Нягледзячы на тое, што мастак стварае свае працы вельмі хутка — шырокія заліўкі і сакавітыя мазкі ліха кладуцца на вільготную паперу, — разумееш: за гэтай віртуознасцю стаіць штодзённая і карпатлівая праца.
Багацце тэм Фёдара Кісялёва вынікае з вывучэння гісторыі Беларусі, з безлічы вандровак і пільнага назірання за прыродай. «Вечар у Радамлі» напісаны ў мястэчку Чавускага раёна. У далёкім Х стагоддзі сюды, на левы бераг ракі Радуча, прыйшлі радзімічы і заснавалі горад-сталіцу. Ад моцнага абарончага чатырохвежавага замка сёння засталося гарадзішча, якое ўзвышаецца над раўнінай на 16 метраў, вакол глыбокі і шырокі роў, зарослы хмызам, дрэвамі і высокай травой.Вытанчаная па жывапісна-пластычнай структуры кампазіцыя «Рагвалодаў камень» пабудавана на асацыятыўнасці форм жывога і рэчыўнага свету. Як працяг расповеду пра гісторыю — трыпціх, прысвечаны юбілейнай даце Грунвальдскай бітвы, выкананы мастаком у 2010 годзе, «Навальніца над Мальбургам», «Грунвальдскае поле», «Кракаў. Раніца ў Вавелі».
У сваім дзённіку Фёдар Кісялёў згадвае, як у кастрычніку
2010-га ён з сябрамі стаяў ля каменя, на якім зроблены надпіс пра Аршанскую бітву 1514 года: «Я ў думках уяўляю — і разгортваюцца перад вачыма на мясцовасці баявыя дзеянні тых далёкіх часоў. Вялікія натоўпы воінаў фарсіруюць Дняпро, уброд пераходзяць Крапіўну, якая і цяпер цячэ побач. Грукат конскіх капытоў, лязгат зброі вялікага трыццацітысячнага войска нашых ваяўнічых продкаў». Убачанае і перажытае пакладзена на паперу алоўкам і акварэльнымі фарбамі.
Значнае месца ў жыцці і мастацтве Фёдара Кісялёва займае серыя твораў, прысвечаная чарнобыльскай трагедыі. На юбілейнай выставе ён прадставіў дзве працы. «Лёсы» напісаны ў год, калі здарылася бяда і ніхто яшчэ не ведаў, як ліха адаб’ецца на жыцці людзей, як будзе адчуваць сябе зямля — ёсць у гэтай рабоце пэўная насцярожанасць. «Была вёска Журавель» увасоблена падчас правядзення міжнароднага пленэру па жывапісе «Вобраз радзімы ў выяўленчым мастацтве», прысвечанага 20-годдзю трагічных падзей. У дзённіку мастака чытаем, што ў працы знайшлося месца «і закінутым яблыням у высокай траве, соснам, буслінаму гнязду, шырокаму раздоллю з Сожам... І ўжо потым, у кнізе водгукаў на сваёй персанальнай выставе знайшоў запіс, дзе былая жыхарка вёскі Журавель не пашкадавала цёплых слоў пра сваю страчаную маленькую радзіму і сваёй падзякі аўтару гэтай акварэлі».
Лірычныя па настроі «Нацюрморт з тэатральным скверам», «Магілёў. Вячэрняя імша». Мастак у абмежаванай колеравай гаме здолеў дамагчыся жывапіснага багацця, тонкасці адценняў і — як вынік — глыбокага раскрыцця зместу.
«Самы кароткі дзень» стварае адчуванне цішыні і спакою, узвышанага сумоўя, звязанага з настроем душы. Своеасаблівае сфумата — мяккасць жывапіснай манеры, плаўнасць танальных пераходаў, размытасць контураў — дапамагае перадаць эфект танальнай перспектывы.
Прыгожым акордам на выставе прагучалі нацюрморты, у якіх увасоблены расліны і садавіна, прадметы хатняга ўжытку, садовыя і палявыя кветкі. Яны адлюстроўваюць настрой і эмацыйны стан чалавека, захоўваюць яго пачуцці.
Юбілейная экспазіцыя, прысвечаная 70-годдзю Фёдара Кісялёва, сталася пазнавальным расповедам пра жыццё і творчасць майстра, засведчыла яго цікавасць як да гісторыі, так і да паўсядзённага жыцця.
Святлана СТРОГІНА