Гісторыі прыватных адкрыццяў

№ 2 (299) 01.02.2008 - 29.02.2008 г

Зімовыя святы сталі тэмай многіх сталічных выстаў, а гульня -- адпаведна – вельмі дзейсным метадам трансфармацыі экспазіцыйнай прасторы. На перадкаляднай выставе «Баль каралёў» (Нацыянальны мастацкі музей) было прадстаўлена відэа, фатаграфіі сталі часткай аб'ектаў, а артэфакты стварылі ілюзорную прастору, у якой увасабляцца магло ўсё. Галерэя «Універсітэт культуры» адзначала стары Новы год выставай жывапісцаў В.Пешкуна і Г.Сілівончык, творы якіх найбольш адпавядалі ўвасабленню гэтай святочнай тэмы ў сценах галерэі.

 /i/content/pi/mast/7/186/Gistoryi1.jpg
В.Хахлова. З праекта «Фатаграфіі». Фота. 2007.
15 студзеня Музей сучаснага выяўленчага мастацтва прэзентаваў мастацкі праект
«За тры моры», у аснове якога ляжала тэма вандроўкі. Назва выставы была запазычана з кнігі Афанасія Нікіціна «Хаджэнне за тры моры», а сама экспазіцыя атаясамлялася з «доўгай вандроўкай у невядомыя землі -- новую тэрыторыю нашых фантазій». Вандроўка мяняе пункт гледжання, спараджае новыя інтэрпрэтацыі, тым больш, калі гэта -- блуканне па разнастайных стылях і формах увасаблення. Калекцыя адзення Ю.Гайдуковай сталася нагодай для чатырох «бачанняў» -- чатырох цыклаў фатаграфій М.Каленік, М.Мамінава, А.Кладава і Я.Канаплёва. Прысутнасць мадэлей на адкрыцці выставы, дэкараванне прасторы разнастайнымі аб'ектамі прыўносіла ў экспазіцыю выразны элемент свята і гульні.
Сартр вызначаў гульню як форму існавання чалавечай свабоды. У працэсе яе з'яўляюцца сэнсы і формы, якія парушаюць звыклы і ўстойлівы парадак рэчаў. Актыўная частка творчай моладзі відавочна адчувае патрэбу ў новых формах твораў і адэкватных спосабах іх прэзентацыі, сугучных часу, карацей, -- патрэбу рухацца і рэалізоўвацца. Гісторыя развіцця актуальнага мастацтва не атрымала тут сваёй моцнай традыцыі, і мастакі, не знаходзячы апірышча сваім ідэям, мусяць ствараць усё наноў. Яны лёгка пераходзяць жанравыя, стылёвыя і відавыя межы -- і... слізгаюць па пластах сэнсу. У нашай «стабільнай» культурнай прасторы нават простая гульня формамі ўжо стварае ўражанне радыкальнага жэсту...
 /i/content/pi/mast/7/186/Gistoryi2.jpg
М.Каленік. З праекта «За тры моры». Фотакалаж. 2007.

У фотагалерэі «Zнята» (кінатэатр «Цэнтральны») адкрылася выстава «Сямейны партрэт» (фотамайстры А.Аношка, А.Антаненка, В.Захараў, Д.Радзеўскі і інш.). Дэклараваная мэта выставы -- адраджэнне традыцыі сямейнага партрэта, знятага прафесійным фатографам, як правіла, у фотаатэлье, -- традыцыі, якая сёння, у час татальнай «фатаграфікацыі» (трэба ж неяк назваць гэтую з'яву) усёй краіны, страцілася. Творы зацікавілі спалучэннем прафесійна выверанай, амаль гламурнай формы і спробай псіхалагічнага прачытання ўзаемаадносін мужчыны і жанчыны.

Сур'ёзны расійскі выставачны праект, сведчанне цікавай гісторыі фатаграфіі, прэзентавала галерэя «Свет фота». Фатограф С.Пракудзін-Горскі па замове імператара Мікалая ІІ у 1909 -- 1915 гадах здымаў краявіды імперыі, распрацаваўшы унікальны метад атрымання каляровай выявы. Ужо ў нашым стагоддзі фатаграфіі былі нарэшце надрукаваны са шкляных негатываў (знойдзеных праз сайт Бібліятэкі Кангрэса ЗША) з дапамогай спецыяльна распрацаванай праграмы (П.Вейнік) па сумяшчэнні трохкампанентных негатываў. Аўтар ідэі і праекта -- А.Вейнік.

 /i/content/pi/mast/7/186/Gistoryi3.jpg

С.Пракудзін-Горскі. Мінск. Фота. 1909 -- 1915.

Арыгінальным аўтарскім поглядам і выразным увасабленнем вылучалася выстава Вольгі Хахловай у галерэі «
NOVA». Вольга па адукацыі дызайнер (мастацка-графічнае аддзяленне Віцебскага педуніверсітэта), скончыла фатаграфічныя курсы і стажыравалася ў Польшчы. Аб'екты яе фатаграфій -- гэта няпэўныя, а таму шматзначныя формы, яшчэ дакладней -- святло і цень, ім прыналежныя. Размытыя абрысы ўвасобленых рэчаў спараджаюць абстрактную выяву, і калі пазнаеш, скажам, карані дрэў, разумееш, што сам гэты працэс распазнавання, «счытвання» перашкаджае ўспрыманню твора, нічым не абмежаванаму руху нашага погляду па энергетычных лініях і пластах фотавыявы. Аўтарка піша: «Гэты праект узнік падчас паездкі. Вандроўнік фіксуе часцей за ўсё не тое, пра што напісана ў даведніках для турыстаў, а тое, што выклікала эмоцыі, перажыванні, зрабіла ўражанне. Тое, што па нейкай прычыне запомнілася. Мінае час, і застаюцца толькі самыя моцныя вобразы: ці то адлюстраванні, ці то сляды, пакінутыя ў свядомасці прадметамі, падзеямі. З гэтых успамінаў ужо не скласці гісторыі, звязнага аповеду з сюжэтам. У іх няма храналагічнага парадку. Гэтыя абрыўкі падобныя, хутчэй, на вымысел». Тэма -- паездка -- становіцца абгрунтаваннем творчага метаду гэтага цыкла, у аснове якога -- асаблівасці нашага ўспрымання, запамінання, згадвання ўбачанага. Тут перадаецца ідэя бачання, якое набліжаецца да сваіх пачаткаў -- да дзіцячага ўспрымання без «ведання», без штучных установак усё аналізаваць і шукаць прывычнае воку.