Новы беларускі арыенталізм

№ 6 (279) 01.06.2006 - 01.01.2005 г

Выставачны праект «Just now» — заўважная падзея ў мастацкім жыцці сталіцы. Адно тое, што аўтары прэтэндавалі не на сцены, а на… паветра ў выставачнай зале музея сучаснага мастацтва, робіць яго вартым увагі: экспазіцыі гэткага кшталту ў Мінску надзвычай рэдкія.

В.Васільеў.
В.Васільеў. Мастацтва дзеля мастацтва. Інсталяцыя.
На заднім плане – серыя Г.Васільевай «Эдо». 2006.

М.Свечнікава. «Глядзець». 2006
М.Свечнікава. «Глядзець». 2006.

/i/content/pi/mast/1/18/st14_3.jpg
А.Дасужаў. 11 верасня. Інсталяцыя. 2006.

Н.Ганчарова. Белае на белым. 2006.
Н.Ганчарова. Белае на белым. 2006.

АРЫЕНТАЛІЗМ (ад лацінскага orientalis) — у шырокім сэнсе ўсходні стыль, або стыль ці кірунак мастацтва з элементамі культуры краін Усходу (Малой Азіі, Ірана, Індыі, Кітая, Японіі). У еўрапейскай культуры арыентальныя тэндэнцыі паўсталі як даніна модзе, як элемент супраціву пануючым плыням, як пашырэнне мастацкага досведу. Сёння такія тэндэнцыі ярчэй за ўсё праяўляюцца ў неаавангардных кірунках — да ўсходняй філасофіі звяртаюцца ці не ўсе сучасныя тэорыі, і гэта паўплывала на саму парадыгму сучаснай культуры. У гэтым сэнсе «віцебская» выстава — тыповы ўзор сучаснага мастацтва, дзе ўсе стратэгіі і тактыкі маюць міжнародны кантэкст.

Удзельнікі праекта — прадстаўнікі сучаснага варыянта «віцебскай мастацкай школы». За адзіным выключэннем, гэта выкладчыкі і выпускнікі кафедры дызайну Віцебскага тэхналагічнага універсітэта. Адзначым, праўда, што на радзіме беларускага авангарда рэалізуюцца толькі чацвёра з іх (Васіль і Галіна Васільевы, Аляксандр Дасужаў і Алена Толабава), астатнія — брэстаўчанка Настасся Ганчарова, мінчанка Марына Свечнікава і Уладзімір Макаркоў, які жыве пад Мінскам. Назву праекта вызначыла тое, што асноўная частка твораў была выканана з нагоды гэтай выставы ( Just now — цяпер, зараз), а гэта дазваляе прасачыць накірунак творчай думкі. Варта адзначыць, што пры ўсёй сваёй поліфанічнасці выстава атрымалася цэльнай і, як кажуць мастакі, «села» ў залу. Нагадаю, што аўтары самі вырашалі, што экспанаваць, таму немагчыма было прадказаць, што пошукі сямі аўтараў будуць ісці ў адным накірунку.

«Культавая» асоба выставы (якая задае тон, вакол якой «круціцца» ўсё) — мастак Васіль Васільеў, пра творчасцьякога ўжо пісаў часопіс. Яго пошукі вылучае шматпланавасць кірункаў, але арыентальная лінія тут праглядаецца надзвычай выразна — першымі пра гэта напісалі польскія даследчыкі. Яго новая інсталяцыя «Мастацтва дзеля мастацтва» складаецца з двух аб’ектаў — сферы (двухметровага дыяметра) з моцнымі лінейнымі рытмамі і зграбнай, карункава-празрыстай паўтараметровай вежы. Вежу можна разглядаць як знак сілы, медытацыі і філасофскага роздуму; круг — як знак адзінства, абсалюту, дасканаласці, у будызме ён азначае высокую ступень пасвячэння і гармоніі духоўных сіл. Незавершаныя лініі сферы — гэта
знакі часу і бясконцасці.

Экспазіцыя Галіны Васільевай з рытмічна размешчаных прастакутнікаў і квадратаў займала супрацьлеглую сцяну. На яе мастацтва моцна паўплывала творчасць вялікіх піянераў геаметрычнай абстракцыі, але праект «Эдо» трэба вызначыць як арыентальны. «Эдо» — гэта першая назва Токіо, а яшчэ і перыяду японскай культуры з канца ХVII па ХІХ стагоддзе — час росквіту і цудоўных вынаходніцтваў у мастацтве, вонкавай прыкметай якога можна назваць шырокае ўжыванне золата ці «залатых» колераў. Ёсць і паветраны змей адпаведнай формы (і гэтыя прапорцыі — у прастакутнікаў Галіны), які таксама
завецца «эдо». Цікава, што сваю творчасць Г.Васільева класіфікуе як канкрэтнае, а не абстрактнае мастацтва. Іншымі словамі, яна не ставіць перад сабой мэты перадаць рэчаіснасць у абстрактнай форме, а імкнецца ўтварыць аўтаномную мастацкую рэальнасць.

З творчасцю наступнага ўдзельніка выставы часопіс пазнаёміў чытача ў сакавіцкім нумары. Уладзімір Макаркоў вельмі ўдала выкарыстаў прасторавую сітуацыю — насупраць уваходу ён з першага на другі паверх залы перакінуў празрыстую тонкую кампазіцыю, якая нагадвала падвесны мост, які на ўсходзе плятуць з ліянаў. Мост — сімвал пераходу ад няведання да стану Пасвячэння, ад спраў прыземленых да ўзвышаных, гэта знак адзінства відочнага і невідочнага.Па сутнасці, у моста дваістае значэнне: ён знак еднасці або пераадолення. Арыентальныя тэндэнцыі ў творчасці гэтага мастака рэдка выяўляліся так
выразна, раней іх можна было вызначыць хіба па выкшталцонасці формы, па асаблівасцях працы з празрыстымі матэрыяламі і ўвазе да тактыльных адчуванняў.

У заходняй і ўсходняй культурах склаліся прынцыпова розныя адносіны да запісаў слоў. Іерогліф не проста тлумачыцца, але і разглядаецца, ад даскана ласці яго намалявання залежыць сэнс. Папросту кажучы, крыва намаляваны іерогліф «каханне» будзе знакам «крывога» кахання. У заходняй культуры сэнс слова не звязаны з пластыкай, бо як бы ні напісалі — тое ж самае «каханне», для яго характарыстыкі нам спатрэбяцца іншыя словы. Два праекты на гэтай выставе аказаліся звязаны з літарамі — Марыны Свечнікавай і Настассі Ганчаровай. Адна з іх выкарыстала лацінскі, другая — кірылічны алфавіт, але ў адпаведнасці з усходняй традыцыяй абедзве аўтаркі аднолькава прагнулі знайсці ў пластыцы літар хараство (што мне асабіста, як чалавеку, які шукае сэнсу словах, надзвычай падабаецца).

У мастачак прынцыпова розныя пластычныя падыходы. М.Свечнікава вырашыла свой твор па-плакатнаму выразна. Яе праект называецца «Глядзець», але калі пераступіць праз гэты загад, то можна ўбачыць, што мастачка стварыла сваю чатырохчасткавую структуру з англійскага выразу «не чытаць». Пры ўсёй катэгарычнасці гэтых загадаў, у праекце адчуваецца прысмак гульні і мяккасць (мастачка выкарыстала чорную і зялёную фарбы, спалучэнне  якіх псіхолагі лічаць  самым станоўчым для ўспрымання).
Можна толькі пашкадаваць, што праз недахоп прасторы праект праэкспанаваны не так, як марыла Марына: зробленыя з празрыстага пластыку формы разлічаны на двухбаковы агляд, што яшчэ больш пазбавіць гэтыя структуры «чытабельных» функцый. Н . Ганчарова прадставіла гледачу трыпціх «Белае на белым». Яе вялізныя кампазіцыі можна ўспрымаць і як эквівалент сучаснага жывапісу з аўтарскай тэхнікай, і як аб’екты з рэальнай канструкцыяй палатна-прадмета. Мастачку зацікавілі формы кірылічных літар, рытмічна размешчаныя на двух творах; на апошнім, у сярэдзіне, яна размяшчае вензель, тоесны іерогліфу, — ідэя трыпціха набывае акрэсленую, чыстую форму. Варта адзначыць тонкую каларыстычнасць гэтых твораў і падкрэсліць вельмі ўдалую працу з фактурай — вольнай, амаль стыхійнай, але трапяткой і пяшчотнай адначасова.

Алена Толабава вельмі стрымана трактуе свае праекты як вынік польскай стажыроўкі, дзе яна асвойвала новую тэхніку — ручную паперу. Галоўная тэма яе праектаў — сам працэс стварэння мастацтва. Па яе перакананні, фактура і колер не менш за ўсё іншае ўздзейнічаюць на гледача. Працы Алены ўражваюць вельмі дакладным адчуваннем завершанасці твора, што само па сабе з’яўляецца прыкметай добрага стылю і сведчыць, што вобразныя пошукі мастачкі глыбокія і складаныя, а адкрытасць твораў — толькі вонкавая.

Аляксандр Дасужаў прадставіў «амерыканістыя» па назвах праекты: інсталяцыю «11 верасня» і аб’ект «Сакрэтныя матэрыялы». Інсталяцыя (чорны і чырвоны надламаныя прастакутнікі з геаметрычным рытмам нацягнутых белых вяровак) былі створаны мастаком адразу пасля тэрактаў у Нью-Йорку. Гэта варта падкрэсліць, бо беларускае мастацтва амаль не адгукнулася на тыя трагічныя падзеі. Яго «Сакрэтныя матэрыялы» ўспрымаюцца як адзін з лепшых экспанатаў выставы — на гэта ўплывае вельмі ўдалае экспанаванне аб’екта. «Далёкія ад Усходу» (па назвах) праекты А.Дасужава глядзяцца на выставе вельмі арганічна: у іх ёсць тая добрая простасць выказвання, якая дасягаецца вельмі складана, а ўсходняй культурай дэкларуецца як адна з самых важных вартасцяў мастацтва.

ЛАРЫСА МІХНЕВІЧ