Такім чынам, «Травіята» Вердзі. Хор і аркестр нашы. Дырыжор запрошаны — Франсуа Рабер Жыраламі (француз, кіруе Нацыянальным аркестрам Сібіу ў Румыніі). Вядучыя партыі спяваюць замежныя вакалісты, чые артыстычныя рэзюме надзвычай пераканаўчыя. Партнёр праекта — UNICEF, салідныя спонсары. Акцыя шырока разрэкламаваная. Квіткі, вядома, не танныя, але даўно прададзеныя. На прэс-канфэрэнцыю, у якой, сярод іншага, адзначыліся паслы Італіі і Францыі, сабралося шмат журналістаў, ці не ўсе ўдзельнікі акцыі давалі тэлеінтэрв’ю. Калі ажыятаж — значыць, абавязкова пойдзем! Трэба ж даведацца, як сапраўдныя італьянцы спяваюць па-італьянску оперны шлягер свайго суайчынніка, твор, даўно разабраны на арыі і дуэты. Карацей кажучы, Мінск у прадчуванні экстазу.
Ідэя падобнага супрацоўніцтва тэарэтычна выдатная, яна вартая развіцця і далейшага працягу. Але... Першыя ж сцэны нарадзілі сумненні. У Марылін Леанэці (Віялета) багатая біяграфія. Вучылася ў Марсельскай кансерваторыі па класах аргана, спеваў, харавога і аркестравага дырыжыравання. Займалася ў мэтраў італьянскага опернага мастацтва. Яна — гід-перакладык, музычны тэрапеўт. Усё слушна, ды галоўнае патрабаванне да саліста, які бярэцца за вядучую партыю, — насычанасць гукавой плыні. Без адпаведных вакальных дадзеных, школы, тэхнікі і артыстызму тут — ніяк. Партыя Віялеты, што раней здавалася мне такой прывабнай, такой віртуозна-лёгкай у нашых лірыка-каларатурных сапрана, аказваецца да немагчымасці цяжкая! Мо вакалістка спявала прастуджаная? Мо раней выступала ў больш камерных залах? А калі тэатр мае 1200 месцаў, тут патрабуецца іншая моц галасу.
Крыху дзіўным падаўся і Фульвіа Аберта, выканаўца ролі Альфрэда. Хоць ён і лаўрэат міжнародных конкурсаў, але часам голас Аберта гучаў моцна, а часам зрываўся на крык. У дадатак персанаж атрымаўся з адценнем парадыйнасці і камедыйнасці — і калі хапаў Віялету за аголеныя плечы ў 1-й дзеі, і калі ў 2-й, абураны і раз’юшаны, мітусіўся на сцэне ў штоніках недарэчнага жоўтага колеру. Для сучаснай пастаноўкі, для вобраза, напрыклад, футбольнага фаната — сама тое. Расчараваў і Жэрмон-бацька, хоць Марчэла Ліпі, спявак і мастацкі кіраўнік Тэатра імя Вердзі ў Пізе, прызнаваўся на прэс-канферэнцыі, што выконваў ролю больш за 60 разоў і сам неаднойчы ставіў гэты спектакль. У жыцці надзвычай абаяльны, на сцэне Ліпі гэтую прывабнасць нейкім дзіўным чынам страціў.
«Травіята» — не харавая опера кшталту «Хаваншчыны» ці «Аіды», яна па сутнасці камерная, калі дзеянне засяроджана на стасунках трох герояў — Віялеты, Альфрэда і Жэрмона, таму важна, як зроблена кожная мізансцэна. А яны былі не зроблены ніяк, усё — прыблізна, мітусліва, не выверана. Часам было сорамна за спевакоў, часам страшна. Тут не да вобраза і не да інтэрпрэтацыі! Пытанне: дапяюць або не дапяюць — канкрэтную арыю, дуэт, сцэну? Голас сарвецца ці не?
Дзіўна, але студэнты нашай Акадэміі музыкі, нат калі паказваюць дыпломны спектакль, спяваюць лепей. Больш прэзентабельна з пункту гледжання вакалу выглядаюць і маладыя артысты, удзельнікі міжнароднага конкурсу, што ладзіцца падчас Опернага форуму. Няхай нават не маюць прызавых месцаў. У «Травіяце» разгортваецца драма, трагедыя. Ды толькі героям, якіх мы пабачылі і пачулі, не тое што не спачуваеш, яны наўпрост не цікавыя. Думаеш, як бы хутчэй скончыўся здзек над класікай і Вердзі — ён жа, на жаль, не можа абурыцца.
З поўнай адказнасцю сцвярджаю: нашы напраўду харызматычныя салісткі Алена Бундзелева і Таццяна Гаўрылава спяваюць Віялету ў 10 разоў лепей, чым вакалістка, якую мы з цяжкасцю, з пакутамі, але вымушаны былі слухаць. Вобраз Альфрэда, увасоблены Юрыем Гарадзецкім, сапраўды французам і вытанчаным арыстакратам, ніяк нельга параўнаць з героем Фульвіа Аберта. Ён, як кажуць, зусім з іншай оперы. Памятаю Жэрмона-бацьку ў геніяльным выкананні Аркадзя Саўчанкі. Бачыла гэтага героя ў выдатнай інтэрпрэтацыі Уладзіміра Пятрова.
Падчас спектакля задавала сабе пытанне: а што адчувалі салісты нашай оперы, хор, аркестранты, дырыжоры, слухаючы такое выкананне? Сорам, ганьбу, знявагу?.. Атрымліваецца парадокс. Нашы спяваюць, прабачце, за зарплату, без падобнай рэкламы, але нашмат лепей. А запрошаныя, у дадзеным выпадку на «Травіяту», пяюць за ганарар ад банкаў, які ў разы адрозніваецца ад заробку. Усё суправаджаецца гучным і нястрыманым піярам. Не прафесійнае па сутнасці выкананне, але з яго робіцца вялікая мастацкая падзея. «Можа, чагосьці не разумею?!» — разгублена думала пасля 1-й дзеі. «Большай ганьбы я яшчэ не чуў!» — сказаў сам сабе невядомы мне глядач, выходзячы ў антракце ў фае.
Думаецца, на акадэмічнай сцэне ўсё ж не павінны здарацца падобныя прафанацыі. Каб трапіць у аркестр або хор тэатра, трэба прайсці няпросты конкурс. Прэтэндэнтаў на саліста праслухоўвае сур’ёзная камісія. А калі ўваходзіць у тэатр разам з пасольствамі і банкамі, дык узровень можа быць які заўгодна? Ёсць традыцыі, ёсць вакальная школа, выдатныя папярэднікі. Людзі, нельга выдаваць танную біжутэрыю за дыяменты!
— А публіка? Яна ж крычала «Брава!» і апладзіравала стоячы! — запярэчыць апанент. Думала і на гэты конт. Вядомы беларускі тэатральны крытык нядаўна разважала ў артыкуле: што рабіць, калі зала ўзнялася, а я не лічу патрэбным? Сядзець? Тады бачыш толькі чужыя спіны. Устаць разам, але не пляскаць у ладкі?
Патлумачу. Публіка ў нас добрая. Калі артыст прыехаў здаля, яго трэба маральна падтрымаць, а то будзе няёмка і няветліва. Публіка ў нас даверлівая. Яна прымае за чыстую манету ўсё напісанае ў газетах ці прамоўленае па ТБ. Публіка не можа ўявіць, што асятрыну ёй прапанавалі не надта свежую. У дадатак, калі глядач аддаў прыстойную суму за квіткі, ён ніколі не прызнаецца сабе ці некаму, маўляў, яго няхай і не знарок, але падманулі, выдаўшы за зорак тых, хто, па вялікім рахунку, зоркамі не з’яўляецца. І апошняе. Прафесійных музыкантаў у зале — ад 5 да 10 працэнтаў. Не болей. Тых, хто чуе, калі «міма нот», калі аркестр разыходзіцца з салістам. Але яны — людзі выхаваныя і не будуць гучна скандзіраваць: «Лажа! Лажа!» Тым больш кідацца памідорамі ці тухлымі яйкамі.
Чаму атрымалася так, як атрымалася? Магчыма, паверылі рэзюмэ і багатым творчым біяграфіям. Паверылі, але не праверылі. Напрыклад, праз YouTube. Відавочна, пасольствы існуюць не толькі каб вырашаць візавыя пытанні, але і каб актыўна прасоўваць уласную культуру. Яны і прасоўвалі! Але дыпламатам таксама хтосьці параіў, а яны не абавязаны дэталёва разбірацца ў тонкасцях вакалу.
Насамрэч прыкры «пракол» можна было б і не заўважыць, калі б падобнае ўражанне сталася адзінкавым. Тэатр оперы і балета, калі ён працуе не па сістэме стаджонэ, які «круціць» 20 разоў запар адну і тую назву, а рэпертуарны, калі назва кожны дзень новая, — механізм складаны. Штодня — спектакль, у выходныя ці на канікулах — па два. Зразумела, апрыёры штат не можа быць маленькім. Але, на маю думку, у агромністым калектыве не хапае чалавека, які дэ-факта быў бы мастацкім кіраўніком. Меў неаспрэчны аўтарытэт і бездакорны густ. І мог бы, напрыклад, сказаць Аляксандры Ціхаміравай, прыгожай жанчыне і здольнай балетмайстарцы, што «шахцёрскі вальс» у пастаўленым ёй балеце «Шчаўкунок» (калі на капелюшах танцоўшчыкаў гараць лямпачкі), — суцэльнае глупства і безгустоўнасць. З гэтага вальса смяецца, з яго рагоча і здзекуецца ўвесь тэатральны Мінск. Дакладней, тая частка, якая штосьці разумее ў харэаграфіі.
Каб бедны Пётр Ільіч пабачыў, ён бы, напэўна, памёр ад скрухі. Але ж ён нічога не скажа. Разлік, з аднаго боку, просты і слушны, а з другога — у нечым крыху цынічны. Якой бы ні атрымалася пастаноўка «Шчаўкунка», публіка ўсё роўна пойдзе. Бо яна купляе квіток на назву і Чайкоўскага (а яго немагчыма сапсаваць пастаноўшчыку). Калядная казка? Раство? Сходзім самі і зводзім дзяцей.
Фанаты купляюць праграмкі, не-фанаты могуць і не купляць. Калі сядзіш на балконе ці ў бельэтажы, артыстаў у грыме можна і не пазнаць. Іх увогуле можна і не ведаць. Калі ты зноў-такі не фанат і не крытык. Таму на «Шчаўкунку», на «Лебядзіным возеры» зала будзе прададзена заўсёды. Як на «Яўгене Анегіне» і «Пікавай даме». Глядач ідзе на відовішча.
Прэм’ера «Шчаўкунка» адбылася некалькі сезонаў таму. Згадаем больш блізкі прыклад. Опера «Вяселле Фігара» была паказана сёлета ў верасні, на адкрыцці сезона. Пастаноўшчык Міхаіл Кісляроў і мастак Алег Скудар запрошаны з Расіі. У эпізодах саду асновай сцэнаграфіі з’яўляюцца мілыя зялёныя кусцікі (з пластмасы, між іншым), у якіх па чарзе, прабачце за выраз, «абціскаюцца» героі. Калі такія кусцікі ўпрыгожваюць сцэну раённага Дома ці Палаца культуры, нічога не маю супраць. Але часам у Палацах культуры (да прыкладу, у Маладзечна) сцэна на фестывалях вырашана з большай адметнасцю і фантазіяй.
Доўга не магла зразумець, чаму ў «Фігара» такая велізарная, агромністая пустая прастора — не раўнуючы як на стадыёне «Дынама» перад рэканструкцыяй. Адказ надзіва просты. Рэжысёр і сцэнограф узялі ды перанеслі свой жа спектакль, пастаўлены ў Маскоўскім тэатры імя Пакроўскага сем гадоў таму. Ды толькі там меліся камерная сцэна і адпаведная зала на 200-300 чалавек. А тое, што прыдатна для камернай прасторы, не зайграла і не заззяла на вялікай. Дакладна ведаю, колькі каштуе праца рэжысёра-пастаноўшчыка ў драме і ў оперы, колькі — намаганні сцэнографа і мастака па касцюмах. Але не буду агучваць, каб не траўмаваць пяшчотную і ранімую псіхіку чытача-бюджэтніка. Заўважу: пластмасавыя кусцікі столькі не каштуюць. Дый рэжысёру плацілі, хутчэй за ўсё, за арыгінальнае рашэнне, а не капіяванне свайго ж.
Вярнуся да італьянскага праекта. Можна толькі вітаць, калі наш Оперны з кожным сезонам умацоўвае супрацоўніцтва з іншымі тэатрамі. Запрошаных салістаў шмат, яны спяваюць і танцуюць вядучыя партыі амаль кожны тыдзень. І робяць гэта ў бальшыні выпадкаў добра ці выдатна. Разнастайныя ўражанні публікі даюць магчымасць параўноўваць, заадно можна павысіць кошт квіткоў, стварыць інтрыгу. Міжнароднае супрацоўніцтва кожнага творчага калектыву — важны складнік. Так развіваецца ўвесь свет.
Але няправільная і заганная традыцыя, калі спектакль разглядаецца як відовішча, каштоўнае ў першую чаргу грашыма. «Тэатр павінен зарабляць!» — гучыць з усіх бакоў, на ўсіх узроўнях і нарадах. Яно так, але не ўсімі сродкамі. Нездарма Ранеўская некалі казала: «Грошы разыдуцца, а ганьба застанецца».
І апошні пасаж. Давайце ўсё-такі пачнём паважаць найперш сваіх артыстаў, дырыжораў, кампазітараў, захапляцца імі. Не толькі тады, калі яны атрымалі прызнанне за мяжой, а пасля і мы ўжо ім паапладзіруем. На нядаўняй «Травіяце» згадвала вядомую показку, якая, на мой погляд, дакладна адлюстроўвае адну з фундаментальных якасцей беларускага светаўспрымання: «Дзядзечка, а можна я ў сваёй хаце на сваёй лаве пасяджу?»