Тым не менш хлопчыкі былі. Адзін з іх — скульптар Павел Вайніцкі — вырашыў падзяліцца сваімі дзіцячымі ўражаннямі і дарослым асэнсаваннем той падзеі, якая непасрэдна паўплывала на яго жыццё. Мультымедыйны праект, што прайшоў у Полацкай мастацкай галерэі, так і называўся: «Асабісты Чарнобыль». «Мне асабіста найперш балюча за страту ласкавай ракі з пясчанымі выспамі, дзе я плёскаўся дзіцём перад катастрофай калісьці... і, цяпер, за стан здароўя сваіх уласных дзяцей», — піша аўтар у эксплікацыі.
Праект цяжка падуладны відавой класіфікацыі: ён спалучае самыя розныя медыя (мастацкае шкло, інсталяцыі, класічную музыку Вольгі Рагавой, шумавы саўнд-дызайн, відэа-арт...), але ўсе яны нібы нацятыя на адну нітку, прычым не толькі сэнсавую. Вузкі скляпеністы калідор колішняга езуіцкага калегіума стаў выдатнай пляцоўкай для экспазіцыі.
Значная яе частка — звыклыя для аўтара кампазіцыі з розных «знойдзеных прадметаў». Рэчаў, з аднаго боку, банальных па сваёй сутнасці, а з іншага — напоўненых пэўнай пачуццёвасцю (перададзенай іх былымі ўласнікамі) і таямніцай. Патрапіўшы ў стэрыльную музейную прастору, усе гэтыя паламаныя крэслы, недамаляваны нейкім дзіцём малюнак, старыя кружэлкі ды многія іншыя насельнікі сметніка выглядаюць даволі эфектна. Стараннямі скульптара яны заспетыя ў адзін з момантаў бясконцага броўнаўскага руху. Ілюзію дынамікі ўдала дапаўняе і саўнд-дызайн Яўгена Рагозіна: вецер, што вырываецца з кропкава размешчаных дынамікаў.
— Гэта радыеактыўны вецер мінулага, прычым вецер з пяском, — удакладняе Павел Вайніцкі. — У маі 1986 пясчаная бура заспела нас, калі мы з сям’ёй — прычым сястра тады яшчэ перасоўвалася ў вазку — ішлі ў госці да бабулі. «Звінелі» потым вельмі моцна.
Другім полюсам гэтага застылага хаосу былі даволі камерныя работы з такога далікатнага матэрыялу, як шкло. У выкананні Паўла Вайніцкага іх наўрад ці можна разглядаць у звыклай парадыгме дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Шкло выкарыстоўваецца перадусім як матэрыял-пасрэднік, а ягоныя фізічныя ўласцівасці набываюць ідэйны змест. Асабліва гэта праглядаецца ў серыі работ «Дыханне» — шкляныя пухіры, што вырываюцца з клапанаў адгазнікаў. Фіксацыя нечага нябачнага і няўлоўнага ў цвёрдым, але вельмі крохкім матэрыяле.
Што характэрна, адначасова з выставай у Полацку, работа Вайніцкага экспанавалася і ў далёкім японскім Натайіме на Міжнароднай выставе шкла. Прычым твор мае назву «Чарнобыль — Фукусіма» і, па словах аўтара, менавіта такая ўвага да гэтай тэматыкі куратараў з далёкіх краёў у пэўнай меры стымулявала прысвяціць ёй сваю «персаналку».
Урэшце перспектыву экспазіцыі вянчае экран, на якім бясконца праектуецца знятая праз лабавое шкло аўтамабіля дарога — здалёк яна можа нават падацца сапраўднай. У гэтай методыцы ёсць пэўная адсылка да тых часоў, калі ствараўся будынак калегіума. Майстры эпохі барока таксама любілі пашыраць абмежаваную архітэктурную прастору за кошт ілюзорных выяўленчых дэталяў: скажам, намаляванага на купале неба. Навошта яны гэта рабілі? Магчыма, каб давесці: з дапамогай мастацтва можна пашырыць межы бачнага — прынамсі ў свядомасці гледача.
Адначасова тут прачытваецца відавочная метафара несупыннага руху: нават на абязлюдзелых пасля аварыі тэрыторыях жыццё не стаіць на месцы, развіваючыся, што праўда, паводле іншых, больш натуральных законаў. «Дзіўна, але шмат з таго, што спачатку здавалася абсалютна непрымальным, праз час адкрывае нечакана пазітыўныя бакі. Сучаснае буянства расліннасці ў “зоне адчужэння”, якое раскладае рэшткі чалавечага жылля зваротна на прыродныя элементы, вымушае падазраваць, што для зямлі постчарнобыльскі спакой — як лекі. Збавенне ад разбуральнай чалавечай дзейнасці і загаенне яе слядоў», — лічыць Павел Вайніцкі.
У іншым кантэксце такая ідэя падалася б надта правакатыўнай, але ў плоскасці (альбо, дакладней, аб’ёме) сучаснага мастацтва яна выглядае цалкам дарэчнай. Бо пашырэнне межаў далягляду ўсімі магчымымі спосабамі — адна з найважнейшых яго задач. Напэўна, гэта тычыцца і сапраўды важкіх ды сур’ёзных тэмаў. Павел Вайніцкі засведчыў: звяртацца да іх з дапамогай сучаснай мастацкай мовы цалкам магчыма. Вынік атрымаўся няпафасным, небанальным і, у той самы час, непавярхоўным. Прычым ён быў належна ўспрыняты полацкім гледачом — на адкрыццё людзей прыйшло ў дастатку. Гэта важна хаця б таму, што, нягледзячы на насычанасць разнастайнымі выяўленчымі сродкамі і выразную канцэпцыю, экспазіцыя пакідала ўражанне пэўнай недагаворанасці — прычым наўмыснай, разлічанай на ўласную інтэрпрэтацыю ўважлівага рэцыпіента.
Ілля СІН