Ініцыятар і суарганізатар праекта «Ад Лісабона праз Мінск да Уладзівастока» — наш пастаянны прадстаўнік пры ЮНЕСКА і пасол у Францыі, Іспаніі і Партугаліі Павел Латушка. Функцыі куратара ўзяў на сябе мастак Віктар Альшэўскі. Поспех праекта абумоўлены той акалічнасцю, што ідэю дыпламата падтрымала наша Міністэрства замежных спраў і ЮНЕСКА. Паважаная міжнародная арганізацыя ўзяла выставу пад свой патранат. Удзел у праекце бяруць Луіш Радрыгіш (Лісабон), Дуілья дэ Джэнара Гомэс (Мадрыд), Сьюзі Гэмілтан (Лондан), Фаўст Кампама Пэлежа (Лес Эскальдэс), Хрысціян Банава (Манака), Ан-Мары Валадось (Парыж), Тыбо Дырыкс-Вісшэрс (Брусэль), Дорыт Клёмп (Амстэрдам), Зігрыд фон Гунтэн (Берн), Джузэпэ Атыні (Рым), Ульрых Уфрэхт (Берлін), Іван Экснэр (Прага), Міхаэль Фукс (Вена), Марэк Ярота (Браціслава), Пэтэр Мэрцэль (Будапешт), Радаван Трнавац Міча (Бялград), Марэк Мадэй (Варшава), Любэн Генаў (Сафія), Ірына Шувалаф (Хельсінкі), Андрыс Эглітыс (Рыга), Мары Роасвальт (Талін), Довіле Тамкуце (Вільня), Карнэліў Васілеску (Бухарэст), Віктар Альшэўскі (Мінск), Тудар Збырня (Кішынёў), Руслан Кутняк (Кіеў), Ерлан Назаркулаў (Астана). Расію прадстаўляюць мастакі з трох гарадоў: Святлана Авілава (Санкт-Пецярбург), Зураб Цэрэтэлі (Масква) і Юрый Аксёнаў (Уладзівасток). Я так доўга пералічваў усіх удзельнікаў, па-першае, кіруючыся паліткарэктнасцю, а па-другое, каб кожны чытач мог знайсці імя ў Сеціве і скласці ўласнае ўяўленне пра творцу.
Ад сябе ж я магу сказаць, што выстава атрымалася даволі пярэстая. Ёсць і фігуратыўны жывапіс, і абстрактныя кампазіцыі, калажы. Усяго патроху, але ў выніку складваецца вобраз спантаннага пошуку новай выразнасці, якая адпавядала б нашай багатай на парадоксы рэчаіснасці. Мне асабіста, з чыста геаграфічнага і гістарычнага, а мо і з настальгічнага гледзішча, найбольш цікавымі падаліся творы мастакоў постсавецкай прасторы. Я скарыстоўваю гэтую тэрміналогію, бо за чвэрць стагоддзя, што мінулі з 1991-га, іншай, якая б больш дакладна адлюстроўвала новыя сацыяльна-культурныя рэаліі, так і не з’явілася. А з гэтага можна зрабіць выснову, што і мінулае нікуды не падзелася. У прыватнасці, відаць, што мастацтва постсавецкіх краін жыве і сілкуецца напрацоўкамі позняга сацрэалізму, калі згаданы стыль ужо страціў кананічную трываласць, калі індывідуалісцкае самавыяўленне ўжо не трактавалася як «бунт на караблі». Сёння пры выразнай стылёвай рознасці ў мастацтве Беларусі, Украіны, Расіі, Прыбалтыкі, Малдовы, Казахстана шмат агульнага ў канцэптуальным сэнсе. Дамінуе імкненне спалучыць культурны досвед Захаду з уласнай культурнай традыцыяй. Калі атрымліваецца, калі не… Ну, а тая Еўропа, што ў свой час была нам свайго роду маяком, як старажытным яўрэям «зямля абяцаная», сёння, як мне падаецца, сама ў пошуку ідэі, здольная інтэграваць на грамадскую карысць шматлікія праявы рэфлексуючага творчага індывідуалізму. Выстава, калі прыгледзецца, дае пэўныя падставы для разваг пра сутнасна адзіны свет. І пра тое, што супярэчнасцям наканавана сыходзіцца.
Гэты праект адбыўся найперш дзякуючы крэатыўнасці дзвюх асоб, згаданых на пачатку. Яны здолелі пераканаць тых, хто прымае рашэнні, што ініцыяванае Беларуссю мерапрыемства, у якім зайдзейнічана, бадай, уся Еўропа, акрамя культурнага, мае і сацыяльна-палітычны чыннік; што такі праект будзе працаваць на ўмацаванне станоўчага іміджу нашай дзяржавы. Уласна кажучы, важны сам факт супольнай працы творцаў розных краін дзеля сцвярджэнне простай думкі: Еўропа не канчаецца на межах Еўрасаюза. Кажуць, што Бог стварыў Зямлю, а чалавек правёў па ёй межы. Мабыць, на пэўным этапе развіцця цывілізацыі гэта насамрэч неабходна. Галоўнае, каб тых межаў не было ў галаве, каб людзі ўспрымалі Сусвет суцэльным. Каб плот не засціў далягляд, гістарычную перспектыву.
Фелікс ГАРДА