Вандроўкі па памежжы

№ 2 (299) 01.02.2008 - 29.02.2008 г

Швецыя ўпершыню прымае ўдзел у міжнародным тэматычным выставачным праекце «Падарожныя нататкі. Еўропа». На выставе былі прадстаўлены графічныя аркушы Ульрыкі Ольсан і фатаграфіі Енца Олафа Ластхейма -- невялікая частка яго работ, прысвечаных памежжу.

 /i/content/pi/mast/7/187/Vandrouki1.jpg
 Мінск, Беларусь. 2005.
Тэма падарожных нататак надзвычай шырокая. У яе рамках застаецца шмат прасторы для ўласнай рэфлексіі, і даўнія творы фатографа арганічна пасавалі да канцэпцыі экспазіцыі. У праекце творцу прывабіла і тое, што ад кожнай краіны былі прадстаўлены фатограф і графік. Гэтыя два віды мастацтва сёння спрабуюць адказваць на праблемы сучаснасці адэкватнымі зменамі ў сродках выказвання -- і ў гэтым сваім імкненні суіснуюць надзіва арганічна...
Па словах Е.О.Ластхейма, які супрацоўнічае з перыядычнымі выданнямі і адначасова займаецца ўласнымі творчымі праектамі, выразная мяжа паміж рэпартажнай і творчай фатаграфіяй сёння не прасочваецца, віды і жанры змешваюцца, прыкладное і мастацкае часта мяняюцца месцамі. Верагодна, самыя цікавыя творчыя знаходкі і з’яўляюцца тады, калі перасякаюцца розныя кірункі.
 /i/content/pi/mast/7/187/Vandrouki2.jpg
 Транскарпатыя, Украіна. 2004.
Доўгі час у Швецыі вяліся дыскусіі пра тое, чым каштоўная рэпартажная фатаграфія -- праўдай факта ці суб’ектыўным пачуццём творцы. Фатаграфія арганічна спалучае ў сабе гэтыя два складнікі, але суб’ектыўнае набывае ў мастацтве ўсё большую вартасць...
У экспазіцыі фотамайстар са Швецыі прадставіў шэсць работ. Характэрна, што іх велізарны фармат не выклікае змены фокусу: выявы не набліжаны да нас і не дадзены ў панараме. Яны -- нібы знятыя выпадковым прахожым. Але адразу ж заўважаеш дасканалую кампазіцыю, акцэнты, расстаўленыя такім чынам, каб правесці нас праз увесь сюжэт, паступова насычаючы яго няўлоўнымі сэнсамі, узмацняючы ўздзеянне твора. Сюжэты работ -- наўмысна, падкрэслена звычайныя. Для нас -- увогуле банальныя. Будзённасць наслойваецца хаатычна, выпадкова: пачатак п’янай бойкі (гэта -- Расія), упрыгожваюць шарыкамі кіёск непадалёк ад бібліятэкі (гэта -- мы), адзінокія постаці, недарэчны павільён на фоне прыгожага горнага краявіду (гэта -- Украіна). Той, хто бачыць логіку ў гэткай выпадковасці, -- і ёсць фатограф, здольны заўважыць незвычайнае ў звычайным. Але гэта «звычайнае», можа, толькі для нас, бо для старонняга вока гэтыя банальнасці жыцця і ёсць тое, што «чапляе».
 /i/content/pi/mast/7/187/Vandrouki3.jpg
 Каўзені, Малдова. 2006.
«Мой праект, -- расказвае Е.О.Ластхейм -- прысвечаны тэме памежжа. Яна цікавіць мяне даўно, бо я шмат вандраваў -- па Расіі, Беларусі, Малдове і Украіне. Фатаграфіі, зробленыя падчас вандровак, і аб’ядналіся ў цыкл, прысвечаны памежжу, які я рабіў для паказу заходняму гледачу. Але з задавальненнем скарыстаўся магчымасцю прэзентаваць праект тут, бо мяне хвалюе рэакцыя на яго людзей з тых месцаў, дзе зроблены гэтыя здымкі. На жаль, Еўропа ўсё яшчэ падзелена. Мяжа паміж Усходняй і Заходняй Еўропай фізічна пераадольваецца лёгка, але існуе на ўзроўні адносін і ўспрымання адзін аднаго. На Захадзе, напрыклад, не вельмі цікавяцца тым, што адбываецца ва Усходняй Еўропе. Мяне хвалюе такая сітуацыя, бо пакуль я вандраваў тут, палюбіў гэтыя мясціны».
У Швецыі фатаграфія мае вялікую папулярнасць як від мастацтва. Існуе Саюз фатографаў, працуе шмат галерэй з разнастайнымі канцэпцыямі. Ёсць арганізацыі (напрыклад, Цэнтр развіцця фатаграфіі), якія аб’ядноўваюць фатографаў, падтрымліваюць іх, знаходзяць памяшканні для выстаў, дапамагаюць у пошуку працы. Праводзяцца конкурсы, на якіх прысуджаюцца ўзнагароды. Папулярнасць у творчых людзей маюць гранты: выйграўшы яго, фатограф можа цягам доўгага часу вольна рэалізоўваць свой праект...
У Швецыі існуюць шырокія магчымасці для набыцця спецыяльнасці фатографа: пачынаючы з курсаў у гімназіі да універсітэцкай адукацыі. «Але я лічу, -- сведчыць Е.О.Ластхейм – што, каб стаць фатографам, не абавязкова доўга вучыцца. Часам мае студэнты на першым курсе робяць больш цікавыя работы, чым некаторыя фатографы пасля працяглага навучання. Фатаграфічная адукацыя -- справа, безумоўна, важная. Але ў фатаграфію вядзе шмат шляхоў. Досвед, які я вынес з выкладання ў фоташколах, такі: самае галоўнае, каб фатограф знайшоў сваю ўласную мастацкую мову, а пасля ён зможа выкарыстаць яе ў любых сферах. Акрамя таго, любы можа набыць сабе камеру і здымаць. Але ўсё жыццё спатрэбіцца, каб зразумець, як гэта трэба рабіць, і давесці да дасканаласці сваё майстэрства. Самае важнае -- каб чалавек мог выявіць сваё асабістае, каб быў сапраўды шчыра захоплены ідэямі, якія ўвасабляе». 

Алеся Белявец