Акцэнт цяперашняй праграмы — інклюзіўны падыход для ўстойлівага развіцця грамадства. Усё гэта — у імя годнасці і каштоўнасці кожнай чалавечай асобы».
У параўнанні з леташнім фэстам, карціны не назавеш «глядацкімі» — у іх практычна няма зразумелых і аптымістычных фіналаў, і нават жыццесцвярджальнаму пачатку цяжка суперажываць. Стужкі ставяць настолькі складаныя пытанні, што ў грамадства пакуль няма на іх адказаў. Напрыклад, як жыць сям’і, дзе муж і жонка маюць ментальную (але не душэўную!) інваліднасць, а сын — не? Ці можна лакальна кантраляваць агрэсію ў яе гранічнай колькасці і якасці? І нават міграцыю, беднасць — глабальныя праблемы, перакладзеныя, здавалася б, у асабліва сацыяльную плоскасць, — аўтары фільмаў пераводзяць у разумовую і філасофскую. А там рашэнняў, за невялікімі выключэннямі, няма.
Рызыкну выказаць здагадку: арганізатары сабралі праграму, дзе транслюецца жаданне стваральнікаў папярэдзіць балючыя калізіі. І вельмі часта альтэрнатыва гэтай слабай надзеі — безвыходнасць. Часта, але не заўсёды.
Дзіўныя людзі
Карціна «X + Y» Моргана Мэцьюза (Вялікабрытанія, 2014) — гісторыя хлопчыка з прыкметамі аўтызму. «З прыкметамі», таму што па законах жанру ён усё ж такі вяртаецца да адкрытых эмоцый і хвароба не вытрымлівае выпрабавання каханнем. Але ў жыцці ўсё можа быць інакш, значна больш драматычна. Таму аўтары звяртаюцца да досведу гледача. І тады пасланне грамадству выглядае трывожна: толькі абароненасць дзіўнага чалавека, толькі ўвага да яго здольнасцей, магчыма, адоранасці могуць даць яму шанец на паўнавартаснае жыццё, а самому соцыуму — яшчэ адну паўнакроўную асобу.
«Хазэ нагашы» Maзіяра Міры (Іран, 2013) застаўся з неперакладзенай назвай — нешта накшталт «намаляваны басейн» або «малюнкі для басейна». З тымі малюнкамі не спраўляецца мама галоўнага героя-школьніка. Яго сям’я — «дзіўныя людзі». Фільм крыху схематычны, але ад гэтага не становіцца больш камфортным. Хворыя бацькі здаровага хлопчыка — як ім жыць? Адпусціць дзіця? Гэта вельмі цяжка, але ён і сам ідзе ў сям’ю настаўніцы. Грамадскі кантэкст дапамогі не паказаны, хутчэй наадварот: мужчыны ў абедзвюх сем’ях губляюць працу. Што будзе з дзецьмі? А з дарослымі? Адказу няма, хіба што даўняе вясельнае пажаданне: будзьце добрыя адно да аднаго... Магчыма, дзіця, якое стала мастком паміж дзвюма сем’ямі, паслужыць пэўнай надзеяй. І гэта зноў не глядацкае кіно ў тым сэнсе, што няма прамога суперажывання, няма таго выхаду, на якім бы акцэнтавалася рэжысёрскае рашэнне.
Прытым што іранскія карціны рэдка трапляюць на нашы экраны, у фільме няма чаканай экзотыкі. Затое ёсць выдатная акцёрская ігра выканаўцаў галоўных роляў Мар’ям і Рэзы, якая яшчэ больш узмацняе адчуванне адчаю.
Няма адказу для «Карандзiру»
Палонныя турмы «Карандзiру» (рэжысёр Эктар Бабенка, Бразілія—Аргенціна—Італія, 2003) — забойцы, наркаманы і наркагандляры, гомасэксуалы і трансвестыты, ВІЧ-інфікаваныя і хворыя на сухоты. Тры тысячы чалавек. Ніхто не ізаляваны як носьбіт вірусаў, у турме — штодзённыя бойкі і забойствы. Усё булькоча вар’яцкімі жарсцямі, усё замяшана на здрадзе, помсце, нянавісці. Я адзначыла б у гэтай карціне працу мастака — візуальны шэраг адсылае да экспрэсіўнага жывапісу: скажоныя грымасы вязняў праступаюць з цемры, аператарская праца будуецца ў паўзмроку і на паўтонах.
Са зняволенымі мае зносіны доктар, які перыядычна прыходзіць у турму і робіць прышчэпкі хворым, гэта значыць — практычна ўсім. Бурлівы кацёл не можа не падарвацца, кіраўніцтва выклікае спецназ, і калектыўны партрэт пакуты заліваецца крывёй. Гінуць амаль усе. Для ўвасаблення доктара рэжысёр выкарыстоўвае ідэю талстоўскага Платона Каратаева: спакойны чалавек, які прабачае ўсім, задае простыя пытанні і атрымлівае ў адказ маналогі пра катаванні і безнадзейнасць. Але для гледача не такі пераканаўчы Талстой, як, напрыклад, Босх: да тэмы прававой або эмацыйнай абароны справа не даходзіць, затое магутны абсурд і дэградацыя адклікаюцца болем. Мабыць, гэта самы цяжкі фільм праграмы.
Эміграцыя знешняя і ўнутраная
З нагоды міграцыйнага крызісу сказана шмат, таму з пункту гледжання наратыву «Грамадзяніна Нуль» Франчэска Мазэлi (Італія, 2007) здзівіць гледача цяжка. Аднак у кінамове абмежаванняў практычна няма. Патрыярх італьянскай дакументалістыкі, Мазэлi абраў мак’юментары, злучыўшы тры невялікія гульнявыя навелы з дакументальнымі здымкамі. Апошніх — з засмечанымi ўскраінамі і людзьмі, якія мерзнуць у вагончыках, — так шмат, што здаецца, нібы гэта проста відэа актывістаў лявацкiх поглядаў. Але ў драматургіі ды рэжысуры Мазэлi выраўноўвае гэты нахіл. Плюс выключная Арнэла Муці. Яна выконвае ролю румынскай мігранткi, вымушанай два з паловай гады працаваць у сям’і, не маючы права выходзіць з дома. У рэшце рэшт у стане нервовага зрыву яна пакідае працу. Гэта цэнтральны эпізод карціны, ён бярэ на сябе асноўную эмацыйную і канцэптуальную нагрузку: выйсце знойдзенае, калі ў гераіні з’яўляюцца сям’я і дом.
Цікава, як Мазэлi звязвае навелы ў адзіны кiнатэкст — гэта так званыя паратэкстуальныя адносіны: сувязі ўнутры фільма, перасячэнні і кантрасты. Лёгка счытваецца лінія прасторы, калі рэжысёр вядзе гледача ад чаканай Эфіопіі — першая гісторыя пра нелегалаў — да прадказальнай тэмы мігрантаў з постсавецкіх краін і далей — да ўласных грамадзян, што ўжо не «зеро», але толькі фармальна. «Унутраная Манголія» таксама становіцца вострай праблемай — гэта паглыбленне тэмы міграцыі, другі лагічны пласт, дзе даследуецца не толькі геаграфія, але і душэўны стан герояў. Атачэнне мігрантаў, тое асяроддзе, пра якое яны так марылі і ў якое трапляюць, таксама актыўна ўдзельнічае ў кінаапавяданнi. Сутыкаючы атмасферу прытулку і антыкварны інтэр’ер багатага дома ў двух першых сюжэтах, Мазэлi прыводзіць нас на вузкія вуліцы Рыма. Любімыя турыстамі, пазнавальныя, але напоўненыя болем чалавека, што не ўмее перажыць стрэс. Гэта вельмі яркія, насычаныя другія планы, але іх пасыл — уразлівасць і непрыкаянасць.
Што будзе «Заўтра раніцай»?
Румынскi рэжысёр Марыян Крысан наўрад ці меркаваў, як разаўецца яго тэма ў стужцы 2010 года. Некалькіх нелегальных мігрантаў перавозяць праз мяжу, але ў аднаго з іх не хапае грошай разлічыцца з перавозчыкам: ён застаецца ў памежнай паласе і прыходзіць на хутар. Гаспадар спрабуе знайсці яму працу, але ў рэшце рэшт вывозіць праз мяжу далей, у Венгрыю.
Гісторыя амаль будзённая, павольная. Але як гэта зроблена! Нічога не адбываецца, аднак адбываецца ўсё. Дзясяткі сэнсавых нітак: чалавек і сям’я, чалавек і яго дом, чалавек і ўлада, абсурд і годнасць — усё прачытваецца за кадрам, за словамі, за персанажамі. Больш за тое, праблема непаразумення ў грамадстве ўтрыравана няведаннем моў двух герояў — турэцкай і румынскай. Жаночая лінія, лад жыцця правінцыі, тонкі гумар людзей і сітуацый там, дзе яго зусім не чакаеш. Нездарма фільм атрымаў некалькі міжнародных узнагарод, і далёка не выпадкова феномен румынскага кіно так упэўнена існуе на сусветнай кінасцэне.
Цікава разабраць гэтую стужку ў паняццях сацыёлага Энтані Гідэнса і яго тэорыі структурызацыi. Фрагментацыя жыцця сучаснага грамадства на сацыяльныя практыкі, пра якую піша Гідэнс, у наяўнасці. Традыцыйны ўклад жыцця гарадской ускраіны распадаецца на новыя элементы: напрыклад, рэгламентацыя памежных тэрыторый, калі для рыбалкі патрэбна ліцэнзія, а для нават адной рыбы — ветэрынарны сертыфікат; дарожным рабочым з белай фарбай для разметкі трасы патрэбны дазвол, таму што ў суседняй па ЕС краіне выкарыстоўваюць жоўтую, і г.д. Руцінны жыццёвы лад, які пакаленнямі «прайграваўся ў часе і прасторы», раптам паказвае гнуткасць — прычым не там, дзе яе чакаюць. Свая логіка ў памежнікаў, што ў прыборы начнога бачання заўважаюць мігрантаў, але чамусьці не спыняюць іх. Такіх новых практык у фільме некалькі, і іх вытворнае — паводле Гідэнса — «практычная свядомасць» герояў. Гэта і не ў поўнай меры ўсвядомлены падыход, але разумны і натуральны. Не макра- і не мікраўзровень сацыяльнай праблемы, але «тварам да твару».
Любоў ГАЎРЫЛЮК