Генрых ІІІ стаўся першым «вольнаабраным» каралём і вялікім князем на польскіх і беларуска-літоўскіх землях пасля згасання дынастыі Ягелонаў. А падпісаныя ім артыкулы і Pacta conventa з гарантыямі правоў магнатаў і шляхты ды немагчымасці наследнага пераходу ўлады вызначылі асаблівасці палітычнага ладу Рэчы Паспалітай аж да канца XVIII стагоддзя.
Назва герояў папулярнага сучаснага дзіцячага мульціка, а потым цацак — «міньёны» — нарадзілася таксама ў асяроддзі Генрыха ІІІ. Толькі тады міньёнамі называлі прыдворных фаварытаў манарха. Пашырэннем каралеўскай апекі і клопату аб маладых адукаваных арыстакратах сярод манаршых двароў Еўропы найбольш праславіўся менавіта Генрых Валуа, спараджаючы тым самым плёткі пра ўласную нестандартную сэксуальную арыентацыю. Адпаведна, яго мянушка сярод непрыхільнікаў у Парыжы, пратэстантаў-гугенотаў і ультракаталіцкай партыі, гучала як «князь Садому». У гісторыі мастацтва засталіся здзеклівыя карыкатуры, верагодна, інспіраваныя ворагам караля і лідарам Каталіцкай лігі герцагам Генрыхам дэ Гізам. Вось тэкст пад адной з іх:
Я не мужык і не жанчына...
І каб была ў мяне прычына
Кагосьці з іх дваіх абраць —
Мне ўсё адно, з кім быць падобным,
А лепш быць з абаімі родным
І ўцех з таго ўдвая прыдбаць
(пераклад Змітра Коласа).
Улюбёны трэці сын уладарнай каралевы Францыі Кацярыны з італьянскага роду Медычы, Генрых быў выдатна адукаваны, добра кеміў у літаратуры і мастацтве, размаўляў па-італьянску, ведаў латынь і старагрэчаскую, вельмі някепска фехтаваў. І сярод дзяцей Кацярыны Медычы і Генрыха ІІ лічыўся найбольш разумным. Яго выхаваннем займаліся вядомыя тагачасныя інтэлектуалы — Франсуа Карнавале і біскуп Жак Аміё, перакладчык Арыстоцеля. Сам Генрых ІІІ, дасканалячы італьянскую ў размовах з маці, у арыгінале чытаў Макіявэлі.
Да таго ж, калі ў Францыі ў 1560-я пачала нарастаць хваля напружанасці паміж каталікамі і пратэстантамі-гугенотамі, спараджаючы грамадзянскія войны адну за адной, Генрых Валуа паказаў сябе здатным ваяром. Падчас трэцяй вайны 1569—1570-х прызначаны генерал-лейтэнантам каралеўства і г.зн. галоўнакамандуючым войскамі 18-гадовы Генрых, на той час герцаг Анжуйскі, 13 сакавіка 1569 пры Жарнаку і 3 кастрычніка 1569 пры Манкантуры (зразумела, з дапамогаю дасведчаных старэйшых ваяроў) здолеў разбіць войскі гугенотаў. Гэта гарантавала яму вялікую папулярнасць у пераважна каталіцкім Парыжы, што, у сваю чаргу, турбавала дзейснага караля Францыі, яго старэйшага брата Карла IX Валуа. Менш здольны, менш падтрыманы маці, якая набірала ўплыў на палітычнай сцэне Францыі па смерці мужа, папярэдняга караля Генрыха ІІ (1559), — асабліва ў сувязі з яе спробамі навацыйнай для Еўропы палітыкі па канфесійным замірэнні каталікоў і пратэстантаў, — Карл ІХ небеспадстаўна хваляваўся за трываласць свайго становішча. Тым больш, што шлюб Карла ІХ з Елізаветай Аўстрыйскай Габсбург не прыносіў трону спадкаемцы і натуральным пераемнікам рабіўся Генрых Валуа. У выніку сам Карл ІХ, чый стан здароўя відавочна пагаршаўся, змушана і афіцыйна прызнаў Генрыха сваім наступцам. З другога боку, Кацярына Медычы марыла як найхутчэй здабыць для ўлюбёнца Генрыха каралеўскі пасаг дзе б там ні было, бо шансы на нараджэнне сына ў старэйшага брата Карла ІХ яшчэ заставаліся. Так супалі зацікаўленні Карла ІХ (пазбавіцца канкурэнта) і каралевы-ўдавы — шукаць для Генрыха трон па-за межамі Францыі. І калі рухнулі планы на шлюб апошняга з Елізаветай Англійскай, позіркі французскай каралеўскай сям’і звярнуліся да Рэчы Паспалітай, дзе паміраў кароль і вялікі князь, апошні Ягайлавіч, Жыгімонт ІІ Аўгуст. І ў 1572 годзе, незадоўга да смерці апошняга, на кракаўскі двор выправілася французскае пасольства Жана дэ Баланьі з прапановай шлюбу Генрыха Валуа з незамужняй сястрой Жыгімонта, інфантай Ганнай Ягелонкай. Поспеху яно не мела: да перамоваў з Жыгімонтам, які быў у цяжкім стане, французаў не дапусцілі. Другая дэлегацыя на чале з дасведчаным дыпламатам, біскупам Валенсіі Жанам дэ Манлюкам выправілася з Парыжа праз дзесяць дзён па смерці Жыгімонта і за тыдзень да Варфаламееўскай ночы. Крывавыя падзеі ў Парыжы, у чым, як мяркуе большасць гісторыкаў, быў зацікаўлены не столькі Генрых, колькі яго каралеўскі брат Карл ІХ (пад ціскам ультракаталіцкай партыі братоў дэ Гізаў), моцна абцяжарылі задачу французскай місіі. У Рэчы Паспалітай яшчэ заставаліся ўплывовымі пазіцыі пратэстантаў. Сакратар біскупа дэ Манлюка Жан Шуаснэн пісаў у Парыж: «Яны нават не жадаюць прыгадваць імёнаў караля, каралевы і прынца Анжуйскага Генрыха Валуа».
Пазіцыі іншых кандыдатаў на трон Рэчы Паспалітай — эрцгерцага Эрнэста Габсбурга, сына Максіміліяна ІІ, Івана IV Жахлівага, шведскага манарха Яна (Юхана) ІІІ Вазы (мужа Кацярыны з Ягелонаў) і Сцяпана Батуры — апынуліся слабейшымі. У выніку галасавання 5 красавіка 1573 года на выбарчым сойме ў варшаўскай Празе пры ўдзеле 50 тысяч магнатаў і шляхты з Кароны і Літвы быў абраны Генрых Валуа. Перамога каштавала падпісання французскай дэлегацыяй дэ Манлюка прыгаданых вышэй Генрыхавых артыкулаў і Pacta conventa, якія моцна абмежавалі ўладу будучага караля. Па прыбыцці Генрыха ў Кракаў, падчас каранацыі на Вавелі Генрых быў змушаны зацвердзіць і дакументы, што гарантавалі правы і свабоды пратэстантаў, пададзеныя яму вялікім каронным маршалам Янам Фірлеем, лідарам пратэстантаў Рэчы Паспалітай. Ён падтрымаў абранне Генрыха ў красавіку 1573 года менавіта на гэтых умовах. Прыпыніўшы працэдуру, Фірлей заўважыў: «Jurabis, rex, promisisti» («Кляніся, кароль, ты абяцаў»). А паміж элекцыйным соймам увесну 1573-га і каранацыяй у лютым 1574-га быў працяглы візіт у Парыж дэлегацыі з Рэчы Паспалітай. Генрыха (і Карла ІХ) пераканалі падпісаць артыкулы і Pacta, хоць такое абмежаванне ўлады манарха цалкам супярэчыла абсалютысцкай французскай традыцыі. У гонар пасольства далі шыкоўны баль, адлюстраваны на прыгожым габелене па малюнках Антуана Карона (перад 1580) з серыі «Габеленаў Валуа», у прысутнасці задаволенай Кацярыны Медычы. Урачыстае прыбыццё пасольства ў Парыж ўвасоблена таксама ў гравюры мастака з Люблінскага ваяводства Антонія Аляшчынскага, выхаванца Санкт-Пецярбургскай імператарскай акадэміі мастацтваў.
Закрануўшы тэму прычынаў і варункаў узнікнення ў Рэчы Паспалітай асноваў абмежаванай каралеўскай і вялікакняскай улады, а таксама першых крокаў да замацавання рэлігійнай талерантнасці (якія зафіксуюць пастановы Уладзіслава IV у 1630—1640 гады, у час «залатога спакою»), звернемся да не менш цікавых аспектаў «сутыкнення цывілізацый». Падарожжа манарха з Парыжа цягнулася досыць доўга. Генрых не спяшаўся: дадатковай умовай яго абрання на трон Рэчы Паспалітай быў абавязак ажаніцца са старэйшай амаль на 30 год Ганнай Ягелонкай. Таму да прыбыцця ў Кракаў Генрых паспеў завесці бурлівы раман з Марыяй Клеўскай, а таксама з Людавікай Латарынгскай, якая зробіцца ягонай жонкай па вяртанні ў Францыю.
Прыезд караля ў Кракаў выклікаў у мясцовым грамадстве сапраўдны культурны шок. Не толькі таму, што ў агромністым «поездзе» Генрыха з 1200 коней, карэт і вазоў, апрача багатага майна, прыдворных кавалераў і дам, майстроў і абслугі было нямала «дзяўчат лёгкіх паводзін». Парыж ужо рабіўся сталіцай моды, а ў акружэнні адукаванага і выпешчанага Генрыха ІІІ тыя асаблівасці выяўляліся надзвычай выразна. Кракаўская публіка (як і прыбылыя для сустрэчы манарха літвіны і палякі з Вялікапольшчы) упершыню ўбачыла прыдворных маладзёнаў у касцюмах, усыпаных каштоўнымі камянямі, з жабо-брыжамі, нярэдка напудранымі ў блакіт валасамі. Сам Генрых насіў залатыя з бурштынам каралі, а ў вушах — ці можна такое ўявіць? — завушніцы, ды яшчэ падвойныя, з перлінамі-грушкамі! Мужчынская палова гаспадароў паставілася да незнаёмай з’явы пераважна асуджальна, палічыўшы яе «бабскімі праявамі». А вось жанчыны... пачалі перарабляць старыя і шыць новыя строі — на шчасце, у каралеўскім абозе знайшоўся не адзін парыжскі кравец. Падобная рэакцыя яскрава адбілася ў гісторыі партрэтнага жывапісу Рэчы Паспалітай: калі ў мужчынскіх вобразах мы назіраем трывалае захаванне кунтушова-жупановай традыцыі, то жаночыя мадэлі даволі хутка з канца XVI стагоддзя пераходзяць да еўрапейскай моды.
Час — ад лютага 1574 года аж да ўцёкаў у Парыж у чэрвені — цягнуўся для Генрыха Валуа марудна. Не надта здольны да кіравання дзяржавай, не знаёмы з польскай мовай, ён нудзіўся на афіцыйных мерапрыемствах. Хаваўся ад просьбітаў у сваіх пакоях, па два тыдні прыкідваючыся хворым. Ночы праводзіў, як казала пагалоска, са сваімі дамамі, а як меркавалі больш непрыхільныя — з маладзёнамі-міньёнамі. Пісаў незлічоныя лісты сваім французскім каханкам, а Марыі Клеўскай — нават уласнай крывёю. Замест таго, каб пакрываць, паводле дамоўленасці ў Pacta conventa, пакінутыя Жыгімонам ІІ Аўгустам пазыкі, наладжваць будаўніцтва флоту Рэчы Паспалітай і фундаваць навучанне мясцовай моладзі ў Францыі, свавольна карыстаўся казной, прайграючы вялізныя сумы ў карты. Урэшце, Генрых цягнуў са шлюбам з Ганнай Ягелонкай, чакаючы смерці брата і магчымасці вярнуцца на радзіму, каб заняць французскі трон. І дачакаўся. Карл X адышоў 30 траўня 1574. Вельмі хутка Генрых даведаўся пра гэта ад імператара Максімільяна, а на наступны дзень — з ліста маці: «Для мяне адзіным суцяшэннем будзе ўбачыць вас хутка тут, паколькі вашае каралеўства мае ў тым пільную патрэбу». «Францыя і вы, матуля, важней, чым Польшча», — адказаў Генрых і ў ноч з 18 на 19 чэрвеня, пасля грандыёзнага балю, дзе паспрабаваў напаіць як след кракаўскі двор, таемна пакінуў Вавель.
Безумоўна, была пагоня. Кашталян Ян Тэньчынскі нагнаў караля, але той адкупіўся шыкоўным брыльянтам і ніколі не выкананым абяцаннем вярнуцца па ўладкаванні спраў. Шлях у Парыж, дзеля бяспекі, ішоў пераважна праз каталіцкія дзяржавы, у тым ліку праз Венецыянскую рэспубліку. Тыднёвы побыт там, дзе каралю далі скарыстацца славутым караблём «Бучынтора», адлюстраваўся ў працы мастака Джамбатыста Цьепала.
Яго чакалі Парыж, каранацыя і шмат іншых, часам трагічных прыгод. Шырока вядомая па не зусім дакладным апісанні ў рамане Аляксандра Дзюма-бацькі «Графіня дэ Мансаро» дуэль яго ўлюбёнцаў-міньёнаў з прыхільнікамі герцага дэ Гіза, што пацягнула смерць Жака дэ Леві, графа дэ Келюса і Луі дэ Мажырона, маркіза д’Ампуі. Вынікам яе зрабілася французская і еўрапейская мода на дуэлі — прычым ужо з удзелам секундантаў, а не толькі дуэлянтаў. Несуцешны кароль паставіў загінулым шыкоўны мармуровы надмагільны помнік, спарадзіўшы сярод непрыхільнікаў насмешлівае выслоўе «парубаць у мармур». І нарэшце, няўдалая спроба лавіраваць паміж пратэстанцкай і ультракаталіцкай партыямі, якая скончылася спачатку забойствам братоў дэ Гізаў, а потым і самога апошняга Валуа 2 жніўня 1589 года.
На заканчэнне варта прыгадаць, што і Рэч Паспалітая дала Генрыху Валуа новы досвед — з гісторыі матэрыяльнай культуры. Кароль быў моцна ўражаны лазенкамі з падачай халоднай і гарачай вады, якіх не ведалі ў Францыі. Як і сістэмай каналізацыі, што выводзіла нечыстоты за замкавыя муры, прыстасаваннем, вядомым у тыя часы таксама ў Віленскім і Гарадзенскім замках. Хутка па вяртанні ў Францыю кароль загадаў зрабіць тое самае ў Луўры. Нарэшце, упершыню пазнаёміліся французы з відэльцамі, што ў побыце Рэчы Паспалітай з’явіліся разам з дваром Боны Сфорцы. Гэтая прылада ў руках паслоў Рэчы Паспалітай (прызнаная тубыльцамі д’ябальскай рагаткай) у хуткім часе здзівіла маскавітаў на каранацыйнай учце Ілжэдзмітрыя і Марыны Мнішак у Маскве ў траўні 1606 года. Але гэта ўжо іншая тэма з гісторыі моды, традыцый, матэрыяльнай культуры і міжнародных стасункаў.
Аляксей ХАДЫКА