«Браме» — чвэрць стагоддзя, і з гэтай нагоды можна было б ліць звычайны юбілейны ялей — як такая галерэя, без «даху» і рахунку, праіснавала столькі — не кожны тэатр вытрымлівае. Але я хачу распавесці пра іншае. Магчыма, «Брама» — цікавая мастацкая і творчая з’ява, але яшчэ больш яна адметная як своеасаблівы дэтэктыўны феномен. Падрыхтоўка нашых выстаў нагадвае трылер. Пачнем з самага пачатку. У 1991 годзе ў Маскве ў Манежы павінна была адбыцца вялікая выстава «Арт-Міф 2», і да мяне звярнуліся нашыя аўтары дэкаратыўнага мастацтва, якімі я заўсёды апекавалася, даказваючы ўсяму свету, што яны самыя таленавітыя. Аўтары запыталіся: чаму мы не ўдзельнічаем у прэстыжных міжнародных выставах? Раз фарматам «Арт-Міфа 2» было прадстаўленне галерэй, то і давайце прыдумаем галерэю.
Што такое — «прыдумаць галерэю»? Выток — адметнае беларускае слова «брама». Брама — гэта рама на памежжы айчыннага і сусветнага мастацтва, мяжа паміж пакаленнямі, відамі творчасці, стылямі, кірункамі. Праход, зняцце абмежаванняў. Нарадзіўшы канцэпцыю і прыдумаўшы назву, мы патэлефанавалі ў Маскву і прапанавалі аргкамітэту выставіць наш збор дэкаратыўнага мастацтва. Тут высветлілася: прадугледжана экспанаванне толькі станковых работ. Давялося пераконваць, маўляў, нашае дэкаратыўнае мастацтва станковаму не саступае. Дапамагло тое, што з сябрамі аргкамітэта мы былі знаёмыя па агульнасаюзнай установе — Дырэкцыі выстаў. Мы дамовіліся (хоць каталог «Арт-Міфа» быў ужо ў друку ў Парыжы): я дапаўняю работы часткай станковых твораў і вязу ў Маскву. Пашчасціла — знайшоўся прыватны спонсар, які прынёс мне проста ў Палац мастацтва велічэзную суму, неабходную для рэгістрацыйнага ўзносу. У выніку, сабраўшы работы 31 мастака і зрабіўшы слайды, я выправілася ў Маскву. Ледзь паспелі адправіць слайды для друку ў Парыж. Высветлілася, што для прадстаўлення калекцыі «Брамы» на выставу неабходна мець статус юрыдычнай асобы. Дапамог Павел Жыгімонт, супрацоўнік Альтэрнатыўнага тэатра. Ён вывеў мяне на Уладзіміра Сарокіна, тэлевізіёншчыка, які працаваў пры беларускім Чырвоным Крыжы. І «Брама» атрымала не толькі юрыдычную апору, але і дадатковыя сродкі для завяршэння працы над экспазіцыяй у Маскве. Заставалася апошняе: як размясціць 60 работ на «Арт-Міфе 2» у выставачным боксе на 20 квадратных метраў? Але рабіць няма чаго, і, разам з Генадзем Шульманам, на той час шоумэнам-пачаткоўцам (заснавальнікам «Клас-Клуба») і мастаком Аляксандрам Зіменкам размясцілі творы шчыльна, як змаглі. Але ўначы напярэдадні выставы ў наш павільён завітаў старшыня аргкамітэта, вядомы мастацтвазнавец Георгій Нікіч. Здзівіўшыся якасці прывезеных работ — і адначасова недастатковасці прасторы, — ён ласкава прапанаваў нам… выйсці з бокса на знешнія сцены. І да адкрыцця, мы, змучаныя, але шчаслівыя, перамяшчалі работы. Затое працы беларускіх мастакоў апынуліся ў самым цэнтры выставы, дзе былі прадстаўлены каля 70 галерэй. Палова — замежных, таксама вядомыя маскоўскія калекцыі, сярод іх — Айдан Салахавай, «Маскоўскай палітры». Прысутнічаў знакаміты калекцыянер і галерыст Марат Гельман, ён мяне па магчымасці «настаўляў», бо яго экспазіцыя была побач, Ніно Геташвілі з Тбілісі прадстаўляла жывапіс Параджанава. Скакаў па Манежы на кані, нагадваючы пра былое прызначэнне памяшкання, знакаміты маскоўскі акцыяніст і мастак Алег Кулік, з якім мы перад тым (1988) рабілі выставу «Ад лубка да інсталяцыі» і атрымалі па шапцы ў «Советской Белоруссии», што мы, маўляў, як нейкія вычварэнцы, як Кандзінскі з Малевічам…
Так і нарадзілася мая «Брама». Без «Арт-Міфа 2», што прайшоў для нас нечакана бурліва і паспяхова, яе б ніколі не было. Беларуская экспазіцыя прыцягвала ўвагу журналістаў. І… нас паказаў «Взгляд», потым — «ТВ-галерэя», яркая перадача пра авангарднае мастацтва.
У Мінск мы вярнуліся знакамітымі, а галерэі сталі прапаноўваць супрацоўніцтва. Канцэпцыю «Брамы» — мастацтва на сутыкненні дэкаратыўнага і станковага — часткова падказала патрабаванне аргкамітэта «Арт-Міфа 2». Але яна лунала ў паветры: я даўно заўважыла вялікую ступень станкавізацыі нашага дэкаратыўнага мастацтва, яго глыбіню, сур’ёзнасць, праблемнасць, што раней амаль не выяўляліся ў творах з керамікі і шкла. У той жа час адбываўся сустрэчны рух — станковае мастацтва рабілася больш дэкаратыўным, абстрактным… Гэтую народжаную на акрэсленым сутыкненні відаў творчасці канцэпцыю я імкнуся ўтрымліваць усе 25 год існавання галерэі. Пры тым, што кожная выстава мае сваё аблічча.
Такім чынам, «Брама» — аўтарская, некамерцыйная, канцэптуальная. Спачатку кожны раз нараджаецца ідэя, і толькі потым выбудоўваецца экспазіцыя: падшукваюцца творы і мастакі.
У наступным 1992 годзе, калі на постсавецкай прасторы зрабілася нарэшце магчымым «быць яўрэем», я арганізавала выставу «Яўрэі: мастакі і персанажы». Была цэлая серыя выстаў, а ў 1993-м наш урад вырашыў ушанаваць 50-я ўгодкі расстрэлу мінскага гета маштабнай праграмай «Кадзіш-Жальба» — з удзелам тэатраў, музычных калектываў, былі запланаваныя і кінапаказы. За частку з выяўленчым мастацтвам першапачаткова мусіў адказваць Мастацкі музей. І раптам на пасяджэнні аргкамітэта мастак Май Данцыг прапанаваў альтэрнатыўны варыянт — галерэю «Брама». Парушэнне субардынацыі, скандал! Але адмовіцца не атрымалася: маладых яўрэйскіх мастакоў, якіх не было ў калекцыі Музея, я сапраўды экспанавала… Паўстала пытанне пра назву выставы. І тут Май Вольфавіч выказаў ідэю: «Ад Марка Шагала да Мая Данцыга»! На маю рэзонную рэпліку, што дзеля такой афішы трэба спачатку памерці, Данцыг дужа пакрыўдзіўся… У выніку на чарговым пасяджэнні аргкамітэта, якое на той момант вёў Анатоль Бутэвіч, Данцыг такі агучыў сваю прапанову. Пасля нямой сцэны Анатоль Бутэвіч міралюбна запытаўся: «А што, пасля Данцыга — нікога няма?» Так прайшла мая назва: «Ад Марка Шагала ў мінулае і сучаснасць. ХІХ—ХХ стагоддзі». І пачалася праца над выставай, што ў выніку адбылася ў Палацы мастацтва. Туды трапілі проста выдатныя работы: Любоў Базан перадала 4 літаграфіі Шагала, якія ў Віцебск падараваў адзін шагалазнаўца, — і гэта быў першы паказ прац Шагала ў Мінску. Дырэктарка Віцебскага музея Іна Холадава прадставіла падборку віцебскай школы. З Магілёўскага музея — нечакана, бо пра іх наяўнасць мала хто ведаў, — прывезлі партрэтныя малюнкі Фалька. Дачка Іллі Эрэнбурга з Масквы і ўдава рэжысёра Рыгора Козінцава абяцалі даць тое, чаго ад часоў Шагала ў Беларусі не было, — яго жывапісныя працы.
Выстава мела надзвычайны поспех, а калі міністр замежных спраў Пётр Краўчанка прывёз на яе з Нью-Ёрку дэлегацыю равінаў, тыя прапанавалі любыя грошы на выданне альбома-каталога. Збіраць іх давялося самой: часткова з мамінай пенсіі, часткова за кошт добразычлівасці міністра Пятра Краўчанкі. І ў гэтым быў той самы смак шалёных дзевяностых, як і горкая асалода працы недзяржаўнай галерэі. Сярод прыемных момантаў таго праекта адзначу адкрыццё мінскай публіцы магутнага жывапісу Ізраіля Басава (1918—1994), мастака, якога амаль не экспанавалі перад тым. І яго творы, фактычна персанальны паказ у двух боксах, прыцягвалі ўвагу нават болей, чым работы Шагала і Фалька. Годам раней мне пашчасціла дапамагчы выставіць яго працы ў Маскве, на «Дыяспары» ў Новай Траццякоўцы — і агульны культурны шок выказаў буйнейшы расійскі спецыяліст Аляксандр Марозаў: «Скажыце, дзе вы хавалі такога выдатнага мастака?» Адкрыццё Ізраіля Басава дапамагло мне ў 1994 годзе выступіць на міжнародным сімпозіуме «Мастацтва яўрэяў свету» ў Ерусаліме з дакладам «Мастакі-яўрэі Беларусі».
Цікавым эпізодам ранняй гісторыі «Брамы» зрабілася выстава «Камень і лёс» у Музеі Беларускай ваеннай акругі ў 1992 годзе. Ва ўтульнай і прыгожай зале Музея мы прадставілі працы з каштоўных і паўкаштоўных камянёў мастакоў з Екацярынбурга — каменне мне таксама давялося везці самастойна, дрыжучы ад страху і апрануўшыся як мага прасцей, каб не прыцягваць увагу. Упершыню ў экспазіцыйнай дзейнасці ў Беларусі ўдалося ажыццявіць падыход «выстава для ўсіх»: гучала музыка XIV—XX стагоддзяў, інтэр’ер упрыгожваў фітадызайн, выкарыстоўваліся пахі і нават прапаноўваліся каментары прысутнага астролага па адпаведнасці камянёў знакам Задыяку. У выніку я атрымала запрашэнне наведаць Германію ад вядомай нямецкай мецэнаткі Карлы Аўрых. Бесцырымонна і нефармальна прабіўшыся на прыём да дырэктара Мастацкага музея ў Боне і паказаўшы яму слайды работ майго ўлюбёнага Басава, дамаглася арганізацыі абменных выстаў паміж Бонам і Мінскам беларускіх і нямецкіх мастакоў.
У 1994 годзе адбыўся Першы Шагалаўскі пленэр у Віцебску, і дырэктарка Віцебскага музея Іна Холадава запрасіла «Браму» ўзяць у ім удзел асобнай экспазіцыяй. Распрацаваная мною канцэпцыя называлася «Гутаркі з Шагалам»: давалася магчымасць выказацца розным жывапісцам, што працавалі ў духу вялікага майстра. Аднак «Браму» з праграмы фестывалю выкраслілі. Але чым вызначаецца здольнасць прыватнай галерэі да выжывання? Я пераназвала праект на «Гутаркі з Шагалам перад зачыненымі дзвярыма на Першы Шагалаўскі пленэр» і ў дзень адкрыцця Пленэру адчыніла сваю выставу ў галерэі «Alter ego» Мінскага лінгвістычнага ўніверсітэта. Вялікую колькасць буклетаў «Гутарак…» мы раздалі на мерапрыемствах Пленэру ў Віцебску. У адказ арганізатары адмянілі запланаваную для прыезджых мастакоў экскурсію ў Мінск.
Безумоўна, першапачатковы этап станаўлення галерэі быў самым дэтэктыўным. Паступова заваяваўшы імя і прызнанне, мы пачалі атрымліваць запрашэнні на самыя разнастайныя дзяржаўныя і недзяржаўныя мерапрыемствы. На Міжнародныя фестывалі жаночага кіно, кінафестывалі «Лістапад» — I, V, X і XVIII, фестывалі джаза і блюза («Блюз жыве ў Мінску», 1998, які рабіў Генадзь Старыкаў з «Верасоў» у кінатэатры «Кастрычнік»). Потым — на ўдзел у Першым і Шостым Фестывалях нацыянальных культур. Знакавай падзеяй сталася экспазіцыя ў Нацыянальнай бібліятэцы «Брама… з канца тысячагоддзяў», што адбывалася як частка вялікай урадавай праграмы «Terra incognita Belarus», пасля чаго мы арганізавалі пленэр для студэнтаў з еўрапейскіх краін на Браслаўскіх азёрах. Супольна яны ткалі габелен міру, выраблялі тады яшчэ рэдкую чорназадымлёную кераміку раку, падобную да традыцыйных вырабаў з Поразава.
У 2000-м прайшоў важны праект «Паўстагоддзя са стагоддзем» — мне споўнілася 50, і я вырашыла зрабіць выставу пакалення, сабраўшы па адным лепшым творцы розных відаў мастацтва 1950 года нараджэння — жывапісцаў, керамістаў, габеленшчыкаў, графікаў, плакатыстаў, скульптараў, металістаў. Прыватнаму галерысту прабіцца на плошчы Палаца мастацтва заўсёды было цяжка, але — чарговы дэтэктыў — свой выставачны тэрмін як падарунак на дзень нараджэння мне саступіў Леанід Рыжкоўскі.
Скажу некалькі словаў пра канцэптуальныя выставы 2000-х. Апошняй экспазіцыяй у старым будынку Нацыянальнай бібліятэкі (дзе я ладзіла паказы неаднаразова) была «Фактура» — 50 мастакоў з усёй Беларусі, і работы кожнага, манахромныя, дэманстравалі вобразафармоўную ролю фактуры як аднаго са сродкаў выразнасці.
Наступны крок — асобнае, самастойнае экспанаванне твораў мастацкага металу на кінафестывалі «Лістапад» у 2011-м. Ідэя «Разумнага металу» выспявала не адзін год. Нарэшце Рада Саюза мастакоў зацвердзіла маю ідэю, запланаваўшы выставу на лета 2014 у вялікай зале Палаца мастацтва. Разумею, тут была свая інтрыга: мала хто верыў, што вялізную плошчу можна якасна напоўніць працамі мастакоў-металістаў. Аднак мне ўдалося сабраць 103 аўтараў — і не па адной працы ад кожнага. Але выставу ў Палацы за 10 дзён да адкрыцця адмянілі з той смешнай прычыны, што не ўсе экспаненты з’яўляліся сябрамі Саюза. А ў спісе былі вядомыя дызайнеры, таленавітыя выпускнікі Акадэміі мастацтваў, скульптары-станкавісты і манументалісты, якія ўжо мелі досвед удзелу ў рэспубліканскіх і міжнародных групавых экспазіцыях. Давялося шукаць выйсце, і яно знайшлося ў кастрычніку 2014-га ў выглядзе галерэй «Ракурс» і «Лабірынт» Нацыянальнай бібліятэкі.
Назаву сёння знакамітых майстроў, якія дэбютавалі ў «Браме». Ганна Балаш і Маша Капілава ўпершыню выстаўлялі ў нас свае лялькі, Марына Бацюкова прыйшла да нас з творамі з мастацкай скуры, Рышард Май — з жывапісам, Ігар Каплуновіч — з габеленамі, Генадзь Гурвіч — з жывапісам, графікай і інсталяцыямі, Уладзіслаў Стальмахаў і Абрам Куцікаў — з жывапісам, а таксама Наталля Жыгамонт, Людка Сільнова… У нас адбылася першая персанальная выстава Уладзіміра Акулава.
Напрыканцы спынюся на пленэрах аб’ёмнага тэкстылю, якімі займаюся апошнім часам. Я даўно марыла «адарваць» тэкстыль ад сцяны, зрабіўшы яго аб’ёмным, скульптурным. Першая, і ўдалая, спроба («Эксперыментальны тэкстыль») адбылася ў 1988 годзе, але тады не займела працягу. І толькі ў 2012-м мне ўдалося «падбіць» мастакоў на мазгавы штурм, зладзіць хуткі пленэр у дворыку Палаца мастацтва — «Метафары і метамарфозы». На наступны год тамсама мы паўтарылі пленэр, і гэты, другі, назвалі «Гульні з дажджом», бо нам ізноў «шанцавала» з нашым беларускім надвор’ем: безупынна ліло з неба. Цяпер ужо ўсе творы былі скульптурай. Трэці пленэр, «Снежнае лета» (2014), — спроба зрабіць скульптурнасць тэкстылю яшчэ больш пераканаўчай, каб ён прамаўляў формай, фактурай, лініяй контураў, дзеля чаго я прапанавала пакінуць толькі адзін колер, белы. Дадаліся замежныя віртуальныя ўдзельнікі (Чылі, Польшча, Расія), працы якіх паказваліся ў рэжыме слайд-шоу. І нават тое, што нас не пусцілі ў Палац мастацтва, пайшло на карысць: адкрыўшыся ў Смалявічах, з выставай мы аб’ехалі музеі ўсіх абласных цэнтраў. Знікла боязь перамяшчацца ў прасторы, таму чацвёрты пленэр, «Размовы ў зялёных» (2015, адпаведна — манахромныя работы вытрыманы ў зялёных тонах) адбываўся ў Славакіі, у горадзе Спішска-Нова-Вес. Вярнуўшыся ў Беларусь, мы зноў наведалі ўсе беларускія мастацкія музеі і фінішавалі ў галерэі «Лабірынт» Нацыянальнай бібліятэкі. Сёлета мы правялі пяты, юбілейны пленэр — «Дыялог скульптур. Італьянскі экзерсіс» (Чырвонае/Чорнае) у Балоньі, Італія. Тэкстыльная скульптура падрасла, пасталела і вырашыла паразмаўляць са сваёй каляжанкай, скульптурай з металу. Чырвонае — з чорным. А беларускія мастакі — з мастакамі італьянскімі. Так маё захапленне металапластыкай сустрэлася з любоўю да тэкстыльных кампазіцый. Што з гэтага атрымалася — у хуткім часе можна будзе пабачыць у Мінску.
На заканчэнне Ларыса Фінкельштэйн выказала ўдзячнасць тым, хто на працягу гісторыі «Брамы» станавіўся на яе шляху, рабіў яго цярністым і дэтэктыўным, змушаючы галерэю выжываць, мацавацца, шукаць новыя творчыя ракурсы і магчымасці. Per aspera ad astra…
Ларыса ФІНКЕЛЬШТЭЙН