Ноч у Смалянах. . Папера, акварэль. 2000. |
Ф.Кісялёў працуе ў тэхніцы «мокрай акварэлі»: плямы нібы плывуць па паперы, ствараюць незвычайныя формы і тонкія колеравыя пераходы. Гэта вымагае ад майстра пластычнасці мыслення, жывой фантазіі, творчай інтуіцыі, віртуознага валодання жывапіснай тэхнікай. Мастак лічыць, што перадаваць няўлоўныя адценні можна менавіта так: імправізуючы і нават загадзя не задумваючыся, як фарбы, што расцякаюцца па ўвільготненай паверхні, зменяць першапачатковы замысел. Ён зазначае: «Актыўнасці акварэлі нельга перашкаджаць, можна толькі скіроўваць яе рух у пэўнае рэчышча. Інакш загінуць, знікнуць самыя каштоўныя яе якасці: лёгкасць і свежасць выяўлення, непасрэднасць матэрыялізаваных пачуццяў». Сапраўды, расплывісты мазок надае асаблівую мяккасць і фактурнасць, паступовае высыханне ліста паперы дазваляе паслядоўна выкарыстоўваць мяккія «заліўкі». Прыцягальнасць гэтай тэхнікі -- у яе празрыстасці, белы колер асновы адбівае святло і ўзмацняе яркасць акварэльных фарбаў. Усё гэта дазваляе аўтару ствараць дзівосна гарманічныя, лірычныя, паэтычныя творы.
Магілёўскае Падняпроўе, берагі Сожа, азёры Віцебшчыны... Бясконцыя палі, балоцістыя выганы, густыя лясы... Прырода някідкая, сціплая, нават сумная, калі ў дажджлівыя
Баркулабаўскі вечар. Папера, акварэль. 2006. |
Ф.Кісялёва вабіць няўлоўны, кароткі час пераходу ад дня да ночы, ад цемры да дзённага святла. У творах мастака мы не бачым лакальных плям. Колеравае рашэнне карціны будуецца на паўтонах і нюансах: мы адчуваем прысутнасць сонечнага промня за шэрай хмарай, вечаровымі туманамі, што насоўваюцца над гладдзю вады. Уменне перадаць гэтае зыбкае імгненне і вылучае своеасаблівасць таленту майстра.
Улюбёны ў старажытнае дойлідства роднага краю, ён не адзін дзесятак прац прысвячае архітэктурным помнікам. Некаторыя з іх і па сённяшні час упрыгожваюць нашу зямлю, але большасць знішчана, і для рэканструкцыі іх выгляду мастак звяртаецца да архіўных матэрыялаў. Так узніклі работы з цыкла «Успаміны пра стагоддзі»: «Лідскі замак», «Станіслаўскі касцёл», «Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр», «Спаскі манастыр», «Саборная плошча». У гэтых акварэлей асаблівы эмацыйны настрой, нягучнае і душэўнае лірычнае гучанне. Культавыя і свецкія збудаванні арганічна ўпісваюцца ў навакольныя відарысы. Мастак не ставіць перад сабою мэту дакладна адлюстраваць усе дэталі -- цэрквы, замкі, вежы бачацца ім праз смугу стагоддзяў, у непарыўным адзінстве з дрэвамі, азёрамі, нябёсамі.
Пейзаж у Ф.Кісялёва псіхалагічны, пазбаўлены апавядальнасці: мастак перадае ўражанні, і для выказвання яму не трэба шырокай рэалістычнай панарамы -- дастаткова невялікай прасторы. Работы пакідаюць адчуванне няўстойлівасці, зменлівасці прадметных абрысаў, настраёвасці. Інтымнае перажыванне свету, асаблівае ўяўленне аб прыгожым, лёгкае і рухомае аўтарскае пісьмо -- усё гэта выклікае ў гледача душэўнае хваляванне.
Святлана Строгіна