Таксама прымяркоўваўся да 8 сакавіка, меў сем жанчын-удзельніц і канцэпт — пераасэнсаванне гендарнай мiфалогii, уплыў масмедыя на стварэнне гендарных стэрэатыпаў. Гэтым разам ідэя, якая б кранула аўтарак, доўга не знаходзілася, нарэшце яна ўзнікла — гігіена. За гэтым словам падцягнулася больш шырокае і абстрактнае — чысціня. На напружаным сутыкненні гэтых паняццяў — «чысціні» (недасягальны ідэал ці атаясамленне з дзяцінствам) і «гігіены» (нешта агрэсіўнае, казённае і нават пагражальнае) — будаваліся разважанні ўжо адзінаццаці ўдзельніц новага праекта ў залах Цэнтра сучасных мастацтваў.
Паводле Марты Шматавай, праект «Чысціня і гігіена» прысвечаны працэсу ачышчэння ад лішняга: «Ад адваротнага, цёмнага боку чысціні, калі чыстае ўспрымаецца як пустое ці мёртвае, — да сапраўды светлага яе боку, калі чысціня ўспрымаецца як нешта ідэальнае, ачышчальнае і ўзнёслае. Ад дазнанняў, допытаў, умяшальніцтваў — сямейных, грамадскіх, адміністрацыйных, цэнзуры і самацэнзуры — да адсутнасці фальшы і бруду, таго, што звычайна разумеюць пад выразамі “чысты гук”, “чысты колер”, “чыстае пачуццё”».
Прасторавая кампазіцыя выставы была іншая, чым у папярэднім праекце: без агульнага сімвала-акцэнту, без вонкавага погляду Іншага, які тры гады таму з’явіўся ў фотапраекце Мікалая Бацьвінніка. Выставачны аповед у залах НЦСМ развіваўся па спіралі, абрастаючы інтэрпрэтацыямі кожнай удзельніцы. Распачаўся ён у зале Кацярыны Сумаравай.
Моцная энергетыка прац і асэнсаваная работа з прасторай увогуле характарызуюць гэтую выставу з найлепшага боку, і экспазіцыя Кацярыны «RESERVUARIUM» атрымалася адной з найбольш энергаёмістых — з цэльным і выразным паведамленнем. Яе праект пабудаваны на суаўтарстве з вадой — самым старажытным і архаічным сродкам падтрымання чысціні. Мастачка звяртаецца да праўдзівых вытокаў, бо ў трохлітровых слоіках, як своеасаблівы рэзерв ці стратэгічны запас, былі закатаны пад жалезнымі накрыўкамі ўзоры, узятыя з рэк, азёр і іншых крыніц.
Рознага колеру і ступені празрыстасці, слоікі з вадой сталі апорнымі пунктамі экспазіцыі, на сцяне іх акружалі палотны — вольныя абстракцыі-інтэрпрэтацыі на тэму цякучасці, шматколернасці і асаблівых паводзін гэтай матэрыі, якая ў тым ліку дазваляе існаваць і акварэльным эфектам жывапісу. Паводле Кацярыны, ёсць два шляхі інтэрпрэтацыі гэтага праекта — у ракурсе экалогіі і духоўнага ўспрымання.
Прачытанне тэмы праз мастацтва, сувязь з яго крыніцамі, інспірацыямі і логікай існавання можна было прасачыць у многіх персанальных экспазіцыях. Мастачка Вольга Сазыкіна разам з Ганнай Маршавай і Кацярынай Міхнюк паказвалі «Абрад пераходу» — кашулю, сплеценую з крапівы, а таксама фотадакументацыю гэтага працэсу. Глыбінная экалогія — так акрэсліла мастачка працэс, падчас якога адбываецца матэрыялізацыя нерэальнага казачнага вобразу — кашулі з крапівы. Гэта засведчвае магчымасць пераходу з нерэальнай прасторы ў рэальную, патрэбнага для прыняцця ўласнай прыроды і адшукання сябе сапраўднай.
Таццяна Радзівілка паказала два праекты: «Водныя працэдуры», у якім рэканструюецца нараджэнне ментальнага вобраза прыроднага краявіду, і «Помнік» — празрыстыя блакітныя стэрыльныя тапачкі, аб’ект дэмістыфікацыі, што мае адносіны і да гігіены, і да нечага яшчэ — больш сацыяльнага.
Галіна Раманава пабытова рацыянальная ў сваім выказванні: у яе зале размясціўся банальны смеццевы пакет з выкінутымі ўнутр і раскіданымі вакол накідамі — неад’емнай часткай творчага працэсу. Перад намі працэс ачышчэння — пазбавіцца лішняга, адпрацаванага, перагарэлага, аселага грузам у памяці. А таксама разважанне над пытаннем, ці патрэбны сёння творы каму-небудзь, акрамя самога аўтара. Некаторыя працы абрамляюцца і вешаюцца на сцяну. Тут дадаецца праблема выбару: што лічыць творам мастацтва...
Гэтае выказванне перагукваецца з татальнай інсталяцыяй Зоі Луцэвіч — яе «Майстэрняй». Мастацтва можна рабіць з любых выпадкова знойдзеных рэчаў, са старога абруса стварыць прыгожую ўзвышаную кампазіцыю. Мастацтва — эфектыўны сродак гігіены: непатрэбныя прадметы прыбіраюцца з навакольнай прасторы і ўключаюцца ў арт-аб’ект.
Жанна Капуснікава, відаць, адзіная з аўтарак, якая не рабіла адмыслова творы пад гэтую выставу, прынцып яе існавання ў мастацтве іншы — татальны працэс, дзе адны серыі перацякаюць у іншыя, а працы качуюць з папярэдняга праекта ў наступны. Таму ў агульнае гучанне яна прыўносіць даволі моцную ноту — смерці, вайны і трэшу. Робіць акцэнт на сам працэс страты чысціні, напрыклад у карцінах выгнання — то з умоўнага раю, то з мірнага жыцця. «Не прыбяромся тут, у гэтым жыцці, то і там не атрымаецца», — тлумачыць мастачка.
Паводле Ілоны Касабука, ёсць толькі некалькі момантаў абсалютнай чысціні ў нашым жыцці — нараджэнне і смерць, а паміж імі — чалавек у пастаяннай барацьбе думак і пачуццяў.
Алена Толабава перастварае эка-мерапрыемства ў эка-арт, узнаўляючы ў памяшканні комплекс мерапрыемстваў, які выратаваў возера ад заражэння птушкамі. Арт-аб’ектамі становяцца шары, што пакрываюць падлогу яе залы. Праект трэба разглядаць у прасторавай перспектыве, праекцыі, і адбіткі чорных шароў трансфармуюцца ў фармальныя творы жывапісу, дзе белае і чорнае ўзаемадзейнічаюць праз канфлікт і прымірэнне.
Марта Шматава зрабіла сацыяльнае выказванне з удзелам людзей без пэўнага месца жыхарства. Яна вяртае іх у чысціню дзяцінства, у якім яны сапраўды былі шчаслівыя (гэта пацвярджае аўдыязапіс, што пракручваецца ў экспазіцыі). Карціна з выявай чалавека без твару кажа: кожны можа быць на гэтым месцы.
Алена Шлегель праз рэлігійныя сюжэты і гістарычныя міфалагізаваныя падзеі даследуе працэсы ачышчэння ў гісторыі чалавецтва: «Праводзячы гігіенічныя мерапрыемствы супраць таго, што лічым шкодным (вірусы, бактэрыі і г.д.), мы рэдка задумваемся пра тое, што, магчыма, самі ў пэўныя моманты сваёй гісторыі становімся аб’ектамі такіх самых гігіенічных мер».
«DOXA» Таццяны Кандраценка — фіктыўнае навуковае даследаванне і адначасова імітацыя «чыстага» канцэптуальнага праекта, але, тым не менш, па сутнасці — саркастычная крытыка базавых грамадскіх паняццяў, такіх як адукацыя, шлюб, сістэма спажывання. Інструментам містыфікацыі філасофскага паняцця «Doxa» стала звычайнае мыла аднайменнай маркі.
Калі ў папярэднім праекце Марты Шматавай «Штучнае асвятленне. Клара і Роза» мастачкі стваралі свае выказванні ў межах гендарнай тэматыкі, то тут рэвалюцыйны запал нібыта спадае, а замест яго прыходзіць тонка праведзены аналіз нібыта традыцыйна жаночых тэрмінаў — чысціні і гігіены. Крытыка гендарных стэрэатыпаў адбываецца завуалявана. А сама куратарка падсумоўвае: як вынікае з выставы, у нашым грамадстве чысціня з’яўляецца паняццем даволі сумнеўным.