзя. Асабліва трэба адзначыць жывапіс Анарэ дэ Фраганара і яго вядомую карціну «Шчаслівыя магчымасці арэляў».
Але вернемся ў Паўночную Італію, каб прасачыць гісторыю аднаго з самых інтымных прадметаў brasserie. Венецыя першай уводзіць у моду такі знакавы элемент жаночай бялізны, як calzone, або панталоны. Каралева Францыі Кацярына Медычы, італьянка з паходжання, для сваіх конных прагулак апранала кароткія штаны — calzone. Яны былі пашыты з парчовай тканіны і ўпрыгожаны мудрагелістай вышыўкай срэбнай ніткай. Кароткія жаночыя штонікі прыйшлі ў еўрапейскую моду з Усходу, і час іх з’яўлення — XVI стагоддзе. Сама назва pantalone выкарыстоўвалася толькі за межамі Італіі і налічвала некалькі гісторый паходжання гэтага слова, але самая вядомая з іх — ад імя знакамітага персанажа італьянскай камедыі дэль артэ Панталонэ, які выходзіў на сцэну ў вельмі вузкіх кароткіх нагавіцах. Другая гісторыя апавядае пра тое, што слова pantalone — гэта легкадумны тытул Pianta Leone, якім узнагароджвалі венецыянскіх купцоў падчас гераічнага захопу чарговай выспы. Перамога суправаджалася падняццем сцяга венецыянскай рэспублікі з гербам «Леў». Тым не менш «мужчынскі» крой італьянскіх calzone амаль сто гадоў лічыўся чымсьці непрыстойным, і, на думку жыхароў астатніх краін Еўропы, панталоны дазвалялі сабе апранаць толькі куртызанкі або танцоркі кабарэ. Мяне самога вельмі здзівіў нядаўні дыялог з адной з наведвальніц маёй выставы «Койданава, mon amour!». Дама ва ўзросце распавяла мне аб таемнай размове са сваёй мамай, якая загадала ні ў якім разе не апранаць на яе жаночыя «штонікі», у чым яна можа з’явіцца на нябёсах. Такім вельмі абуральным і непрыстойным быў у памяці нашых продкаў гэты артэфакт жаночай бялізны. Можа, такая падсвядомая перадузятасць да «штонікаў» цягнулася яшчэ ад тых часоў, калі паліцыяй Парыжа ў XVIII стагоддзі выдала загад танцоркам кафэшантанаў і кабарэ, каб не бянтэжыць эратычным выглядам публіку, абавязкова апранаць панталоны. Толькі з 1740-х жаночыя «штонікі» сталі паступова ўваходзіць у парыжскую моду. Нарэшце ў пачатку XIX стагоддзя панталоны зацвердзіліся ў жаночым гардэробе. Першапачаткова яны сканчваліся над костачкамі і ўпрыгожваліся карункамі і шаўковымі стужкамі. За паўстагоддзя, да 1850-х, шматпакутны дамскі артэфакт стаў даходзіць трохі ніжэй за калена.
З 1860-х панталоны скароцяцца да каленяў і з’явіцца новы прадмет ніжняй бялізны — камбінацыя, што аб’ядноўвае гарсаж і панталоны. Камбінацыя шылася з тонкіх тканін: бавоўны, лёну, мусліну, і ўпрыгожвалася карункамі, скрозь якія праходзіла шаўковая стужка для мацавання камбінацыі на руках і нагах. Крокавы разрэз у панталон пачынае знікаць толькі на пачатку ХХ стагоддзя ў эпоху Поля Пуарэ. Яго проста сшываюць.
У Амерыцы прыжылася іншая назва дамскіх «штонікаў» — блумерсы, што ўтварылася ад прозвішча вядомай амерыканскай суфражысткі Амеліі Блумер. Яе захапленне шпацырам на ровары і альпінізмам натуральна адбіліся на яе спартовым строі. Сваім касцюмам у шараварах пад карункавай спадніцай яна зрабіла фурор на Сусветнай выставе ў Лондане ў 1851 годзе, дзе ў Крыштальным павільёне прысутнічалі нават Каралева Англіі Вікторыя і яе муж Альберт. Блумерсы Амеліі спрацавалі як бомба супраць віктарыянскага этыкету, аскепкі якой уразілі не столькі мужчынскую палову, колькі саміх дам. Грамадства ўспрыняла навінку з асцярогай, бо, на думку многіх, рэформа ў жаночай модзе не абмяжуецца толькі адзеннем. Асаблівую небяспеку адчулі мужчыны ў тым, што кабеты будуць у хуткім часе насіць не толькі адзенне мужчынскага крою, але і, між іншым, зоймуць такое ж становішча ў грамадстве.
У XIX стагоддзі яшчэ бытуе ніжняя сарочка шамізэ, але яна становіцца кароткай і багата аздабляецца карункамі. У асноўным жаночую бялізну тады шыюць з тонкай бавоўны, радзей з шоўку. У 1880-х з’яўляюцца першы прататып станіка — бюсцье, якое зацягвалася тонкімі шаўковымі стужкамі і таксама ўпрыгожвалася карункамі. Бюсцье апраналася па-над гарсэтам і падтрымлівала грудзі. Наогул нашага сучасніка здзівіць шматслойнасць жаночай бялізны другой паловы XIX стагоддзя і разнастайнасць усіх жаночых штучак: панталоны, панчохі з падвязкамі, шамізэ, ніжняя спадніца, гарсэт, ільняная кофтачка па-над гарсэтам, бюсцье, крыналін або падушачка пад турнюр, другая ніжняя спадніца (жупон)... Нядзіўна, што ранішні туалет і апрананне з дапамогай прыслугі зацягваліся на некалькі гадзін.
Пачатак ХХ стагоддзя, стыль мадэрн, еўрапейская катастрофа Першай сусветнай вайны і канструктывізм ар-дэко карэнным чынам змянілі жаночы сілуэт і стылістыку жаночай бялізны. Але гэта тэма для гісторыі развіцця цэлай камерцыйнай індустрыі жаночай вопраткі пад назвай «ад куцюр».
Як жа развівалася далікатная тэма сярод нашых прыгажунь-ліцвінак? Мода і стыль ніжняга адзення на землях Рэчы Паспалітай, вядома, вынікалі з культуры еўрапейскай традыцыі. Бона Сфорца, дачка міланскага герцага, прынесла вобразы Паўночнай Італіі ў каралеўскі двор Кракава. Без сумневу, італьянскую моду верхняга і ніжняга адзення хутка пераняла прыгожая палова Кароны і Вялікага Княства Літоўскага. Думаю, у Вільні гэты працэс пайшоў нават хутчэй, чым у педантычных прадстаўніц кракаўскага двара. Калі польскія магнаты адгаворвалі Жыгімонта Аўгуста ад вяселля з Барбарай Радзівіл, то ў якасці аргумента згадвалі пра тое, што нявеста — ліцвінка, а ліцвінкі больш распусныя, чым полькі. Будзем лічыць, што какетлівыя ліцвінкі ўжо ў пачатку XVI стагоддзя ўпрыгожвалі свае прывабнасці італьянскім шамізэ колеру шафран, аблямаваным венецыянскім карункамі і вышыўкай. Калі ўважліва разгледзець знакаміты партрэт Барбары Радзівіл пэндзля Лукаса Кранаха Малодшага, то можна заўважыць: глыбокае прамавугольнае дэкальтэ хавае пад гарсэтам з моцна буфаніраванымі рукавамі тонкую тканіну шамізэ, якое дробнымі складкамі драпіруе шыю і грудзі віленскай прыгажуні.
Наколькі вытанчанай была бялізна арыстакратыі, мы можам убачыць па партрэце Уладзіслава Дамініка Заслаўскага-Астрожскага пэндзля Варфаламея Стробеля. Жывапісец выдатна перадаў колер і тэкстуру парадных тканін. Пад парчовым камзолам, выкананым паводле галандскай моды XVII стагоддзя і вышытым залатымі і сярэбранымі ніткамі, бачна шамізэ тонкага батысту, упрыгожанае раскошнымі карункавымі ўстаўкамі.
Шамізэ на землях Рэчы Паспалітай называлася «кашуля калонская» і шылася з тонкага кёльнскага палатна, батысту або шоўку. У скарзе 1620 года брэсцкай зямянкі Аўдоцці Бухавецкай на свайго брата за незварот пасагу так узгадваецца бялізна: «Кошули колонские, ядвабем шытыя за шэсць кап грошаў літоўскіх». У скарзе 1600 года ў Мінскі гродскі суд з нагоды нападу каля Вязынскага маёнтка Радзівілаў на вазок маладых таксама ёсць згадка пра пасаг нявесты, у тым ліку дзесяць шамізэ: «Скрыня з речми ўзятая і пограблена... кошуль жаночых десеть». З дакументаў пачатку XVII стагоддзя відаць, што нашы літоўскія шляхцянкі не шкадавалі сродкаў на ніжнюю бялізну. Магчыма, некаторыя, па прыкладзе венецыянскіх дам, у XVI—XVIІ стагоддзях насілі і панталоны. Тым не менш у кнізе Лукаша Галембіёўскага ёсць апісанне «споднички з дыму (турэцкая тканіна) или паркалю, у халодную пару футерками падшыты».
Французскую моду на адкрытыя сукенкі ў Рэчы Паспалітай увяла жонка Яна Сабескага Марыя Казіміра Луіза дэ Ла Гранж д’Арк, або па-народнаму — Марысенька. Усе яе партрэты багатыя выявамі глыбокага дэкальтэ і тонкіх карункаў, а то і зусім без іх, як на роспісе плафона «Алегорыя лета» ў варшаўскім палацы Вілянув пэндзля Ежы Семігіноўскага (1660—1711). За ўзор пераймання высокай моды XVII стагоддзя, вядома, браліся маркіза дэ Мантэспан, маркіза дэ Пампадур, Марыя Манчыні... Дарэчы, цікавая дэталь: на партрэце Марыі Манчыні прысутнічае рэдкі артэфакт — дзве запоны на левым рукаве шамізэ, зробленыя з каштоўных камянёў і золата. Такую ж дэталь магчыма разгледзіць на партрэце Тэафіліі Мараўскай, другой жонкі Дамініка Радзівіла, у вобразе багіні Гебы пэндзля Юзафа Пешкі: на правым перадплеччы прыгажуні бачна масіўная залатая запона з чырвоным дыяментам. Дарагую бялізну, таксама як і шматлікія сукенкі, заказвалі ў Парыжы. Гэта добра відаць па музейных партрэтах прыгажунь з Рэчы Паспалітай: Алены Радзівіл з Пшаздзецкіх, графіні Петранелі Ганны Пац, Разаліі Любамірскай, Сафіі Браніцкай... У знакамітай кнізе Ганны Цюндзявіцкай «Gospodyni litewska czyli Nauka utrzymywania porządnie domu...», што выйшла ў свет ў 1851 годзе, сустракаецца такое апісанне: «Я чытала аб нашай славутай прыгажуні Занёнчкавай, якая спала на каляных матрацах і цвёрдых падушках, ела няшмат, не ўжывала свініну і моцныя напоі: каву, віно, піва, гаварыла, што крынічная вада — лепшы напой для дам. І была нібы другая Нінон дэ Ланкло». Нінон дэ Ланкло (1615—1705) — знакамітая французская куртызанка, якая славілася сваёй прыгажосцю і вострым розумам, а таксама тым, што захавала сваю незвычайную прывабнасць нават на дзявятым дзясятку. Дарэчы, з кнігі Цюндзявіцкай «Літоўская гаспадыня» можна даведацца, як шляхцянкі глядзелі за сваёй бялізнай: «Шаўковыя панчохі трэба мыць у сумесі гарэлкі, воцату, цукру і сінькі... Карункі трэба мыць у цёплым малацэ і прасушваць у цені на вольным паветры». Але, на жаль, далікатныя артэфакты шляхцянак Рэчы Паспалітай збольшага засталіся толькі ў гістарычных апісаннях і на музейных палотнах.
Сёння буйныя замежныя музеі збіраюць цэлыя калекцыі жаночай бялізны і ладзяць тэматычныя выставы па ўсім свеце. Лонданскі музей Вікторыі і Альберта вызначыўся цудоўнай экспазіцыяй «350 гадоў жаночай бялізны» і дакладным каталогам да яе, Метраполітан-музей сумесна з музеем Арсэ правялі выставу «Мода і імпрэсіянізм», якую немагчыма ўявіць без жывапісу Рэнуара, Тулуз-Латрэка, Дэга, але таксама і без закранання тэмы жаночай бялізны. Парыжскі музей моды і тэкстылю адкрыў вялікую выставу «Механіка жаночай бялізны. Нясціплыя гісторыі сілуэта». Выдатнай калекцыяй бялізны XIX—ХХ стагоддзяў валодае Нацыянальны музей у Кракаве.
А што ж беларускія музеі? У размовах з нашымі захавальнікамі скарбаў можна даведацца, што ў некаторых таемных каморах хаваюцца адзінкавыя экзэмпляры бялізны, і нават з цікавай гісторыяй. Напрыклад, у аднаго з беларускіх калекцыянераў былі набыты шаўковыя жаночыя панталоны яшчэ часоў «крэсаў усходніх», прычым сам калекцыянер настойваў: панталоны маюць своеасаблівы фасон. Але ўсе гэтыя рэчы пакуль схаваны ў самых дальніх музейных шафах.
Або вось яшчэ адзін правенанс з майго шляху «пошуку скарбаў». Некалькі гадоў таму я пазнаёміўся з інтэлігентнай бабулькай, яна жыла разам са сваёй дачкой у прыватным доме ў прывакзальным раёне Дружная. Дыхтоўна складзены з бярвенняў, дом яшчэ даваеннай пабудовы здзівіў мяне ляпнымі карнізамі і цудоўнымі грубкамі з мясцовай кафлі. Ён быў прызначаны пад знос, і жыхары хутчэй хацелі пазбавіцца ад «непатрэбнай шушамеці». Маленькая бабулька, збіваючыся, звонкім голасам распавядала мне пра жыццё сваёй мамы, у якой муж служыў ва ўрадавых колах даваеннай Беларусі. Яна была вельмі ўражаная, што кагосьці яшчэ цікавіць старое адзенне, а тым больш старадаўняя бялізна. І якое ж маё было здзіўленне, калі бабулька дастала са старога камода шаўковую бялізну колеру таплёнага малака, што належала яе маме яшчэ ў 1920-я. Тканіна была ў вельмі добрым стане, быццам яе ашчадна апраналі толькі адзін раз. Прыгадалася: у 1930-я вядомая кінаактрыса Любоў Арлова спецыяльна заказвала за мяжой шаўковую бялізну колеру светлай рэзеды. Вось так, старадаўнія скрыні часам захоўваюць векавой даўнасці сукенкі, туфлікі і капялюшыкі нашых бабуль...
Ігар СУРМАЧЭЎСКІ