У кожнага мастака на творчым шляху бывае час, калі ён прыходзіць да пэўнай разгубленасці: ранейшая форма выяўлення ўжо вычарпаная, а хочацца ісці далей. Куды — невядома. Гэтак здарылася і ў Грышкевіча, і па параду ён звярнуўся да сябра і колішняга свайго настаўніка Юрыя Герасіменкі. Бывала, выпадкова сустрэўшыся ці то ў родным Маладзечне, ці ў сталічным Мінску, дзе-небудзь на скрыжаванні каля ГУМа, яны маглі гадзіну-другую горача дыскутаваць пра мастацтва, забыўшыся пра ўсё на свеце. А тады, у далёкім-далёкім мінулым, Герасіменка падзяліўся слушнай радай. Маўляў, напішы, Саша, партрэт сваёй маці, і праз гэта знойдзеш вырашэнне сваёй праблемы. Ідэя была сустрэтая з энтузіязмам, бо зразумела: ствараючы вобраз роднага, вельмі дарагога сэрцу чалавека, не зможаш схлусіць, адчуеш сябе і сваю сутнасць — як у жыцці, так і ў мастацтве. Важны і карысны ўрок Аляксандр засвоіў назаўсёды: кожны раз, калі ідзе з эцюднікам на прыроду, ён прадстае перад ёй, як перад маці, — шчыры і адкрыты.
Стасункі мастака Аляксандра Грышкевіча з краявідам сакральныя па сутнасці. Родная прырода стала яго музай, што мае магутныя крылы, кожнае з якіх не саступае ні моцай, ні хараством, ні размахам у палёце. Іх назвы — эцюд і карціна.
У эцюдах-лаканічная выразнасць жывапіснага вобраза. Калі гэта варыяцыі аднаго і таго ж прыроднага сюжэта, то у кожнай з іх — новае асэнсаванне. І ў родным Маладзечне, і на Віцебшчыне Аляксандр мае ўлюбёныя месцы, якія здатны пісаць бясконца. Да такіх належаць шматлікія маладзечанскія, дашкаўскія і малінаўскія эцюды мясцінаў яго дзяцінства і звязаныя з бацькамі, дзядамі і прадзедамі (іх біяграфіі і жыццёвыя лёсы творца скрупулёзна даследаваў). Па сутнасці, гэта колерава-прасторавыя формулы эмоцый, атрыманых у назіраннях, спалучаныя з формамі рэальна існуючых краявідаў. Кожны з эцюдаў здатны прэзентаваць творчасць Грышкевіча, як кропля — цэлы акіян.
Матывы яго краявідаў часта паўтараюцца. Іх колерава-эмацыйная фабула ў многім залежыць ад таго, у якім настроі творца выйшаў на эцюды. Часам гэта болей значна, чым наяўнасць сонца на небе. Разняволены мастак належыць прыродзе, а яна яму. У той жа час любы наступны сюжэт жывапісец увасабляе паводле ўласных законаў выяўленчасці. У сувязі з гэтым Аляксандр прыгадвае словы Барыса Заборава аб тым, што ў творы вызначальныя не колер, не малюнак і нават не кампазіцыя. Важнае ўсё — абрысы, якія ў адным выпадку могуць быць жорсткімі, у другім мяккімі і амаль празрыстымі; фоны і кантэкст выяў, нават прамежкі паміж імі, часам здатныя адыгрываць у эмацыйна-вобразным рашэнні карціны большае значэнне, чым сюжэтная пабудова. Сутнасць у тым, што Грышкевіч ніколі не «спісвае» з натуры, а шукае у ёй сваё, блізкае. Складнікамі яго мастацтва паўстаюць перадусім форма і эмоцыя — вызначальнікі жывапісу эпохі сімвалізму. Сярод любімых творцаў — Фердынанд Рушчыц. Працуючы над чарговым палатном паводле канкрэтнага краявіду, Грышкевіч шукае яго формулу, якая і цікавіць мастака ў першую чаргу. Формулы жывапісу будуюцца з эмоцый, якія накопліваюцца, нарошчваюцца амаль да свайго абсалюту. Насамрэч творчы працэс праходзіць па-рознаму. Вельмі часта формула ад пачатку паўстае ў галаве, а ўжо потым абрастае выяўленчымі «цытатамі» з жывой прыроды. Аляксандр хоча быць зразумелым, таму вядзе гледача да сваіх уяўленняў і перакананняў праз натуральныя вобразы навакольнага свету.
У Маладзечне самадзейны творца Мікола Ланскі запаліў у падлетку прагу мастацтва. Далей, у мясцовай студыі малявання, Аляксандр пазнаёміўся з легендарнымі цяпер Кастусём Харашэвічам і Ядвігай Радзялоўскай, хоць на той час, дзіцёнкам, яшчэ не здатны быў асэнсаваць веліч гэтых постацей. Разуменне прыйшло пазней. Менавіта Кастусь Харашэвіч сваёй высокай патрабавальнасцю здолеў сфармаваць разуменне, што жывапіс — гэта сур’ёзна і адказна. Радзялоўская ўласнай творчасцю пераконвала ў тым, што мастацтва ёсць увасабленнем высокай культуры. Юрась Герасіменка не столькі вучыў маляваць, колькі закладаў у пачаткоўца мастакоўскае мысленне. У вучылішчы куратарам групы быў Кім Шастоўскі, глыбокі і душэўны чалавек, цэльная асоба. Ён навучаў асаблівасцям пластыкі жывапісу — лініі малюнка ў карціне і колькасць колеравых плям ды акцэнтаў заўсёды павінны знаходзіцца ў вывераных стасунках. Аляксандр Грышкевіч крыху павучыўся жывапісу ў Міхаіла Савіцкага. Гэта быў адзін з найскладанейшых перыядаў у жыцці Аляксандра, які толькі закончыў навучанне ў Акадэміі мастацтваў і імкнуўся пераадолець вучнёўства ды перайсці на новы этап — тварыць самастойна. Прыдаліся і шматлікія парады народнага мастака Беларусі, ад яго Грышкевіч засвоіў: творцу не варта чакаць натхнення. Трэба проста станавіцца перад мальбертам і працаваць. А натхненне прыйдзе толькі да таго, хто падрыхтаваны да гэтага.
У майстэрнях Савіцкага хутка прайшлі восем год творчых пошукаў. Спачатку было навучанне ў магістратуры, потым праца майстрам. Доўгая паўсядзённая работа ў чатырох сценах прывяла да чарговага творчага крызісу, у жывапісе пачалі пераважаць прагматызм і сталі губляцца эмацыйныя складнікі. Выйсце было адно — пераход да натурнага жывапісу на прыродзе. Грышкевіча найболей цікавіць айчынны краявід, яго сувязь з чалавекам, хоць на карцінах і эцюдах няма людзей. Але ўсе яго творы працятыя думкамі пра чалавека,пачуццямі і перажываннямі, эмоцыямі пачування сябе ў роднай прыродзе. Таму творчасць Грышкевіча — пра людзей, пра пачуццёвы свет беларусаў.
Аляксандр Грышкевіч — удзельнік дзясяткаў мастацкіх выстаў. Сярод іх некалькі персанальных — у Мінску, Вілейцы, Гомелі, Светлагорску і Таліне. Запомнілася яму экспазіцыя беларускага жывапісу ў Японіі (Хірасіма, 2008) і ўдзел у беларускіх Біенале мастацтваў, дзе творца быў уганараваны прызам глядацкіх сімпатый. Яскравымі засталіся ўспаміны пра выставу беларускага жывапісу «Зямля пад белымі крыламі» ў Францыі (Парыж, цэнтр П’ера Кардэна, 2005), на ёй Грышкевіч прадстаўляў сем сваіх буйных палотнаў.
Эцюды мастака самадастатковыя, яны закліканы хутка зафіксаваць імгненны стан прыроды, мімалётную эмоцыю і ўражанне… Да карціны ў творцы больш патрабаванняў. Па сутнасці карціна — гэта сінтэз думак і эмоцый, фіксацыя глыбокіх эмоцый і ўражанняў — з каранямі ў вечнасці...
Праз усю творчасць Грышкевіча праходзіць імкненне да філасофскага асэнсавання жыцця чалавека на зямлі. Яго спадарожнікам з’яўляецца музыка, у якой вельмі шмат агульнага з жывапісам. Праца на прыродзе - гэта абуджальны і завадны джаз пачуццяў. Як і ў музыцы, у жывапісе валадараць рытмы і інтанацыі. І чым дакладней інтануе ў сінтэзе ліній, колераў і рытмаў жывапісец, тым болей пранікнёным паўстае яго мастацтва. Гэта ўсё непасрэдна датычыць наробку Аляксандра Грышкевіча, які з 1990-х калекцыянуе музыку, слухае яе кожны дзень і дазваляе верхаводзіць у сваёй майстэрні.
Адной з найважнейшых падзей для Грышкевіча сталася выстава адной карціны — «Зямля» (Мінск, галерэя «Мастацтва», 2012). У ёй візуальная энергетыка каларытаў свежаўзаранай глебы, якая, здаецца, «дыхае на поўныя грудзі — вольна і спакойна», узмоцненая рытмамі гарызантальных ліній барознаў, спалучаных разам у абсалютную гармонію. Мастак велічна і манументальна ўвасобіў вобраз беларускай зямлі, гатовай прыняць кінутае ў яе зерне жыцця.
Гледачу было прадстаўлена, мабыць, адно з найгалоўнейшых тварэнняў жывапісца. Насамрэч адлюстраваная аўтарам тэма невычарпальнага патэнцыялу жыцця не мае ні пачатку, ні канца. Няма сумневу і ў тым, што мастак будзе яе доўжыць.
Таццяна Маркавец-Гаранская