Хатнія, утульныя, мілыя першыя «Нябёсы» не маглі пахваліцца ахопам ды імёнамі: у фэсце пераважна бралі ўдзел аматары (калектывы з дзіцячых садкоў і школ, супрацоўнікі музеяў). Леташні фестываль, дзякуючы адданай працы аргкамітэту, дасягнуў якасна новай вяршыні. Паказы народнага тэатра «Батлейка» з Міра, расійскіх калектываў «ТрыЛіка», «Вандроўны вяртэп», «Душагрэі» вылучала прафесійнасць, відавочны навуковы і творчы падыход да аднаўлення тэкстаў батлейкавых прадстаўленняў, стварэння лялек і скрыняў.
Сёлетні фэст даў спадзяванне, што дасягне ўзроўню такіх прызнаных, як Калядны фестываль народнай музыкі і тэатра «Вяртэп» (Каломна) ці Фестываль школьных і сямейных батлеек «Стары Новы год» (Масква). Акрамя пашырэння геаграфіі ды павелічэння колькасці ўдзельнікаў да сямнаццаці калектываў з Беларусі, Польшчы, Украіны і Расіі, ці не самым галоўным дасягненнем можна назваць арганізацыю Школы батлейкі. Бо перадусім задача «Нябёсаў» — папулярызацыя старога мастацтва, і школа з пазаконкурснымі паказамі спектакляў, лекцыямі ды варштатамі ад мэтраў адмысловай тэатральнай справы выдавала не так на адукацыйнае мерапрыемства, як на арганічную фестывальную частку.
Пастаноўкі — свайго роду існыя ўзоры традыцыйнага батлейкавага мастацтва — у межах Школы прадставілі «Батлейка Алеся Лася» і тэатр «Вандроўны вяртэп» Аляксандра Грэфа, які летась звёз у родную Маскву фестывальны Гран-пры. Абодва хоць і звярталіся да аднаго і таго самага матэрыялу, «Цара Ірада» ў звыклых формах прадстаўлення, але, так бы мовіць, мелі свае характары, спавядалі свае манеры. Выдатны вакал і музычнае афармленне, трукі (самы запамінальны — сапраўднае полымя з д’ябальскае пашчы), падкрэсленая запаволенасць дзеяння (яна, паводле Аляксандра Грэфа, з’яўляецца важнай рысай батлеечнага прадстаўлення) характарызавалі маскоўскую версію. Батлейка Алеся Лася, мастака, музыкі, рэстаўратара і этнографа, вылучалася адметнай інтэрмедыйнай часткай (са сцэнамі «Як баба ў свята рабіла і душу сваю загубіла», «Паненка і доктар», «Смаргоншчык і мядзведзь» ды іншымі). Вядома, і тэхніка справы (лялькаваджэнне), і стварэнне атмасферы аўтэнтычнага прадстаўлення былі на вышыні. Аднак для пачаткоўцаў, што наведалі Школу, не менш важнымі зрабіліся практычныя парады па арганізацыі батлейкі і сакрэты, якімі падзяліліся Алесь Лось і Аляксандр Грэф. Майстры не абышліся без экскурсу ў гісторыю паходжання гэтага віду тэатра, згадак пра ягоныя старажытнагрэчаскія карані ды еўрапейскія аналагі, асаблівасці існавання батлейкі ў Беларусі і праблемы яе адраджэння.
Выдатнай часткай Школы зрабіўся семінар-практыкум, зладжаны Ганнай Выгоннай, мастачкай, рэстаўратаркай і рэжысёркай батлейкавых прадстаўленняў. Дзякуючы ёй батлейкай захапіўся не адзін чалавек. Дарэчы, у фестывалі паўдзельнічалі ажно два калектывы, якімі яна апекавалася ў той ці іншай ступені: «Клас-А!» (гімназія №74, Мінск) і Батлейка сямейнага клуба Беларускага зялёнага крыжа (сямейны тэатр Юнгіных). Ясныя, простыя парады па стварэнні скрыні (яе можна рабіць нават з кардону), лялек, каларыстычным рашэнні, лялькаваджэнні і засваенні драматургіі пераконвалі ў тым, што зладзіць дамашні аматарскі тэатр можа кожны ахвочы. Усе выступоўцы імкнуліся данесці, патлумачыць сакральную сутнасць мастацтва батлейкі, сэнс і абгрунтаванасць выкарыстання тых ці іншых прыёмаў, бо без усведамлення глыбіннай прыроды з’явы яе ўзнаўленне, наколькі б тэхнічна віртуозным ні было, застанецца хіба цьмяным адбіткам. На шчасце, невыразных, неадухоўленых спектакляў на фестывалі бадай і не было.
Але сёлетнія «Нябёсы» — фестываль не адных батлеек. Па вялікім рахунку, пераважная бальшыня конкурсных пастановак мінулых гадоў спавядала форму і прыёмы батлейкавага тэатра, звярталася да яго сюжэтаў ці твораў, дзе выразна адчуваліся (альбо адмыслова ўводзіліся) хрысціянскія матывы. Сёлета можна было назіраць выхад як за батлейкавыя, так і за лялечныя межы, пашырэнне тэматыкі, якая, тым не менш, усё адно заставалася ў рэчышчы фестывальнага дэвізу «З лялькай да Бога» і задачы «сцвярджэння высокіх духоўных ідэалаў дабрыні». Усцешна было бачыць пастаноўку Жытомірскага акадэмічнага абласнога тэатра лялек «Братка Асёл, альбо Шлях да Віфлеема» паводле п’есы Сяргея Кавалёва. Шырмавы спектакль з кійковымі лялькамі мо і выглядаў крыху старамодна, аднак кранаў пранікнёнасцю і яснасцю, так што калектыў стваральнікаў ганаравалі дыпломам «За лепшае раскрыццё духоўна-маральнага зместу пастаноўкі». Тэатр «ТрыЛіка» разыграў камерную па гучанні «Чорную курыцу» паводле казкі Антонія Пагарэльскага. Спектакль, дзе роля слова была ці не самай нязначнай, паставіла венгерская рэжысёрка Ката Чато — як драму дзіцячай самоты.
Сапраўдным адкрыццём фестывалю стаўся «паказ» «Дакраніся да сонца» паводле казак Барыса Шаргіна і Сцяпана Пісахава тэатра «SmallFish» (Масква). Слова «паказ» узятае ў двукоссі, бо гэты спектакль — для невідушчых дзяцей. Яго можна пачуць, панюхаць, да яго можна дакрануцца, нават паспытаць на смак, але пабачыць нельга. Праўда, ва ўсіх, каму пашчасціла на яго трапіць, а рэжысёр Барыс Фіш не абмяжоўвае сваю аўдыторыю, чорная павязка на вачах абвастрала пачуцці. Кожны ператвараўся ва ўдзельніка: разам з героем-апавядальнікам ехаў у брычцы праз летні лес на кірмаш, ласаваўся журавінамі і гуркамі, уцякаў ад ваўкоў, прадаваў іншаземцам марожаныя песні, апынаўся ў кірмашовым тлуме, дзе яго літаральна накрывала магутная спеўная стыхія (музычная кіраўніца тэатра — Вольга Зрыліна). Вядома, фармальна спектакль «Дакраніся да сонца» нельга аднесці ні да тэатра лялек, ні да батлейкі, няма ў ім і відавочнага хрысціянскага кантэксту. Аднак сам факт існавання пастаноўкі, якая дазваляе далучыць да тэатральнага мастацтва дзяцей, абмежаваных у сваіх магчымасцях, сцвярджае ідэалы дабрыні і гуманізму. Таму работа тэатра «SmallFish» была ўганараваная адмысловым прызам імя Людмілы Ждановіч «За самы вясёлы і гарэзлівы спектакль».
Змяніўся не толькі фармат фэсту, які набыў выразны адукацыйны характар і пашырыў тэматычныя межы. Відавочным стаў рост прафесійнага ўзроўню прадстаўленых работ. Аматарскімі можна назваць хіба чвэрць фестывальных спектакляў, але іх перадусім вылучала добрая якасць. Напрыклад, прэм’ерную работу «Цар Ірад» тэатра-студыі «Клас-А!» гімназіі №74 (кіраўніца — Таццяна Шылава), адзначаную дыпломам «За лепшы дэбют», і сямейнага тэатра Юнгіных, і «Батлейку» прыватнага тэатра Іллі Чыжова. Важным было тое, што ў межах традыцыйных сюжэтаў калектывы-ўдзельнікі адшукалі свае адметнасці-разыначкі, тактоўна расставілі акцэнты. Так, у спектаклі «Аднойчы ў Віфлееме» маскоўскага тэатра «Шуцік» галоўным героем зрабіўся гаспадар хлява, дзе знайшлі прытулак Марыя і Іосіф, а асноўнай тэмай — яго маральнае пераўтварэнне. Пастаноўка «Калядны цуд» тэатра «Без заслоны» (Санкт-Пецярбург) паводле аднайменнага апавядання Вольгі Першынай спалучыла гісторыю сучаснай дзяўчынкі з сюжэтам «Цара Ірада», а ў «Калядных гісторыях» тэатра «Шчодра», што дзейнічае пры Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя Паўла Масленікава, да традыцыйных сцэнак інтэрмедыйнай часткі дадалі арыгінальную гісторыю графа Зорыча і Кацярыны ІІ. Больш разнастайнымі сталі і формы прадстаўленняў: ценявы спектакль «Батлейка» (тэатр Іллі Чыжова), светлавы спектакль «Цуд Калядаў» (Тэатр лялек, ценяў і святла «Дом сонца»), рэканструкцыя віцебскага жлоба ў спектаклі «Неба і зямля» (народны тэатр лялек «КапялюШ», Наваполацк). Ажно тры батлейкі ў спалучэнні з пластычнымі кампазіцыямі і выкарыстаннем жывога плана можна было пабачыць у «Цары Ірадзе» «Класа-А!».
Разнастайнасць формаў прасочвалася і на прыкладзе пераможцаў. Дыпломамі «За лепшы спектакль» адзначылі «Вяртэп» Малога Тэатра Марыянетак (Харкаў) і «Пастаралку» тэатра-студыі «Блюм» (Познань). Пастаноўка Валерыя Дзэха «Вяртэп» — монаспектакль, у якім няма традыцыйнай скрыні, маюцца толькі яе ўмоўныя абрысы, але захаваны выразны падзел на ўзроўні. Гэта, безумоўна, «Цар Ірад», дзе глядацкую ўвагу засяродзілі менавіта на ягонай гісторыі, ягоных жарсцях, што надало твору падабенства з шэкспіраўскім «Макбетам». Эмацыянальная напружанасць дзеяння, віртуозная работа выканаўцы з голасам, экспрэсіўныя вобразы, зробленыя простымі сродкамі, дастаткова далёка адводзяць «Вяртэп» ад батлейкі, і толькі фінал, калі артыст далікатна расстаўляе лялек на адпаведных узроўнях, быццам выводзіць з яго мараль, прыўносіць адчуванне гармоніі, лагічнай завершанасці, выяўляе сувязь з традыцыяй.
На іншым эмацыйным полюсе знаходзілася польская «Пастаралка», медытатыўная, пабудаваная на ўцягванні гледачоў у дзеянне: на пачатку яны разам з артыстамі выпраўляліся ў дарогу невялікімі гуртамі, праходзілі па глядзельні да сваіх месцаў, каб потым зразумець, што гэтая «дарога» была шляхам вешчуноў да Віфлеема. Тэкст, створаны Артурам Шыхам, — калядкі ў спалучэнні з жывой музыкай — не столькі распавядалі гісторыю, колькі ўтваралі атмасферу дзеі. Самае простае дзеянне набывала рытуальны характар і адметны сэнс: раскручвалася саматканае палатно, з яго даставалі «немаўля» і ўзнікаў вобраз дарогі, па якой кожны можа прыйсці да Бога, разломваўся хлебны бохан, кожны глядач адшчыкваў кавалачак і спрычыняўся да агульнай радасці Свята. Спектаклі — кожны па-свойму і па-майстэрску — дэманстравалі варыянты ўвасаблення знаёмай і, здавалася б, вычарпанай тэмы, затое «Калядны вяртэп» тэатра «Душагрэі» (Масква), уганараваны Гран-пры фестывалю, падаў віртуозны ўзор традыцыйнага батлейкавага прадстаўлення. Праўда, не без арыгінальнага падыходу: скрыню ўвасобілі ў выглядзе замка з вежачкамі і вытанчана аформілі.
Фестываль «Нябёсы» ператвараецца — ці ўжо ператварыўся — у сур’ёзную культурную падзею. Няма сумневу, што арганізатары зробяць усё, каб ён лепшаў і лепшаў, і толькі фінансавы бок выклікае непакой за ягоную будучыню. Калектывы-ўдзельнікі, акрамя паказаў для журы ў межах акцыі «Святло душы — дабрачыннасць», выязджаюць са сваімі пастаноўкамі ў інтэрнаты, медыцынскія ўстановы, нядзельныя школы; уваход на спектаклі і майстар-класы фэсту вольны. Вядома, у яго ёсць заснавальнікі, афіцыйна імі з’яўляюцца Мінская епархія, Свята-Елісавецінскі манастыр і Сястрыцтва ў гонар прападобнамучаніцы Вялікай княгіні Елісаветы; падтрымку надае Міністэрства культуры і Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт. Аднак ці дастаткова гэтай падтрымкі? Ці хопіць рэсурсаў у заснавальнікаў, каб забяспечыць «Нябёсам» развіццё і пад’ём? Здаецца, пасля цудоўных фестывальных уражанняў ды на хвалі аптымізму такое пытанне не павінна тлуміць галаву. Але ж вельмі хочацца, каб не знікаў і доўжыўся цуд, які шмат каму адкрыўся ў «Нябёсах».
Кацярына ЯРОМІНА