Балет супраць Інтэрнэту?
Праца секцыі «Балет і танец» пачалася ў атмасферы сапраўднага аншлагу. У зале Акадэміі рускага балета я ледзь знайшла вольнае месца ля сцяны — такую цікавасць ва ўдзельнікаў і міжнароднай прэсы выклікаў «круглы стол» «Балетная крытыка ў эпоху Інтэрнэту», галоўных рэдактараў часопісаў, прысвечаных танцу.
З выступленняў гасцей, сярод якіх быў і вядомы беларускі харэограф, народны артыст СССР Валянцін Елізар’еў, хутка зрабілася зразумелым, што праблемы прафесійнай якасці сучасных тэкстаў пра харэаграфію агульныя не толькі для прасторы СНД, але і для дальняга замежжа. Прынамсі амерыканскі крытык Кэтрын Паўлік, якая дзесяць гадоў друкуецца ў брытанскім часопісе «Dance Europe», пацвердзіла, што ў ЗША выданні запрашаюць асвятляць балетныя падзеі журналістаў, якія добра валодаюць словам, не цікавячыся ў апошніх, ці разбіраюцца яны ў танцавальнай пластыцы і актуаліях харэаграфічнага мастацтва. Па меркаванні Дзіны Бёрн-Ларсан, харэографа, педагога-рэпетытара трупы «Danish Royal Ballet», галоўнай праблемай моладзі з’яўляецца тое, што яна атрымлівае веды з хаатычных крыніц: «Сеціва дае просты доступ да інфармацыі, таму і ствараецца адчуванне, нібы ты шмат ведаеш».
У зале гучалі рэплікі і ў падтрымку форумаў, на якіх збіраюцца сапраўдныя знаўцы харэаграфіі. Праблема толькі ў тым, што ў бязмежных інфармацыйных абшарах не кожны зможа патрапіць на годны рэсурс. Часцей выплываюць адкрыта непрафесійныя водгукі. Як падкрэсліў мадэратар сустрэчы Мікалай Цыскарыдзэ: «Мы жывём у грамадстве, дзе кожны мае права на асабістае меркаванне, аднак усё часцей блогеры і каментатары блытаюць сваё прыватнае адчуванне з прафесійным».
Нагадаю: тры гады таму спадар Цыскарыдзэ аднавіў (пасля дзесяцігадовага перапынку) кафедру балетазнаўства ў падначаленай яму ўстанове. Аднак радасны імпэт «збіў» вядомы даследчык харэаграфіі і педагог Аркадзь Сакалоў-Камінскі, агучыўшы відавочнае: у сучасных рэаліях заняткі балетнай крытыкай сацыяльна незапатрабаваныя: «Гэта не прафесія — яна не корміць! Таму крытыкі вымушаны выкладаць ці станавіцца даследчыкамі і пісьменнікамі, як, напрыклад, цудоўны беларускі крытык Юлія Чурко».
Галоўны рэдактар харкаўскага часопіса «Танец ва Украіне і ва ўсім свеце» Аляксандр Чапалаў заклікаў не змагацца з Інтэрнэтам, а шукаць у Сеціве ідэі для распрацоўкі новых фарматаў часопісаў, прысвечаных харэаграфіі. Прынамсі сам прамоўца вызначыў аўдыторыяй свайго выдання студэнтаў і тых, хто толькі далучаецца да мастацтва танца, таму і прапаноўваў падаваць матэрыял з улікам кліпавага мыслення моладзі. А яго калега з японскага часопіса «Dance Magazine» Фуміа Хамана зрабіў стаўку на якасныя фотаілюстрацыі.
Пры агульным мінорным тоне «круглага стала» мяне не пакідала пачуццё... белай зайздрасці. Колькі б праблем ні агучвалі выступоўцы, кожны дэманстраваў поўнакаляровыя ёмістыя выданні, прысвечаныя толькі балету. Прысутным паказвалі навуковыя і папулярныя часопісы, шыкоўныя студэнцкія выданні і нават глянец для дзетак. Беларусам пра такую разнастайнасць і запатрабаванасць вузкагаліновай перыёдыкі застаецца толькі марыць...
Назваць імя
У Пецярбургу да спадара Цыскарыдзэ стаўленне рознае. Адным не даспадобы, што піцерскую балетную школу ўзначаліў прадстаўнік школы маскоўскай. Другія ўзрушаны надзвычайнай актыўнасцю новага рэктара. Але пры ўсіх акалічнасцях трэба прызнаць — за тры гады свайго прызначэння народны артыст Расіі паспеў зрабіць шмат: вярнуў пераемнасць вучэбнага працэсу і практыкі ў Марыінскім тэатры, адчыніў Прыморскі філіял рускага балета імя Агрыпіны Ваганавай ва Уладзівастоку, а ў самой Ваганаўцы пасля дзесяцігадовага перапынку аднавіў міжнародны конкурс «Vaganova-PRIX». Асаблівым гонарам Мікалай Цыскарыдзэ назваў адраджэнне выступленняў на сцэне Эрмітажнага тэатра: «300 гадоў таму тут танцавалі навучэнцы нашай харэаграфічнай школы. Калісьці пачынала Мацільда Кшэсінская, а сёння ў балеце Баера “Фея лялек” выступае яе прапрапраўнучка, студэнтка Элеанора Севенард. Пераемнасць — наша галоўная мэта!»
Гэтыя словы прагучалі падчас урачыстай цырымоніі ўзнагароджання лаўрэатаў конкурсу «Душой выкананы палёт». Ідэю творчага спаборніцтва балетных педагогаў тамтэйшаму Міністэрству культуры прапанаваў ізноў-такі амбіцыйны рэктар. «Мне як педагогу заўсёды было крыўдна, што ўспамінаюць толькі тых, хто выпускаў танцоўшчыка. Але, калі задумацца, без дакладна пастаўленай рукі не адбудзецца ніводны піяніст, без дакладна пастаўленых корпуса і рук — балерыны, без пастаўленай у дзяцінстве вакальнай тэхнікі не будзе добрага спевака. Таму мне хацелася, каб часцей згадвалі тых людзей, якія менш бачныя, каб іх праца таксама была ацэненая па заслугах», — зазначыў прамоўца. Там жа ўзнагародзілі канцэртмайстраў. Рэктар падкрэсліў: «На раялі іграць умеюць многія, а вось акампанаваць — адзінкі. Гэтая прафесія сёння надзвычай рэдкая, але вельмі патрэбная і вельмі важная і для прафесійных танцоўшчыкаў, і для навучэнцаў». Сапраўды, ідэя высакародная, яе добра было б пераняць і нам.
Рэальныя справы
«Калі Барыс Эйфман мне патэлефанаваў, то спачатку запытаўся, ці існуе яшчэ ў Кіргізіі балет. Я рада, што з’явілася мерапрыемства, дзе пачуюць нашае “Мы існуем!”», — прамовіла Марыя Ластачкіна, мастацкі кіраўнік балетнай трупы Кіргізскага нацыянальнага тэатра оперы і балета імя Абдыласа Малдыбаева. Другі куратар секцыі «Балет і танец» спадар Эйфман задумваў «круглы стол» «Балетнае мастацтва на постсавецкай прасторы. Прысвячаецца 25-годзю СНД» менавіта з гэтай мэтай — данесці да былых суседзяў інфармацыю адно пра аднаго.
За гады незалежнасці танцоўшчыкі і харэографы адных краін змаглі зрабіць вялікі крок наперад, другіх — шмат высілкаў прыклалі да захавання мастацтва, якое падчас грамадзянскіх войнаў трапіла пад пагрозу знікнення, трэціх — усё яшчэ імкнуцца вынайсці свае рэсурсы для барацьбы з кадравым голадам, бо былыя «кузні» танцавальнай моладзі засталіся за памежнымі слупамі. Прыемна, што балетмайстры з розных дзяржаў, пачынаючы згадваць пра дасягненні ўласнага калектыву, абавязкова ўспаміналі Беларусь: у нас або праходзілі гастролі тэатраў, або выступалі вядучыя салісты. Напрыклад, Астана падпісала міжнароднае пагадненне з нашым Вялікім тэатрам. Па сутнасці, Мінск адчуў ідэю, якая лунала ў паветры: глабалізацыйныя працэсы ХХІ стагоддзя дазваляюць глядзець не толькі на Захад, пакінуўшы ў баку абшары СНД. Барыс Эйфман прапанаваў балетнай грамадзе сабраць творчае аб’яднанне, якое б займалася рэальнымі справамі на карысць нацыянальным харэаграфічным трупам, бо толькі падчас узаемадзеяння адкрываецца рэальная магчымасць камусьці нагнаць страчанае, камусьці — зрабіць добры крок наперад.
Першы намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь Уладзімір Рылатка рады, што Санкт-Пецярбург можа стаць той пляцоўкай, на якой, магчыма, узнікне каардынацыйны цэнтр шматнацыянальнай харэаграфіі, і зазначыў: Мінск даўно імкнецца да ўзаемадзеяння. Па словах прамоўцы, сталіца Беларусі гатова падтрымаць новую суполку і нават прыняць, калі паўстане такая неабходнасць, у рамках Міжнароднага фестывалю «Балетнага лета ў Вялікім» наступны «круглы стол» па акрэсленых праблемах.
Патрабаванне ўніверсальнасці
У апошні дзень форуму я напрасілася да маэстра Эйфмана на экскурсію па яго Акадэміі танца. Месца з’яўлення новай навучальнай установы сімвалічнае: на Петраградскім баку стаяў кінатэатр, у якім здаўна месцілася рэпетыцыйная база Тэатра танца Барыса Эйфмана. Цяпер там расце сапраўдны балетны квартал.
Побач з галоўным корпусам у старадаўнім драўляным асабняку адкрылася адукацыйна-музейная прастора. Гэты будынак сам па сабе ўнікальны, бо ацалеў цудам: у перыяд блакады ў Ленінградзе разбіралі драўляныя дамы — людзей не было чым абаграваць. Асабняк Доберта выратавала толькі тое, што ў ім падчас Вялікай Айчыннай месціўся дзіцячы садок. Архітэктурная майстэрня «Студыя 44» пад кіраўніцтвам Мікіты Явейна, якой Барыс Якаўлевіч прапанаваў аднавіць будынак, адказна ўзялася за справу: напрыклад, знайшліся кавалачкі шпалераў — і дызайнеры па тых малюнках цалкам узнавілі інтэр’еры пакояў. У хуткім часе асабняк ператворыцца ў Музей пецярбургскага балета. Пакуль жа тут месціцца выстава да 70-годдзя мастацкага кіраўніка Акадэміі. Кожны жадаючы праз папярэдні запіс у сацсетках можа патрапіць на экскурсію, каб паглядзець на фотаздымкі сцэн са спектакляў, эскізы, макеты і касцюмы да «Ганны Карэнінай», «Чайкоўскага» і іншых балетаў, што ўспрымаюцца як класіка. Як заўважыў выкладчык Акадэміі Сяргей Лалецін, паказваючы на жалезныя карабы для перавозкі касцюмаў, на метале якіх відавочныя ўвагнутасці і сколы: «Жалеза не вытрымлівае, а артысты працягваюць аддана выступаць па ўсім свеце».
Самому Тэатру танца можна толькі паспачуваць — гадоў дваццаць яму абяцаюць асобны будынак. Апошнім разам дату адкрыцця перасунулі на 2018 год, але пакуль не ўбіта ніводнай сваі на месцы планаванай будоўлі...
Акадэміі танца надзвычай пашчасціла: асноўны корпус узвялі за тры гады. Вынік перавысіў чаканні: атрымаўся сапраўдны ўзор сучаснай архітэктуры, у якім арганічна спалучыліся эстэтычная дакладнасць і функцыянальнасць. Зрэшты, архітэктурная майстэрня менавіта за гэты будынак сабрала россып узнагарод у Расіі, а таксама выйшла пераможцам у прэстыжным Сусветным архітэктурным фестывалі WAF.
Галоўным прынцыпам навабуду сталася неабходнасць даць як мага болей натуральнага асвятлення, таму будынак падвялі пад шкляны дах, нават цокальныя паверхі маюць светлавыя шахты, каб наблізіць дзяцей да сонца. Унутры створаны 14 харэаграфічных залаў розных памераў, кожны з іх мае імя знакамітага прадстаўніка балетнага мастацтва. Залы аздоблены вялікімі тэлеэкранамі з доступам у Сеціва, каб можна было падчас урока паказаць запіс узору патрэбнага выступлення. Залы маюць таксама відэакамеры. Як патлумачыў выкладчык Сяргей Лалецін, кожны занятак ці рэпетыцыя запісваюцца, гэтыя запісы ляжаць на серверы Акадэміі на працягу года, каб у любы момант можна было вярнуцца да відэа, паказаць памылкі, прасачыць, ці ёсць прагрэс у навучанні таго ці іншага студэнта.
Цяпер справаздачныя канцэрты праходзяць ва ўнікальнай зале-трансформеры з добрай асвятляльным і гукавым абсталяваннем. Зазначу, што Акадэмія танца наладзіла плённыя стасункі з Марыінскім тэатрам — і на вялікай сцэне апошнім часам практыкуюцца навучэнцы не толькі Ваганаўкі, але і гэтай інавацыйнай установы. Аднак спадар Эйфман марыць пра ўласны Дзіцячы тэатр танца з залай на 500 месцаў: «Цяпер ля асноўнага корпуса Акадэміі танца ідзе актыўнае будаўніцтва Дзіцячага тэатра танца. Гэта будзе новы ачаг мастацкага жыцця, агульнагарадская сцэна. Да яе будуць мець доступ як будучыя прафесійныя танцоўшчыкі, так і юныя пецярбуржцы — аматары балета. Спадзяюся, Дзіцячы тэатр танца атрымае найсучаснейшае тэхнічнае абсталяванне, якое дазволіць праводзіць на высокім прафесійным узроўні харэаграфічныя фестывалі, конкурсы, прэм’еры. Быў бы вельмі рады, калі б балетныя калектывы і харэаграфічныя каледжы краін СНД прынялі актыўны ўдзел у засваенні новай сцэны».
Пакуль не ўсе памяшканні выкарыстоўваюцца па прызначэнні: цяпер у Акадэміі танца навучаецца каля 400 дзяцей, не хапае класаў для выкладання агульнаадукацыйных прадметаў, таму кіраўніцтва было вымушана прынесці парты ў танцзалы. Аднак горад перадаў інавацыйнай установе будынак былой агульнаадукацыйнай школы. Пасля рэстаўрацыі туды перанясуць выкладанне школьных дысцыплін, а ў галоўным корпусе будуць толькі танцаваць. Плануецца і адкрыццё дадатковага інтэрната, бо цяперашні разлічаны толькі на 135 чалавек. Калі Акадэмія загрузіцца напоўніцу, месцаў усім не хопіць.
Першы набор адбыўся ў 2013 годзе. Па задумцы заснавальніка, эксперыментальная ўстанова павінна стаць у тым ліку сацыяльным ліфтам для сірот, дзяцей з няпоўных і шматдзетных сямей. Выкладчыкі Акадэміі на працягу года праводзяць выязныя агляды для жадаючых, ладзяць завочныя прагляды па матэрыялах, дасланых на электронную пошту, каб даць шанец тым, хто не мае магчымасці самастойна даехаць да Санкт-Пецярбурга. Летась пры адборы ўпершыню пачалі выкарыстоўваць навуковы метад самататыпіравання. Сяргей Лалецін растлумачыў мне пра абмеры абітурыентаў. Навуковыя веды дазваляюць з вялікай доляй верагоднасці прадбачыць, як будзе паводзіць сябе цела падчас сталення. Значыць, можна папярэдзіць праблемы, звязаныя, напрыклад, з празмерным наборам вагі, ці больш дакладна абраць фізічную нагрузку, зыходзячы з індывідуальных характарыстык дзіцяці.
Навучэнцаў бяруць не толькі ў пяты клас, але прымаюць і сямігодак у пачатковую школу. Разам з традыцыйнымі для харэаграфічных каледжаў дысцыплінамі тут выкладаюць мадэрн. У добра ўсталяваныя залы для заняткаў фізічнай культурай запрошаны майстры спорту па мастацкай і спартыўнай гімнастыцы, акрабатыцы — элементы гэтых дысцыплін могуць спатрэбіцца ў найноўшых танцавальных пастаноўках. Вынік ужо ёсць: па словах Сяргея Лалеціна, на конкурсах сучаснай харэаграфіі іх навучэнцы збіраюць узнагароды і ўхвальныя водгукі. Акадэмія танца ганарыцца ўласным басейнам — на думку выкладчыкаў, гэта найлепшы для вучняў спосаб рэлаксацыі. Тут жа займаюцца дыхальнай гімнастыкай. Зрэшты, у гэтай установе сярод студэнтаў ёсць і наш суайчыннік — беларусы адзіныя з постсавецкай прасторы маюць права паступаць на агульных умовах у Акадэмію і навучацца бясплатна.
Эксперымент скіраваны на падрыхтоўку ўніверсальнага танцоўшчыка. Барыс Эйфман спадзяецца, што яго выпускнікі змогуць, не марнуючы час на перавучванне, уліцца ў трупу любога сучаснага харэографа. А ці атрымаецца гэта — пакажа час: першы выпуск з унікальнай навучальнай установы Эйфмана адбудзецца праз чатыры гады.
Настасся ПАНКРАТАВА