Менш, ды выразней
Сёлета «Месяц» выглядаў больш кампактна і дакладней клаўся ў пэўную сістэму каардынатаў. Цалкам пераканаўчы і іншы падыход, пры якім можна вылучыць адну-дзве падзеі, нават не выставы, а, напрыклад, лінейку майстар-класаў, і скласці пра яе сваё меркаванне, не прэтэндуючы на агульную ацэнку.
Дык вось, поўны набор, больш-менш ясны, такі: пяць беларускіх праектаў, дзевяць прывазных. Сем выстаў адбыліся на цэнтральнай пляцоўцы «ЦЭХа», яшчэ сем у паралельнай праграме на шасці іншых.
Адзначым адразу, што дзве беларускія выставы прысвечаны фатаграфічнай спадчыне 1980—1990-х.
Сіметрычна
Адпраўны пункт «Месяца фатаграфіі» — экспазіцыя, прысвечаная асобе Валерыя Лабко. Гэта і сама «заўтрашняя фатаграфія», і тэма кабінета, адкуль ён даваў на сайты, у рассылку і перапіску мноства спасылак, вялізныя тэксты, здзіўляючы адрасатаў сваёй надмернасцю. Добра, што гэта ўсё помніцца, але сеткавыя стасункі адбывалiся пазней. Пакуль жа аддамо належнае фатаграфіі.
Мне здаецца наіўным прыпісваць фатаграфіі мінулых гадоў рысы, якіх пры нараджэнні яна не мела. Партрэты Лабко былі партрэтамі, а вуліца была вуліцай з яе рытмам, модай свайго часу, шыльдамі. Так, яму ўдаваліся псіхалагічныя вобразы, ён кіраваўся да чалавека патаемнага, з глыбіннымі эмоцыямі, утоенымі рухамі душы. Новымі тады былі многія тыпажы яго герояў, ракурсы, фрагменты прадметнага асяроддзя, спалучэння падрабязнасцей у рамках кадра. Гэта быў прыход постмадэрнізму з дыстанцыямі, дэканструкцыяй, пошукам знакаў, не заўважаных раней савецкімі фатографамі. Магчыма, але таксама не факт. Атмасферу, якую-небудзь асаблівую ментальнасць у гэтых партрэтах і вулічным жыцці мы знаходзім толькі цяпер — яна паддаецца апісанню і перадаецца як культурная спадчына. Як сышоўшая натура, амаль ужо класіка — вось бы Лабко пасмяяўся! Мне здаецца, ён мог дазволіць сабе пераацэнку, перагляд старых рэчаў.
Калі ж серыі «Беларускі клімат», «Next Stop — Soviet» разглядаць як пэўныя вектары свежых напрамкаў, спробу пяра на будучыню, тады яны выглядаюць пераканаўчымі. Іх успрыняла Мінская школа фатаграфіі, і наступныя пакаленні аўтараў цалкам упэўнена развіваюць стрыт-фатаграфію як праектную, дадаючы ў яе ўсё новыя сацыяльныя праблемы, сюжэты. Цяпер, на момант напісання артыкула, альбома «Заўтрашняя фатаграфія» яшчэ няма, але ён павінен распачаць «Бібліятэку Месяца» ўжо гэтымі днямі.
Якая ж яна, тая, што здарылася на заўтра, то-бок народжаная сёння беларуская фатаграфія? Адказ на пытанне — у групы «Лёд». Першая супольная выстава, але далёка не першы індывідуальны досвед аўтараў. Прычым у персанальных праектах, апублікаваных у Сеціве і ў папяровых выданнях, у конкурсах і нават сыграных у тэатры. На мой погляд, гэта самы таямнічы на сённяшні дзень гурт. З патэнцыялам, не раскрытым у дэбютным сваім выхадзе. Але неяк адразу верыцца, што ён высокі. «Набыты рэфлекс», зрэшты, адносіцца да моднага сёння трэнду працы са стэрэатыпамі. Тым, хто родам з савецкага мінулага, знаёмыя бытавыя рэаліі: у выхадныя можна і на «Лінію Сталіна», вечарам будняга дня — канапа і тэлевізар, ужо на пэўнай дыстанцыі да вяшчання, але звыкла марнуючы час. Яшчэ некалькі мізансцэн разыгрываюць удзельнікі: вось госці прыйшлі, вось былыя аднакласнікі ў двары сабраліся. Час памяняўся, але патрыярхальна-кічавыя савецкія патэрны хутка не сыходзяць. Стандарты адпачынку, вобразы дваровых зносін па святах часам так нечакана ловяць нас у тым жа двары, у чужым акне. Сітуацыя розыгрышу, ролевай гульні сведчыць пра трансфармацыю: банальныя сюжэты саступаюць месца нейкім новым, якіх мы пакуль не ведаем.
Дыскурсіўна або відовішчна?
Мабыць, галоўнае пытанне, якое хочацца задаць сабе з нагоды «Месяца». І гэта выбар або праблема балансу для арганізатараў.
У той жа час пытанне правакацыйнае. Таму што, калі пайсці па іншым шляху, атрымаецца шмат інфармацыі, зорных гасцей і інтэрв’ю, шоу, музыкі і перформансу. Тое цалкам нармальна — падзея фестывальнага тыпу. Але не ўпэўненая, што арганізатары «Месяца» бачаць яго як фестываль.
Затое першы шлях мяркуе доўгае, павольнае і часта самотнае паглыбленне ў кантэкст. Мала каму цікавае і яшчэ меншай колькасці людзей зразумелае. У нас жа гледачы не прывыклі напружвацца, а экспертаў няшмат, ды і яны прытамілiся. Таму, хутчэй за ўсё, трэба выбраць гісторыю балансу, і не лінейнага руху, але ўсё ж такі паглыблення, з апорай на тое, што знаёма.
«Месяц фатаграфіі» прыводзіць у «ЦЭХ» публіку, далёкую ад музеяў і арт-асяроддзя, гэта бясспрэчна: наведванняў шмат, рэзананс вялікі, прычым уласна беларускія фатографы і мастакі — як частка публікі — захоўваюць карпаратыўныя межы і пачуццё свайго поля, спецыфіку, прыхільнасць да пэўных тэхналогій, стыляў, адукацыі, разумення і г.д. Тое праяўляецца і ў ацэнках падзеі, і ў наведваннях, але справядліва будзе адзначыць, што насцярожанасць супольнасці крыху аслабла.
Відавочна, «Месяц» робіць стаўку на сучасную праектную дакументальную фатаграфію з сацыяльнай праблематыкай. У гэтай частцы маштаб праграмы, яе факусіроўка на вуліцы Кастрычніцкай працуюць на відовішчнасць. Лакацыя і прастора істотна ўплываюць як на працэс, так і на вынік — але пра гэта напісана ўжо нямала.
Суправаджальная праграма мусіць планавацца так, каб спрацаваць на дыскурс і змест «Месяца» ў цэлым. Роб Горнстра, Клеман Брыен, Агнешка Райс, Андрэас Рост, Ірына Чмырова, Томас Каўняцкас — унушальная каманда спікераў.
Дадаткова пашырыў аўдыторыю (і паглыбіў асэнсаванне фатаграфічных праектаў) Тыдзень беларускага мыслення Лятучага Унiверсiтэта, які ладзіў лекцыі і творчыя сустрэчы ў «ЦЭХу».
Юрый Васільеў пра сяброў і пра сябе
Калекцыя Юрыя Васільева атрымала для экспанавання традыцыйную пляцоўку — арганічную для культурнай падзеі, для архіўных успамінаў пра мінулае.
«Фатаграфія з СССР» — гэта гады росквіту народнага фотаклуба «Мінск», які апынуўся самым актыўным доўгажыхаром у СНД. І гэта эпапея «Фотаграфікі» (з перапынкамі, 1971—1989), якая збірала ў Мінску маладых, тых, хто выпрабоўваў сябе на трываласць, на смеласць. Па словах Юрыя Сяргеевіча, у 1971 годзе адразу ж адбыўся падзел на мастацкую і прэс-фатаграфію. Падзея ў мастацтве велізарнай краіны значыла шмат: гэта быў час нашага захаплення «The Beatles» і «Rolling Stones», джынсамі і хіпі, паўсюднага дэфіцыту і блату. І шмат чаго яшчэ, але цяпер гэта дакладна не наша тэма.
Напэўна, фатаграфія 1970-80-х сышла, але пра стэрэатыпы мы гаворым часта. І я не ўпэўненая, што можна выбудаваць стэрэатыпы на гэтых працах. Хтосьці з аўтараў (Беларусь, Украіна, Прыбалтыка, Расія) нам больш вядомы — Віктар Бутра, Антанас Суткус, Ляля Кузняцова, Віталь Бутырын, Анатоль Дудкін, Міхаіл Жылінскі, Наталля Дораш, Уладзімір Няхайчык, хтосьці менш — Генадзь Беліцкі, Уладзімір Базан, Леў Аксёнаў, Эган Спурыс, Уладзімір Філонаў, Аляксей Перавошчыкаў, Аляксандр Глінскі. Але пакуль у Беларусі няма сістэматычнага камплектавання айчыннай мастацкай фатаграфічнай калекцыі, вопыт Юрыя Васільева ўяўляе з сябе публічнае пасланне аб яе неабходнасці. І вядома, каштоўнасць і свядомы выбар стратэгіі.
«Сядзець моўчкi» не кожны можа
Пасябраваць з калекцыяй Васільева ў праекта Катрыны Кепуле (Латвія) не атрымалася. У бок, куды пазіраў (вельмі ўмоўна!) Валерый Лабко, малады фатограф таксама не пайшла. Але можна было б разгледзець «Сядзець моўчкi» ў рэзанансе з «Мiфамi пра перамены» (Аўстралія) — як пераклічку ідэй і працяг сюжэтаў.
Катрына Кепуле распавядае пра тых, хто застаўся дома, і дзе ўласна яны засталіся. Падлеткі, пажылыя людзі, ментальна і ў сілу розных абставінаў не схільныя да адкрытых эмоцый і актыўнасці, жывуць на зусім беднай ці крыху больш прасунутай перыферыі. Праект куратара Аласдэра Фостара прысвечаны ідэнтыфікацыі і яе пераапісанню выхадцамі з краін Азіі, якія сталі мігрантамі ў Аўстраліі.
Адны не рашаюцца на ўчынак, замоўчваюць праблемы, іншыя наважыліся. Нельга не адзначыць, як упісаўся «Сядзець моўчкi» ў прастору мемарыяльнага Музея Петруся Броўкі. Для выставы хоць і выдзелены асобны зал, па форме прэзентацыі яна ўсё ж вельмі традыцыйная, і савецкая тэма — вось яна, тут, побач: гасцёўня і кабінет народнага паэта Беларусі, інтэр’еры 1980-х, грунтоўнасць мінулага — у жывапісе Віталя Цвіркі, тамах Леніна. Калі гэта сапраўдны цэнтр былой савецкай рэспублікі і дом беларускага інтэлігента, то латвійскія рэаліі — ужо правінцыя, якая, зрэшты, фізічна магла быць дзе заўгодна, у сталіцы ў тым ліку.
А што ў Аўстраліі? Што мяняецца пры змене месца жыхарства і што застаецца ранейшым? У яе новых жыхароў з’яўляюцца атрыбуты новага жыцця: cola, дошкі для сёрфінга, адзенне. Сучасныя аўстралійскія фатографы спаборнічаюць у гульні іншасказанняў, другiх планаў, дэталяў інтэр’ераў. У адным цыкле маскі на тварах метафарычна хаваюць траўмы адаптацыі, у іншым — фігуры са старажытнаперсідскай літаратуры выдаюць тое, што ўтоена. Праект «Мiфы пра перамены» — непараўнальна больш маштабны, правераны на міжнароднай сцэне. Праект відовішчны, статусны (расiйскiя куратары Ірына Чмырова і Ілля Беразнер). Але насамрэч абодва яны — глыбокі дыскурс партыкулярнага, і вельмі важна, што фатаграфія да яго набліжаецца. Са свайго боку, візуальнага, і з мовай, якая ўспрымаецца гледачом без філасофіі, але непасрэдна — праз погляд, і прымушае пашукаць уласныя сэнсы і рашэнні.
Магутны бетон
Алёна Пратасевіч, напярэдадні выставы міжнароднага праекта «Бетонныя аблуды» Мануэля Шродара і майстар-групы, што працавала з нямецкім фатографам, разважала пра ілюзіі, якiя мы чакаем ад фатаграфіі, і цалкам апраўдвае гэты тэзіс. Бетон — упадабаны матэрыял Шродара і абраны як неад’емная частка архітэктуры нямецкіх гарадоў. Фатограф ператварае яго ў метафару, але гэта пазней, а ў пачатку шукае ў матэрыяле пэўны сімвал — ладу жыцця, ладу штодзённасці краін Усходняй Еўропы. Толькі на першы погляд матэрыял брутальны і прэтэндуе на вечную прысутнасць у асяроддзі — гарадскім, сельскім, паўсюдным. На погляд мастака ўсё не так: ён і далікатны, і нясе ў сабе эмоцыі, і артыстычны, і памяць у яго ёсць. Для фатографа, асабліва дакументальнага, на галоўным плане застанецца спецыфічная фактура бетону, для яго канцэптуальных калег (Алёна Пратасевіч, Павел Осіпаў, Марына Бацюкова, Алена Рабкіна, Павел Кандрусевіч і іншыя) — шматзадачнасць. Сам Шродар паказаў сваю частку праекта як ідэю памяці аб памяці: бетонная глыба і мемарыяльныя медальёны на магільных слупках.
«Бетон у руху», калі скарыстацца назвай серыі Анастасiі Бебчык, з пункту гледжання тэмы «Месяца» нейтральны. Але як самастойны праект вельмі цікавы супрацоўніцтвам Шродара з мінскімі мастакамі. Можа быць, тут і злучаецца цэнтр з правінцыяй (гледзячы што пад гэтым разумець), але галоўнае — гэта працэс асэнсаваны: кожны фатограф уклаў уласную інтэрпрэтацыю ў небагаты візуальны шэраг. І спектр апынуўся цікавым. Кожны знайшоў свае аб’екты пры мінімуме наратыву: проста прыступкі, проста агароджы, рэшткі клумбы, лаўкі, чагосьці ўжо нечытэльнага, што ўрасло ў зямлю. З гэтага дакладна варта было рабіць праект — хоць бы для таго, каб навучыць фатографаў шукаць канцэпцыю, не занадта ўпадаючы ў міфалогію і літаратуру.
Сочы
Фатограф Роб Горнстра і аўтар тэкстаў Арналд ван Брухэн падрыхтавалі самы, мабыць, сацыяльна разгорнуты праект, які з поўным правам можна назваць візуальнай гісторыяй. Пра ўсё: хто і як жыве ў рэгіёне, хто ваюе і што абараняе, што ўнутры і што вакол, навошта будуюць і чаму руйнуюць, пейзажы і партрэты дзяцей і дарослых, да Алімпіяды і ў працэсе яе падрыхтоўкі. Вядома, погляд галандскай групы на Сочы — сталіцу шансону — быў успрыняты ў Расіі хваравіта, з пераносам усяго, што ёсць у кадрах, у палітычную плоскасць. Але праект значна шырэйшы, а рэгіён шматкроць складанейшы. Калі «Праект Сочы» забаранілі на «Вінзаводзе», а яго аўтарам не далі візы ў Расію, некаторыя крытыкі выказалі разумную думку: здымаць такія праекты трэба самім, унутры краіны, тады не так балюча ад перастаўленых акцэнтаў і г.д. І эфект будзе больш асэнсаваным і выніковым. Але нас усё ж цікавіць фатаграфія і падыход да стварэння даследавання. «Праект Сочы» — гэта павольная журналістыка (2007—2013), паглыбленне ў кантэкст (нават з арыштамі на месцы здымкі) і ўзнагароды: Canon Prize за інавацыйную фотажурналістыку (2010), Magnum Expression Award (2011), Sony World Photography Award (у намінацыі «Мастацтва і культура»; 2012) і World Press Photo (у намінацыі «Мастацтва і забавы»; 2012). Гэта кніга «Праект Сочы», сайт і выстава «Атлас вайны і турызму на Каўказе». У апошняй частцы аўтары атрымалі ў спадчыну лепшыя традыцыі амерыканскіх класікаў Уокера Эванса і Дароты Ланж. Перавялі іх у сучасныя тэхналогіі, перафарматавалi. Калі б такі праект можна было зрабіць пра Беларусь, ды самім, ды са стратэгіяй...
***
Мне не зусім зразумелая апазіцыя «перыферыя-цэнтр», узятая ў якасці тэмы сёлетняга «Месяца». Відавочна, у прамым сэнсе геаграфічныя ўскраіны існуюць адносна нейкага цэнтра, які для кожнага рэгіёна свой. Аўстралія, расійскі Каўказ і Беларусь апынуліся ў асноўнай праграме, але дзе там цэнтры і што трэба разумець пад перыферыяй, складана сказаць. Яны мяняюцца месцамі, мімікруюць, а пунктам прыцягнення застаецца чалавек, а не геаграфія. Але і яна ўплывае на сітуацыю і сацыяльныя праблемы — было б дзіўна гэта адмаўляць.
Сказаць, маўляў, прэс-фатаграфія — перыферыя, а арт — цэнтр, ці наадварот, я б не рызыкнула.
Што тычыцца аўтараў, іх зусім цяжка ўявіць герметычнымі, замкнёнымі ў пэўных нацыянальных, жанравых або якіх-небудзь яшчэ кластарах. З усім рэгістрам сваіх ідэнтычнасцей яны ўпэўнена працуюць на міжнароднай мастацкай сцэне. Таму я прапанавала б адмовіцца ад дыхатаміі і не супрацьпастаўляць, а дапаўняць цэнтр перыферыяй, і наадварот.
Вось Беларусь назваць цэнтрам прыцягнення можна: госці пашыраюць яе прастору, але гаспадары застаюцца моцным складнікам.
Лабко, Васільеў, група «Лёд», Брэст і Мінск, удзел беларускіх фатографаў у «Stand.by» агенцтва «Sputnik», у праекце Мануэля Шродара, у «Патройным партрэце». Калі гэта не дамінанта, то і не правінцыя ідэй, густу, не задворкі праблем.
І яшчэ я прапанавала б такі расклад: паспрабуем лічыць цэнтрам сам «Месяц», а перыферыяй — праекты, аўтараў, адукацыйную праграму, усё, што падсілкоўвае яго, набірае патэнцыял пры канструяванні адзінага цэлага, атрымлівае рэзананс і новыя кантакты. Больш за тое, ёсць надзея: у якасці цэнтра форум можа паўплываць на многія працэсы ў Беларусі, у нашым рэгіёне, і па-за ім. «Месяц» як цэнтр мог бы стаць інстытуцыяй, але, напэўна, гэта яшчэ справа будучыні.
Упэўненая, што ў каманды ёсць амбіцыі «прысваення публічнай прасторы» — у нашым выпадку прасторы сучаснай беларускай фатаграфічнай культуры. Ва ўсякім выпадку, ужо сёння «Месяц» — самая яркая падзея фатаграфічнага года.
Калі разглядаць гэтую версію ўсур’ёз, пачынаць трэба з падстаў: што мы разумеем пад «Месяцам фатаграфіі»? Што ўкладаем у паняцце «цэнтр»? З якой фатаграфіяй ён працуе і чаму? І што стаіць за словамі «фатаграфія ў Мінску»?