Класіка ў кожнай сферы — гэта тое, што праверана часам. Тое, што смела можна выкарыстоўваць у якасці сіноніма да выразу «добры густ». Не кожнаму шчасціць пазнаёміцца з класічнай музыкай у дзяцінстве. Вам пашанцавала. Вы гадаваліся ў сям’і музыкантаў, з першымі словамі і пачуццямі ўвабралi ў сябе лепшую музыку і абралi яе справай свайго жыцця. А можа, музыка абрала вас?
— Усё пачалося з маленства, калі звычайна дзеці сябе яшчэ не ўсведамляюць. Тата спяваў мне калыханкі, выканаў увесь рэпертуар Георгія Струвэ, песні савецкага кіно. Супакоіць і зрабіць так, каб я заснула, мог толькі ён. Сваякі згадваюць: калі мне споўнілася крыху больш за год, я магла спяваць мелодыі дваццаці дзвюх песень, прычым з дыяпазонам у дзве актавы, хоць размаўляла я ў той час яшчэ не вельмі добра. Таму магу сказаць, што спеў — гэта мой натуральны стан. Чым бы іншым я ні займалася, без вакалу гэта было б не маё жыццё. Гадоў з васьмі пачала спяваць у хоры «Пунсовыя ветразі». Гэта ўзорны дзіцячы калектыў, якому цяпер больш за 35, лаўрэат значнай колькасці міжнародных і ўсесаюзных конкурсаў. Яго стварыў мой бацька Уладзімір Васільевіч Лой. Ён — мой першы настаўнік у жыцці і ў вакале. З «Пунсовымі ветразямі» звязаны першыя музычныя крокі i першы сцэнічны вопыт. На працягу пятнаццаці год я была з гэтым калектывам на ўсіх канцэртах і гастролях, пакуль не паступіла на вакальнае аддзяленне ў Беларускую акадэмію музыкі. Усё ж сольнае выкананне і харавыя спевы — дзве галіны, якія маюць розную вакальную адметнасць і спецыфіку.
«Пунсовыя ветразі» — значная частка вашага творчага жыцця, што моцна паўплывала на станаўленне вакалісткі і асобы. Хто яшчэ зрабіў значны ўнёсак у вашу мастацкую біяграфію?
— У першую чаргу гэта Людміла Іванаўна Шчарбакова, мой педагог па класе вакалу ў Акадэміі музыкі. Яна каля трыццаці гадоў спявала ў Оперным тэатры і выконвала ўвесь вядучы рэпертуар. Гэта чалавек, адданы прафесіі, майстар, яркая актрыса. У Людмілы Іванаўны асаблівая манера навучання — з выкарыстаннем заходнееўрапейскіх прыёмаў. Дзякуючы гэтаму яе лепшыя студэнты заўсёды запатрабаваныя за мяжой. У краінах СНД пануюць традыцыі рускай вакальнай школы, якая патрабуе большага драматызму, часам фарсіраванай падачы гуку. Асноўныя асаблівасці сістэмы Людмілы Іванаўны — гэта задзейнічанне ўсяго галасавога апарату, напоўнены рэзанатарны гук па ўсім дыяпазоне — знізу даверху. Гэта дазваляе выконваць рэпертуар любой эпохі: ад барока да авангарда.
Ваша творчае рэзюмэ натхняе колькасцю ўзнагарод і імёнамі педагогаў, вядомых ва ўсім свеце. Хто з заходнееўрапейскіх настаўнікаў і чым у найбольшай ступені запомніўся вам?
— Мне заўсёды шанцавала на настаўнікаў. Працавала з маэстра Рубэнам Дуброўскі, з цудоўнымі опернымі выканаўцамі Натэлай Ніколі і Этэры Ламорыс. У Мацартэуме выпаў шанец пазнаёміцца з прафесарам Куртам Відмерам, пад уплывам асобы якога знаходжуся і да гэтага часу. Актыўна выкарыстоўваю яго парадаксальныя метады вакальнай педагогікі. Першым мэтрам, што заўважыў мяне і запрасіў у заходнееўрапейскі музычны свет, стала Дэбара Ёрк (Англія—Германія), уладальніца прэміі «Грэмі». Яе голас — гэта класічнае сапрана. Дэбара — прызнаны майстар барока, у яе рэпертуары, тым не менш, оперныя партыі — ад Пёрсэла да Стравінскага, выступленні на ўсіх вядомых сцэнах свету, такіх як «Манхэтэн опера», «Ковэнт-Гардэн», Берлінская опера. Дэбара — дзівосны чалавек, пранікнёны, чысты і светлы, як у паўсядзённасці, так і па тэмбры голасу. У жыцці яна больш далікатная і ўразлівая.
Пасля Беларускай акадэміі музыкі маім асноўным педагогам зрабілася Лідзія Фірлінгер (Аўстрыя), кантральта, дацэнт знакамітай Венскай кансерваторыi, якая цяпер называецца Універсітэтам музыкі і выканаўчых мастацтваў. Лідзія неверагодна моцная па натуры, яе яркая харызма выяўляецца і на сцэне, і ў жыцці. Акрамя велізарнага арсеналу педагагічных прыёмаў, індывідуальных для кожнага вучня, бездакорнай вакальнай тэхнікі, што дазваляе кантральта лёгка і насычана паказваць верхнія ноты сапранавага рэгістра, яна валодае дзівосным уменнем ператвараць кожны занятак у свята.
І, вядома, незабыўнае ўражанне ў мяне засталося ад маэстра Тэрэзы Берганцы, з якой пашчасціла сустрэцца на творчым шляху. Аўдыторыя i сёння ўздымаецца, калі ўваходзіць гэтая выканаўца i педагог, спявачка з сусветным іменем. У сваім шаноўным узросце Тэрэза Берганцы валодае нечаканай жыццёвай энергіяй. У яе характары адчуваеш уладарнасць, значнасць, але адначасова і нечаканую мяккасць да сваіх вучняў, што зачароўвае з першых хвілін. Калі гляджу на яе ды іншых маіх педагогаў з розных краін, магу ўпэўнена сказаць: узровень музычнай культуры выканаўцы цалкам залежыць ад яго ўнутранага ўзроўню — духоўнага і інтэлектуальнага. Таксама як і прафесійны ўзровень педагога.
Імпульсам да нашай размовы зрабіўся ваш канцэрт, які адбыўся ў лютым у Малой зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі і меў вялікі поспех у публікі. Падчас канцэрта вы выйшлі на сцэну разам са сваім кітайскім студэнтам, што цяпер навучаецца ў Беларускай акадэміі музыкі. Вы выканалі з ім два знакамітыя оперныя дуэты, якія ўразілі і заінтрыгавалі слухачоў. Ведаю, што цяпер вы жывяце і працуеце ў Кітаі.
— Ужо чацвёрты год выкладаю акадэмічны вакал у Акадэміі музыкі Універсітэта Чжэнчжоў (правінцыя Хэнань). Кожны дзень у мяне заняткі, часта без выходных, бо часу не заўсёды хапае. Адной вакальнай методыкі таксама недастаткова, паралельна спрабую вучыць студэнтаў акцёрскаму майстэрству i асновам сцэнічнага руху ў ступені, неабходнай для спевакоў. Асаблівасці кітайскага менталітэту i адукацыйнага працэсу абумоўліваюць некаторую скаванасць студэнтаў. Каб іх разумець, трэба валодаць мовай не толькі ў лінгвістычным плане, але і ведаць культурныя традыцыі, ментальнасць. Асноўнае для выкладчыка — сапраўды любіць кожнага вучня і раскрываць яго індывідуальнасць. Кітайскія студэнты здольныя на неверагодны, імклівы і яркі прагрэс у вакале і акцёрскім майстэрстве, калі маюць дастатковую матывацыю і выразна ўсведамляюць пастаўленую задачу. Напрыклад, летась мы здолелі паставіць уласную оперу-pasticcio, што мела відавочны поспех. Ён пераўзышоў нашыя чаканні! Вакальныя партыі, мізансцэны, касцюмы — пастаноўку цалкам ажыццяўлялі самі артысты. Захапляюся самаадданасцю, з якой яны працавалі. Студэнты былі на вялікім уздыме ад таго, што могуць атрымаць сцэнічны вопыт, зрабіць штосьці новае, чаго раней у iх ВНУ не рабіў ніхто.
Якой методыкай карыстаецеся, каб атрымаць максімальны вынік?
— Прытрымліваюся асноў класічнай мадэлі «belcanto» ў яе аўстра-нямецкай інтэрпрэтацыі. Акрамя вядомых педагагічных прыёмаў, выкарыстоўваю і нестандартныя падыходы, такія як маляванне ці гімнастыка падчас спеваў. Канешне, вучу пераважна таму, чаму навучылася ад сваіх педагогаў, але асобныя прыёмы вынаходжу сама. Цяпер працую над уласнай вакальнай методыкай, якая абумоўлена псіхалогіяй студэнта. Мой вопыт сведчыць, што пры навучанні акадэмічнаму вакалу падрыхтоўку неабходна пачынаць менавіта з гэтага. Музычны інструмент спевака знаходзіцца ў ім самім і цалкам залежыць ад інтэлектуальнага, эмацыйнага ўзроўню, псіхалагічнага стану, нават умоў жыцця артыста. Калі ставіцца да студэнта як да машыны, немагчыма атрымаць поўны вынік навучання. Неабходны бесперапынны пошук індывідуальнага падыходу.
Безумоўна, знайсці яго — гэта асноўнае. Але ж мова таксама з’яўляецца неабходным базавым сродкам кантактаў. Як вы са студэнтамі разумееце адно аднаго?
— Мове мяне вучылі мае вучні-вакалісты, і таму па-кітайску «галасавыя звязкі» вывучыла раней за слова «крама». Увогуле мне пашанцавала ў жыцці пазнаёміцца са шматлікімі мовамі. Асаблiва дзякуючы першай адукацыі, набытай у Інстытуце тэалогіі імя святых Кiрыла i Мяфодзiя БДУ. Кітайская мова, такiм чынам, здаецца, дзясятая ў спіcе. Да таго часу, як пачала размаўляць па-кітайску, гутарыла са студэнтамі па-англійску. Дакладней, выкарыстоўвала кітайскі варыянт англійскай мовы, ім больш зразумелы. Мне самой было цікава асвоіць мову і ў прафесійным плане, як акадэмічнай вакалістцы. Калі выконваеш твор, неабходна рабіць гэта без акцэнту, прынамсі без відавочных моўных памылак.
Вакаліст павінен разумець кожнае слова, якое вымаўляе. Таму што словы «любоў» і «нянавісць» трэба спяваць па-рознаму. Ад выканаўцы не патрабуецца дасканала ведаць кожную мову, але варта прытрымлівацца норм маўлення і валодаць тэкстам. На жаль, сёння многія вакалісты вывучаць тэкст і не маюць уяўлення пра сэнс і фанетычныя правілы. У сённяшняй сітуацыі, калі кожнаму даступны інтэрнэт, нельга дазваляць сабе нядбайнае стаўленне да прафесіі.
У чым асноўныя адрозненні беларускіх і кітайскіх студэнтаў?
— Студэнт — гэта ўвогуле ўнікальная з’ява, тым больш кітайскі студэнт. У іх бывае два станы. Калі вучань дастаткова матываваны, то зрушыць горы на прафесійным шляху. У гэтым выпадку можа развівацца значна хутчэй за сваіх беларускіх калег. Калі ж студэнт нематываваны, то больш лянівых вучняў не сустракала ў жыцці. Нават валодаючы вялікімі магчымасцямі, яны могуць не рабіць абсалютна нічога! Ведаю гэта і імкнуся, каб у мяне працавалі ўсе і прагрэс назіраўся ва ўсіх. Шмат залежыць ад запытаў кожнага студэнта. Тым, хто хоча не проста атрымаць дыплом, надаю больш увагі, да іх зусім іншыя патрабаванні. Магу сказаць, што не ўсе беларускія студэнты, з якімі я вучылася, займаліся так, як займаюцца кітайскія. Яны могуць значна больш, чым ад іх чакаюць.
У якой ступені насычаная ваша сольная выканаўчая дзейнасць?
— Калі вяртаюся на радзіму, выступаю ў Беларускай філармоніі, якую вельмі люблю. У Мінску пашанцавала супрацоўнічаць з Дзяржаўным сімфанічным аркестрам Белтэлерадыёкампаніі, Дзяржаўным камерным аркестрам, ансамблем салістаў «Класік-авангард», Музычным домам «Класіка». Калі ёсць час паехаць у Заходнюю Еўропу, спяваю там на розных канцэртных пляцоўках. Напрыклад, два з паловай гады таму прадставіла сольны канцэрт у Палацы Пальфi ў Вене, дзе, як кажуць, адбылася прэм’ера «Вяселля Фiгара». Вядома, у Кітаі мой сцэнічны вопыт больш насычаны, чым у Мінску. Мы шмат выступаем з калегамі з Беларусі, якія таксама працуюць у Чжэнчжоўскай акадэміі музыкі. Калі цяпер я выкладаю і спяваю ў Кітаі, дык успрымаю гэта як пошук шляху свайго далейшага артыстычнага развіцця. Канешне, вельмі хацелася б быць карыснай, знаходзячыся ў сваёй краіне.
Вядома, сумяшчаць актыўную выканаўчую i педагагічную дзейнасць цяжка, амаль немагчыма. Ці маеце намер працягваць абедзве справы?
— У мяне няма выбару. У мастацтве, як і ў спорце: калі перастаеш удасканальвацца, губляеш узровень. Артыст павінен быць на сцэне, інакш ён не развіваецца. І хоць цудоўны выканаўца можа і не быць добрым педагогам, прафесійны педагог у першую чаргу павінен быць якасным выканаўцам, мець практыку і выступаць, вучыцца ўсё жыццё. Педагог заўсёды павінен імкнуцца прапанаваць студэнту найбольш хуткі і якасны спосаб навучання, а для гэтага самому неабходна ўдасканальвацца і выходзіць на падмосткі. Педагогу даводзіцца быць артыстам і на сцэне, і ў класе.