Вячаслаў ІВАНОЎСКІ: Час падсумоўваць

№ 2 (299) 01.02.2008 - 29.02.2008 г

Як накірунак навукі мастацтвазнаўства стала развівацца ў Беларусі толькі з сярэдзіны ХХ стагоддзя. Да гэтага, у 20-я гады, існаваў Інбелкульт, выходзілі працы БДУ -- менавіта тады пачалося назапашванне гістарычнага матэрыялу. Але не сабраўшы ўвесь факталагічны матэрыял, вельмі цяжка было казаць, што мы гатовыя займацца распрацоўкай тэарэтычных праблем сучаснага мастацтва.

 /i/content/pi/mast/7/185/Ivanousky.jpg
Вячаслаў Іваноўскі, загадчык кафедры тэорыі і гісторыі мастацтваў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў
Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору быў адкрыты толькі ў 1957 г. Ён ствараўся як акадэмічная ўстанова, якая займаецца распрацоўкай фундаментальных праблем, але вельмі доўга гэтыя фундаментальныя праблемы былі звязаны выключна са збіраннем, апісаннем, сістэматызацыяй мясцовага матэрыялу.
Інстытуту адводзілася роля рэгіянальнага, тэорыяй займаліся ў Маскве. І нават у шанаваных навукоўцаў-мастацтвазнаўцаў мы не можам знайсці прац, якія б разглядалі праблемы тэорыі мастацтва ці звярталіся да аналізу артэфактаў па-за рэгіянальнымі межамі. А навука не можа нармальна развівацца толькі на мясцовым узроўні, яна па прыродзе сваёй з’ява інтэрнацыянальная.
Сёння, сабраўшы гістарычны матэрыял, глыбока прааналізаваўшы яго, можна выходзіць на ўзровень тэарэтычнага асэнсавання. Сучасная тэорыя развіваецца на стыку філасофіі, эстэтыкі, культуралогіі і мастацтвазнаўства, гісторыі культуры. І ў многіх навуковых працах нашых аспірантаў гэтыя падыходы становяцца вызначальнымі.
Доўгі час нашы даследчыкі былі ізаляваны ад сусветнага працэсу развіцця навукі. Напрыклад, метадалогія таго ж постструктуралісцкага аналізу была ім невядомая. Не было адзінага каардынацыйнага цэнтра, і толькі цяпер, некалькі месяцаў таму, быў створаны каардынацыйны савет па навуцы пры Міністэрстве культуры. Спадзяемся, што будзе адбывацца супрацоўніцтва ўсіх навуковых і навучальных устаноў, створаны банк даных і вызначаны прыярытэтныя накірункі развіцця мастацтвазнаўчай навукі.
Разглядаць сучасныя працэсы ў мастацтве на тэарэтычным узроўні надзвычай складана. Наспелі пэўныя тэмы, якія патрабуюць разгляду, звязаныя з жанраўтварэннем, узаемапранікненнем, эвалюцыяй жанраў, інтэрпрэтацыяй твора. Але, паўтаруся, у нашых аспірантаў з’яўляюцца працы, выкананыя на годным навуковым узроўні. Таму на тое, што тэорыя будзе развівацца, ёсць вялікія спадзяванні.