Паказ аднаго спектакля адмянілі праз хваробу артыста, такім чынам у конкурсе прынялі ўдзел пяць твораў, тры — для дзіцячай аўдыторыі, два — для сталай. Але сябрам журы тэатраў лялек прапанавалі паглядзець толькі апошнія два: «Фро» Андрэя Платонава Брэсцкага тэатра лялек і «На дне» Максіма Горкага Магілёўскага тэатра лялек. Сваё рашэнне арганізатары матывавалі тым, што «Самы маленькі самалёт у свеце» Святланы Залескай-Бень Магілёўскага тэатра лялек, «Вялікі змей» Марты Гуснёўскай Гродзенскага тэатра лялек, «Горад клоўна Піка» Міхаіла Барценева Беларускага тэатра «Лялька» належаць да праграмы дзіцячых спектакляў, і таму ў конкурсе тэатраў лялек прыняць удзел не могуць. Але Інструкцыя пра парадак арганізацыі і правядзення конкурсу 2016 года не рэгламентуе колькасць намінацый, у якіх можа браць удзел твор-канкурсант. Шматлікія пастаноўкі спаборнічалі ў розных намінацыях: так, «Пясняр», «Мабыць», «Пінская шляхта» былі прадстаўлены ў конкурсе драматычных тэатраў і адначасова намінаваліся на лепшы спектакль па п’есе беларускага аўтара. «Самы малень-
кі самалёт у свеце» ўдзельнічаў у конкурсах пастановак для дзяцей і па п’есах беларускіх аўтараў. Чаму лялечнікам, якія працуюць для дзяцей, было адмоўлена ва ўдзеле ў праграме тэатраў лялек, засталося пытаннем без адказу.
Зрэшты, зразумець прычыны такога рашэння не вельмі складана: на сёлетнім конкурсе з’явіўся яшчэ адзін склад журы — спектакляў для дзяцей, чацвёрты па ліку (на конкурсе 2014 года іх было тры), нароўні з журы па музычных, драматычных і лялечных тэатрах. Вядома, такая колькасць журы стварае пэўнае рэпертуарнае напружанне, пастановак на ўсіх бракуе, нейкія праграмы даводзіцца «падразаць». Для «падразання» абралі лялечнікаў, што мяне, у прынцыпе, не дзівіць. Затое дзівіць іншае. Змяніўшы ўмовы конкурсу для тэатраў лялек, арганізатары пакінулі ранейшыя назвы намінацый: «Лепшы спектакль тэатра лялек», «Лепшая жаночая / мужчынская роля ў спектаклі тэатра лялек». Назвы цалкам відавочна і недвухсэнсоўна кажуць аб усіх конкурсных творах тэатраў лялек, а не толькі пра пастаноўкі для сталай аўдыторыі. Ранейшай засталася і назва журы, паводле якой яно было абавязана прымаць рашэнне па ўсіх спектаклях лялечнікаў, прадстаўленых на конкурсе. У адпаведнасці з сёлетняй праграмай яго трэба было б паменаваць «журы па спектаклях тэатраў лялек для сталай глядацкай аўдыторыі».
Пастаноўкі для дзяцей традыцыйна з’яўляюцца моцным бокам беларускіх лялечнікаў, і яны, безумоўна, маглі б скласці годную канкурэнцыю «дарослым» творам. Але з формулы 2 + 3, як вядома, атрымалася 2. Адпаведна, праграма тэатраў лялек складалася з двух спектакляў.
«Фро» па аднайменным апавяданні Андрэя Платонова ў Брэсцкім тэатры лялек паставіў вядомы расійскі рэжысёр, уладальнік некалькіх «Залатых масак» ды іншых прэстыжных тэатральных прэмій Руслан Кудашоў. Ён таксама з’яўляецца і аўтарам інсцэніроўкі.
Сюжэт аповеду вельмі просты: маладая працаўніца чыгуначнай станцыі Еўфрасіння Яўстаф’ева (памяншальна Фро) чакае свайго мужа Фёдара, які працуе на нейкай ударнай далёкаўсходняй будоўлі. Дзеянне прыпадае на канец 1920-х, час працоўнага запалу і вялікіх здзяйсненняў у імя светлай будучыні. Трагізм дачыненняў герояў палягае ў тым, што Фёдар марыць пра светлую будучыню, а Фро — пра светлую сучаснасць, пра сям’ю і дзіця. Гэткае несупадзенне мараў і рухае сюжэт.
Галоўны вобраз пастаноўкі, яе эмацыйны камертон — чыгунка, якая імкне ў невядомую далеч, дзе спраўджваюцца працоўныя подзвігі, электрыфікацыя краіны, куды з’язджаюць, каб не вярнуцца. Аснову дэкарацыі (мастачка-пастаноўшчыца Марына Заўялава) складаюць шэрыя драўляныя шчыты, што нагадваюць адначасова і дзверы цяплушак, і таварнякі, і пакгаўзы. Аднолькавасць гэтых шчытоў, іх грубы матэрыял, маркотны «нямаркі» колер, гудкі паравозаў, грукат бясконцых вагонаў, усё сцэнічнае асяроддзе кантрастуе з далікатнасцю маленькіх лялек. Рэжысёр і мастачка нібы кажуць гледачам: вялікія здзяйсненні рабілі маленькія людзі з іх нясмелымі надзеямі і марамі, якія аніяк не спраўдзіліся.
Атмасферу тых гадоў перадаюць вечары ў чыгуначным клубе, сцэнкі ў эстэтыцы «Сіняй блузы», дзе героі спектакля з радасцю спяваюць пра немагчымасць асабістага шчасця: «Бэла, чао… Бывай, я іду назаўжды…» Ахвяраваць асабістым дзеля агульнага тады прынята было без шкадавання.
Бальшыню сцэн артысты выконваюць «жывым планам», у ляльках паказаны ўнутраны свет герояў, іх патаемныя жаданні ды надзеі, якія адлятаюць альбо растаюць. Мары Фро матэрыялізуюцца ў ляльцы маленькага хлопчыка, падобнага адначасова да яе і да Фёдара.
Адну з лепшых акцёрскіх работ у гэтым спектаклі прадставіў Іван Герасевіч (Баць-
ка Фро). Артыст дужа далікатна адчуў і перадаў паэтыку прозы Платонава, асаблівае спалучэнне пяшчоты і гераічнага пафасу ўдарнікаў першых пяцігодак. Ён ужо немалады, але захоплены сваёй працай на чыгунцы, любіць дачку, клапоціцца пра яе, але не заўважае, як яна нудзіцца без мужа, без простага жаночага шчасця. Праз гэта адзінота Фро становіцца асабліва трагічнай...
«Фро» прызнана лепшым спектаклем тэатра лялек. Прыз за лепшую жаночую ролю атрымала выканаўца ролі Фро Аксана Чывялёва.
Жанр пастаноўкі «На дне» Магілёўскага тэатра лялек (рэжысёр Ігар Казакоў, мастачка Таццяна Нерсісян) вызначаны стваральнікамі як экзістэнцыяльная драма на два акты роспачы і ўяўляе з сябе досыць вольную версію горкаўскай п’есы. Насель-
нікі магілёўскай начлежкі пазбаўлены індывідуальных рысаў, так падрабязна выпісаных Горкім, ды нагадваюць адзіную агідную шматгаловую істоту, агрэсіўную, крыклівую, зласлівую. Выключэнне складае Ганна (яна памірае), са змучаным прыгожым тварам, але ні яе прыгажосці, ні пакутаў насельнікі «дна» не заўважаюць, бо смерць тут больш дарэчная за жыццё, і вобраз паміраючай гераіні невыпадкова вынесены рэжысёрам на авансцэну.
У пастаноўцы скарыстаны розныя віды лялек, вобразы начлежнікаў ствараюцца пры дапамозе роставых лялек, надзетых на акцёраў, як вопратка. У асобных эпізодах скарыстаны маскі. У лірычных сцэнах Ваські Попелу і Наташы акцёры Наталля Слашчова і Іван Трус скідаюць выродлівыя маскі, а іх персанажы ненадоўга знаходзяць чалавечае аблічча.
Сацін страціў свой знакаміты маналог пра чалавека, які гучыць годна, а разам з ім — становішча галоўнага героя. У рэжысёрскім рашэнні на першы план вылучаны вобраз Лукі. Менавіта Лука ў выкананні Мікалая Сцешыца — выразнік галоўнай тэмы спектакля. Гэта тэма анёльская, напамін пра Божую дапамогу, яе не пазбаўлены ніхто і ніколі. Лука ўлятае ў начлежку зверху (адкуль яшчэ з’явіцца анёлу?), валіцца на «дно», губляючы беласнежныя пёры з крылаў. Лялька Лукі несамавітая, аблавухая, лысаватая, з вялікім ротам… Смешна тапырацца крылы за спінай… Не шасці-
крылы серафім. Што ж, мабыць, менавіта такі заступнік і суцяшальнік прызначаны для насельнікаў «дна». І толькі ад іх залежыць, ці прымуць яны дапамогу і суцяшэнне, пасланыя ў выглядзе Лукі. Лялька Лукі па маштабе менш за роставыя лялькі начлежнікаў, гэта якраз тая жменька дабра і святла, якая можа туліцца «на дне».
У некаторых сцэнах, асабліва трагічных, як смерць Ганны, дзе нябеснае святло цьмянее, анёл становіцца зусім маленькім. Тут з’яўляецца другая лялька Лукі, маленькая, як белы матылёк, яна робіць бачным змяншэнне дабра, знікненне надзеі. За ягонай спінай дрыжаць празрыстыя крылы, ён мітусіцца над паміраючай, імкнучыся суцешыць яе ў апошнія хвіліны жыцця. Лука бясконца добры, не ўмее крыўдзіцца, усім гатовы дапамагчы, усіх прылашчыць, але нават ягоная пакорлівасць выклікае раздражненне жыхароў «дна». Занадта іншы, занадта непадобны, у ягонай незласлівасці яны падазраюць хітрасць і правакацыю. І гаспадары начлежкі з маўклівай згоды астатніх вырашаюць выгнаць Луку. Божы пасланец сыходзіць у ноч, а з ім — апошняя надзея.
Фінал пастаноўкі — з’яўленне некалькіх постацяў у строях хімабароны, якія паліваюць увесь гэты свет інсектыцыдамі. Такую вось перспектыву паабяцаў рэжысёр усім, хто падзяляе псіхалогію і светапогляд насельнікаў «дна».
Прыз за лепшую мужчынскую ролю ў спектаклі тэатра лялек атрымаў Мікалай Сцешыц за ролю Лукі.
Абодва конкурсныя творы былі цікавымі і змястоўнымі, але шкадаванне выклікае як сцісласць праграмы, так і адсутнасць у ёй спектакляў, пастаўленых паводле беларускай драматургіі. Беднасць арыгінальнага рэпертуару нашых тэатраў, не толькі лялечных, асабліва прыкметная на конкурсе пад назвай «Нацыянальная тэатральная прэмія». Спадзяюся, і канцэпцыя конкурсу, і метады яго правядзення будуць удасканальвацца, а ў ягонай афішы часцей заміль-
гацяць імёны айчынных драматургаў. Не ведаю, ці з’явіцца Галоўны прыз, але значэнне і колькасць пастановак па творах беларускіх аўтараў у рэпертуары конкурсу павінна ўзрастаць. Варта працягнуць і традыцыю правядзення «круглых сталоў», дзе можна было б абмеркаваць актуальныя пытанні нашага тэатра.
Галіна АЛІСЕЙЧЫК