— Паміж Венесуэлай і Беларуссю існуе дамова на ўзроўні ўраду і міністэрстваў замежных спраў, — распавёў Канстанцін. — Але раней рэалізоўвалася пераважна эканамічная частка. Наш бок узняў пытанне, што ладзіцца мала сур’ёзных культурных акцый. Праўда, на гастролі выязджала Магілёўская гарадская капэла, выступаў як дырыжор Віктар Бабарыкін.
Як ні дзіўна, але ў Венесуэле шмат аркестраў. У Каракасе існуе Гарадскі сімфанічны аркестр, працуе Нацыянальны сімфанічны аркестр імя Сімона Балівара. У Міністэрстве культуры Венесуэлы на базе апошняга калектыву прынятая праграма міжнароднага супрацоўніцтва пад назвай «Абмен партытурамі, кампазітарамі, выканаўцамі». Ад Нацыянальнага аркестра быў запыт, каб да іх прыехаў менавіта кампазітар-дырыжор. У Акадэміі музыкі паралельна з кампазіцыяй я займаўся ў класе Мікалая Калядкі, атрымаў спецыялізацыю, здаваў дзяржэкзамен. Некалькі разоў дырыжыраваў музычнымі праграмамі ў Беларусі. Вядома, я больш кампазітар, чым дырыжор. Але вопыт ёсць, ён спатрэбіўся.
Уся вандроўка доўжылася 9 дзён. Дарога туды не надта лёгкая, больш за суткі, аж 30 гадзін. Прамога рэйсу няма, таму ляцеў з Франкфурта ў Панаму, адтуль у Каракас. Розніца ў часе — мінус сем гадзін.
Праграму будучага канцэрта айчыннай музыкі сфармаваў яшчэ летам, у чэрвені. Ноты дасылаліся загадзя. Спачатку меркавалі, што выканаем дзесяць сачыненняў, у выніку прагучала сем. Некаторыя давялося скараціць. Праграма атрымалася на 40-45 хвілін. На маю думку, яна дала слухачам уяўленне пра сучасную нацыянальную музыку. Прагучалі «Уверцюра» Дзмітрыя Смольскага, нумар «Каханне» — фрагмент з балета «Зала чакання» Алега Хадоскі, уверцюра Андрэя Мдывані «Свята», Канцэрт для сімфанічнага аркестра «Урабарос» Вольгі Падгайскай, «Карагод» Віктара Войціка, «Танец з “Палескай сюіты”» Яўгена Глебава. Я зрабіў новую рэдакцыю ўласнага твора «Фантазіі на беларускія тэмы», дадаў вядомую венесуэльскую кампазіцыю, яна лічыцца ў краіне другім гімнам. Атрымалася «Беларуская фантазія для Венесуэлы». Большасць сачыненняў не працяглыя, каля 5 хвілін, не лічачы опуса Падгайскай, ён больш разгорнуты.
Што да стасункаў, дык першыя дні дапамагаў супрацоўнік нашага пасольства, а на рэпетыцыях і ў час маёй лекцыі пра сучасную беларускую музычную культуру працаваў перакладчык на іспанскую.
Былі толькі дзве рэпетыцыі з аркестрам. Думаў: калі ёсць ноты, дык хтосьці з мясцовых дырыжораў з аркестрам загадзя папрацуе. Але па сутнасці на першай рэпетыцыі мы займаліся толькі чыткай партытур. У мяне быў лёгкі шок, мо нічога і не атрымацца?! На другой рэпетыцыі «збіраў» творы. Увогуле канцэрт прайшоў добра, музыканты сапраўды «выкладваліся». Аркестр, з якім ажыццёўлены праект, складаецца з венесуэльцаў (праўда, адна з віяланчэлістак аказалася рускай). Выступалі ў зале Муніцыпальнага тэатра (Teatro Municipal de Caracas). Ён выкарыстоўваецца і для канцэртаў, і для музычных спектакляў. Ёсць аркестравая яміна. Тэатр пабудаваны даўно, пазней узведзены мадэрновы комплекс тэатральна-канцэртных будынкаў.
У Каракасе існуе традыцыя ладзіць выступы ранкам: напрыклад, наш пачынаўся ў 11. Калі ладзяцца вечаровыя канцэрты, дык у чатыры ці пяць гадзін вечара. Краіна знаходзіцца ля экватара, таму няма відавочных паравін года. Сонца ўзыходзіць і заходзіць у адзін і той жа час. А шостай вечара ўжо цёмна. Пасля сёмай адчуваецца небяспека, фактычна існуе негалосны каменданцкі час. У час майго знаходжання ў Каракасе ішлі маніфестацыі. Дзякуй Богу, не сутыкаўся непасрэдна ні з крыміналам, ні з дэманстрацыямі. Але пасля канцэрта везлі іншым шляхам, бо адна з галоўных магістраляў была перакрытая маніфестантамі.
Па ландшафце Каракас — унікальная мясціна. Знаходзіцца на вышыні кіламетр над узроўнем мора, паміж двума ланцугамі гор. Яны багатыя трапічнай расліннасцю, побач акіян. Еўрапейскі чалавек такі клімат пераносіць лёгка. Тэмпература ўвесь час летняя — днём каля 30 градусаў, ноччу каля 20. Як госцю мне, вядома, зладзілі экскурсію. Паказалі стары горад, гістарычны цэнтр. Сімон Балівар — культавая постаць у краіне. Яго асоба ўспрымаецца на мяжы рэлігійнага культу. Дом, дзе герой нарадзіўся, школа, дзе вучыўся, дом, дзе жыў, — гэта ўсё шанаваныя мясціны. Месца пахавання — былая царква, па сутнасці гэта пантэон. Роспіс на столі адлюстроўвае жыццё Балівара. Да царквы прыбудавалі асобную залу, дзе ляжыць труна з яго рэшткамі. Побач ганаровая варта. У гэтай жа зале, што змяшчае тысячу чалавек, адбываюцца дзяржаўныя святы і мерапрыемствы.
Маё стаўленне да падобных з’яў дваістае. Сам Балівар меў выдатную адукацыю, вучыўся ў Італіі, увогуле выхоўваўся ў духу французскага Асветніцтва. З аднаго боку, дэмакратычныя ідэі, якія прапаведуюцца, слушныя, з другога — іх увасабленне выклікае шмат пытанняў. Венесуэла ўражвае абсалютнымі сацыяльнымі кантрастамі. Вядома, радуюся, што давялося ўбачыць такую экзатычную краіну, куды, магчыма, сам і не трапіш. І прадставіць у Лацінскай Амерыцы годную праграму айчыннай музыкі.
Занатавала Таццяна ІВАНОВА