Распачынаўся ён як мясцовая ініцыятыва, як праект, што мусіў выцягнуць бабруйскіх мастакоў дэкаратыўна-ўжытковай спецыялізацыі з майстэрань на творчую тусоўку-сумоўе, у нязмушаных варунках супольнай працы абмяняцца досведам, рэалізаваць у матэрыяле ідэі, да якіх у прыватнай майстэрні рукі не даходзяць, бо адпаведных умоў няма. Зрэшты, зарабіць і сякую-такую капейчыну, бо адну зробленую на «Арт-Жыжалі» работу аўтар гораду дорыць, а другую горад у яго набывае. Творы гэтыя скарыстоўваюцца для аздобы грамадскай прасторы Бабруйска. На шчасце, добрая ідэя рэгіянальнага паходжання набыла ўсебеларускі розгалас і маштаб. А паколькі Беларусь — не выспа ў акіяне, а краіна на скрыжаванні найважнейшых еўрапейскіх/еўразійскіх камунікацый, пленэр стаў міжнародным і такім дагэтуль застаецца.
Мне даводзілася бываць на некаторых «Арт-Жыжалях» апошніх гадоў, на свае вочы бачыць удзельнікаў пленэру ў працы, весці з імі гутаркі. Цікава, што бадай усе замежныя мастакі, якія спрычыніліся да «Арт-Жыжаля», пакідаюць Беларусь з думкай, што варта такое ж сумоўе наладзіць і ў іхніх краінах. А гэта, скажу я вам, вышэйшая адзнака пленэру і яго нязменнаму кіраўніку Валерыю Калтыгіну. Бо, вядома, мастак паводле вызначэння самаўпэўнены эгаіст, перманентна незадаволены жыццём і асяроддзем (з іншым псіхалагічным складам у творчасці няма чаго рабіць), і каб ён сказаў нешта станоўчае пра сваіх калег, яго трэба насамрэч моцна ўразіць.
Яшчэ згадаю: дзякуючы «Арт-Жыжалю» да керамікі звярнуліся прадстаўнікі іншых творчых цэхаў. Прычым паставіліся да новай для сябе працы не як да факультатыву (маўляў, паспрабую, мо што і атрымаецца, а не — дык не…), але прынеслі ў гэтае творчае рамяство прыёмы і асаблівасці мыслення іншых мастацкіх спецыялізацый. Такім чынам, патэнцыял «Арт-Жыжаля» як творчай лабараторыі апошнія гады рэальна ўзбагачаўся. Гэта я магу канстатаваць як сведка. Але ж тое погляд звонку. А вось Валерый Калтыгін, які пленэр і прыдумаў, на харызме і самаадданасці якога праект у значнай ступені трымаецца і які ведае сітуацыю знутры, неаднойчы выказваў занепакоенасць перспектывай не толькі «Арт-Жыжалю», але і беларускай керамікі. Ён не ўпэўнены, што гэтая мастацкая з’ява пры сённяшнім раскладзе і відавочным вектары зможа захаваць крэатыўнасць і адпаведнасць эстэтычнай надзённасці.
Што ж непакоіць хроснага бацьку «Арт-Жыжаля»? На ягоную думку, высока трымаць планку якасці дый проста падтрымліваць прыстойны ўзровень у беларускай кераміцы становіцца цяжэй і цяжэй, бо ў галіне тэхналогій усё выразней праяўляецца наша адставанне нават ад бліжэйшых суседзяў. Прага творчай самарэлізацыі прымушае мастака працаваць і пры адсутнасці добрага інструмента. Але, па-першае, энтузіязм нельга эксплуатаваць бясконца; па-другое, як слушна прамаўляў Казьма Пруткоў, пад амбіцыі ўсё адно трэба адпаведная амуніцыя. Да таго ж пры адсутнасці ў Беларусі паўнавартаснага мастацкага рынку з выразнымі катэгорыямі спажыўцоў адбываецца змяшэнне стылістык і сэнсаў, калі ў адной рабоце могуць адначасова прысутнічаць замах на высокі стыль і праявы кічу. Зрэшты, нам, на думку спадара Валерыя, бракуе новых ідэй. Няма ад грамады запыту на арт-эксклюзіў, адпаведна няма і прапаноў ад майстроў. Старэйшае пакаленне працуе збольшага па інерцыі, а ў маладых не тое каб зусім адсутнічае матывацыя да пошуку, але ў іх творчасць як такая ў кантэксце прафесіі не заўжды першасная. Мы маем глыбокія гістарычныя традыцыі і мастацкі патэнцыял, назапашаны яшчэ ў савецкі час, але ці развіваем мы традыцыю, ці папаўняем «творчую скарбонку»?
Гэтыя тэзы я назбіраў у часе размоў са спадаром Валерыем у ягонай бабруйскай майстэрні і на мінскіх вернісажах. Сапраўдны клопат за лёс справы свайго жыцця (а пленэр ён успрымае менавіта так), безумоўна, спрыяе згушчэнню цёмных фарбаў. Але і гэта пацвярджае экспазіцыя твораў чатырнаццатага «Арт-Жыжаля» ў сталічным Цэнтры сучасных мастацтваў, бабруйскаму праекту да скону далёка — хутчэй, ён у стане поўдню. Гэтым разам у ім бралі ўдзел васямнаццаць майстроў. Большасць з Беларусі: Бабруйск, Брэст, Магілёў, Мінск. Замежжа прадстаўлялі Латвія, Малдова, Расія, Славакія, Украіна, Эстонія. На пленэры творцаў не абмяжоўваюць у выбары сюжэтаў, стылістыкі, і ўсё ж нейкая тэма замаўляецца ў якасці стрыжнявой. У апошнія гады гэта розныя аспекты экалогіі. Арганізатары імкнуцца знайсці пытанні, блізкія розным мастакам. Культурна-гістарычныя чыннікі такой функцыі адпавядаюць не заўсёды. Заўжды можна збіцца на спрэчкі пра нацыянальную прыналежнасць той альбо іншай асобы, пасварыцца праз несупадзенне ацэнак той ці іншай гістарычнай падзеі або з’явы — а пасля гэтага якое можа быць творчае сумоўе? А вось экалогія ўсім аднолькава баліць, усіх аднолькава хвалюе.
Большасць твораў выставы ўяўляюць з сябе стылізаваныя выявы жывёл. Я чамусьці ўспрымаю гэта як настальгію па райскім садзе, дзе чалавек яшчэ не быў воляй лёсу супрацьпастаўлены прыродзе як агрэсіўная, пераўтваральная сіла. Дарэчы, жывёлам нададзены чалавечыя рысы. Гэта сведчыць, што ў дадзеным выпадку мастакі трактуюць навакольны свет як люстэрка чалавечай натуры. Часам у гэтым люстры адбіваецца нешта станоўчае, часам — адмоўнае. А калі-нікалі зварот да прыродных матываў глядзіцца як уцёкі ад цывілізацыі і звязаных з ёю праблем пры поўным разуменні, што ўсё адно прыйдзецца вяртацца… Добра іншым разам пагасціць у маці на вёсцы, але куды ж дзенешся ад горада, дзе жонка і дзеці, а яшчэ работа і заробак?
Вось і наша дзяржава пазіцыянуе сябе адначасова як увасабленне цуду некранутай прыроды і як дынамічнае грамадства хайтэкаўскага кшталту. Да слова: калі Валерый Калтыгін здолеў бы здзейсніць сваю мару пра Музей керамікі ў Бабруйску, гэтая культурная пляцоўка аб’ектыўна магла б працаваць на экалагічны чыннік вобраза нашай краіны, бо кераміка — гэта, па сутнасці, сінтэз зямлі, вады і агню. Але адначасова як мастацкая з’ява кераміка, асабліва ў выкананні творцаў, сабраных «Арт-Жыжалем», здольная рэагаваць на няпростыя пытанні, што ставіць перад чалавекам цывілізацыя. Прычым рэакцыя больш, так бы мовіць, аператыўная, чым у «маруднай» скульптуры, якую часам абсалютна слушна называюць мастацтвам цярплівых.
Я не буду называць канкрэтныя аб’екты пленэру, што падаліся мне найбольш цікавымі, і імёны майстроў, чыё бачанне свету блізкае да майго. «Арт-Жыжаль» — калектыўная праца, і адбітак творчага сумоўя так ці інакш прысутнічае ў работах з канкрэтным аўтарствам. Гэта той жа мазгавы штурм, дзе кожны пра сваё, а ў выніку атрымліваецца нешта такое, да чаго ў чатырох сценах майстэрні ніколі не дадумаешся. Вось якраз гэта і вабіць творцаў на пленэры. А як журналіст я згадаю выслоўе: бясконца можна глядзець на тое, як гарыць агонь, ліецца вада і працуюць іншыя людзі — і ўсё гэта ёсць на пажары. Ад сябе дадам — і на «Арт-Жыжалі».
Фелікс ГАРДА