Як бывае ў пачатку працэсу — далёка не ў поўным аб’ёме. 15 снежня 2016 года тамсама запрацавала экспазіцыя двух лепшых мастакоў «польскай» часткі Беларусі — Пётры Сергіевіча (1900—1984) і Міхася Сеўрука (1905—1979), 150 работ з прыватных калекцый. Але і гэтым разам паказалася толькі частка айсберга творчасці лідараў заходнебеларускага жывапісу. Бо вялікая колькасць іх карцін застаецца за мяжой. Так, паводле выдадзенага ў Польшчы ў 2003 годзе каталога «Пётр Сергіевіч. 1900—1984. З прыватных калекцый у Польшчы» ў суседняй краіне зберагаецца больш за сто прац мастака, ладная калекцыя спадчыны абодвух перахоўваецца ў Вільні, у Нацыянальным мастацкім музеі Літвы. Тым не менш сёлетняя імпрэза — значны крок даследчыкаў наперад. Тым больш важны, што іх творчасць складае выразную альтэрнатыву плыні мастацтва БССР 1920—30-х.
На пачатку Другой сусветнай вайны СССР далучыў заходнебеларускія землі (Вільня неўзабаве была падараваная Літве). З гэтай нагоды ў 1940 годзе прайшлі афіцыйныя мастацкія выставы — у Мінску, Беластоку, Вільні. І вось паказальна: калі ў першых гарадах у экспазіцыі дамінавалі прапагандысцкія сюжэтна-тэматычныя карціны, дык у віленскай экспазіцыі, дзе бралі ўдзел і Сергіевіч, і Сеўрук, сярод блізу 400 твораў такія карціны складалі менш за пятую частку, а пераважалі лірычныя краявіды, жывыя, нештампаваныя партрэтныя вобразы. Заставалася ў іх яшчэ тое, што крытык Барыс Крэпак трапна назваў «асаблівым нацыянальным нервам… рысамі “беларускасці”, характэрнымі для пэндзля лепшых мастакоў Заходняй Беларусі». Іх жа выразна заўважылі наведнікі выставы «Майстры Віленскай школы Міхаіл Сеўрук і Пётр Сергіевіч» у НММ Беларусі.
На вернісажы ў Нацыянальным мастацкім музеі выступілі акадэмік Радзім Гарэцкі, мастацтвазнаўца Таццяна Гаранская, куратарка паказу Вольга Архіпава, буйнейшы калекцыянер работ памянёных мастакоў Ігар Бархаткоў. Прыгадалі, як у 1960-я разгарнуліся пошукі і збіранне твораў Сергіевіча і Сеўрука. Як паступова працы траплялі ў экспазіцыі дзяржаўных музеяў: прыкладам, Сеўрука — у Нясвіжскі гісторыка-краязнаўчы музей, у горад, дзе мастак жыў і працаваў з 1939 года, Сергіевіча — яшчэ падараваныя самім майстрам — у Літаратурны музей Янкі Купалы. Але працэс вяртання спадчыны Сергіевіча і Сеўрука ў лепшыя беларускія калекцыі ішоў няроўна. Так, калі па смерці мастака-адраджэнца Яўгена Куліка (2002) іх творы з яго збору былі прапанаваныя ў дзяржаўныя музеі, прыгадваў Ігар Бархаткоў, апошнія адмовіліся набываць карціны і графіку. І работы разляцеліся па прыватных калекцыях.
Фармальная прычына: той жа Сергіевіч амаль усё творчае жыццё правёў і прапрацаваў у Вільні. Літоўскі мастак? Які падпісваў усе работы па-беларуску. Які, падобна Матэйку ў Польшчы, распачаў кірунак беларускай гістарычнай карціны, у прыватнасці, серыяй пра Кастуся Каліноўскага. І які напрыканцы 1930-х, працуючы ў Віленскім Беларускім музеі, пасля яго закрыцця Саветамі па вайне, дамогся перадачы ў Мінск адзінага вядомага на сёння прыжыццёвага партрэта Льва Сапегі і значнай часткі астатняй калекцыі. Нарэшце той, які, следам за Максімам Багдановічам, закрануў скразную тэму непрытульнасці беларусаў на роднай зямлі пад чужой уладай («Шляхам жыцця», 1934). У паэта:
Ёсць на свеце такія бадзягі,
Што не вераць ні ў Бога, ні ў чорта.
Ім прыемны стракатыя сцягі
Караблёў акіянскага порта.
(«Эмігранцкая песня», 1914.)
Так і творы двух мастакоў — Міхася Сеўрука, з яго неарэнесансавай скульптурнай формай, і Пётры Сергіевіча, тонкага песняра настрояў, дагэтуль — часткова «бадзягі». Насуперак таму, што спадчына абодвух майстроў укладаецца неад’емнымі звёнамі ў непарыўную нацыянальную мастацкую традыцыю краіны. Хоць бы таму, што абодва — навучэнцы знакамітай школы Віленскага ўніверсітэта Стэфана Баторыя пад кіраўніцтвам Фердынанда Рушчыца. Пётра Сергіевіч — у 1920—1924, 1926—1929 гадах, Міхась Сеўрук — у 1927—1932. Асабліва выразна выказаў сваю пазіцыю, сантымент да Радзімы Сергіевіч у напісаных па просьбе выдатнага даследчыка гісторыі культуры доктара філалогіі Арсена Ліса ў 1960 гадах успамінах-аўтабіяграфіі: «Добра сталася, што не парвалася мая сувязь з родным кутом. Родныя краявіды і людзі асабліва мне блізкія. Вёска наша, размешчаная на беразе Богінскага возера, так “накарміла” мае дзіцячыя вочы, што і цяпер да возера маю вялікую цягу... Вельмі любіў маляваць нашых суседзяў, мужчын і дзяўчат…»
Выдатна, што галоўны мастацкі музей Беларусі чарговы раз за апошнія гады звярнуўся да творчасці перад тым падзабытых мастакоў. Што іх творы намагаецца збіраць у сваю карпаратыўную калекцыю Белгазпрамбанк. Што выходзяць нарысы пра жыццё і працу Сеўрука і Сергіевіча — прыгадаем нядаўна надрукаваныя «Крэскі да партрэтаў мастакоў з Заходняй Беларусі» (Мінск, 2013) Сяргея Гваздзёва.
Аляксей ХАДЫКА