Гэта фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», фэст сучаснай харэаграфіі IFMC і музычны фестываль імя Салярцінскага. Роля кожнага з іх у мастацкай палітры Віцебшчыны дастаткова важкая і адлюстроўвае полістылістычнасць творчых з’яў, што абумоўлена даўняй і трывалай гістарычнай традыцыяй. Але менавіта фестываль імя Салярцінскага набыў статус аднаго з галоўных элітарных форумаў горада.
Пра гісторыю развіцця, праблемы і перспектывы фэсту распавядаюць удзельнікі «круглага стала». За ім сабраліся Нэлі Мацаберыдзэ, кандыдатка мастацтвазнаўства, дацэнт, арганізатарка Навуковых чытанняў Міжнароднага музычнага фестывалю імя Івана Салярцінскага; Алена Падаляк, дырэктарка Віцебскай абласной філармоніі; Уладзімір Бабарыка, мастацкі кіраўнік Віцебскай абласной філармоніі; Святлана Мясаедава, вядучая архівістка аддзела навуковага выкарыстання і публікацыі дакументаў Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці; Андрэй Духоўнікаў, дырэктар Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва; Наталля Тарабука, куратарка выставы плаката «Гульня ў класіку. Візуалізацыя музыкі», дацэнт кафедры дызайну Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Мадэратарам дыскусіі выступіла мастацтвазнаўца Наталля Ганул.
Нэлі Мацаберыдзэ: Бясспрэчны факт — уся сучасная сусветная культурная прастора літаральна ахоплена тэндэнцыяй фестывальнага руху. Гэта спосаб узаемадзеяння людзей, рэпрэзентант актуальных ідэй сучаснага мастацтва. Пры тым фестывальны рух — яшчэ і спосаб абмену назапашанымі думкамі, вопытам. Такім чынам ажццяўляецца пераемнасць традыцыйных дыялагічных формаў творчасці.
Наталля Ганул: У гэтым кантэксце сапраўды ўсё, што адбываецца ў культурнай прасторы Віцебска, цалкам адпавядае агульнаеўрапейскім і сусветным тэндэнцыям.
Давайце нагадаем, што уяўляў з сябе Віцебск 20-х гадоў ХХ стагоддзя. Вельмі актуальным падаецца выказванне Уладзіміра Байдава, аднаго з заснавальнікаў фэсту, мастацкага кіраўніка ансамбля салістаў «Класік-Авангард»: «Віцебск заўсёды быў цэнтрам, дзе сустракаліся Усход з Захадам, а мінулае з сучаснасцю, дзе ішоў абмен матэрыяльнымі і маральнымі каштоўнасцямі паміж Поўначчу і Поўднем, Захадам і Усходам. Віцебск і да нашых дзён застаўся тым агмянём духоўнага жыцця, дзе ўсе вялікія плыні культуры пакінулі свой след, аддаўшы гораду ролю пасярэдніка паміж часам і народамі».
Нэлі Мацаберыдзэ: Так, правінцыйны Віцебск паслярэвалюцыйных гадоў быў адным з першых культурных цэнтраў, дзе сцвярджаліся новыя прынцыпы. Не ў кожным горадзе тады мог існаваць свой сімфанічны аркестр, была магчымасць слухаць жывое выкананне, разбірацца ў музычных кірунках і школах дырыжыравання. Пэн, Шагал, Дабужынскі, Малевіч і многія іншыя стваралі новы стыль у мастацтве. Музыказнаўца Салярцінскі, філосафы Пумпянскі, Бахцін, выдатная піяністка Юдзіна фармавалі філасофска-эстэтычныя прынцыпы новага мастацтва. Гэта асяроддзе і ўзгадавала мастацкія прынцыпы, якія пасля атрымалі назву «Віцебскі рэнесанс пачатку ХХ стагоддзя». Шматаблічнасць мастацкіх з’яў у Віцебску таго часу натуральным чынам карэспандуе з прынцыпам множнасці з’яў сучаснасці.
Святлана Мясаедава: Ведаеце, каб годным чынам апісаць тагачасную эпоху, трэба, як бы гэта банальна ні гучала, апынуцца ў Віцебску 1918—1924 гадоў, прайсці па вуліцах, схадзіць на сімфанічны канцэрт, трапіць на дыспут… І архіўныя дакументы даюць нам гэтую маленькую мажлівасць.
Сапраўды, тое быў незвычайна складаны і супярэчлівы час. З аднаго боку, людзі беглі ад петраградскага голаду ў правінцыю, і правінцыя перажывала культурны ўздым. З другога боку, многія сутыкаліся тут з прозай жыцця. Музыканты сумна жартавалі паміж сабой, называючы Віцебскую народную кансерваторыю бяздомнай. Жыхары Віцебска маглі назіраць карціну перасоўвання па горадзе музыкантаў на чарговы канцэрт. На падводзе, без сядушкі, звесіўшы ногі, прыціскаючыся адно да аднаго, «сядзяць нашы лепшыя музычныя сілы, у ліку якіх ёсць і прафесары, … едуць “укараняць мастацтва”, едуць паказаць “дзяржаўны аркестр” у такія месцы, дзе нават вулічная скрыпка сляпога жабрака лічылася “канцэртам-гала”, едуць не з “Разлука ты, разлука, чужая сторона…”, едуць з Чайкоўскім, з Рымскім-Корсакавым, з Мендэльсонам!»
А вось буйнейшая летняя канцэртная пляцоўка паслярэвалюцыйнага Віцебска, сад «Елагі», убачаны вачыма петраградскага артыста Леаніда Уцёсава: ёсць сцэна, раяль, прыбіральні для артыстаў. Але «замест мэблі — абломкі, раяль без ножак (на трох табурэтах) і без педалі, артысты апранаюцца і грыміруюцца на вачах назойлівай, цікаўнай публікі. Усе прыбіральні ў шчылінах і ў такім антысанітарным стане, што ці наўрад добры грамадзянін паставіў бы туды свайго каня». Між тым, менавіта ў «Елагах» праходзіла вялікая частка летняга музычнага жыцця горада. Тут гучалі і сімфанічная музыка, і модныя ў 1920-я куплеты, і народная песня, выступалі мясцовыя артысты і гастрольныя трупы.
Пасля ўвядзення нэпа ў 1921 годзе ўсе галіны народнай гаспадаркі перайшлі на дзяржразлік. Кожнае прадпрыемства павінна было весці справы такім чынам, каб акупляць выдаткі. Літаральна: хто плаціў, той і заказваў музыку! Сродкі на ўтрыманне аркестра і хору скончыліся, платных канцэртаў амаль не было. Была ўведзена плата за навучанне, двойчы прайшло скарачэнне штата, пад якое трапіў і арганізатар Віцебскай народнай кансерваторыі, былы дырыжор Дзяржаўнага сімфанічнага аркестра Мікалай Андрэевіч Малько. Ён выказаў навучэнцам «шчырае і гарачае прывітанне і лепшыя пажаданні на цяжкім і ўпартым шляху да дасягнення праўдзівых вяршынь музычнага мастацтва». Платаздольныя грамадзяне, так званыя нэпманы, фармавалі сваю моду на забаўкі. Папулярнымі сталі кабарэ і рэстараны. Пакуль музычны тэхнікум спрабаваў выжыць, а гарадскі тэатр пуставаў, даход арганізатарам давалі так званыя танцулькі. Афішы аб арганізацыі танцаў «упрыгожвалі» вуліцы горада, абяцалі «танцы да страты свядомасці».
Наталля Ганул: І ўсё ж менавіта гэты кароткі прамежак гісторыі аказаўся лёсавызначальным у фармаванні мастацкага тэксту горада і вывеў на пазачасавую арбіту імёны выдатных прадстаўнікоў мастацтва. Праз семдзесят гадоў разнастайных гістарычных калізій і перыпетый выпускнікі Віцебскага музычнага вучылішча, музыканты-энтузіясты Уладзімір Байдаў і Уладзімір Правілаў вырашылі арганізаваць музычны фэст і даць яму імя Івана Салярцінскага, ураджэнца горада, сапраўды харызматычнай асобы, гісторыка музыкі, тэатра і літаратуры, які стаў своеасаблівым сімвалам перадавых і ўсёабдымных ведаў пра мастацтва.
Нэлі Мацаберыдзэ: Гэтае імя дало фестывалю магутную мастацка-каштоўнасную апору. Бо Іван Салярцінскі — фігура ўніверсальная. І гэта не перабольшанне. Яго цікавіла абсалютна ўсё ў мінулым і ў сучаснасці. Яму хацелася адшукаць агульную мову ўсіх мастацтваў, створаных чалавецтвам, і зрабіць яе агульнадаступнай. Асабіста для сябе Іван Іванавіч знайшоў гэтую ідэальную мову ў музыцы, якая стала галоўным захапленнем яго жыцця.
Алена Падаляк: Думаю, па часе сваёй жыццядзейнасці Віцебскі форум ужо ўвайшоў у склад сусветных доўгажыхароў, такіх як Моцартаўскі фестываль у Зальцбургу і найпапулярнейшы ў Фінляндыі фэст у горадзе Кухмо. Наш фестываль паўстаў з ідэі адраджэння вялікіх культурных традыцый Віцебска пачатку ХХ стагоддзя і праходзіць пад дэвізам адкрыцця новых і вяртання старых, забытых імёнаў і старонак у розных жанрах мастацтва. Мы імкнёмся захаваць гэтыя прынцыпы, але асэнсоўваем іх у адпаведнасці з сучаснасцю. А сацыякультурнае значэнне фэсту бачыцца ў тым, што ён не толькі спрыяе ўзаемадзеянню нацыянальных культур, але і актывізуе творчае супрацоўніцтва з многімі значнымі дзеячамі мастацтва сучаснасці, дазваляе ўсвядоміць непарыўную мастацкую сувязь Віцебска з рознымі музычнымі плынямі і кірункамі. Мы прытрымліваемся галоўнай мэты фестывалю — аб’яднання ўсяго, што «ёсць вялікага і вечнага ў мастацтве розных эпох і розных народаў».
Уладзімір Бабарыка: Відавочна, наш фэст уяўляе панараму найбольш значных музычных падзей сучаснасці, артыстаў, твораў і іх інтэрпрэтацый. За 27-гадовую гісторыю ў ім прынялі ўдзел выканаўцы з больш за 30 (!) краін свету, ён прадэманстраваў сапраўды ўсёахопнасць жанраў.
Нэлі Мацаберыдзэ: Гэты фестываль цікавы з пазіцый сумяшчэння прынцыпаў постмадэрнізму і моцных нацыянальных і акадэмічных традыцый. Згадаем, што да першага фэсту ў 1989 годзе быў выпушчаны сімвалічны плакат, на якім надрукаваны тэкст амаль рэвалюцыйнага закліку: «Арганізатары фестывалю запрашаюць усіх прадстаўнікоў інтэлігенцыі, студэнцтва, усіх, хто не абыякавы да праблемы адраджэння музычных, мастацкіх традыцый горада, усіх, хто не мысліць сябе без мастацтва, на нашыя канцэрты-разважанні».
Дарэчы, сучасны Віцебск таксама ўзбагаціўся цікавымі артэфактамі, звязанымі з асобай Салярцінскага. Гэта першы (!) у свеце помнік музыказнаўцу. У скульптуры Валерыя Магучага скіраваная наперад постаць Салярцінскага, яго добры і адкрыты погляд нібыта звернуты да кожнага з натхнёным заклікам любіць мастацтва. І прысваенне каледжу імя Салярцінскага дакладна не адбылося б, каб не існаваў фестываль. На працягу двух дзесяцігоддзяў немалаважным стымулам, каб музычная атмасфера горада рабілася больш разнастайнай, стала абавязковае ўключэнне ў фестывальныя праграмы канцэртаў выкладчыкаў і навучэнцаў Віцебскага музычнага каледжа.
Наталля Ганул: Якія музычна-мастацкія старонкі адкрыў 27-ы фестываль?
Алена Падаляк: У 2016 годзе ў фэсце ўдзельнічалі прадстаўнікі з Расіі, Латвіі, Ізраіля, Украіны, Кітая і Беларусі. У аснове ідэйна-змястоўнай канцэпцыі перш за ўсё знайшлі адлюстраванне дзве знакавыя даты: 110-гадовы юбілей Дзмітрыя Шастаковіча і 125-гадовы — Сяргея Пракоф’ева. Музычны свет кампазітараў глыбока і шматмерна адбівае складанасць і неадназначнасць часу — і таго, і цяперашняга. Да таго ж штогадовы ўдзел у падрыхтоўцы і працы фестывалю Дзмітрыя Салярцінскага, а таксама прыезд Дзмітрыя Максімавіча Шастаковіча, унука кампазітара, на канцэрты і мерапрыемствы сталі той унікальнай сувяззю часоў, якая духоўна яднае нас з вялікімі асобамі ХХ стагоддзя.
Уладзімір Бабарыка: У канцэртных праграмах прынялі ўдзел Струнны ансамбль Беларускай акадэміі музыкі, Фартэпіяннае трыа «Riga MEM» (Латвія), ізраільскі піяніст і імправізатар Аляксандр Марковіч, расійскі піяніст і кампазітар Мікіта Мндаянц. Ансамбль салістаў «Класік-Авангард» прадставіў праграму «Музыка Руху. Маладая Польшча», у якой цалкам рэалізавана ідэя сінтэзу ўсіх відаў мастацтва. Цікава, што ні адзін выступ выканаўцаў не застаўся без актыўнага абмеркавання ў слухачоў.
Наталля Ганул: У рамках фестывалю адбыліся XVIII Навуковыя чытанні, якія дазваляюць значна пашырыць мастацкія межы форуму. На іх абмяркоўваліся тэмы віцебскага кантэксту ў еўрапейскай прасторы, асоба і музычны свет Дзмітрыя Шастаковіча, разглядаліся актуальныя пытанні сучаснага мастацтвазнаўства і беларускай музыкі — праз прызму персаналій Яна Тарасевіча, Сяргея Картэса і Алега Хадоскі.
Нэлі Мацаберыдзэ: Чытанні бачацца мне самай папулярнай формай навуковых сустрэч і кантактаў, бо галоўная іх мэта — асвета і папулярызацыя ідэй, падзей, з’яў. Ствараецца свайго роду навуковы энвайранмент, які прываблівае ўнутранай разнастайнасцю і шырокім кругаглядам. Цяпер Чытанні сканцэнтраваны на актуальнай тэматыцы, звязанай з праблемамі развіцця сучаснай культуры і мастацтва, што з кожным годам робіцца ўсё больш шырокай.
Наталля Ганул: З 2012 года сталымі ўдзельнікамі фестывальных праектаў становяцца Дзяржаўны архіў Віцебскай вобласці і Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва. А што вас зацікавіла ў такім супрацоўніцтве?
Святлана Мясаедава: Ведаеце, традыцыйна для многіх даследчыкаў вялікі інтарэс уяўляе вывучэнне комплексу дакументальных матэрыялаў, які захоўваецца ў Дзяржаўным архіве Віцебскай вобласці і адлюстроўвае тэму культурнага жыцця Віцебска пасля 1918 года, адкрыцця і працы Народнай кансерваторыі і Мастацкага вучылішча, калі ў горад прыехала мноства сусветна вядомых музыкантаў і мастакоў. Здараецца, архіўныя дакументы ўтрымліваюць зусім нечаканую інфармацыю. Так, значную ролю ў культурным жыцці горада ў 1923 годзе адыгрываў мастацкі аддзел Віцебскага губернскага палітыка-асветнага камітэта, куды напярэдадні выступлення кожны калектыў павінен быў звярнуцца за дазволам на пастаноўку. Згодна з Інструкцыяй пра парадак ажыццяўлення кантролю за рэпертуарам, артысты былі абавязаны падаць тэксты выступаў, публічнае выкананне твораў без належнага дазволу каралася па артыкуле 224 Крымінальнага кодэкса РСФСР. Такім чынам у архіве захаваліся арыгінальныя тэксты выступаў з цэнзурнымі пазнакамі.
Наталля Ганул: Сапраўды бясцэнныя матэрыялы для даследчыкаў!
Святлана Мясаедава: У 2012 годзе мы прымалі ўдзел у падрыхтоўцы выдання «Міжнародны музычны фестываль імя І.І. Салярцінскага. 1989—2011», дзе прадставілі 12 дакументаў па тэме «Арганізацыя Віцебскай народнай кансерваторыі ў дакументах Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці (1918 г.)». З гэтага часу штогод удзельнічаем у рабоце Навуковых чытанняў, рыхтавалі даклады пра Дзяржаўны сімфанічны аркестр пад кіраўніцтвам Мікалая Малько, Віцебск у біяграфіі петраградскага дырыжора Эраста Белінга, артыстаў Леаніда Уцёсава і Мікалая Форэгера, пра гісторыю Віцебскага музычнага тэхнікума ў 1921—1924 гадах, аб працы музыкантаў у кінематографе ў другой палове 1920-х. Калі аналізаваўся фонд кансерваторыі, адшукаліся новыя дакументы пра Сафію Ром, прафесарку сольных спеваў. Разам з музеем Марка Шагала мы падрыхтавалі выданне кнігі Гаўрыіла Юдзіна «Музычнае жыццё Віцебска ў першай чвэрці XX стагоддзя», дзе былі апублікаваны артыкулы супрацоўнікаў архіва пра скрыпача Карла Грыгаровіча, пра нотную бібліятэку, летнія канцэртныя пляцоўкі горада таго часу.
Андрэй Духоўнікаў: У нашым творчым супрацоўніцтве з фестывалем хацелася б згадаць правядзенне трох мастацкіх выстаў, ініцыятарам якіх стаў Дзмітрый Салярцінскі. У межах 24-га фэсту праходзіла выстава графікі траюраднага ўнука Івана Салярцінскага Мікіты Шаркова-Салярцінскага «Чорна-белы дзённік». Экспазіцыя была прысвечана памяці аўтара, які рана памёр. Выставу прадстаўляла ўдава мастака Алена Пінталь. Графічная серыя была створана Шарковым-Салярцінскім у апошнія гады жыцця. Ён займаўся пераважна жывапісам, аднак, не маючы магчымасці выконваць жывапісныя работы падчас цяжкай хваробы, ствараў графічныя аркушы — рэальныя, але сімвалічныя пейзажы-настроі.
Дзякуючы форуму ў нас склалася цікавае супрацоўніцтва з Дзмітрыем Максімавічам Шастаковічам. У рамках XXV фестывалю, у малой зале Выставачнага цэнтра сучаснага мастацтва экспанавалася яго фотавыстава пад назвай «Сон Татліна». Аўтар назваў яе фотасюітай, бо ўсе кадры звязаныя паміж сабой па сэнсе, развіваючы асноўную ідэю. Назву серыі падказаў здымак аднаго мудрагелістага маскоўскага будынка, на якім капрызнай воляй архітэктара і, мабыць, заказчыка фігуруюць выявы розных знакавых твораў мастацтва мінулых эпох, сумяшчаючы несумяшчальнае, у іх ліку асабліва вылучаецца знакамітая вежа Татліна. Такім чынам, па задумцы Шастаковіча, у экспазіцыі разгортваецца сон мастака Татліна аб барацьбе са злом. Дадзеная выстава адсылае да гісторыі мастацтва і адначасова псіхалагічнага стану кожнага чалавека. Пасля заканчэння Шастаковіч падараваў фотасерыі ВЦСМ.
У рамках XXVIII фестывалю ў філіяле «Арт-прастора, Талстога, 7» адбыўся яшчэ адзін фотапраект Дзмітрыя Шастаковіча — «Бакавы зрок», ідэя якога ў тым, каб вывесці на першы план малапрыкметныя нюансы, дэталі і сэнсы — усё, што заўважаецца ў паўсядзённым жыцці толькі на імгненне і бакавым зрокам. На кадрах, зробленых пераважна ў Маскве і Падмаскоўі, чырвонымі літарамі пазначана назва. Напрыклад, «Летаргічны марш». Аднойчы аўтар заўважыў у Маскве новыя скульптуры піянераў, што «неяк сонна крочаць, нібы ў летаргічным маршы», адсюль паўстала назва работы. Сюжэтамі для фатографа зрабіліся вершнік без галавы («Улада»), абстрэл цацачнага аўтамабіля («Канец алігарха»). Шастаковіч максімальна выкарыстоўвае прыёмы гратэску і іншасказанняў.
Наталля Ганул: Калі весці гаворку пра садружнасць усіх відаў творчасці, не магу не адзначыць рэалізацыю выключна перспектыўнага праекта. У мастацкай прасторы 28-га фестывалю ўпершыню адбылося знакавае ўключэнне таленавітага «дэсанту» маладых дызайнераў, студэнтаў Віцебскага тэхналагічнага ўніверсітэта.
Наталля Тарабука: Ідэя выставы плакатаў «Гульня ў класіку. Візуалізацыя музыкі» нарадзілася ў нас з любові да мастацтва і Віцебска і, галоўнае, з жадання далучыць студэнтаў да класічнай музыкі. Дызайнеры і музыканты даўно адчувалі і звязвалі гармонію гукаў і візуальнага мастацтва. Тэрміны, катэгорыі музыкі і жывапісу шмат у чым супадаюць — і тут, і там ёсць паняцці «кампазіцыя», «форма», «гармонія», «рытм», «каларыт», «дынаміка», «аўтарскае бачанне». У гэтых сугуччах і семантычных пераўтварэннях можна пабачыць цікавыя вобразы, у якіх форма, колер, кампазіцыя будуць уздзейнічаць на гледача, як музычныя сімвалы. Плакат — гэта магчымасць убачыць/пачуць музыку на вуліцы ці плошчы і далучыцца да яе праз выявы.
Для студэнтаў і выкладчыкаў кафедры дызайну, якой нядаўна споўнілася 40 гадоў, праект «Гульня ў класіку. Візуалізацыя музыкі» зрабіўся не толькі спосабам выказаць уласнае бачанне класічнай музыкі ў форме плакатаў, але і каталізатарам да яе вывучэння, знаёмствам з новымі аўтарамі і гісторыяй фестывалю імя Салярцінскага. Аўтарамі, а гэта студэнты 3-5 курсаў спецыяльнасці «камунікатыўны дызайн», былі выкарыстаныя розныя сродкі. Гэта ў першую чаргу візуалізацыя музыкі праз сінэстэзіі на аснове каляровых плям, ліній, геаметрычных форм у самых розных спалучэннях. Шматграннасць кампазіцыйных і колеравых рашэнняў у плакатах была звязана са шматграннасцю музыкі, а бачанне студэнтаў раскрывае з новага боку музычныя гучанні вядомых твораў.
Яркім спосабам прыцягнуць увагу ў постары можна за кошт метафары: у Паліны Хвашчэўскай гэта пёркі птушак замест чорных клавіш раяля, у Вікторыі Берасцень музыка нараджаецца ва ўяўленні Салярцінскага з белай прасторы. Гэта рознага кшталту аналогіі і марфалагічныя пераўтварэнні. Напрыклад, плакат Лізаветы Кучук можна лічыць праграмным для гэтай выставы: вобраз Івана Салярцінскага яднаецца з вобразам мікеланджэлаўскага Давіда — такім чынам мастачка яднае элементы класічнага і сучаснага мастацтва. Работы маюць і тэкставае пасланне. Так, у Юліі Васільчанка ў серыі плакатаў «Той, хто спявае, крытыкуе і гаўкае» агучана актыўная размова паміж музыкантам-выканаўцам, яго крытыкам і гледачом — дысананс, супярэчнасці і тое, што іх лучыць, — любоў да музыкі. Хочацца адзначыць, што класічная музыка з’яднала ўсіх аўтараў праекта, спрыяла творчаму росту і новым поглядам на сінтэз мастацтваў.
Наталля Ганул: Калі за круглым сталом збіраецца такая колькасць спецыялістаў і зацікаўленых асоб, немагчыма не закрануць балючыя, не вырашаныя праблемы…
Уладзімір Бабарыка: Гэта ў першую чаргу кадравыя пытанні — недастатковы прыток маладых сіл, недахоп высокакваліфікаваных работнікаў па тэхнічных спецыяльнасцях. Вельмі няпроста знайсці спецыялістаў па рэкламе філарманічнай дзейнасці. Большасць рэгіянальных устаноў культуры ў рэспубліцы адчувае падобныя цяжкасці, бо, як правіла, таленты, якія паспелі неяк сябе зарэкамендаваць, традыцыйна імкнуцца, скончыўшы ВНУ, знайсці працу ў сталіцы.
Нэлі Мацаберыдзэ: Па выніках 28-га фестывалю мы яшчэ раз пераканаліся, што галоўнымі наведнікамі мерапрыемстваў з’яўляюцца людзі дастаткова шаноўнага ўзросту, выхаваныя на вялікіх узорах класічнага акадэмічнага мастацтва. Яны здольныя належна ацаніць усе задумы арганізатараў форуму, атрымаць асалоду ад выканальніцкага майстэрства. Яны — у чаканні чарговага фэсту.
Аднак «залаты век» фестывальных слухачоў — з’ява, якая не мае развіцця ў найбліжэйшай будучыні. На жаль, актыўнага прытоку моладзі на канцэртныя мерапрыемствы акадэмічнага мастацтва не назіраецца. Нягледзячы на тое, што актыўныя спробы прыцягнуць моладзь ужо былі. Так, напрыклад, у афішы з’яўляліся джазавыя і арганныя праекты; канцэртныя праграмы выканаўцаў абавязкова ўключалі ў сябе папулярную класіку.
Аднак сучасная ўстойлівая тэндэнцыя ў культуры арыентуе маладых на музычныя творы, простыя для ўспрымання, на зразумелую музычную стылістыку. 20-гадовая гісторыя міжнароднага фестывалю «Славянскі базар у Віцебску», скіраванага на масавага слухача, сфармавала на сваіх традыцыях і густах не адно пакаленне, якое ўжо наўрад ці зацікавіцца цёплым гукам жывых інструментаў, адчуваннем сутворчасці з выканаўцамі, камернай атмасферай і прафесіяналізмам салістаў.
Тым больш каштоўным мне бачыцца вопыт апошняга фестывалю, у якім знайшлося месца маладым дызайнерам. Іх нестандартнае, дынамічнае ўспрыманне музыкі, сучасная мова выразных сродкаў неацэнныя для разумення далейшага шляху развіцця нашага форуму. Думаю, дзякуючы гэтаму фэст мае будучыню і патэнцыял.
Наталля Ганул: Давайце агучым перспектыўныя планы, звязаныя са 115-гадовым юбілеем Івана Салярцінскага. Чым будзе жыць мастацкі Віцебск у бліжэйшыя месяцы?
Андрэй Духоўнікаў: Цяпер Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва вядзе работу па стварэнні ў гістарычным будынку (па вул. Марка Шагала, 5а) экспазіцый «Музей гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча» і «Культурнае жыццё Віцебска пачатку ХХ стагоддзя» з выкарыстаннем мультымедыйнага абсталявання, што забяспечыць шчыльную інфарматыўную насычанасць і шматвектарнасць. Асаблівае месца ў выставах будуць займаць артэфакты, звязаныя з жыццём і творчай дзейнасцю Івана Салярцінскага.
Святлана Мясаедава: Для нас вельмі цікава было б падрыхтаваць падборку дакументаў пра віцебскі перыяд жыцця і творчасці Івана Іванавіча. 2018-ы — таксама юбілейны, мы будзем адзначаць 100 гадоў з дня арганізацыі Віцебскай народнай кансерваторыі і Дзяржаўнага сімфанічнага аркестра. Архіў абавязкова прыдумае нешта незвычайнае.
Алена Падаляк: Сёння асоба Івана Салярцінскага і яго імя ўспрымаюцца як сімвал, уяўляюцца вельмі важнымі для прасоўвання музычна-мастацкага іміджу Віцебска ў самых розных напрамках.
У маіх марах ёсць задума, каб фестывальныя праекты аб’ядналі розныя рэгіёны Беларусі. Напрыклад, гэта магло б стаць правядзенне агульнарэспубліканскага конкурсу «Трыбуна музычнага крытыка», стварэнне музычна-тэатралізаваных спектакляў на юбілейную тэматыку, арганізацыя конкурсу маладых кампазітараў, мастакоў, дызайнераў і літаратараў. Творчыя перспектывы сапраўды бязмежныя, ды і энтузіязм у арганізатараў пакуль не вычарпаўся. Аднак для рэалізацыі задуманага вельмі важны эканамічны складнік.
Нэлі Мацаберыдзэ: Вядома, віцебская зямля моцная сваімі фестывальнымі традыцыямі, прычым рознага жанравага кірунку. Кожны фэст, які ладзіцца на Віцебшчыне, мае ўласную аўдыторыю і ўласныя прыярытэты. Яны прымушаюць арганізатараў шукаць новыя формы, змест і дазваляюць знаходзіць актуальныя сродкі ўвасаблення новых ідэй. І гэта прыўносіць у іх канцэпцыі развіццё і пашырае межы.
Падрыхтавала Наталля Ганул.