За сваё жыццё Віктар Пятровіч аздобіў адмысловымі ілюстрацыямі-рэканструкцыямі вялікі шэраг гістарычных і навукова-папулярных кніг, быў стваральнікам марак і канвертаў маладой незалежнай Беларусі і нават стаў уганараваным на міжнароднай выставе ў Парыжы як найлепшы марачнік у сваёй катэгорыі. Мінула дзесяць год, як няма з намі гэтага дзейснага, але надзвычай сціплага ў паўсядзённым жыцці чалавека, але дасюль пра яго плён у мастацтве не з’явілася адпаведнага артыкула. Ёсць і мая віна: столькі год творча сябравалі, тройчы спрабавала пра яго напісаць, сустракаліся для інтэрв’ю. Але кожны раз ён пераводзіў размову на іншыя тэмы, якія сам вызначаў найважнейшымі, — то пра ўплыў на інтэлігенцыю Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча, з якім Сташчанюк шчыльна сябраваў, асабліва падчас стварэння гістарычных рэканструкцый старадаўняга Мінска; другім разам апантана распавядаў пра маладую мастачку з Заслаўя Таццяну Ласку, якой апекаваўся; апошнім разам дыскутавалі пра пленэры імя Язэпа Драздовіча…
Пахаванне ў Наваградку было ўрачыстым. Развітацца са Сташчанюком прыехалі калегі Уладзімір Басалыга, Віктар Маркавец, Уладзімір Сулкоўскі, Алесь Марачкін. Яны пранеслі на плячах труну аднадумца праз увесь горад. На старых наваградскіх могілках над магілай Віктара Пятровіча гаварылі ўзрушаныя прамовы сябры, паплечнікі, родныя…
Як гэта часта бывае ў мастакоў, ён быў яшчэ і паэтам. У выдавецтве «Беларускі кнігазбор» у 2002 годзе пры падтрымцы беларускай паэткі Алы Канапелькі выйшаў зборнік вершаў Віктара Сташчанюка «У прасторы часу». Узнёслыя і прачуленыя радкі «Сюды сыходзяцца сэрца дарогі, як да Рыма… Тут карані мае і Радзіма» — нібы камертон творчасці мастака і паэта.
Віктар Пятровіч Сташчанюк нарадзіўся ў вёсцы Сёгда ў 1933 годзе, як ён сам піша ва ўспамінах, «за тыдзень да Юр’я». У Наваградку прайшло юнацтва, а потым разам з мамай мастак пераехаў у Мінск. Але любоў да горада захоўваў усё жыццё. Тут адбылася яго першая персанальная выстава «Наваградку 950 у замалёўках і творчасці Віктара Сташчанюка» (1996). Яна прайшла з поспехам. Гартаю ўжо рарытэтную кнігу водгукаў, дзе радкі захаплення пакінулі Кастусь Цвірка, Васіль Зуёнак, Алесь Марачкін, Валянціна Аксак і Янка Брыль. Эфектныя паэтычныя радкі Віталя Скалабана: «Хай не стамляецца рука // У Віктара Сташчанюка // Ствараць бліскучыя гравюры, пейзажы і мініяцюры // І хай заўсёды на вяку // спрыяе Бог Сташчанюку».
Потым, у 2003-м, у тым жа Наваградскім гісторыка-краязнаўчым музеі адкрывалі юбілейную выставу. Віктар Пятровіч шчодра дзячыў суродзічам за прыязнасць і любоў, перадаў музею лепшыя творы. У 2004 годзе яны экспанаваліся ў галерэі Наваградскай цэнтральнай раённай бібліятэкі. Пасля смерці Сташчанюка мемарыяльная выстава «Закаханы ў Беларусь» ладзілася ў наваградскай галерэі «Дваццаць адно імгненне» (2010). На выставе экспанаваліся панарамы і рэканструкцыі, творы жывапісу, графікі і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, тэматычна звязаныя з гісторыяй горада і Беларусі, — «Міндоўг», «Давід Гарадзенскі», ілюстрацыі да паэм Адама Міцкевіча, «Машэка» з серыі «Беларускія легенды», «Гусляр» з нізкі «Мой Наваградак» і іншыя.
Нягледзячы на тое, што Віктар Пятровіч Сташчанюк у першую чаргу — майстар гістарычнай рэканструкцыі, ён ствараў і лірычныя акварэлі, пастэлі ды іншыя графічныя эцюды. Настальгічныя матывы тугі па страчанай велічы старажытнага Наваградка — былой сталіцы дзяржавы — гучаць манументальна і пранізліва. Кранальна ўспрымаюцца замалёўкі сучаснага горада, тых яго куточкаў, дзе найболей выразна прысутнічаюць адметнасці старога мястэчка. Віхлястыя вузкія вулкі, што бягуць з узгорка да ўзгорка, у нізцы прац 1985—1988 гадоў, здаецца, праменяцца чароўнасцю непаўторнага каларыту Наваградка.
Мастак увасабляе і адметных асоб беларускай гісторыі і культуры. Сташчанюк малюе Язэпа Драздовіча ў задуменным шпацыры па горадзе, дзе брукаваныя вулачкі і зычныя бэзавыя цені на дарозе і забудовах кантрастуюць з лагоднай расфарбоўкай сцен акуратных дамкоў, вуглаватая постаць героя карціны выдае напружаныя рытмы жыцця і дзейнасці героя — «Язэп Драздовіч у Наваградку» (1985). Не менш дынамікі ў кампазіцыі «Думы Язэпа Драздовіча» (1988).
З сюжэтных твораў пра малую радзіму да найлепшых належаць ахвяраваныя памяці матулі, Ганне Сташчанюк, якая шмат працавала, удовая, адна гадуючы сына. Паходжаннем са шляхетнага роду Клімашэўскіх, яна перадала сыну пачуццё любові да зямлі бацькоў. У сімвалічных кампазіцыях серыі «Цяжкі лён» (1999) і «Жнеі. Прысвячэнне маці» ( 2001), дзе відавочныя адсылкі да біблейскіх ілюстрацый Скарыны і высокай паэтыкі Міхася Сеўрука ў славутай карціне «Жніво», Віктар Пятровіч імкнуўся стварыць велічны, манументальны вобраз працоўнай беларускай жанчыны.
Вандраваць па Беларусі атрымлівалася эпізадычна, пераважным чынам у часы кароткіх адпачынкаў на сталай працы архітэктарам інстытута «Белдзіпрагандаль» (1966—1984), мастаком мінскага Палаца мастацтва (1984—1986) і Дома літаратараў (1986—1990). Зазвычай гэта былі паездкі ў Наваградак, адкуль прывозіліся новыя творы, замалёўкі, вершы. Але Сташчанюк паўдзельнічаў і ў шэрагу маштабных паездак па краіне (1968—1972) у складзе групы выкладчыкаў Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута, супрацоўнікаў Інстытута этнаграфіі і фальклору ды Інстытута фізікі Беларускай акадэміі навук. Як вызначае сам Віктар Пятровіч, «гэта быў час зачыненых храмаў». Рэчы, выратаваныя даследчыкамі ад знішчэння, у далейшым склалі аснову Музея старажытнабеларускай культуры пры Акадэміі навук. Захаваўся дзённік з малюнкамі Сташчанюка падчас адной з тых паездак у чэрвені 1968 года па заходняй Беларусі. Гэта дзясяткі гістарычна дакладных і па-мастацку вобразных замалёвак помнікаў і храмаў. Паводле іх пасля ствараліся акварэльныя кампазіцыі, гравюры, малюнкі. Мастак перадаў свае творы вялікай калекцыяй Нацыянальнаму гістарычнаму музею Рэспублікі Беларусь. У жніўні 2014 года ў музеі працавала маштабная выстава дарункаў Віктара Пятровіча, сярод якіх шматлікія вобразы драўлянай і мураванай культавай архітэктуры, палацаў, цэркваў і касцёлаў, сядзібных дамоў і гістарычных ландшафтаў.
У выходныя дні ездзіў у Заслаўе, да якога электрычкай усяго паўгадзіны дарогі. Віктар Пятровіч цікавіўся раскопкамі, што праводзіліся тут з года ў год Георгіем Штыхавым, Юрыем Зайцам і Алегам Трусавым. Мастак пазнаёміўся з супрацоўнікамі спачатку заслаўскага Музея рамёстваў і народных промыслаў Беларусі (рэстаўрацыя храма ХVI стагоддзя ў 1970-х праводзілася ў яго на вачах, як і стварэнне ў ім Эдуардам Агуновічам і Міхасём Раманюком экспазіцыі музея, адкрытага ў 1977-м), потым з навукоўцамі адкрытага ў 1986 годзе запаведніка «Заслаўе». Эмоцыі і ўражанні ад непаўторнага каларыту Чорнай гары ў старой частцы горада, дзе калісьці было капішча язычніцкіх багоў, унікальных гарадзішчаў, дзясяткаў курганных могільнікаў і ацалелых храмаў, рэчкі Чарніцы, пра якую захавана мноства паданняў, спрыялі з’яўленню шэрагаў мастацкіх твораў.
Спачатку гэта былі жывапісныя карціны з сюжэтамі гістарычных ландшафтаў, дзе праз колер і паэтыку краявідаў мастак увасабляў замілаванне старажытнымі сюжэтамі. Але набліжаўся 1985 год — юбілей горада. Сташчанюк быў сярод творчай інтэлігенцыі, якая садзейнічала вяртанню Заслаўю статусу горада і стварэнню ў ім Гісторыка-культурнага запаведніка (да 1985 года мястэчка лічылася гарадскім пасёлкам).
Віктар Пятровіч далучыўся да падрыхтоўкі першай гістарычнай выставы, прысвечанай лёсу Заслаўя. У супрацы з гісторыкамі і археолагамі ён увасобіў старажытную панараму мястэчка — «Заслаўе ў ХVІІІ ст.». На першым плане панарамы вобразы жанчын на ўскраіне горада ў тагачасных строях, побач — страчаны цяпер каменны «Хведзькін крыж», фотаздымкі якога знойдзены ў кнізе Аляксандра Ляўданскага «Заслаўе на Меншчыне» (1928).
Вынік пераўзышоў усе чаканні. Мы атрымалі маляўнічы вобраз старажытнага горада з увасабленнем яго ландшафтных і гістарычных дамінантаў, што былі, здавалася, безнадзейна страчанымі. Падчас раскопак у Заслаўі гарадзішча Вал археолаг Алег Трусаў знайшоў рэшткі малой уязной брамы. Гэта змяніла ўяўленні пра адну са старажытнейшых фартыфікацый краіны эпохі Рэнесансу. Побач археолаг Юры Заяц раскапаў муры замка Глябовічаў, што стаяў, па заключэнні даследчыка, на восі дарогі на Вільню, прапускаючы шлях праз унутраную арку. Новыя факты далі магчымасць рэканструяваць выгляд фартыфікацыі часоў магнатаў Глябовічаў і іх наступнікаў. Пад кіраўніцтвам археолагаў і гісторыкаў Віктар Пятровіч стварае яшчэ адну гістарычна важную панараму «Замак у Заслаўі ў ХІІ ст.» (1988), якая побач з папярэдняй і рэканструкцыяй гарадзішча «Замачак Х ст.» Яўгена Куліка стала адметным унёскам у скарбонку аднаўлення гістарычнай спадчыны Заслаўя.
Віктар Сташчанюк рабіў рэканструкцыі часам як станковыя кампазіцыі, якія экспанаваў на гістарычных выставах. Напрыклад, рэканструкцыі мястэчка Клецк выстаўляліся ў Мінску ў экспазіцыі да 500-годдзя перамогі пад Клецкам. Іншыя рыхтаваліся для кніг, такіх як апавяданні з гісторыі Беларусі для малодшых школьнікаў «Адкуль наш род» Уладзіміра Арлова (2000) — сюды ўвайшлі «Полацк у часы Еўфрасінні і князя Валодшы», «Тураў. Паводле гравюры ХІХ ст.», «Старажытная Сафія Полацкая», «Крыжакі пад Наваградкам», «Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае» Міколы Ермаловіча, «Площадь Свободы» Уладзіміра Дзянісава, «Святая Еўфрасіння» Алеся Марціновіча, «Культурнае жыццё Мінска І паловы ХІХ стагоддзя» Леаніда Карповіча і іншыя. Каларытныя панарамныя малюнкі Віктара Сташчанюка — «Высокі рынак у пачатку ХІХ ст.», «Саборная плошча ў сярэдзіне ХІХ ст.», «Скрыжаванне вуліц Дамініканскай і Валоцкай (сярэдзіна ХІХ ст.)» і «Траецкае прадмесце ў канцы ХІХ ст.» — паводле іх мастацкай і гістарычнай значнасці можна параўнаць з відарысамі старажытнага Менска Барталамея Лявэрня і Юзафа Пешкі. Сташчанюк увасобіў гістарычную атмасферу жыцця мінчукоў мінулых эпох з адпаведнымі рытмамі, нават, здаецца, гукамі. І ў гэтым дасягненні творцы неацэнныя.
Таццяна МАРКАВЕЦ-ГАРАНСКАЯ