Школа званароў Беларускай праваслаўнай царквы знаходзіцца пры прыходзе Храма Усіх тужлівых Радасць па вуліцы Прытыцкага ў Мінску. Там жа і навучальная званіца, дзе будучыя званары выпрацоўваюць майстэрства, сябруюць і збіраюцца на сустрэчы з калегамі. Школа была заснавана шмат гадоў таму Аляксандрам Маліноўскім, і дзякуючы ёй «абранымі» сталі сотні «запрошаных».
Маімі выкладчыкамі былі дзве выдатныя асобы — Максім Бігас і Багдан Бярозкін, цяперашні дырэктар школы і натхняльнік шматлікіх званарскіх праектаў. Напрыклад, па яго ініцыятыве некалькі гадоў таму была арганізавана канферэнцыя званароў, на якую прыехалі многія вядомыя выканаўцы і навукоўцы з Расіі і Украіны. Канферэнцыю здымала праваслаўнае тэлебачанне «Саюз», яго карпункт таксама знаходзіцца ў Мінску. Гэта быў сапраўдны сімпозіум аднадумцаў.
Такім чынам, настаўнік дае пачаткоўцу найперш упэўненасць у тым, што ўсё атрымаецца, што няма нічога немагчымага для вучня, які адчувае магутнасць і прысвячэнне званоў. Калі ты вучышся, дык пераймаеш манеру і тып мыслення настаўніка. І толькі потым, калі назапашваецца вопыт, прыходзіць уласны стыль. Званар раскрываецца, калі атрымлівае блаславенне, і нібыта яднаецца са звонам у малітве.
***
Лічыцца, што звон — музычны інструмент. Але званары ставяцца да сваіх інструментаў як... да званоў. Магчыма, і як да дзяцей — іх даглядаюць, выстаўляюць на званіцы дакладную развеску, якая выйгрышна гучыць, для яе існуюць асаблівыя правілы. Кожны званар, калі прыходзіць у храм, лічыць за гонар званіць у час службы. З блаславення святара, вядома. Да такой практыкі нас прывучалі ў школе званароў, калі едзем у паломніцтва або на фестываль, ці проста адпраўляемся ў экскурсійны тур. Трэба аддаць належнае — дырэктар і вялікі энтузіяст Багдан Бярозкін імкнецца прывабіць званароў да той справы, якой сам адданы ўжо шмат гадоў. А менавіта да ўдзелу ў фэстах і конкурсах — у Беларусі і за мяжой. Мы ездзім не толькі на фестывалі званароў, але і на агульнамузычныя, праваслаўныя, а часам спецыяльна выпраўляемся на святы ў госці, калі толькі не звонім у сваім храме.
Некалькі гадоў запар мінскія званары на чале з Багданам Бярозкіным ездзяць на фэст-конкурс перазвону ў Супраслі (Польшча). Гэта сапраўды дзівосная падзея ў культурным жыцці Беласточчыны. Бо Супрасльскі манастыр — сапраўдная скарбніца праваслаўнай культуры ў Польшчы. Гэты фэст арганізаваны Супрасльскім музеем ікон, (дарэчы, музей з’яўляецца ўнікальным арт-праектам з экспазіцыяй у 1200 абразоў). Невыпадкова тэлеканал «National Geographic» назваў яго сёмым цудам Польшчы. Менавіта тут, пачынаючы з 2011 года, для званароў Беларусі, Украіны, Расіі, Літвы і Польшчы створана рэдкая магчымасць прафесійных кантактаў, культурнага адпачынку, асветы. Тут завязалася і наша сяброўства з інакіняй Клаўдзіяй, званарыцай з Віцебска. Пазней разам мы аб’ездзілі памежную Польшчу, Германію. Наш паломніцкі шлях пралягаў праз Перамышль, дзе ёсць выдатны звонавы цэх сям’і Фяльчыньскіх, манастыр Кірыла і Мяфодзія, распісаны ігуменам бацькам Апанасам у цалкам унікальнай аўтарскай манеры, жаночы манастыр у Туровіцах, дзе стараннямі матухны Лізаветы і матухны Эўфаліі адноўлены традыцыі старажытнавізантыйскіх спеваў, Музей праваслаўнай культуры і звонавы цэх пры Свята-Нікольскім храме ў нямецкім Гіфхорне. Праехалі і Ізраіль, пакланіўшыся святым месцам. Шчырасць і ўвага, павага і любоў — плён нашага званарскага сяброўства. Напэўна, гэта тое сапраўднае, самае каштоўнае, што яднае аднадумцаў, — давер і паразуменне.
***
Шмат каму з выпускнікоў мінскай школы давялося пазнаёміцца таксама з мастацтвам званароў з Расіі — бацькі і сына Пятроўскіх. Уладзімір Пятроўскі-старэйшы жыве і працуе ў Архангельску, ён стваральнік шматлікіх званіц па ўсёй Расіі і за мяжой, як, напрыклад, у горадзе Бары (Італія). Яшчэ ён — кампазітар і бард. Уладзімір-малодшы, Валодзя, — таксама званар і выканаўца ўласнай музыкі. Наведвае з канцэртамі розныя гарады Расіі і возіць з сабой складаную званіцу.
Памятаю, заехалі мы ў Санкт-Пецярбург па дарозе на архангельскі фэст «Калядныя звон», а Валодзя і кажа: «У мяне канцэрт у Ноўгарадзе, едзем!» Так мы трапілі ў Ноўгарад Вялікі. Дарогай Валодзя расказваў, як прыйшоў на званіцу з бацькам, як той навучыў яго званіць менавіта «пятроўскім» метадам, як пачаў імправізаваць і гастраляваць з канцэртамі па краіне.
Чаму? «Людзям падабаецца слухаць званы. І хоць па статуце звоняць у храме, мы з бацькам практыкуем і канцэртны звон. Я распавядаю пра гісторыю званоў, іх прызначэнне, імправізую і спяваю ўласныя песні. У канцы ў кожнага слухача ёсць магчымасць паспрабаваць сябе на званіцы. Цікава бачыць, як да званоў падлятаюць дзеткі і зачаравана спрабуюць біць у званы. Можа, гэта іх першыя крокі ў нашай справе?» — усміхаецца Валодзя.
Канцэрт у Вялікім Ноўгарадзе зацягваецца да позняй ночы. Мы з сынам чакаем Валодзю і едзем у Архангельск. Надыходзяць Каляды.
Фестываль «Калядныя звон» ладзіцца ў Архангельску некалькі гадоў запар — дзякуючы энтузіязму Пятроўскіх і фінансавай падтрымцы мясцовай мэрыі. Ідэя фэсту — запрасіць званароў Расіі, Украіны і Беларусі для абмену майстэрствам, вопытам і станоўчымі эмоцыямі. Пятроўскіх добра ведаюць — бацька і сын зрабілі тут званіцы многіх храмаў, яны сапраўдныя місіянеры звонавай культуры. Менавіта Пятроўскія арганізуюць для гасцей разнастайных фестываляў Архангельска паездкі на Белае мора, у Антоніева-Сійскі манастыр — дзівоснае месца цішыні, прыгажосці і набожнасці, у музей «Малыя Карэлы» — помнік этналогіі краю.
Такім чынам, званіца стаіць на сцэне і мы, званары, па чарзе пачынаем імправізацыі. Інструменты са званіцы Пятроўскіх прывезены з Каменск-Уральска і маюць зусім адмысловы гук — гулкі, нібы рэха Уральскіх гор. Званіць прыемна, і ўсё атрымліваецца, і не баішся ні новай званіцы, ні тысяч людзей, што стаяць вакол на 30-градусным марозе і слухаюць цябе. Ззаду ледзяная прыгажосць — Паўночная Дзвіна ва ўсім сваім харастве! Мароз! Ледзяныя скульптуры, дзеці, весялосць, Раство! Інакш кажучы, звон здольны падараваць мноства эмоцый. Самую разнастайную гаму — ад радасці да суму, ад гарэзлівага пераліву да цяжкавагавага захаплення.
***
Паводле царкоўнага статута, ёсць усяго некалькі тыпаў перазвону і мноства іх варыяцый. Інакш кажучы, колькі званароў, столькі і званоў. Многія выпрацоўваюць аўтарскі стыль, па якім адразу адгадаеш званара, бо звон — гэта склад думак чалавека, а чалавек на званіцы — «Чалавек перад Богам» (Антоній Суражскі). Іншы святар яшчэ і пажартуе над званаром: «Ты, — скажа, — да Бога бліжэй, чым я, задай яму сваё пытанне!»
Нічога асаблівага няма ў званароў. Людзі як людзі. Для таго, каб быць званаром, не абавязкова ведаць ноты або спяваць, але трэба добра лічыць рытмы. Маладыя званары здаўна вучыліся на лічылцы «дзілі-дон, дзілі-дон, разгадай, адкуль звон». Падыдуць і любыя іншыя — галоўнае, каб метрарытм быў захаваны. Анатоль, адзін са званароў нашага выпуску, — былы бубнач. Яго стыль адразу пазнаецца, як прыязджаеш у Мядзел на службу. Толя — выдатны званар, узор нашага прафесійнага сяброўства.
Бывалыя званары на ўсю моц выконваюць аўтарскія кампазіцыі, адыходзячы ад звыклых метрарытмічных формул, бо могуць сабе гэта дазволіць — хапае вопыту і майстэрства. Памятаю Кіева-Пячэрскую лаўру, дзе звоняць пасля службы аж 50 хвілін — ды на ўсе лады, з перазвончыкамі. Менавіта званар Кіева-Пячэрскай лаўры Павел Лашкевіч прыязджаў да нас на канферэнцыю ў Мінск. Ён, дарэчы, зрабіў фільм пра лаўрскую званіцу, уключыўшы туды ўласнаручна сабраныя гістарычныя звесткі, а таксама запісы рознага гучання інструментаў знакамітай званіцы, на якой мне пашчасціла адзваніць у мой выпускны 2006 год.
Хапае энтузіястаў у нашай справе. Калі дакранаешся да звона, выразна разумееш — ён жывы! Абсалютна жывая частка светабудовы, здольная праспяваць сваю ўнікальную песню — пра радасць, смутак, пра вечнае жыццё. Таму сапраўдны званар, падыходзячы да званіцы, моліцца, просіць бласлаўлення здзейсніць тое таемнае, што адбываецца паміж ім і Богам. Хай жа таямніца гэтая застаецца тайнай прысвячэння званара, яго крыжа і паслушэнства.
Марына МДЫВАНІ