Пра дзяцей?
Мае сумневы развеяла, але толькі часткова, Эмілія Міра Гавіярава (Чэхія), старшыня журы «Лiстападзiка». Яна прапанавала іншы пункт адліку: «Сучаснае дзіцячае кіно павінна казаць пра тое, што мы страчваем, — сям’ю. Страчваем паўсюль у свеце. І гэта галоўнае». І дадала: «Дзеці не могуць зразумець жыццё дарослых, а нам складана зразумець іх свет». Мне падалося цікавым разгледзець конкурс і ягоныя вынікі на гэтых дзвюх лініях распазнання.
Пра сям’ю і дом
Якімі паўстаюць сем’і ў творах дзіцячай праграмы?
У Мікроба і Бензіна (аднайменная стужка перамагла ў намінацыі «Лепшы фільм») бацькі знаходзяцца ўбаку ад дзіцячых праблем, але яны — бацькі — ёсць. Ёсць і браты. У прынцыпе, гэта нарматыўныя сем’і, хоць і цяжкасцей у іх ніхто не адмяняў. Сям’я Бензіна больш жорсткая ў сацыяльным плане і дае хлопчыку большую свабоду, ён і расце самастойнейшым. Мікроб не адчувае такога ціску, але гэта не ратуе яго ад нервознага і адначасова безуважлівага кантролю.
Французскі рэжысёр Мішэль Гандры, пра якога з прыдыханнем гавораць пасля «Вечнага ззяння чыстага розуму» (2004) і прэміі Амерыканскай кінаакадэміі за лепшы сцэнар (і нават лепшы фільм 2000-х), прадпрымае дзіўны па трывіяльнасці сюжэтны ход: у пошуках волі дзеці сыходзяць з дому. Тысячу разоў мы бачылі нешта падобнае, але ў Гандры ўсё не так проста — дом яны забіраюць з сабой. З металалому збіраюць аўтамабіль у выглядзе хаты, едуць, прыпыняюцца на адпачынак, хаваюцца ў ім у выпадку пагрозы і ахоўваюць яго пры неабходнасці. Нават кветкавы гаршчок прысутнічае на падваконні. Як слімак альбо чарапаха, яны носяць свой дом з сабой… Дом без дарослых, без абавязкаў, без абмежаванняў. Але з адкрытасцю свету. З безабароннасцю. У выніку ў больш дэмакратычнай сям’і Мікроба ўцекача не караюць, а вось Бензіна накіроўваюць да брата ў Грэнобль. Хлопчыкі расстаюцца, але Мікроб ужо гатовы адказаць крыўдзіцелям сябра, і падобна, што з рэпутацыяй ціхоні можна развітацца.
У фільме выразна гучыць тэма цялеснасці і першай закаханасці, але не сэксуальнасці як такой. Гэта абумовіла абмежаванне «16+», і, па маім адчуванні, кіно сапраўды адрасавана падлеткам. Але з васьмі пазіцый глядацкага галасавання стужка заняла толькі сёмае месца. То-бок трэба разумець, што глядач не адчуў сямейна-хатняга паслання аўтара. Дзеля справядлівасці адзначым: апублікаваны рэйтынг можа ўтрымліваць агрэхі, калі ён не быў зроблены паводле падрабязна распрацаванай методыкі.
Пра свет дарослых
Стужка «На ўзроўні вачэй» (рэжысёры Эві Голдбрунэр і Ёахім Дальхопф) атрымала дзве даволі годныя ўзнагароды — прыз за «Лепшую працу дарослага акцёра ў дзіцячым фільме» (Джордан Прэнціс) і Спецыяльны прыз журы. У поўнаметражным дэбюце рэжысёрскага дуэта ёсць і дзіцячыя, і дарослыя праблемы, прыватныя і грамадскія стасункі, і тое самае «вакно ў свет», пра якое мы размаўлялі з Барбарай Ларэй дэ Лашар’ер, віцэ-прэзідэнткай ФІПРЭСІ. Банальнае выказванне пра кіно, па словах Барбары, выявілася жыццяздольным: больш за 70 міжнародных кінафестываляў, з іх 46 — асноўных. Гэта насамрэч «вакно ў свет»: для пазнавання сябе, суседзяў і далёкіх, зусім не знаёмых жыццёвых рэалій.
Мінскія гледачы ўбачылі ў адной стужцы і нямецкі дзіцячы дом, дзе парадкі, як можна зразумець, зусім не нашага кшталту, і берлінскую каманду па грэблі з усім спартовым антуражам. З энтузіязмам дэбютантаў рэжысёры паказалі жыццё асобы вельмі маленькага росту — карузліка, калі тое карэктная назва. У нас ён быў бы маргіналам, але ў фільме гэта чалавек забяспечаны, у мінулым яго кахала прыгожая жанчына стандартнага росту. Адзінаццацігадоваму Мішы не зразумець рамантычных стасункаў загінулай маці з рознымі мужчынамі — уласна кажучы, тут і даросламу гледачу не ўсё зразумела. Але гэта і непатрэбна: пошук бацькі, непрыманне бацькі, адмова ад яшчэ аднаго, больш праўдападобнага, прэтэндэнта, стасункі з гарадскімі дзецьмі і ў выніку набыццё сям’і дарослым і дзіцём аднаго росту — тут і без таго ёсць пра што падумаць. Кантакт «на ўзроўні вачэй» у нашым выпадку — вельмі высокі ўзровень даверу. Да герояў, да нестандартнай сітуацыі. І, хочацца спадзявацца, урок ашчаднага стаўлення да таго, хто адрозніваецца ад большасці — лёсам, знешнасцю, ладам жыцця. Гэта, канешне, стужка для дзяцей пра свет бацькоў, з іх заблытанымі і часам абсурднымі праблемамі, ад якіх нікуды не схавацца. «Ты ж разумееш, мы не можам быць сям’ёй», — казала ў свой час маці Мішы ягонаму бацьку.
Пра будучыню
Яшчэ адзін дуэт хлопчыкаў — у фільме «Маленькія мужчыны» (рэжысёр Айра Сакс). Стужка засталася без узнагарод: па прызнанні Эміліі Міры Гавіяравай, наўрад ці дзеці ўспрымаюць асаблівасці дзелавога амерыканскага жыцця.
Але я на месцы арганізатараў усё роўна паказала б гэты фільм, нават у парадку эксперыменту. Фінансавыя праблемы вельмі хутка закрануць нашых дзяцей, калі ўжо не закранулі. Проста ў дадзеным выпадку гэта Нью-Ёрк, жыццё сярэдняга класа, і сюжэт пабудаваны вакол нерухомасці: сям’я — яшчэ раз сям’я! — Джэйка прымушае сям’ю Тоні адмовіцца ад арэнды крамы. Сябры пратэстуюць, як могуць, але ў выніку разрыў непазбежны. Дарослая гісторыя са смерцю дзядулі, са спадчынай і г.д. урываецца ў дзіцячую. Непазбежнасць — у свет наіўнасці, бестурботнасці. Тонкасць адносінаў дарослых, дзяцей, непапраўнасць страт, можа быць, не вельмі счытваюць дзеці, але Айра Сакс — адзін з лідараў незалежнага амерыканскага кіно, і мне цікавыя ягоныя працы.
Аляксандра Макарэвіч, памочніца дырэктара праграм ігравога кіно Ігара Сукманава, якая вяла «Лістападзік» у «Піянеры», ускосна падтрымала мой пункт гледжання: «Мы намагаліся выбіраць не фільмы-прыгоды з пагонямі і фокусамі, а карціны пра сталенне, праблемы, з якімі сутыкаюцца дзеці ў дарослым свеце. Таму фільмы знятыя без паблажлівасці, з павагай да малых. Назіраючы за героямі стужак, за тым, як яны прымаюць рашэнні, ім будзе лягчэй разабрацца ў сваім жыцці».
«Я хачу жыць»
«Жалейка», рэжысёрскі дэбют Элізы Пятковай у мастацкім кіно і першая акцёрская працы Ганны Манолавай, якая прадставіла фільм у Мінску, атрымаў дыплом «За майстэрства рэжысуры і вытанчанасць кінамовы» і апошнюю, восьмую пазіцыю ў глядацкіх перавагах. Яшчэ адна агаворка адносна рэйтынгу: склад аўдыторыі непазбежна ўплывае на ацэнкі, і, найбольш верагодна, на кожным сеансе ён быў адвольны. Чаго ж не зразумеў наш адвольны глядач 16+ на «Жалейцы»? Акрамя кінамовы. Гераіня сумуе з нагоды смерці бацькі не менш за дарослых, але не пагаджаецца прытрымлівацца знешніх канонаў жалобы. Думкі пра смерць прыходзілі да яе і раней, але выйсце бачылася толькі адзінае, і яно зразумелае: «Я хачу жыць». Нічога ненатуральнага сямнаццацігадовая дзяўчына не робіць: сустракаецца з сябрамі, дапамагае сямейнікам, і яе чорная стужка — максімум, на які яна здольная, выконваючы традыцыйную жалобу. Але вось пайсці з вёскі, сысці ад непрымання, бо вытрымаць яго падлетак не ў стане, — учынак. На жаль, гэта разрыў з сям’ёй, з каранямі — будзем спадзявацца, што не канчатковы. Хоць папракаюць дзяўчынку ў бяздушнасці, разбэшчанасці, і яе гэта балюча раніць.
Чаму мне здаецца, што фільм пра тое, як складана прымаць рашэнні? Я прапанавала б гэтую фармулёўку як падагульняючую: і сям’я, і перажыванні сталеючага дзіцяці, і праекцыя для дзяцей — усё гэта тут ёсць. Не зразумеў глядач — значыць, не зразумеў. У рэшце рэшт, межы «падабаецца» і «не падабаецца» адрозніваюцца ў галасаванні ўсяго на 1,352 балы.
Фільм ганараваны Спецыяльным згадваннем журы конкурсу «Пакаленне 14+» на МКФ у Берліне і Гран-пры за лепшы фільм у конкурсе дэбютаў МКФ у Сафіі. Таму да кінамовы публіка яшчэ падцягнецца, а праблематыку, мяркую, старэйшыя зразумелі выдатна.
Любоў ГАЎРЫЛЮК